Восень, ой, восень, панурая, сумная,
Зноў ты прышла ўжо да нас,
Зноў разьляглася, як ночка, ты нудная,
Смутак навеяў твой час.
Дзе падзяваліся дні тыя ясныя,
Мілы што сэрцу майму;
Дзе яны, дзе яны, доўгія, шчасныя?
Нудна, маркотна ўсяму…
Многа ўспамінаў у душу нахлынула
Аб прамінуўшых тых днёх.
Ўсё праляцела, у далі загінула,
Ў марах салодкіх і снох.
Дзе тыя песьні, вясёласьці поўныя,
Лес што глушылі сабой?
Рэчак журчаньні дзе тыя чароўныя,
Ціха лілісь што вясной?
Дзе тыя краскі, так пекна цьвітучыя —
Луга бязьмерна краса? —
Ўсе асавелі, завялі пахучыя,
Іншых скасіла каса.
Дзе тая траўка, што так зелянелася
Пекнасьцю дзіўнай сваёй? —
Восеньню нуднай яна памарнелася —
Холадна стала і ёй…
Дзе тыя неба пагляды вясёлыя,
Ласкай што грэлі зямлю?
Хмары па небе плывуць невясёлыя,
Душу сьціскаюць маю.
У высі далёкай дзесь крыкі разносяцца
Бедных вандароўпаў—гусей:
Скардзяцца, бедныя, некуды просяцца —
Шкода краіны сваей…
Ўсім ім з краінай растацца ня хочацца,
Ўсе яны плачуць па родным гнязьдзе…
Холад назад ня пускае варочацца —
Ён іх ў чужыну вядзе…
Нудныя нівы наўкол расьсьцілаюцца,
Роскай іржышча блішчыць…
Ў сэрцы сваім ўсё чагось спадзяваецца;
Беднае сэрца па нечым баліць…
Землю туманы пакрылі, як сеткаю,
Ветры сарвалі з галінаў убор…
Ўсё памарнела пад чорнай наметкаю;
Сьціх, прытаіўся і бор.
Ленінград, 1912 г.
|