Апякун
Адрас Верш Аўтар: Алесь Гарун 1918 Крыніца: https://knihi.com/Ales_Harun/Apiakun_spz.html |
Байка
Недарма прыказка ў народзе —
Бяда адна к нам не прыходзе.
У вялікім і багатым месце,
Здаецца, на усходзе гдзесьці,
Удава, йшчэ моцная кабета,
Памерла раптам. Праўда гэта,
Што смерць людзям не навіна,
Але ж пакінула яна
Дзяцей, каторых гадавала,
Тых, што дадзённа лупцавала
І так таўкла, як крупы ў ступе,
За тое, што трымала ў купе.
Няшчасныя не зналі б дзеці,
Куды сябе з бядой падзеці,
Каб з сэрцам людзі не знайшліся,
Што памагчы ім узяліся.
Суседзі, бачыце, успомніўшы аб Богу,
А можа, ўгледзеўшы сабе перасцярогу,
Сказалі як адзін: «Паможам,
чым можам!»
Знайшлі Марыльцэ жаніха —
Была дзяўчына у парэ,—
А Петруся за пастуха
Служыць аддалі у дварэ.
«Каму ж бы Яначку аддаць?»
Гадкоў, здаецца, меў ён з пяць.
«Ну, што ж — хай будзе мой хлапец»,—
Сказаў знаёмы ўсім шавец,
Які ў суседнім жыў даму.
Шаўцу таму
Ніхто дзяцей сваіх ў навуку не даваў,
Бо кожны добра знаў,
Што у шаўца дзіцяці — мука, не навука.
Сам п’яніца, гультай і абібок,
А з вучняў выціскаў апошні сок.
Бывала, дацямна сушыў іх за работай!
«Я,— кажа,— хлопчыка з ахвотай
Сабе вазьму.
Імя сваё і цэх яму
І хлеб штодзённы дам».
Дык мо, здаецца вам,
Што праўду шчырую пачуў ён ад народу?
Суседзі далі згоду!
Рацэю трэба вам?
— Заўсёды слабым гора,—
Увесь свет гавора.