Перайсці да зместу

Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Ад выдаўца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Ад выдаўца
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Г-жа Простакова.
То, мой батюшка, он еще съизмала к историям охотник.

Скотинин.
Митрофан по мне.»

«Недарасль»[1]

Узяўшыся клапаціцца аб выданні Аповесцей І. П. Белкіна, якія прапануюцца зараз публіцы, мы жадалі да іх дадаць хоць кароткі жыццяпіс нябожчыка аўтара і тым часткова задаволіць справядлівую цікаўнасць аматараў пісьменства бацькаўшчыны. Для гэтага звярнуліся былі мы да Мар’і Алексееўны Трафілінай, бліжэйшай сваячкі і наследніцы Івана Петровіча Белкіна; але на жаль ёй немагчыма было нам даць ніякай аб ім весткі, бо нябожчык зусім не быў ёй знаёмы. Яна раіла нам звярнуцца па гэтай справе да аднаго шаноўнага чалавека, які быў другам Івану Петровічу. Мы прынялі гэтую параду і на ліст наш атрымалі наступны жаданы адказ. Змяшчаем яго без усякіх змен і заўваг, як найкаштоўны помнік благароднага погляду на рэчы і чуллівага сяброўства, а разам з тым, як і досыць выстарчальную біяграфічную вестку.

МІЛАСЦІВЫ ГАСУДАР МОЙ****!

Найшаноўны ліст ваш ад 15-га гэтага месяца атрымаць меў я гонар 23 гэтага-ж месяца, у якім вы выказваеце мне сваё жаданне мець падрабязныя весткі аб часе нараджэння і смерці, аб службе, аб хатніх абставінах, таксама і аб занятках і нораве нябожчыка Івана Петровіча Белкіна, які быў маім шчырым другам і суседам па маёнтках. З вялікай маёй прыемнасцю выконваю гэтае ваша жаданне і дасылаю к вам, Міласцівы Гасудар мой, усё, што з яго гутарак, а таксама з уласных маіх назіранняў запомніць магу. Іван Петровіч Белкін нарадзіўся ад сумленных і благародных бацькоў у 1798 годзе ў сяле Гарухіне. Нябожчык бацька яго секунд-маёр[2] Пётр Іванавіч Белкін быў жанаты на дзяўчыне Пелагеі Гаўрылаўне з дому Трафіліных. Ён быў чалавек не багаты, але ўмераны і што датычыць гаспадаркі дужа кемлівы. Сын іх атрымаў першапачатковую асвету ад вясковага дзячка. Гэтаму вось шаноўнаму чалавеку быў ён, здаецца, абавязаны ахвотаю да чытання і заняткаў у галіне Рускага Пісьменства. У 1815 годзе паступіў ён на службу ў пяхотны егерскі[3] полк (чыслом не ўпомню), у якім і знаходзіўся да самага 1823 года. Смерць яго бацькоў, якая амаль у адзін час здарылася, прымусіла яго падаць у адстаўку і прыехаць у сяло Гарухіна, сваю вотчыну[4].

Узяўшыся за кіраванне маёнткам, Іван Петровіч, з прычыны сваёй неспрактыкаванасці і мяккасэрднасці, у хуткім часе запусціў гаспадарку і паслабіў строгі парадак, заведзены нябожчыкам яго бацькам. Змяніўшы спраўнага і растаропнага старасту, якім сяляне яго (па іх прывычцы) былі нездаволены, даручыў ён кіраванне сяла старой, сваёй ключніцы[5], якая набыла яго даверлівасць здатнасцю расказваць гісторыі. Гэтая бязглуздая старая не ўмела ніколі адрозніць дваццаціпяцірублёвай асігнацыі[6] ад пяцідзесяцірублёвай; сяляне, якім яна ўсім была кума, яе зусім не баяліся; імі абраны стараста да таго ім патураў, плутуючы заадно, што Іван Петровіч змушаны быў адмяніць паншчыну[7] і ўстанавіць вельмі ўмераны аброк[8]; але і тут сяляне, карыстаючыся яго слабасцю, на першы год выпрасілі сабе наўмысную ільготу, а ў наступныя больш за дзве трэці аброка плацілі арэхамі, брусніцамі і да таго падобным; і тут былі нядоімкі.

Быўшы прыяцель нябожчыку бацьку Івана Петровіча, я лічыў за абавязак прапаноўваць і сыну свае парады і неаднаразова напрашаўся аднавіць ранейшы, ім упушчаны, парадак. Для гэтага, прыехаўшы аднойчы да яго, патрэбаваў я гаспадарчыя кнігі, прызваў плута старасту і ў прысутнасці Івана Петровіча заняўся розглядамі іх. Малады гаспадар спачатку пачаў хадзіць за мною з якою толькі можна ўвагаю і стараннасцю; але як па рахунках аказалася, што ў апошнія два гады лік сялян памножыўся, лік-жа дваровых птушак і хатняй жывёлы наўмысна паменшыўся, то Іван Петровіч задаволіўся гэтай першай весткаю і далей мяне не слухаў, і ў тую самую хвіліну, як я сваімі вышукваннямі і строгімі допытамі плута старасту ў крайняе замяшанне прывёў і да поўнай маўклівасці прымусіў, з вялікай маёю прыкрасцю пачуў я Івана Петровіча, як ён моцна хроп на сваім крэсле. З той пары перастаў я ўмешвацца ў яго гаспадарчыя распараджэнні і здаў яго справы (як і ён сам) у распараджэнне Ўсявышняга.

Гэта сяброўскіх нашых адносін ніколькі, аднак, не папсавала; бо я, спачуваючы яго слабасці і згубнай нядбайнасці, агульнаму маладым нашым дваранам, шчыра любіў Івана Петровіча; ды нельга было і не любіць маладога чалавека такога лагоднага і сумленнага. З свайго боку Іван Петровіч меў павагу да маіх год і сардэчна быў да мяне прыхільны. Да самага сканання свайго ён амаль кожны дзень са мною бачыўся, шануючы простую маю гутарку, хоць ні прывычкамі, ні ладам думак, ні норавам, мы ў большасці адзін да аднаго не былі падобны.

Іван Петровіч вёў жыццё самае простае, унікаў усякага роду надмернарнасцей, ніколі не здаралася мне бачыць яго падвыпіўшым (што ў краі нашым за нечуваны цуд палічыцца можа); да жаночага-ж пола меў ён вялікую прыхільнасць, але сарамлівасць была ў ім сапраўды дзявоцкая.[9]

Акрамя аповесцей, аб якіх у лісце вашым маеце ласку спамінаць, Іван Петровіч пакінуў мноства рукапісаў, якія часткаю ў мяне знаходзяцца, часткаю ўжыты яго ключніцаю на розныя хатнія патрэбы. Такім чынам мінулай зімою ўсе вокны яе флігеля заклеены былі першай часткай рамана, якога ён не скончыў. Вышэй памянёныя аповесці былі, здаецца, першаю яго спробаю. Яны, як казаў Іван Петровіч, большаю часткаю справядлівыя і чутыя ім ад розных асоб[10]. Аднак-жа імёны ў іх амаль усе выдуманы ім самім, а назвы сёл і вёсак запазычаны з нашай ваколіцы, ад чаго і мая вёска недзе спамянута. Гэта вышла не ад злога якога-небудзь намеру, але выключна ад недахопу ўяўлення фантазіі.

Іван Петровіч увосень 1828 года захварэў на прастудную ліхаманку, якая перайшла ў гарачку, і памёр, не гледзячы на вялікую стараннасць павятовага нашага лекара, чалавека вельмі спрактыкаванага, асабліва ў лячэнні закаранелых хвароб, прыкладам як мазалёў і да таго падобнага. Ён сканаў на маіх руках на 30-м годзе ад нараджэння і пахаваны ў царкве сяла Гарухіна, каля нябожчыкаў яго бацькоў.

Іван Петровіч быў росту сярэдняга, вочы меў шэрыя, валасы русыя, нос роўны; тварам быў белы і хударлявы.

Вось, Міласцівы Гасудар мой, усё, што мог я прыпомніць наконт жыцця, заняткаў, нораву і знешняга выгляду нябожчыка суседа і прыяцеля майго. Але ў выпадку, калі будзеце мець ласку зрабіць з гэтага майго ліста які-небудзь ужытак, найпакорна прашу ніяк імя майго не ўпамінаць; бо хоць я вельмі паважаю і люблю сачыніцеляў, але ў гэтую годнасць трапіць лічу лішнім і ў мае гады непрыстойным. З шчырым маім шанаваннем і інш.

1830 года, лістапада 16 Сяло Ненарадава.

Лічачы за абавязак уважыць волю шаноўнага друга аўтара нашага, прыносім яму найглыбейшую падзяку за паданыя нам весткі і спадзяемся, што публіка ацэніць іх шчырасць і дабрадушнасць.

А. П.

Крыніцы

[правіць]
  1. «Недарасль» — камедыя славутага рускага пісьменніка XVIII в. Д. І. Фанвізіна (1745—1792).
  2. Секунд-маёр — старадаўні малодшы штаб-афіцэрскі чын.
  3. Егерскі — стралковы
  4. Вотчына — спадчынны, радавы маёнтак.
  5. Ключніца — загадчыца гаспадаркай, якая распараджаецца ключамі ад кладовак, скляпоў і да т. п.
  6. Асігнацыя—папяровы грашовы знак. У пушкінскі час рубель асігнацыямі каштаваў амаль у З½ разы танней як срэбны рубель.
  7. Паншчына — прымусовая прыгонная работа (прыгон) на памешчыка (пана).
  8. Аброк (чынш) — выплата прыгонным селянінам свайму памешчыку ўзамен паншчыны пэўнай сумы грашмі або прадуктамі.
  9. Тут ідзе анекдот, якога мы не змяшчаем, лічачы яго лішнім; аднак запаўняем чытача, што ён нічога непрыстойнага для памяці Івана Петровіча Белкіна ў сабе не мае.
  10. Сапраўды, у рукапісу п. Белкіна над кожнай аповесцю рукою аўтара надпісана: чута мною ад такой вось асобы (чын або званне і загалоўныя літары імя і прозвішча). Выпісваем для дапытлівых даследчыкаў: Даглядчык расказаны быў яму тытулярным саветнікам А. Г. Н., Стрэл падпалкоўнікам І. Л. П., Трунар прыказчыкам Б. В., Мяцеліца і Паненка дзяўчынаю К. І. Т.