Перайсці да зместу

Барвенак (1924)/Хараство прыроды/Думкі аб вясьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ня тужы Думкі аб вясьне
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Да вясны ўжо недалёка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі аб вясьне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМКІ АБ ВЯСЬНЕ.

Дачакацца-б скарэй тэй пары,
Каб пакінулі выць віхары,
Няпрыветныя буры зьнямелі,
Нудных песень каб болей ня пелі.

Шэрань срэбны, пакутны мароз
Каб далі хоць ачнуцца ад сьлёз;
Каб паводкі наўкол зажурчалі
І лугі каб квяцістымі сталі;

А на нівах усходні пасеў
Руньню новай аб шчасьці шумеў;
І сявец, і жняя, і араты
Былі-б доляю лепшай багаты;

А ў прасторы палёў і лясоў
Ў хоры ліўся каб сьпеў галасоў,
І каб родная хата і поле
Усьміхаліся шчасьцем і доляй;

Зелянеў-бы чароўнасьцю бор,
Сонцам зьяў-бы нябесны прастор,
Ночка слала-бы бляскі зарніцы…
Дачакацца-б вясны-чараўніцы!

Менск, 1921 г.