Ты стаіш, як ўладар…
Дзесяцінны абшар
Твой на версе вабран муравою,
Як відно, апавіта была ты вадою.
Табе многа вякоў —
Таму сьведкаю роў
Ды ручай са сьцюдзёнай вадою,
Што ўдаль хваляў бяжыць чарадою.
Хто цябе збудаваў,
Над зямлёю падняў
Для чаго, для патрэбы якое, —
Для красы, ці для мэты ліхое?
Тут будынак, відаць,
Мусеў колісь стаяць,
Пацяшаўшысь вакругаў красою,
Можа славай хваліўся якою
І ў яго мо‘ сьцянах
На варожы на страх
Кінжалы і кальчугі зьвінелі,
Можа гымны пабедныя пелі?
Можа тут з-за княжны
Навастралісь ражны,
Можа віна ліліся ракою?
Адвячаў можа хто галавою?
Можа граў тут гусьляр,
Альбо пеў мо‘ пясьняр,
І па сьвету галосна і звонка
Вазнасіў можа славу старонкі?
Ці ішоў у паход
За свабоду народ,
Прад табою схіляўшы знамёны,
Можа праўды пісалісь законы?
Ты стаіш сіратой,
І навокал спакой;
Не красуюцца сьцены і вежы,
Не вартуюць прастор твае межы…
Гоніш ціхі ручай, —
Мо‘ каб шум з краю ў край
Аб мінуўшым будзіў успаміны,
А мо‘ шчасьце прарочыш краіне?..
1921 г.
|