А ты, браце, сьпі!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
А ты, браце, сьпі!
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/674


Вясна. Сонца узыходзе,
        Сьвеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе, —
        Усталі, пайшлі.

Ёсьць і працы, ёсьць і поту, —
        Спаць няма калі!
Дружна валяць на работу, —
        А ты, браце, сьпі!..

Сьпі, на сьлёзы і на гора
        Рукою махай;
Хоць зрабіў бы ты зь іх мора,
        А кажы: няхай!

Няхай тыя уставаюць
        Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць! —
        А ты, браце, сьпі!..

Недастатак госьце ў хаце,
        З крыўдаў дух замёр;
Дзеці, жонка шлюць пракляцьце…
        Ты ж, як той тапор!

Дрэмле сошка, і адлогам
        Шнур ляжыць даўгі;
Ржа касу есьць над парогам…
        А ты, браце, сьпі!

Сьпі, а можа, хто заблудзе
        У твой бедны край
І цябе з душой разбудзе, —
        Крыкне: «Уставай!»

Ты на гоман той народны
        Паходню бяры
І другіх будзі з паходняй!..
        А мо лепей… сьпі?!

(1905—1907)