Перайсці да зместу

Безназоўнае (1925)/А зязюлька кукавала

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бай А зязюлька кукавала
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Сын і маці
Іншыя публікацыі гэтага твора: А зязюлька кукавала…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ЗЯЗЮЛЬКА КУКАВАЛА…

Як на сьвет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала,—
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сьпі, саколік! ку-ку, ку-ку!

Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала,—
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязяюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! ку-ку, ку-ку!

Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала,—
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сей палетак! ку-ку, ку-ку!

Як ні сеяў пільна Янка,—
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў—людзі жалі,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Жаці будзеш, ку-ку, ку-ку!

Як старым-старым стаў Янка,
Як пазбыўся сілы ўдалай,—
Баіў байкі-казкі ўнукам,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку! кінь дакуку!
Годзі баіць! ку-ку, ку-ку!

Як хавалі людзі Янку,—
Галасілі многа-мала:
А на што-ж памёр ты, сейбіт!..
— А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку! кінь дакуку!
Сьпі, саколік! ку-ку, ку-ку!

Акопы, 8/IX—21 г.