Перайсці да зместу

Апавяданьні (Чорны, 1925)/Мяшчане ў густой пары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быльнікавы межы Мяшчане ў густой пары
Апавяданьне
Аўтар: Кузьма Чорны
1925 год
Максімка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мяшчане ў густой пары.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЯШЧАНЕ Ў ГУСТОЙ ПАРЫ.

Дзядзя Стафанковіч пачухаў распараны жывот, шырока растапырыў ногі і ўзьліў сабе на голаў ражку цёплай вады.

— Ах, здорава; як маслам па нырках, — сказаў ён весела і з філёзофскім выглядам стаў намыльваць сваю жоўтую шыю.

Каб спрытней зрабіць гэтую опэрацыю, прышлося задраць голаў угору, ад чаго, на верхніх палатках, у гарачых хмарах густое пары, дзядзя Стафанковіч убачыў нешта шырокае і круглае, чырвонага колеру і буйняга складу.

— Ці ня парыцца гэта хто на верхніх палатках, — падумаў дзядзя Стафанковіч і стаў пільна ўглядацца.

— Але як ён можа там вытрымаць, у самай гары, — думаў ён, прыглядаючыся, — гэта-ж трэба мець нечалавечую голаў, каб высядзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там шкура, разам з валасамі, не аблезе?..

Дзядзя Стафанковіч, ахвачаны цікавасьцю, падняўся па ўсходах трохі вышэй да верхніх палатак і зразу пазнаў свайго знаёмага — быўшага штабс-капітана пяхотнага палка — Яўсьцігнея Сьвірыдавіча Разьнюхайліна.

— А-а-а, Яўсьцігней Сьвірыдавіч! — зацягнуў дзядзя Стафанковіч радасна, — а я гляджу, што гэта там такое чырвонае, аж гэта вы. Ну, як-жа маецеся?

Разьнюхайлін быў у гэты час заняты зьдзьмухваньнем мутных кропел вады з сваіх пруткіх вусоў. Скрозь пару ён уставіў свае круглыя вочы на Стафанковіча і густым басам адчаканіў:

— Можна сказаць жывём і хлеб жуём, мірна дні свае дажываем. Як гэта даўней, у нас у палку сьпявалі: „Агонь запалю, буду піць, не мяшала-б сабаку купіць!“ — Толькі і ўсяго.

— Толькі і ўсяго, — трагічна паўтарыў дзядзя Стафанковіч і, зьбіраючыся сказаць нешта больш важнае і як-бы, сакрэтнае, агледзяў усю баню, з выглядам вельмі тонкага політыка.

Народу мылася мала. Каля дзьвярэй некалькі старэнькіх дзядкоў няміласэрдна церлі адзін аднаму рагожамі худыя сьпіны, трохі далей скроб пад пахамі нехта высокі і тонкі як сьпічак. На ніжэйшых палатках парылася двое. Адзін ляжаў сьпінаю ўгору, другі хвастаў яго распараным венікам. А той варочаўся пад венікам, як япрук, і ўсё камадваў:

— А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе!

Тут-жа, побач, мыліўся Макей Філатавіч Валакіткін — быўшы начальнік нейкай губэрскай канцылярыі, а цяпер рэгістратар выступаючых папераў у нейкім бумтрэсьце (ці можа ў табактрэсьце, хто яго акуратна даведаецца). Больш у лазьні нікого ня было.

Агледзіўшы ўсю гэтую кампанію, дзядзя Стафанковіч зрабіў „уміліцельны“ твар і ціха загаварыў, паглядаючы на Разьнюхайліна:

— Справядліва замецілі, Яўсьцігней Сьвірыдавіч, што „толькі і ўсяго“. Чалавек я, можна сказаць, такі, што, як кажуць, хлеб соль еш, а праўду рэж. І калі дзе што якое адным словам, дык я тут-жа, на месцы, гэтае, й больш нічога. Вось гляньце хоць-бы на гэтую лазьню. Ды ў мяне на Нямізе дом, на Ляхаўцы дом і на Серабранцы дом. А гэта значыць, што я тры дамы маю. А раз я тры дамы маю — значыць, я чалавек, а не які небудзь пасьсвісцёл, І даўней, верце маёй совесьці, што я тут вось мыюся, а на сэрцы ў мяне ўжо йначай мыецца. Што з мяне лазьня параю выцягне, тое я вярну: заўсёды бывала, пасьля лазьні, як людзі, пойдзем гуртам, ды вып‘ем і закусім. Верна, Яўсьцігней Сьвірыдавіч?

— Верна, — адчыканіў з палатак Разьнюхайлін.

— Чалавек я, можна сказаць, Яўсьцігней Сьвірыдавіч, прыблізіцельны. Возьмем вось зноў для прыкладу мяне і, разам са мною, хоць-бы вас. Вы думаеце сягоньняшняя лазьня вельмі нас пацешыць? І нічуць, і ніколі. Яна табе толькі й дасьць карысьці, што гразь з сябе ў ёй абмыеш, Толькі і ўсяго — як вы, Яўсьцігней Сьвірыдавіч, справядліва замецілі. А дзе ты пасьля яе пад‘гэтае? Як ня круці, а пракладзіцца няўдасца. Што ты, з рускаю горькаю разгуляешся? Ды я ўручаю галавою, што вазьмі ты яе кватэрку, ды ўлі дзіцяці ў вочы — нічога ня пашкодзіць, а ня то, што каб гэтае. Вада, й больш нічога, я на яе й глядзець не хачу. Адным словам, згадзіўся сьвет. Гэтак і ўсё.

Такі, херовы сьвет стаў, — бухнуў басам з густое пары, Разьнюхайлін — адным словам, дні свае мірна дажываем, як у балоце…

— І то, скажыце, гаспада, перабіў раптоўна Разьнюхайліна Валакіткін, — што знаходзяцца малайцы, што гатоў ён табе вочы выдраць, калі скажаш, што усё гэта нятак, як трэба каб было, па палажэньню жыцьця. Я чалавек, можна сказаць, пастароньні ў вашай, гаспада, гаворцы, але, пры ўсёй маёй скромнасьці, ня магу я свайго слова ня ўставіць, асабліва калі гавораць паважаныя, будзем лічыць, людзі. Чалавек я пажылы, можна сказаць, век свой пражыў, а начальскі гонар — словам, ні то, што, каб дзелам, не сакрушыў. І даўней і цяпер. А змаўчаць, калі на тое пашло, усё-ж такі не магу. Адным словам, тут усё справядліва — сьвет ня сьвет, а чорт ведае што. У сьвяшчэнным пісаньні ўсё было наперад сказана й больш нічога.

Высокая фігура дзядзі Стафанковіча ўся была поўна радаснай увагі. Ён аж забыў, што яшчэ ня парыўся і усё стаяў на адным месцы і ківаў галавою. Разьнюхайлін-жа быў сур‘ёзны. Ён закруціў свае пруткія, намокшыя вусы, падмыліў калені і лёг на бок, а голаў падняў, каб лепш было слухаць.

— Мнё хочацца сказаць, як чалавеку шырокіх поглядаў, — гаварыў далей Валакіткін, — што, як я сказаў, у сьвяшчэнным пісаньні ўсё было прадбачана. Паўстане народ на народ, і царства на царства, і сын стане ворарагам бацькі роднага…

Справядліва замячаеце, — уставіў, салодзенькім галаском, дзядзя Стафанковіч.

— Ня толькі справядліва, а дажа-нават чыстая праўда, — загаварыў раптоўна худзенькі дзядок каля дзьвярэй, абціраючы мокраю рагожаю намыленыя грудзі, — я-ж кажу, чалавек я просты і богабаязнены. Дзякаваць богу, трыццаць тры гады з палавінаю крамку бакалейную і мучную трымаў і даводзілася мець дзела з людзьмі ўсякіх рангаў і чыноў — пачынаючы старшым чыноўнікам на пошце і канчаючы самым апошнім смаркачом — шаўцоўскім чаляднікам. І што-ж вы думаеце? З практыкі, самай сібірнай практыкі, людзей пазнаў і магу гаварыць цяпер, вокам не маргнуўшы… На што вам што!? Ды ў мяне ўнук у пінаерах. Чуеце?! Уласны мой унук пінаер. А бацька маўчыць; малы смаркач верх бярэ над бацькам. Ды яжэлі-б гэта, скажам, быў мой ня ўнук, а сын, дык я яго, сукінага сына, так-бы пінаернуў, што ён у мяне хадзіў-бы, як падмецены… Гэта жартачкі? Дасьць бог дзень, людзі адзяюцца, а ён разьдзяецца — усьцягае на сабе нейкія сінія портачкі без калошаў — адна паясьніцца, ды йдзе маршыраваць па вуліцы. Па Захараўскай вуліцы маршыруе, з голымі лыткамі, ў портачках без калошаў, аж усе гізунты відаць. Верце маёй совесьці, справядлівы чалавек, яй-права. І нічога сказаць ня сьмей — маё — кажа, — права. Крыўда слухаць — малое вашанё, а яго ўжо права. Права ўжо нейкае ён, сукін сын, пазнаў! Што вы скажаце на гэтае права?

— Каму права, каму лева, — пачуўся голас з кутка.

Гаварыў высокі і тонкі чалавек, як сьпічак. І невядома, што прымусіла яго сказаць гэтыя два словы, — сказаўшы іх, ён зноў увесь увайшоў у сваё дзела: сеў на лаўку і так, як раней, не зьвяртаючы ні на што й ні на кога увагі, стаў паліваць вадой і шараваць шырокімі далонямі доўгія і худыя ногі. І нічога ня слухаў, ні на кога не глядзеў, маўчаў і мыўся…

Дзядзя Стафанковіч, пачуўшы яго чатыры словы, раптам прыціх, прысеў на лаўку, пасьля ўстаў, пасьля зноў сеў і зноў ўстаў. Падумаўшы трохі, паглядзеўшы на высокага і худога чалавека, ён тарапліва махнуў к сабе рукою рэгістратара Валакіткіна і ўдвух палезьлі на верхнія палаткі к Разьнюхайліну. У вялікім узбуджэньні яны ўсе ўтрох пасунуліся ў самы кут і сталі шаптацца.

Першым пачаў дзядя Стафанковіч.

— Ну браткі, і папалі, — шаптаў ён скоранька, пырскаючы сьлінаю з роту і задыхаючыся ад пары і нэрвовасьці — вось папалі дык папалі, як м‘яла ў кісель. Гэта-ж ведаеце хто? Гэта-ж пэўна, камісар які небудзь. Нават я прыпамінаю, як хавалі нябожчыка, вечны пакой, Авар‘яна Тофілевіча, дык перад самаю процэсіяй быў ён, дарогу ўпоперак з тоўстым портфэлем перашоў. Здаецца гэта ён быў, так мне ясна памятаецца. А мы тут разьвялі політычныя гаворкі, не разчомаўшы, хто ў нас пад бокам мыецца… Я хоць асьцярожна ўсё гаварыў, а вы, Макей Філатавіч, вельмі глосьня пачалі выказваць думкі свае. У выпадку чаго, дык вы павінны ўзяць віну на сябе, каб цераз вас, часамі, усім нам не пастрадаць.

— Што гэта вы гаворыце — зашаптаў засердзіўшыся Макей Філатавіч — што гэта я павінен адказваць за чужыя грахі?!. Ды я, калі вы хочыце, маўчаў увесь час, гэта вы першыя пачалі ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзьвярнуць хочаце. Ды я не пагляджу, што ў вас тры дамы, я магу за зьнявагу свае асобы зрабіць што хочаце!..

— Ня лішне злуйце, — ускіпеў дзядзя Стафанковіч, — вы павіны памятаць, што я гаварыў пра політыку ўмеючы, вежліва і далікатна; і за маю політыку ка мне прычапіцца ніхто ня мог. А вы ў нейкае сьвяшчэннае пісаньне зразу ўперліся, як чорт у грэблю, рады што чыстапсалміе на памяць можаце чытаць. Да я хоць чыстапсалмія на памяць ня ведаю, але перад вамі ўручаю, што не падгаджу. А вы дарэмна злуеце…

Дзядок, у якога ўласны ўнук „пінаер“, пачуўшы шэпты на палатках, зразумеў ўсё і сам палез наверх.

— І то, батракі, ліхое, — перабіў ён дзядзю Стафанковіча, — мыецца, ліха яму, і як-бы нічога ня чуе й ня бачыць, а сам ўсё слухае ды на вус матае.

Так, херовае дзела вышла — грымучым шэптам адчаканіў Разьнюхайлін. Але так нічога не паможа, а трэба павярнуць політыку ў другі бок.

Макей Філатавіч Валакіткін раптоўна адсунўся ў куток, пастукаў пальцам па лбу і сказаў:

Трэба адно к яму падлашчыцца; памыць яго трэба.

— Ваш язык гаворыць мудрасьць, — радасным басам грунуў на ўсю лазьню Разьнюхайлін. І ўсе трое зьлезьлі з палатак.

— Вы, пане Стафанковіч, ня лішне лезьце наперад, бо зноў бяды наробіце, — сказаў важна Валакіткін, — я пачну справа, а вы ўжо пасьля гуртам.

Худы і высокі чалавек, ні аб чым недагадваючыся, мыліў голаў, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагі цяклі ў яго з галавы па сьпіне.

Валакіткін, расплыўшыся ў шырокую ўхмылку, ціханька падышоў к яму і стаў на пальчыках. Той нічога не запрыкмеціў.

— Кхэў-кхэ, — уважліва кашлянуў Валакіткін, каб зьвярнуць на сябе ўвагу.

Чалавек падняў вочы і зноў апусьціў.

— Мыла ў вас, товарыш, рагамі па сьпіне пашло. Гэта добра — усю гразь абьесьць.

— Натое яно й мыла, каб ад гразі бараніцца.

— Спавядліва сказалі, таварыш… Кхэ — кхэ… кхэ… кхэ… Вось ліха на яго, чалавечыя рукі кароткія — усякае месца на сваім целе можаш памыць, а сьпіны вось не дастанеш. Дайце я вам, таварыш, сьпіну памыю.

— Я й сам памыю.

— Вам нявыгадна; дайце я. Давайце рагожку… Просьценька вы мыецеся — рагожкаю… Прастата — гэта добрачыннасьць. Давайце, таварыш, адно рагожку.

Валакіткін упіліўся ў „рагожку“ і стаў цягнуць к сабе. Чалавек не падаваўся. І тут-жа падасьпела дапамога Валакіткіну: справа падскочыў Разьнюхайлін, зьлева дзядзя Стафанковіч. А дзядок не знаходзіў месца, дзе-б уляпіцца і бегаў, як апараны, вакол.

— Што вы маеце да мяне?!..

— Нічога, таварыш, давайце рагожку.

— Ды вось мая рагожка, — вылепетаў дзядок.

— Станавіцеся, таварыш, ракам, або прыпірайцеся рукамі на лаўку й падстаўляйце сьпіну.

— Ды я не хачу, я сам, я не прашу вас!

— Скромнасьць, таксама, як і прастата, добрачыннасьць. Падстаўляйце сьпіну.

Яны сілаю павярнулі чалавека к сабе сьпінаю і пачалі мыць. Абкацілі вадою, абмылілі нанава і пачалі шараваць. Дзядзя Стафанковіч вадзіў па сьпіне рагожаю, Макей Філатавіч намыльваў, дзядок паліваў вадою, а Разьнюхайлін камандаваў:

— Так так, пабольш мыла кладзі на шыю, вось тут шмаргані, ніжэй, ніжэй; а ты вадою пад лапаткі боўтні, ды толькі не бяры кіпню, каб не апарыць таварыша!..

— Гвалт, людзі ратуйце, пусьцеце, браткі, што я зрабіў вам… А-я-яй!.. Да я на вас заяву падам!!!

Усе ўчатырох адскочылі ад чалавека, а той, зарадаваўшыся вызваленью; кінуўся раптам за дзьверы й пачаў адзявацца.

— Што яму за ліха, ды ён папраўдзе як-бы баіцца нас — паціснуў плячыма дзядзя Стафанковіч.

— Нічога не баіцца, а політыку вядзе, — трунуў басам Разьнюхайлін, ідзіце хто паглядзіце хто ён такі: ваенны ці штацкі?

Дзядзя вышаў за дзьверы.

Чалавек, адзеты ўжо ў старыя салдацкія палатаныя порткі, пасьпешна нацягваў на левую нагу парваны бот, увесь запэцканы гразёю і гноем.

Дзядзя атарапеўшы шмыгануў назад.

— Браткі-ж мае, гэта ж абарванец нейкі! — Ну?!!

— Яйправа!

Усе выскачылі за дзьверы.

— Да вы кто такі? — запытаў Разнюхайлін.

— Я тут служу.

— Па штацкай ці па ваеннай?

— Па штацкай.

— А кім служыце?

— У заежджым доме Гірша Дрэйзіна на Нямізе, дворнікам — гной значыць падчышчаю пасьля коней.

— Фу ты, чорт!

Чалавек пасьпешна схваціў падпаху шапку й жыкетку і баязьліва выскачыў за дьзверы.

Забыўшы абмыць з сябе распараную гразь і мыла, усе ў чатырох сталі адзявацца.

Ня гледзячы адзін на аднаго, моўчкі, па адному, сталі выходзіць.

І як выходзячы, дзядзя Стафанковіч вінавата глянуў на Разьнюхайліна, той апусьціў вочы і прабарматаў:

— Так, ядры яго дагары, маржовае дзела вышла.