Перайсці да зместу

Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Стрэл

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад выдаўца Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Стрэл
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Мяцеліца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Стрелялись мы»Баратынскі[1]

«Я поклялся застрелить его по праву дуэли. (За ним остался еще мой выстрел)».«Вечар на бівуаку»[2].

Мы стаялі ў мястэчку***. Жыццё армейскага афіцэра вядомае. Раніцой вучэнне, манеж[3]; абед у палкавога камандзіра або ў яўрэйскім шынку; увечары пунш і карты. У *** не было ніводнага адкрытага дома, ніводнай нявесты; мы збіраліся адзін у аднаго, дзе, акрамя сваіх мундзіраў, не бачылі нічога.

Адзін толькі чалавек належаў да нашага кола, не будучы ваенным. Яму было каля трыццаці пяці гадоў, і мы за тое лічылі яго старыком.

Спрактыкаванасць давала яму перад намі шмат пераваг; да таго-ж яго звычайная панурасць, круты нораў і злы язык мелі моцны ўплыў на маладыя нашы галовы. Нейкая таямнічасць акружала яго лёс; ён здаваўся рускім, а насіў іншаземнае імя. Некалі ён служыў у гусарах, і нават шчасліва; ніхто не ведаў прычыны, прымусіўшай яго выйсці ў адстаўку і пасяліцца ў бедным мястэчку, дзе жыў ён разам і бедна і неашчадна: хадзіў вечна пехатою, у зношаным чорным сурдуце, а меў адкрыты стол для ўсіх афіцэраў нашага палка. Праўда, абед яго быў з двух або трох страў, прыгатаваных адстаўным салдатам, але шампанскае лілося прытым ракою. Ніхто не ведаў ні яго багацця, ні яго прыбыткаў, і ніхто не асмельваўся аб тым у яго пытацца. У яго вадзіліся кнігі, большай часткай ваенныя, ды раманы. Ён ахвотна даваў іх чытаць, ніколі не патрабуючы іх назад; затое ніколі не зварачваў гаспадару кнігі, ім пазычанай. Галоўнае практыкаванне яго было ў стральбе з пісталета. Сцены яга пакоя былі ўсе паточаны кулямі, усе ў шчылінах, як соты пчаліныя. Багаты збор пісталетаў быў адзінай раскошаю беднай мазанкі, дзе ён жыў. Майстэрства, якога дасягнуў ён, было неймавернае, і калі-б ён вызваўся куляй збіць ігрушу з шапкі каго-б там ні было, ніхто-б у нашым палку не ўсумніўся падставіць яму сваю галаву. Гутарка паміж намі ішла часта аб паядынках; Сільвіо (так назаву яго) ніколі ў яе не ўмешваўся. На пытанне, Ці здаралася яму біцца, адказваў ён суха, што здаралася, але ў падрабязнасці не ўваходзіў, і відаць было, што гэтыя пытанні былі яму непрыемныя. Мы меркавалі, што на душы яго ляжала якая- небудзь няшчасная ахвяра яго жудаснага майстэрства. Урэшце нам і ў галаву не прыходзіла падазраваць у ім што-небудзь падобнае на нясмеласць. Ёсць людзі, якіх адзін знешні выгляд знішчае гэткія падазрэнні. Неспадзяваны выпадак усіх нас здзівіў.

Аднойчы чалавек дзесяць нашых афіцэраў абедалі ў Сільвіо. Пілі па-звычайнаму, гэта значыць вельмі многа; пасля абеду сталі мы ўгаварваць гаспадара пракідаць нам банк[4]. Доўга ён адмаўляўся, бо ніколі амаль не гуляў; нарэшце загадаў падаць карты, высыпаў на стол поўсотні чырвонцаў і сеў кідаць. Мы абкружылі яго, і гульня пайшла. Сільвіо меў звычай у часе гульні захоўваць поўнае маўчанне, ніколі не спрачаўся і не ўваходзіў у тлумачэнні. Калі панцёру здаралася аблічыцца, дык ён зараз-жа або даплачваў астатняе, або запісваў лішняе. Мы ўжо гэта ведалі і не перашкаджалі яму гаспадарнічаць па-свойму; але паміж намі знаходзіўся афіцэр, нядаўна да нас пераведзены. Ён, гуляючы тут-жа, у безуважлівасці загнуў лішні вугал[5]. Сільвіо ўзяў мел і зраўняў рахунак па свайму звычаю. Афіцэр, думаючы, што ён памыліўся, пусціўся ў тлумачэнні. Сільвіо моўчкі кідаў далей. Афіцэр, страціўшы цярпенне, узяў шчотку і сцёр тое, што здавалася яму дарэмна запісаным. Сільвіо ўзяў мел і запісаў зноў. Афіцэр разгарачаны віном, гульнёю і смехам таварышаў, палічыў сябе жорстка пакрыўджаным і, у шаленстве схапіўшы са стала медны шандал[6], пусціў яго ў Сільвіо, які ледзь паспеў адхіліцца ад удару. Мы збянтэжыліся. Сільвіо ўстаў, збялеў ад злосці і з бліскаючымі вачыма сказаў: «Міласцівы гасудар, будзьце ласкавы выйсці і дзякуйце богу, што гэта здарылася ў мяне дома».

Мы не сумняваліся ў выніках і лічылі новага таварыша ўжо забітым. Афіцэр вышаў вон, сказаўшы, што за крыўду гатоў адказваць, як будзе мець ласку выбраць пан банкамёт. Гульня не спынялася яшчэ некалькі хвілін; але адчуваючы, што гаспадару было не да гульні, мы адсталі адзін за адным і разышліся па кватэрах, гутарачы аб хуткай ваканцыі[7].

На другі дзень у манежы мы пыталіся ўжо, ці жывы яшчэ бедны паручык, як сам ён з’явіўся паміж намі; мы зрабілі яму тое-ж запытанне. Ён адказаў, што аб Сільвіо не меў ён яшчэ ніякай весткі. Гэта нас здзівіла. Мы пайшлі да Сільвіо і знайшлі яго на дварэ, содзячага кулю на кулю ў туза, прылепленага да варот. Ён прыняў нас па-звычайнаму, ні слова не гаворачы аб учарашнім здарэнні. Прайшло тры дні, паручык быў яшчэ жыў. Мы са здзіўленнем пыталіся: няўжо Сільвіо не будзе біцца? Сільвіо не біўся. Ён задаволіўся вельмі лёгкім перамаўленнем і памірыўся.

Гэта надзвычайна пашкодзіла было яму ў вачах моладзі. Недахоп смеласці менш за ўсё прабачаецца маладымі людзьмі, якія ў храбрасці звычайна бачаць верх чалавечых годнасцей і прабачэнне якіх толькі можна парокаў. Аднак-жа трохі-патрохі ўсё было забыта, і Сільвіо зноў набыў ранейшы свой уплыў.

Адзін я не мог ужо да яго прыблізіцца. Маючы ад прыроды раманічны склад думак, я за ўсіх мацней раней гэтага быў прыхільны да чалавека, якога жыццё было загадкаю, і які здаваўся мне героем таямнічай нейкай аповесці. Ён любіў мяне, прынамсі са мной адным кідаў звычайную сваю рэзкую зламоўнасць і гаварыў аб розных прадметах з прастадушнасцю і незвычайнаю прыемнасцю. Але пасля няшчаснага вечара думка, што гонар яго быў заплямлены і не абмыты па яго ўласнаму жаданню, гэтая думка мяне не пакідала і перашкаджала мне абыходзіцца з ім па-ранейшаму; мне было сорамна на яго глядзець. Сільвіо быў занадта разумны і спрактыкаваны, каб гэтага не заўважыць і не ўгадваць таму прычыны. Здавалася, гэта засмучала яго; прынамсі я заўважыў разы два ў ім жаданне са мною пагаварыць; але я ўхіляўся ад такіх выпадкаў, і Сільвіо ад мяне адступіўся. З той пары бачыўся я з ім толькі пры таварышах; і ранейшыя шчырыя гутаркі нашы спыніліся.

Безуважлівыя жыхары сталіцы не маюць уяўлення пра шмат уражанняў, гэтак вядомых жыхарам вёсак або гарадкоў, напрыклад, пра чаканне паштовага дня: у аўторак і пятніцу палкавая наша канцылярыя была поўна афіцэрамі; хто чакаў грошай, хто ліста, хто газет. Пакеты звычайна тут-жа распячатваліся, навіны паведамляліся, і канцылярыя ўяўляла малюнак самы ажыўлены. Сільвіо атрымліваў лісты, адрасаваныя ў наш полк, і звычайна тут-жа знаходзіўся. Аднойчы падалі яму пакет, з якога ён сарваў пячаць з выглядам найвялікшай нецярплівасці. Прабягаючы ліст, вочы яго бліскалі. Афіцэры, кожны заняты сваімі лістамі, нічога не заўважылі. «Панове, — сказаў ім Сільвіо, — акалічнасці вымагаюць безадкладнай маёй адсутнасці; еду сёння ўночы; спадзяюся, што вы не адмовіцеся адабедаць у мяне ў апошні раз. Я чакаю і вас, — казаў ён далей, звярнуўшыся да мяне, — чакаю абавязкова». З гэтым словам ён паспешна вышаў; а мы, згадзіўшыся злучыцца ў Сільвіо, разышліся кожны ў свой бок.

Я прышоў да Сільвіо ў прызначаны час і знайшоў у яго амаль увесь полк. Усё яго дабро было ўжо ўкладзена; заставаліся адны голыя, прастрэленыя сцены. Мы селі за стол; гаспадар быў надзвычай у гуморы, і хутка весялосць яго зрабілася агульнай; пробкі покалі штохвіліны, шклянкі пеніліся і шыпелі бесперапынна, і мы з якою толькі можна зычлівасцю жадалі ад’язджаўшаму добрай дарогі і ўсякага шчасця. Усталі з-за стала ўжо позна вечарам. Пры разборы шапак Сільвіо, з усімі развітваючыся, узяў мяне за руку і спыніў у тую самую хвіліну, як збіраўся я выйсці. «Мне трэба з вамі пагаварыць» — сказаў ён ціха. Я застаўся.

Госці пайшлі; мы засталіся ўдвух, селі адзін супроць аднаго і моўчкі закурылі люлькі. Сільвіо быў заклапочаны; не было ўжо і слядоў яго сударгавай весялосці. Пахмурая бледната, бліскаючыя вочы і густы дым, які выходзіў з рота, надавалі яму выгляд сапраўднага д’ябла. Прайшло некалькі хвілін, і Сільвіо перарваў маўчанне. Можа быць, мы ніколі болей не ўбачымся, — сказаў ён мне; — перад разлукай я хацеў з вамі пагутарыць. Вы маглі заўважыць, што я мала паважаю староннюю думку; але я вас люблю і адчуваю: мне было-б цяжка пакінуць у вашым розуме несправядлівае ўражанне".

Ён спыніўся і пачаў набіваць выгараўшую сваю люльку; я маўчаў, апусціўшы вочы.

«Вам было дзіўна, — казаў ён далей, — што я не патрабаваў задавальнення ад гэтага п’янага вар’ята Р***. Вы згодзіцеся, што, маючы права выбраць зброю, жыццё яго было ў маіх руках, а майму амаль не пагражала небяспекі: я мог-бы прыпісаць стрыманасць маю адной велікадушнасці але не хачу хлусіць. Калі-б я мог пакараць Р*** не падводзячы пад небяспеку зусім майго жыцця, то я-б ні за што не дараваў яму».

Я глядзеў на Сільвіо са здзіўленнем. Гэткае прызнанне зусім збянтэжыла мяне. Сільвіо казаў далей: «Так точна: я не маю права падводзіць сябе пад смерць. Шэсць год таму назад я атрымаў аплявуху, і вораг мой яшчэ жывы».

Цікаўнасць мая моцна была ўзрушана. «Вы з ім не біліся? — спытаўся я. — Абставіны, пэўна, вас разлучылі?»

«Я з ім біўся, — адказаў Сільвіо, — і вось помнік нашага паядынка».

Сільвіо ўстаў і выняў з картону чырвоную шапку з залатым кутасом з галуном (тое, што французы называюць bonnet de роlice[8]); ён яе надзеў; яна была прастрэлена на вяршок ад ілба.

«Вы ведаеце, — казаў далей Сільвіо, — што я служыў у *** гусарскім палку. Характар мой вам вядомы: я прывык заўсёды быць першым, але змоладу гэта было маёй слабасцю. У наш час буйства было ў модзе: я быў першым буянам па арміі. Мы выхваляліся п’янствам: я перапіў слаўнага Бурцова, апетага Дзенісам Давыдавым[9]. Дуэлі ў нашым палку здараліся штохвіліны: я на ўсіх быў або сведкам, або дзейнай асобай. Таварышы мяне да душы любілі, а палкавыя камандзіры, якія кожную хвіліну змяняліся, глядзелі на мяне, як на неабходнае зло.

Я спакойна (ці неспакойна) цешыўся маёю славаю, як заявіўся да нас малады чалавек багатага і знатнага роду (не хачу назваць яго). Век не сустракаў шчасліўца гэткага бліскучага! Уявіце сабе маладосць, розум, прыгожасць, весялосць самую шалёную, храбрасць самую бесклапотную, вядомае імя, грошы, якім не ведаў ён ліку і якія ніколі ў яго не пераводзіліся, і ўявіце сабе, якое ўражанне павінен быў ён зрабіць паміж намі. Пяршынства маё пахіснулася. Спакушаны маёю славаю, ён пачаў быў шукаць майго сяброўства; але я прыняў яго холадна, і ён без усякага шкадавання ад мяне адышоў. Я яго ўзненавідзеў. Поспехі яго ў палку і ў кругу жанчын прыводзілі мяне ў поўную роспач. Я пачаў шукаць з ім сваркі; на эпіграмы мае адказваў ён эпіграмамі, якія заўсёды здаваліся мне нечаканей і вастрэй за мае і якія, вядома, не ў прыклад былі весялейшыя: ён жартаваў, а я злаваўся. Нарэшце аднойчы на бале ў польскага памешчыка, бачачы яго прадметам увагі ўсіх дам, і асабліва самой гаспадыні, якая была са мною ў сувязі, я сказаў яму на вуха нейкую недасціпную грубасць. Ён узгарэўся і даў мне аплявуху. Мы кінуліся да шабляў; дамы памлелі; нас расцягнулі, і ў тую-ж ноч паехалі мы біцца.

Гэта было на досвітку. Я стаяў на прызначаным месцы з маімі трыма секундантамі[10]. З невымоўнай нецярплівасцю чакаў я майго праціўніка. Вясенняе сонца ўзышло і гарачыня ўжо набіралася. Я ўбачыў яго здалёк. Ён ішоў пехатою, з мундзірам на шаблі, у суправаджэнні аднаго секунданта. Мы пайшлі да яго насустрач. Ён наблізіўся, трымаючы шапку, напоўненую чарэшнямі. Секунданты адмералі нам дванаццаць крокаў. Мне трэба было страляць першаму: але хваляванне злосці ўва мне было гэтакае вялікае, што я не спадзяваўся на вернасць рукі і, каб даць сабе час астыць, уступаў яму першы стрэл; праціўнік мой не згаджаўся. Вырашылі кінуць жрэбі: першы нумар дастаўся яму, вечнаму любімцу шчасця. Ён прыцэліўся і прастрэліў мне шапку. Чарга была за мною. Жыццё яго нарэшце было ў маіх руках; я глядзеў на яго прагна, стараючыся ўлавіць хоць адзін цень трывогі. Ён стаяў пад пісталетам, выбіраючы з шапкі спелыя чарэшні і выплёўваючы костачкі, якія даляталі да мяне. Яго раўнадушнасць страшэнна раззлавала мяне. Якая карысць мне, падумаў я, пазбавіць яго жыцця, калі ён яго зусім не шануе? Злосная думка мільганула ў галаве маёй. Я апусціў пісталет. Вам, здаецца, цяпер не да смерці, сказаў я яму, вы снедаеце; мне не хочацца вам перашкодзіць. Вы зусім не перашкаджаеце мне, адказаў ён, можаце сабе страляць, а ўрэшце як хочаце; стрэл ваш застаецца за вамі; я заўсёды гатовы да вашых паслуг. Я звярнуўся да секундантаў, абвясціўшы, што цяпер страляць не намераны, і паядынак тым і скончыўся.

Я вышаў у адстаўку і асеў у гэтым мястэчку. З той пары не прайшло ніводнага дня, каб я не думаў аб помсце. Зараз час мой надышоў…»

Сільвіо выняў з кішэні раніцой атрыманы ліст і даў мне яго чытаць. Нехта (здавалася, яго павераны па справах) пісаў яму з Масквы, што вядомая асоба хутка павінна ўзяць шлюб з маладой і прыгожай дзяўчынай.

«Вы здагадваецеся, — сказаў Сільвіо, — хто гэта вядомая асоба. Еду ў Маскву. Паглядзім, ці так роўнадушна прыме ён смерць перад сваім вяселлем, як некалі чакаў яе за чарэшнямі!»

Пры гэтых словах Сільвіо ўстаў, кінуў аб падлогу сваю шапку і стаў хадзіць узад і ўперад па пакоі, як тыгр па сваёй клетцы. Я слухаў яго нерухома; дзіўныя, процілеглыя пачуцці хвалявалі мяне.

Слуга ўвайшоў і абвясціў, што коні гатовы. Сільвіо моцна паціснуў мне руку; мы пацалаваліся. Ён сеў у каламажку, дзе ляжалі два чамаданы, адзін з пісталетамі; другі з яго скарбам. Мы развіталіся яшчэ раз, і коні паскакалі.

Прайшло некалькі гадоў, і хатнія абставіны прымусілі мяне пасяліцца ў беднай вёсцы N** павета. Займаючыся гаспадаркаю, я не пераставаў ціханька ўздыхаць аб ранейшым маім шумным і бесклапотным жыцці. Цяжэй за ўсё было мне прывыкнуць праводзіць вясеннія і зімовыя вечары ў поўнай самоце. Да абеду так-сяк дацягваў я час, калякаючы з старастам, раз’язджаючы па работах ці абходзячы новыя завядзенні; але як толькі пачынала змяркацца, я зусім не ведаў, куды дзецца. Невялікая колькасць кніг, знойдзеных мною пад шафамі і ў кладовай, былі вывучаны мною напамяць. Усе казкі, якія толькі магла запомніць ключніца Кірылаўна, былі мне пераказаны; песні баб наводзілі на мяне тугу. Узяўся я быў за непадсалоджаную наліўку, але ад яе балела ў мяне галава; ды, прызнаюся, пабаяўся я зрабіцца п’яніцам з гора, гэта значыць самым горкім п’яніцам, прыкладаў чаму шмат бачыў я ў нашым павеце. Блізкіх суседзяў каля мяне не было, акрамя двух ці трох горкіх, якіх гутарка была большай часткай у ікотцы і ўздыхах. Самота была ўжо лепей.

За чатыры вярсты ад мяне знаходзіўся багаты маёнтак, які належаў графіні Б***; але ў ім жыў толькі кіраўнік, а графіня наведала свой маёнтак толькі аднойчы, у першы год свайго замуства, і то пражыла там не больш як месяц. Аднак-жа на другую вясну майго пустэльніцтва прайшла чутка, што графіня з мужам прыедзе на лета ў сваю вёску. Сапраўды, яны з’явіліся ў пачатку чэрвеня месяца.

Прыезд багатага суседа ёсць важная эпоха для вясковых жыхароў. Памешчыкі і іх дваровыя людзі гавораць пра тое месяцы за два раней і гады тры пасля. Што да мяне, то, прызнаюся, вестка аб прыездзе маладой і прыгожай суседкі дужа на мяне падзейнічала; я гарэў нецярплівасцю яе ўбачыць, і таму ў першую нядзелю пасля яе прыезду адправіўся пасля абеду ў сяло*** рэкамендавацца іх сіяцельствам, як бліжэйшы сусед і найпакорлівейшы слуга.

Лакей увёў мяне ў графскі габінет, а сам пайшоў пра мяне далажыць. Прасторны габінет быў прыбраны з усёю раскошай; каля сцен стаялі шафы з кнігамі, і над кожнай бронзавы бюст; над мрамарным камінам было шырокае люстра; падлога абабіта была зялёным сукном і ўслана дыванамі. Адвыкшы ад раскошы ў бедным кутку маім і ўжо даўно не бачыўшы чужога багацця, я спалохаўся і чакаў графа з нейкім хваляваннем, як прасіцель з правінцыі чакае выхаду міністра. Дзверы адчыніліся, і ўвайшоў мужчына гадоў трыццаць два, прыгожы сабою. Граф падышоў да мяне з выглядам адкрытым і прыязным; я стараўся падбадзёрыцца і пачаў быў сябе рэкамендаваць, але ён папярэдзіў мяне. Мы селі. Гутарка яго, вольная і далікатная, неўзабаве прагнала маю адзічэлую сарамлівасць; я пачынаў ужо ўваходзіць у звычайны мой стан, як раптам увайшла графіня, і замяшанне апанавала мяне горш ранейшага. Сапраўды, яна была красуня. Граф пазнаёміў мяне; я хацеў здавацца развязным, але чым больш стараўся ўзяць на сябе вольны выгляд, тым больш адчуваў сябе няёмка. Яны, каб даць мне час агледзецца і прывыкнуць да новага знаёмства, сталі гаварыць паміж сабою, абыходзячыся са мною як з добрым суседам і без цырамоніі. Між тым я пачаў хадзіць узад і ўперад, аглядаючы кнігі і карціны. У карцінах я не знаток, але адна прыцягнула маю ўвагу. Гэта быў нейкі від з Швейцарыі; але здзівіла мяне ў ёй не жывапісь, а тое, што карціна была прастрэлена двума кулямі, усаджанымі адна на другую. «Вось добры стрэл», сказаў я, звяртаючыся да графа. — «Але, —адказаў ён, — стрэл вельмі добры. А вы добра страляеце?» казаў ён далей. — «Нічога сабе», — адказаў я, узрадаваўшыся, што гутарка кранула нарэшце прадмет, мне блізкі. «За трыццаць крокаў промаху ў карту не дам, зразумела, з знаёмых пісталетаў». — «Сапраўды?» — сказала графіня з выглядам вялікай уважлівасці; — «а ты, мой друг, ці трапіш у карту за трыццаць крокаў ?» — «Калі-небудзь, — адказаў граф, — мы паспрабуем. У свой час я страляў не дрэнна; але вось ужо чатыры гады, як я не браў у рукі пісталета». — «О, — заўважыў я, — у такім выпадку б’юся аб заклад, што ваша сіяцельства не пападзе ў карту і за дваццаць крокаў: пісталет патрабуе штодзённага практыкавання. Гэта я ведаю з практыкі. У нас у палку я лічыўся адным з лепшых стралкоў. Аднойчы выпала мне цэлы месяц не браць пісталета: мае былі ў праўцы; што-ж-бы вы думалі, ваша сіяцельства? Першы раз, як стаў потым страляць, я даў адзін за адным чатыры промахі па бутэльцы за дваццаць пяць крокаў. У нас быў ротмістр[11], жартаўнік, пацешнік; ён тут трапіўся і сказаў мне: відаць, у цябе, брат, рука не падымаецца на бутэльку. Не, ваша сіяцельства, не трэба грэбаваць гэтым практыкаваннем, а то адвыкнеш якраз. Лепшы стралок, якога ўдалося мне сустракаць, страляў кожны дзень, прынамсі тры разы перад абедам. Гэта ў яго было заведзена, як чарка гарэлкі». Граф і графіня рады былі, што я разгаварыўся. «А як страляў ён?» — спытаўся ў мяне граф. — «Ды вось як, ваша сіяцельства: бывала ўбачыць ён, села на сцяну муха: вы смеяцеся графіня? Яй-богу, праўда. Бывала, убачыць муху і крычыць: Кузька, пісталет! Кузька і нясе яму набіты пісталет. Ён хлоп, і ўцісне муху ў сцяну!» — «Гэта дзіўна! — сказаў граф; — а як яго звалі?» — «Сільвіо, ваша сіяцельства». — «Сільвіо! — ускрыкнуў граф, усхапіўшыўся з свайго месца;— вы ведалі Сільвіо?» — «Як не ведаць, ваша сіяцельства; мы былі з ім прыяцелі; ён у нашым палку прыняты быў, як свой брат-таварыш; ды вось ужо гадоў пяць, як пра яго не маю ніякіх вестак. Дык і ваша сіяцельства значыцца ведалі яго?» — "Ведаў, добра ведаў — «Ці не расказваў ён вам аднаго вельмі дзіўнага здарэння?» — «Ці не аплявуха, ваша сіяцельства, атрыманая ім на бале ад нейкага павесы!?» — «А гаварыў ён вам імя гэтага павесы?» — «Не, ваша сіяцельства, не гаварыў… Ах! ваша сіяцельства, — казаў я далей, здагадваючыся аб ісціне, — прабачце… я не ведаў… ужо ці не вы?..» — «Я сам, — адказаў граф, з выглядам надзвычайна расстроеным, — а прастрэленая карціна ёсць помнік апошняй нашай сустрэчы…» — «Ах, любы мой, — сказала графіня, — богам прашу, не расказвай; мне страшна будзе слухаць». — «Не, — сказаў граф, — я ўсё раскажу; ён ведае, як я пакрыўдзіў яго друга; хай-жа даведаецца, як Сільвіо мне адпомсціў». — Граф падсунуў мне крэсла, і я з вялікай цікаўнасцю пачуў наступны расказ.

"Пяць гадоў таму назад я ажаніўся. — Першы месяц, the honey moon[12], правёў я тут, у гэтай вёсцы. Гэтаму дому абавязаны я лепшымі хвілінамі жыцця і адным з самых цяжкіх успамінаў.

Аднойчы ўвечары ездзілі мы разам конна; конь У жонкі нешта занаравіўся; яна спалохалася, аддала мне павады і пайшла пехатою дамоў; я паехаў наперад. На дварэ ўбачыў я дарожныя калёсы; мне сказалі, што ў мяне ў габінеце сядзіць чалавек, які не хацеў сказаць свайго імені, але які сказаў проста, што ў яго да мяне ёсць справа. Я ўвайшоў у гэты пакой і ўбачыў у цемнаце чалавека, запыленага і аброслага барадой; ён стаяў тут каля каміна. Я падышоў да яго, стараючыся прыпомніць яго рысы. «Ты не пазнаў мяне, граф?» — сказаў ён дрыжачым голасам. — «Сільвіо!» закрычаў я, і прызнаюся, я адчуў, як валасы сталі раптам на мне дыбам. «Так точна, — сказаў ён далей,— стрэл за мною; я прыехаў выпусціць набой з майго пісталета; ці гатоў ты?» Пісталет у яго тырчаў з бакавой кішэні. Я адмераў дванаццаць крокаў, і стаў там у кутку, просячы яго стрэліць хутчэй, пакуль жонка не вярнулася. Ён марудзіў — ён запытаў агню. Падалі свечы. — Я запёр дзверы, загадаў нікому не ўваходзіць, і зноў прасіў яго стрэліць. Ён выняў пісталет і прыцэліўся… Я лічыў секунды… я думаў аб ёй… Жахлівая прайшла хвіліна! Сільвіо апусціў руку. Шкадую, сказаў ён, што пісталет набіты не чарэшневымі костачкамі… куля цяжкая. Мне ўсё здаецца, што ў нас не дуэль, а забойства: я не прывык цэліцца ў бяззбройнага. Пачнём нанова; кінем жрэбі, каму страляць першаму. Галава мая ішла кругам… Здаецца, я не згаджаўся… Нарэшце мы набілі яшчэ пісталет; скруцілі два білеты; ён паклаў іх у шапку, некалі мной прастрэленую; я выняў зноў першы нумар. «Ты, граф, да д’ябла шчаслівы», сказаў ён з усмешкаю, якой ніколі не забудуся. Не разумею, што са мною было, і якім чынам мог ён мяне да таго прымусіць… але — я стрэліў і папаў вось у гэтую карціну. (Граф паказваў пальцам на прастрэленую карціну; твар яго гарэў як агонь; графіня была бялей за сваю хустку: я не мог устрымацца ад ускрыку).

Я стрэліў, — казаў далей граф, — і, дзякуй богу, зрабіў промах; тады Сільвіо… (у гэтую хвіліну ён быў, сапраўды, жудасны) Сільвіо стаў у мяне прыцэльвацца. Раптам дзверы адчыніліся, Маша ўбягае і з віскам кідаецца мне на шыю. Яе прысутнасць вярнула мне ўсю бадзёрасць. — «Любая, — сказаў я ёй, — хіба ты не бачыш, што мы жартуем? Як-жа ты перапалохалася! Ідзі, выпі шклянку вады і прыдзі да нас; я пазнаёмлю цябе з даўнім другам і таварышам». — Машы ўсё яшчэ не верылася. «Скажыце, ці праўду муж кажа? — сказала яна, звяртаючыся да грознага Сільвіо; — ці праўда, што вы абодва жартуеце?» — «Ён заўсёды жартуе, графіня, — адказаў ёй Сільвіо; — аднойчы даў ён мне жартуючы аплявуху, жартуючы прастрэліў мне вось гэтую шапку, жартуючы зараз па мне прамахнуўся; цяпер і мне прышла ахвота пажартаваць…» З гэтым словам ён хацеў у мяне прыцэліцца… пры ёй! Маша кінулася яму ў ногі. — Устань, Маша, сорам! — закрычаў я ў шаленстве; — а вы, судар, ці кінеце здзеквацца з беднай жанчыны? Будзеце вы страляць, ці не? — «Не буду,— адказаў Сільвіо,—я здаволены: я бачыў тваё замяшанне, твой спалох; я прымусіў цябе стрэліць па мне, з мяне даволі. Будзеш мяне помніць. Аддаю цябе твайму сумленню». Тут ён быў вышаў, але спыніўся ў дзвярах, аглянуўся на прастрэленую мною карціну, стрэліў у яе, амаль не цэлячыся, і знік. Жонка ляжала абамлелая; людзі не смелі яго спыніць і з жахам на яго глядзелі; ён вышаў на ганак, гукнуў фурмана і паехаў, раней чым паспеў я апамятацца.

Граф замоўк. Такім чынам даведаўся я пра канец аповесці, пачатак якой некалі так здзівіў мяне. З героем яе я ўжо не сустракаўся. Кажуць, што Сільвіо, у час паўстання Александра Іпсіланці[13], камандаваў атрадам этэрыстаў[14] і быў забіты ў бітве пад Скулянамі[15]

Крыніцы

[правіць]

Шаблон:Зноскі

  1. Е А. Баратынскі (1800—1844) выдатны паэт часу Пушкіна. Эпіграф узяты з яго паэмы «Бал».
  2. Аповесць вядомага пісьменніка пушкінскага часу Марлінскага — псеўдонім дзекабрыста А. А. Бестужэва (1797—1837)
  3. Манеж — будынак для коннай язды або ваеннага абучэння пяхоты.
  4. Банк — азартная картачная гульня, кідаць банк — ставіць вядомую суму грошай, якая называецца банкам, і весці на яе гульню; банкамёт — ігрок, які трымае банк; панцёры — ігракі, якія ставяць супроць яго.
  5. Загнуць вугал — загнуць вугал карты, што вызначала велічыню стаўкі.
  6. Шандал — падсвечнік.
  7. Ваканцыя — вольнае месца на службе.
  8. Паліцэйская шапка
  9. Дзеніс Давыдаў (1784—1839) — паэт і партызан у вайне 1812 года; прыяцель Пушкіна. А. П. Бурцоў, — гусар, таварыш па службе Давыдава; па водгуках сучаснікаў, „найвялікшы гуляка і самы шалёны забулдыга з усіх гусарскіх паручыкаў“. Да яго звернуты верш Давыдава: „Бурцов, ёра забияка, собутыльник дорогой“.
  10. Секунданты — асобы, выбраныя тымі, хто б’ецца на дуэлі; на абавязку секундантаў ляжала арганізацыя дуэлі і назіранне за тым, каб яна ішла па строга ўстаноўленых правілах
  11. Ротмістр — камандзір эскадрона ў кавалерыі (у палку было ад 4 да 6 эскадронаў)
  12. Сзі хёні мун (англ.) — мядовы месяц.
  13. Александр Іпсіланці (1792—1828) — адзін з правадыроў грэчаскага паўстання супроць Турцыі ў 1821 г.
  14. Этэрысты або гетэрысты — члены грэчаскай тайнай арганізацыі — гетэрыі, якая змагалася за незалежнасць Грэцыі.
  15. Скуляны — мястэчка ў Бесарабіі, каля ракі Прута. У крывавай бітве пад Скулянамі 29 чэрвеня 1821 г. грэкі былі ўшчэнт разбіты турэцкімі сіламі, якія перавышалі іх у шмат разоў.