Перайсці да зместу

Апавяданьні (Чорны, 1925)/Быльнікавы межы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быльнікавыя межы
Апавяданьне
Аўтар: Кузьма Чорны
1925 год
Мяшчане ў густой пары
Іншыя публікацыі гэтага твора: Быльнікавы межы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЫЛЬНІКАВЫ МЕЖЫ.

І.

Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісьцем, гумна снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу…

Кароткімі днямі хутка пабегла жыцьцё ў вечнасьць. Адналькова яснымі нараджаліся яны, гэтыя дні, і такімі-ж гасьлі, і на зьмену ім прыходзілі доўгія асеньнія ночы — то туманныя, то зорныя, з вострым халадком першых замаразкаў…

Дзень пры дні стагнаў ток пад Паўлавым цэпам. Ячменныя асьцюкі з пылам забіваліся яму за каўнер і ў лапці, падала зьверху на яго пыльнае павуценьне, і ён некалькі разоў на дзень выходзіў атрэпацца на двор.

А на двары і вакол было ўсё так, як і дзесяць, дваццаць год таму назад. Таксама плакалі замурзаныя дзеці, абсыпаў вецер пяском трухлявыя сьцены, на пустых агародах панура цягаліся дробныя худыя коні. І той-жа самы стары стук цапоў абуджваў пустое поле. Поле-ж гэтае, яшчэ больш, здаецца, абрасло за апошнія гады густым быльнікам на шырокіх межах, так што здалёк зусім хаваліся ў ім вузкія палосы…

І вытрасаючы мякіну з лапцёў на двары і стукаючы цэпам, Павал не пакідаў думаць.

Гэтыя думкі, цяжкія для яго няпрывычнай галавы, блытаныя, як павуценьне, пачалі зьяўляцца ў Паўла патроху і няпрыкметна за апошнія часы…

Прыяжджалі раз людзі з гораду, тры дні былі ў вёсцы і адзін з іх дзьве ночы начаваў у Паўлавай хаце.

Былі тады два сходы ў вёсцы і мала хто хадзіў на іх — не хацелі слухаць „гарадзкіх абармотаў“, сьмяяліся над імі.

— Гэ-э! — гаварылі, — горад аб‘елі, ўжо тут умацавацца хочуць, харчоў там не хапіла; хітрыя! Па вёсках распаўзацца сталі.

І тыя ўтрох, спатканыя халоднай сьцяной ледзянога недавер‘я бясхітрасных вяскоўцаў, прасядзелі паўдня на гнілых бярвеньнях у канцы вёскі, не дачакаўшыся сходу. І так разышліся па хатах нанач.

З паўвечара Павал нічога не гаварыў з сваім начлежнікам.

У той дзень зранку хадзіў ён па ральлі і поўныя лапці набілася яму пяску. І цэлы дзень ня меў ён часу высыпаць пясок з лапцёў. Вечарам сьпяшаў зашыць хамут, каб скарэй зрабіць гэта. Каравымі пальцамі перабіраў ён дратву і маўчаў, сагнуўшыся ў кутку.

Начлежнік падышоў к Паўлу.

— Цёмна шыць — сказаў ён.

— Газы няма, — адказаў панура Павал.

Памаўчаўшы, дадаў:

— У вас там у горадзе газы, пэўна, хоць заліся.

— У нас там электрычнасьць, — адказаў начлежнік і падсеў к Паўлу, як-бы ўзрадаваўшыся гаворцы.

— Ну, вось бачыш, — павярнуўся Павал тварам к начлежніку, — людзям добра, дык яшчэ шукаюць ліха ведае чаго. Цёмная вёска ім патрэбна.

— Загэтым і езьдзім, што цёмная, каб была сьветлая — мала-б мы сюды езьдзілі.

І саўсім раззлаваўся Павал за гэтыя словы — ён зразумеў усё, што хацеў сказаць гэтым яго належнік.

— Што гаварыць дарэмна, — загаварыў Павал, — паслухаеш вашага брата, дык адно й чуеш, што для некага гэта яны усё езьдзяць, для другіх гэта ўсё робяць…

Начлежнік перабіў Паўла:

— Глядзіш ты на мяне так, як-бы нас з табою разьдзяляе каменная сьцяна; а ніякай сьцяны між намі няма. Саўсім ня чужы я табе. Я сам такі самы селянін, як і ты: усяго год, і таго ня будзе, як плуг пакінуў. І цяпер там у вёсцы бацька стары з братам засталіся.

— Чаму-ж ты іх к сабе туды ў горад ня возьмеш, ды пакінуў іх там адных гараваць?

— Што іх браць?! Каб я мог усіх узяць, усю вёску; і ня вёску, а ўсе да аднае вёскі ўзяць, усім зрабіць у адзін дзень добра, тады можна было-б браць. А то што так браць — аднаму будзе добра, а мільёнам — таксама. Мы йначай „бяром“ — у нас другая дарога вызначана. І робім мы ўсё патроху, няпрыкметна зразу. Загэтым мала хто бачыць гэта. Вось ты й гаварыць са мною ня хочаш. На сход сягоньня ні адзін ня прышоў. А мы не апускаем рук, бо йначай нічога ня будзе, зразу нельга зрабіць…

Тады Павал апусьціў хамут з кален на зямлю і слухаў:

— … Ты думаеш я ня ведаю, чаму ты са мною гаварыць ня хочаш, чаму ніхто сягоньня ня прышоў на сход слухаць нас? Я сам — гэта ты, і ўсё я ведаю. Рос я так, як і ты, як і ўсякі той, хто потым робіцца мужыком; З шасьцёх год — ня можа ён ужо расьці на волі, а бярэцца за работу. Гаварыць яшчэ не навучыцца, а ўжо з пугаю па полі бегае. Уварвецца ў засеў скаціна, а сусед зловіць яго, ды натрасе за вушы. Дзіця — ногі у яго папрабіваты іржышчам, раны залеплены зямлёю і ён з плачам пабяжыць кульгаючы па полі. А раніцаю ён як няжывы сьпіць, набегаўшыся за дзень. Сонца яшчэ ня ўзышло, а ты яго цягнеш з пасьцелі. Усхваціцца ён сонны, вочы заплюшчаны, і зноў кінецца, а ты зноў валачэш, сьцягаеш яго з пасьцелі. Здаецца, стаў-бы тады перад ім на калені: на, забі мяне, гада, за ўсё гэтае. А што ты вінават? Таксама, як і ён. Вінавата жыцьцё і зьмяніць яго трэба. Вось чаму пакінуў я свой плуг, адчуўшы, што больш так магу зрабіць, не для сабе, а для ўсіх.

— Ды ты на мяне ня злуй, — сказаў Павал, — што я ведаю?!.

У тую ноч да трэціх пэўняў гаварыў Павал з начлежнікам, а з другога дню пачаў разьбіраць паволі пакінутыя начлежнікам кніжкі.

Пашлі па вёсцы гаворкі, гадзінай зашыпела ненавісьць тых, хто лічыў раней Паўла „спакойнвым чалавекам“, і Павал яшчэ больш стаў маўклівым, больш яшчэ стаў думаць.

Увосень пачаў ён сьпешна дамалочваць снапы:

І недзе ў глыбіні, на граніцы пачуцьцяў і думак зьяўлялася яго:

— Пустыя палі, паросшыя дзікім быльнікам на шырокіх межах, пахавалі ў сваім абшары глухія вёскі, закідалі яны іх саломай шчуплых снапоў і за гэты скупы дар загулялі нам імі: у доўгія цёмныя ночы пераклікаліся палі над вёскамі галодным воўчым выцьцём, накладалі на людзей баязьлівую пакорнасьць, награджалі іх цяжкаю працаю, адбіралі для яе ўвесь час, губілі ў сябе ўсю сьвядомасьць, занесеную сюды часам з буйных гарадоў. І яшчэ адбіралі ў сваіх ціхіх людзей здароўе, так, як і вочы, ад цёмнага сьвету сваіх курных газьнічак…

Усё так-жа дробна і гулка стукалі цапы па гумнах і здавалася, што з кожным сваім ударам, яны ўсё глыбей уваходзяць у жыцьцё вёскі, як-бы задумаўшы заглушыць сабою ўсе яе іншыя зыкі — так многа дзён яны зычэлі. І толькі ў адным канцы вёскі, адна-адзінютка гула малатарня, але не магла яна адна заглушыць тут стуку цапоў. Яшчэ на цёмную вуліцу з маленькіх вокан падалі палосы ад дасьветных агнёў, а цапы ўжо пачалі сыпаць дробным гарохам. Раней за ўсіх пачынаў стукаць цэп у Паўлавым гумне.

— Павал нешта задумаў — ішла па вёсцы гутарка, а ў Паўла, пад стук цэпу, сьпела адна думка.

І загэтым, як пасьля змроку аблягала вёску воўчае выцьцё і заціхаў стук цапоў, у Паўлавай хаце, вакол газоўкі па цэлых ночах сядзела некалькі челавек…

Вакол дрыматнаю рэчкаю плыло жыцьцё трухлявых хат. Замаразкамі курыліся кусты сіненькім дымком і вецер прыносіў адтуль к хатам самагонны дух і тады-ж мацней яшчэ пачалі выць зусім блізка начамі ваўкі…

У сьвятыя дні выходзілі людзі на вуліцу. Несканчоныя і вялыя вяліся цэлымі днямі гаворкі і так не гарманізаваў з імі ўвесь выгляд залатой восені.

Так і праходзіў ціхенька дзень.

А то часам пілікне дзе-небудзь за вуглом скрыпка і ўся вуліца рынецца. туды. Пад няхітрую музыку аднае скрыпкі і часам двух барабанаў, віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагодзьдзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагодзьдзі.

І хоць стаяць тут людзі, сьцяною налёгшы адзін на другога, але ў кожнага, ў галаве блытаецца думка ад пакінутай працы.

Прымітыўнае вясельле ціхіх людзей не пералятае сваімі зыкамі далей саломенных стрэх. Тут-жа й гінуць пісклівыя зыкі скрыпкі за родным вуглом.

А пустое поле вакол і знаць ня хоча людзкога вясельля — яго, зыкі гінуць, у ім. Абросшае дзікім быльнікам, яно ціха дрэмле ўсім сваім бязьмерным абшарам. Вясковыя шумы яно перамагае сваім начным выцьцём ваўкоў, яго-ж цішыню, нават зыкамі свайго вясельля, перамагчы людзі ня могуць.

ІІ.

У адзін дзень засыпаў сівер мёрзлым пылам трухлявыя хаты, апусьцеўшае поле захмурнела высахшым быльнікам на разросшыхся межах, сівыя платы мёрзлі й туліліся да бярвеньняў старых будынкаў.

Па цёмных хлявох корпаліся ў кастрыцы людзі, маўчалі, здаваліся поўнымі думак, але думак ня мелі. Аб чым могуць думаць яны?

Толькі нейкая баязьлівасьць вызначалася ў іх. Так напрытульна ў полі так дзіка — шумна і холадна. І здаецца, што вось прыдзе нехта суровы, насьмешліва тупне нагою і зробіць нейкае зло. Вось чаму людзі так акуратна саломка за саломкаю, дубец за дубцом, складвалі й зьбіралі сваю мураўную маемасьць: „калі ўсё будзе ў парадку, ня такая віна мая будзе вялікая“.

А ў чым і якая віна?

А былі калі разумныя думкі аб гэтым?!.

За ваколіцай на пыльнай дарозе буян-вецер скручваўся ў жмут, дакачваўся стралой да крайняе хаты, узьбягаў па сьцяне й кідаўся на яе старую віхрастую голаў. Яна баранілася саломеным крыкам і такі-ж крык узьнімалі суседнія стрэхі.

Гэта быльнікава поле „гуляла“ над вёскай. І ў той дзень вецер ня сьціх, але зрабілася так, што раптам стаў няпрыметным; стала раптам так, што сьвісту яго ніхто не пачуў:

Нешта шырокае рванулася за ваколіцай, шэра-жоўтым ліўнем зыкаў секанула; заглушыла вецер, павыкідала людзей з цёмных хлявоў, парушыла іх „баязьлівы парадак“.

Сотні вачэй бачылі:

Па пыльнай дарозе, к вёсцы, ішоў запылены чалавек, узьняўшы руку ўгору, за ім — шэрая сьцяна, з меднымі сонцамі труб, за трубамі несканчоны лес востраверхіх шапак.

З труб вылівалася — туга-звонкае, срэбнае. І як запылены чалавек махнуў уніз рукою, рванулася яно віхурай, затапіла ўвесь сьвет, заскакала па саломеных стрэхах і саўсім ня чуваць стала ветру. З вуліцы пераскочыла яно праз саломеныя страхі, пераляцела цераз поле і там загаварыла. І вось, пераскокваючы цераз быльнікавыя межы, прыбеглі людзі за некалькі вёрст…

У вуліцы зьнялі музыканты свае трубы з плеч, разьнясьлі па хатах і асеньні вечар грануў чырвонаармейскімі песьнямі.

У той дзень, хто бачыў запыленага чалавека, ад маху рукі якога рванулася з медных труб нячуванае вясельле, радаснае захапленьне, пакрыўшае поле, у тых, у глыбіні пачуцьцяў, несьвядома зьявілася:

З тэй сілай, якая адчуваецца у ва ўсім гэтым, можна прайсьці ўсю зямлю, перад ёю заціхаюць вятры, робіцца нядужнай прастора адзічэлых палёў…

У той вечар у Паўлавай хаце, вакол цьмянай газоўкі, сядзела за поўнач ня шэсьць, а восем чалавек, і два былі ў востраверхіх, чырвонаармейскіх шапках.

Ніякіх гутарак пра начное пасяджэньне ў Паўлавай хаце на вёсцы ня было.

Людзі думалі, як гэта пачулі музыку за некалькі вёрст за кустамі, цераз усё поле, як гэта перамаглі людзі зыкамі поле ў час яго бурнага шуму…

Назаўтра пашлі чырвонаармейцы з вёскі далей — раптам згінулі так, як і зьявіліся.

Асталося тады ў вёсцы вось што:

Вясковы скрыпач — Амелька зьняў паволі са сьцяны сваю скрыпку, пілікнуў два разы па ёй смыкам, стукнуў у яе пальцам, прылажыў к ёй вуха, паслухаў і вышаў у сенцы.

У раздум‘і пастаў ён хвіліну і палез на гару. І там выбраў самы цёмны кут і закінуў у яго сваю скрыпку.

А Павал выцягнуў з паліцы кніжку і нашоў у ёй адрас свайго былога начлежніка.

У яго-ж паперах зьявіўся новы запіс:

— „Зусім зьнішчыць быльнікавы межы“…

У наступныя ночы ў Паўлавай хаце многа гаварылі над гэтым запісам. Многа раз зьбіраліся яго выкасаваць. І можа сапраўды выкасуюць. І не адзін раз можа будуць яго зноў запісваць, і не адзін раз можа зноў выкасоўваць.

Няважна.

Важна тое, што ўласнаю рукою, ад уласнай сьвядомасьці, ён раз ужо быў утворан, гэты запіс.

У наступныя ночы зноў галасілі ў быльнікавых межах ваўкі; у наступныя дні зноў падымаў вецер саломены крык на віхрастай галаве вёскі.

Няважна.

Важна тое, што ў віхрастай галаве ёсьць веда:

— „На сьвеце існуе тое, чалавекам створанае, чым можна заглушыць воўчыя галасы ў быльнікавых межах і саломены крык вёскі, пад ударамі буйнага ветру.