Байкі, гумар, сатыра/Байкі/Пчаліная лёгіка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пчаліная лёгіка
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1928 год
Арыгінальная назва: Орёл и Пчела
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Канцэрт
Іншыя пераклады гэтага твора: Арол і Пчала (Крылоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пчаліная лёгіка.

На пасеку адну арол не’к прыляцеў.
На вульлі сеў,
І з цікавасьцяй вялікай пазіраў —
Як род пчаліны мёд зьбіраў.
Адна пчала, відаць, змарыўшыся зусім,
Якраз прысела побач з ім.
Дык вось арол і кажа ёй:
— Я-б не жадаў у скуры быць тваёй.
Ўвесь век працуеш ты пад потам,
З усімі разам над тым сотам.
Куды й другія мёд нясуць.
Скажы, ці зможа хто-нібудзь,
Табе хоць дзякуй каб сказаць,
У соце гэтым разабраць,
Што частка ў ім — тваей работы?
— Эх, панок!—пчала ў адказ:
Ніхто тут з нас
Ня мае часу ні ахвоты
Лічыцца між сабой работай.
Хто што зрабіў — дык без ад’знакі,
Бо нам ня трэ’ чыейсь падзякі.
Ня дзелімся, каб не сварыцца,
Каб праца ў нас магла спарыцца…
— Ды як-жа так: а чэсьць? а слава?
На гэта-ж кожны мае права?
— Аб славе мы зусім ня тужым,
Затое ўсім прыкладам служым.
А чэсьць і гонар бачым ў тым —
Што мёд смакуе наш усім!


Эх! каб у сям’і беларусаў,

З добрай волі, ці з прымусу,
Лёгіку пчалы прынялі —
Працаваць усе дружна сталі!…
..............
Многа-б можна тут сказаць,
Ды „лідэраў“ — каб не злаваць,
Паставім лепей тут мы точкі!
Самі дакончыце, паночкі!