Перайсці да зместу

Барвенак (1924)/Родныя вобразы/Мой край

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Досьвітак Мой край
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Хто я
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой край (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОЙ КРАЙ.

Край мой там, дзе сонца вечна
Рвецца зьяць сваёй красой,
Там, дзе я магу бясьпечна
Сапачыць сваёй душой.

Край мой там, дзе вечна хвалі
К жыцьцю новаму плывуць,
Дзе ня стогнуць нудна далі,
Песьню-ж вольную пяюць…

Край мой там, дзе дуб сталетні
Не паддацен глуму бур,
І грабы, красы сусьветнай,
Не баяцца злых віхур.

Край мой там, дзе поўны колас
За паклонам б‘е паклон
І жняі шчасьлівы голас
Заглушае сэрца звон…

Край мой там, дзе каля хаты
Да нябёс узьняўся сад;
Ў час вячэрні, дзе дзяўчаты
Апяваюць краю лад.

Край мой там, дзе Нёман льецца
Серабрыстай паласой,
Дзе усё, усё сьмяецца,
Дзе зіяе ўсё красой!

Ніжні-Ноўгарад, 1921 г.