Перайсці да зместу

Безназоўнае (1925)/Безназоўнае/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
3. Ой, была-ж бяседа, была!.. 4. Было яно калісьці…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
5. Мы ўсталі песьняй-казкаю…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




4

Было яно калісьці,
Калі, як жоўталісьце,
Жылі мы — ня жылі;
Ішлі дні без карысьці,
І сорам было выйсьці
У сьвет з сваёй зямлі.

Гнаў лісьце злосны вецер
Па полі, па ўсім сьвеце,
За вёску, за сяло;
За нас ляцела сьмецьце,
Бязладзьдзе, беспрасьвецьце,
Пятлю віло сіло.

І гэтакая слава,
Як пошасьці праява,
Буяла па людзях,
Пакуль жыцьцё ласкавай
Усьмешкай і забавай
Не асьвяціла шлях.

Забліскацелі лужы,
Бяда зьвілася вужам…
— Ідзе, — крычаць, — вястун!..
І ўзьняўся нехта дужы,
І кінуў кліч дасужы -
Як помста, як пярун.
Ад воклічу прарока
Схіснулася памрока,
Сьцяг падняла вясна,
І па зямлі шырокай,
Як можа зьмерыць вока,
Пабегла навіна.

Сяляны і сялянкі!
Цацанкі-абяцанкі
Збываюцца для вас;
Выходзьце на палянкі,
Як зоры, як заранкі,
І сейце ў добры час.