Бажанне
Выгляд
Бажанне Верш Аўтар: Алесь Гарун 1914 Крыніца: https://knihi.com/Ales_Harun/Bazannie_spz.html |
Не прашу я, Божухна, скарбамі ўладалі,—
Дай мне толькі сілы зарабляць, каб жыць,
Каб і ў дзень, як прыйдзе мне душу аддаці,
Хлеб я свой штодзённы працай мог здабыць.
Не прашу я, Божухна, твайго свету знаці —
Ўсе пачаткі, змены, і канцы, і рух,—
Дай адно людскую праўду мне паняці
І яе быць верным, найпадданьшым з слуг.
І усё тут, Божухна, чым патурбаваці
Я хачу сягоння, просячы цябе:
Дай мне праўду знаці, і ў людзях спаўняці,
І заўсёды з працы хлеб свой мець сабе.