Апаведаньня (Колас, 1912)/Кірмаш
← Зоркі-Анёлы | Кірмаш Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1912 год |
Жывая Вада → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кірмаш (Колас). |
КІРМАШ.
I.
— Адно-ж ты, Пятруська, ня баўся на кірмашы. Сюды-туды, ды й да дому. Прыедзь хоць раз, як чэлавек.
Кожную нядзельку дзяўбла Кася Пятрусю адно і тое, і Пятрусь іншы раз і засярдуе. Яму не падабалася такая апека жонкі.
— Ото як ты баішся!
Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, катораго сьцебануў пугаю разоў тры, каб з нечага і жонцы задаць страху.
Палавіну дарогі — а гэта будзе вёрст пяць — Пятрусь быў сярдзіты. Падумаць, дык выходзіць, што жонка кажэ праўду: ці-ж добра, каб хто спытаўся, прапіваць грошы? І Пятрусь стаў думаць аб тым, як ён ужо разоў двадцать дэкляраваў жонцы ня піць гарэлкі, і заўсягды прыежджаў да дому пьяны; як ён ашукваў яе, прыкідваючыся цьвярозым, для гэтаго ён стараўся хадзіць роўна. Часам яму і ўдаецца зрабіць колькі роўных крокаў, а потым пазіраеш, гарэлка павядзе ў бок. Тагды ён кідаўся на другую хітрасць.
— Ое-ёй!—стагнаў тагды Пятрусь:—от жэ кальнула! Бадай ты згарэла!
Пятрусю рабілася брыдка прад самым сабою ад адных гэтых думак.
— Не, трэба такі кінуць піць,—гаварыў сам сабе Пятрусь і развясельваўся.
Прыехаўшы да места, Пятрусь выпраг каня, павесіў яму на галаву торбу з сечкаю і аглядзеўся. Усё места было застаўлена вазамі. Мужыкі хадзілі ў лапцях і мясілі балота. Каля вазоў снавалі жыды і жыдоўкі. Хто прадаваў масла, хто сала. Тут жэ стаялі цэбры, ражкі, вёдры. Усякаго было народу. Былі і такіе, каторые нічога не куплялі і не прадавалі, а прышлі так сабе «на раздабыткі». Прыдзе сабе ў краму, патупае, патупае, а як гдзе што кепска ляжыць, то і запусьціць лешча. А калі яго лавілі, то ён спакойна гаварыў:
— Колькі гэта каштуе, Малка?
Аглядзеўшыся вакруг, Пятрусь пашоў рабіць свой абход з мяшочкам і с торбачкамі пад пахаю. Трэба ўзяць солі, мукі, атрубоў.
Куча народу. У сярэдзіне важна сядзіць рускі, разлажыўшы сваіх багоў. У другой грамадзе народ акружыў жыда с круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасьця, клаў дзесяткі і грыўні і круціў. Каму пападаўся кубак, каму мыла, каму іншая рэч, а каму, як кажуць добрые людзі, гула асмаленая.
Трэйця, ешчэ большая грамада народу, стаяла каля дому з вывескаю: «Казённая вінная лаўка № 67». Тут былі бабы і мужчыны. Хто выбіваў корак с кварты, с поўкварты, а хто, адвярнуўшыся ад людзей, каб не сароміць іх, з маленькаго кручка. З двадцаць мужыцкіх галоў было задрана ў гару так, што нос прыходзіўся як раз проці самой сярэдзіны неба. Хто піў з вялікай бутэлькі, той трымаўся сьмела: станавіўся на самае віднае мейсцэ, падпіраў аднэю рукою бок і важна цягнуў гарэлку. А калі хто йшоў з «буслам», прад тым мужыкі разступаліся і давалі дарогу, як якому спраўніку.
II.
За гоманом трудна разабраць, хто што гаворыць. Вот дзьве бабы. Адна апёрлася на воз з аднаго боку, другая з другога. Абедзьве выпіўшы. Адна гаворыць груба, другая тонка. Мова першай бабы падобна да карот слоў.
— Ды-ды-ды-ды!
Другая сыпала танчэй і ешче скарэй:
— Дэ-дэ-дэ-дэ!
На другім возе сідзяць тры мужыкі. Два з іх абнімаюцца і цалуюцца.
— Братка ты мой!—гаворыць адзін:—золата, а не чэлавек.
— Галубок ты мой!—кажэ другі: — дальбог я цябе люблю. Каб я жонкі ня ўбачыў, калі не люблю. Дай сюды сваю, морду… во так!
— Пойдзем, ешчэ выпьем поўкварты.
Два шчырые сябры злазяць з воза, абнімаюцца цалуюцца, адзін аднаго падтрымоўваюць і ідуць да манаполькі,
— Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Пятруся Карусь Акалот, у катораго вочы былі ўжо як у салавейчыка, а з губы нясло, як з бочкі.
— А вот, як бачыш, Пятрусь.
— Ідзі, брат, паглядзі, якога я купіў падсьвінка.
Карусь схапіў Пятруся за рукаў і павалок яго глядзець падсьвінка.
Пятрусь пахваліў гэту маладую асобу і сказаў Карусю, што добра купіў.
— Добра кажэш?
— Вядома, што добра.
— Калі так, то пойдзем у «Порт-Артур».
«Порт-Артурам» мужыкі назвалі хатку, што стаяла разам с крамкаю. Гэта хатка заўсягды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. А раз зайшоў у «Порт-Артур», то выйсьці адтуль не так-то лёгка: ці мала там сустрэнеш добрых людзей?
— Не, не пайду! — сказаў Пятрусь.
— Чалавек! па чарцы! — угаварваў Карусь.
— Німа, брат, часу, — стаяў Пятрусь на сваём.
— Колькі там таго часу? Поўгадзіны, ня больш. Хадзем!
Пятрусь трохі упіраўся але такі пашоў. «Чарку, дзьве, ня болей», думаў ідучы Пятрусь.
С «Порт-Артура» ён шоў надта вясёлы і сьпеваў:
«Наплеваць мне на падатак. |
III.
Вечэр быў хмурны. Ні зор ні месяца.
Ускаціўшыся на воз, Пятрусь завязаў лейцы за аглабіцу і лёг.
Увесь сьвет, здавалося яму, скакаў лявоніху. Калі-не-калі Пятрусь падымаў галаву, крычаў: «Но, малы!», цмокаў губамі і сьвістаў.
«Добра мера, хоць без грошай,
Абы празнічак харошай»!
цягнуў часамі Пятрусь песьню, лежучы на возе, вугнівым, хрыпатым голасам. Глуха і нудна заміраў яго гнусавы голас ў цішы асенняй ночы.
Конь ішоў памалу, як хацеў і кудою хацеў. Разоў неколькі зачапіў ён восью аб хвою і скінуў атосу. Цялежка стукалася аб карэньня, плюх па гразі і кацілася бокам. Такім парадкам пракацілася яна вёрст тры. У адным мейсцу, каб абыйсьці гразь, конь звярнуў з дарогі, усьцягнуў драбіны на пень, сарваў са шворна цялежкі і аставіў драбіны с Пятрусем сярод лесу, а сам паклыгаўся с цялежкамі далей.
Палежаўшы с поўгадзіны, Пятрусь падняў галаву, цмокнуў і крыкнуў:
— Но-о-о, малы, варушыся!
Было ўжо зусім відно, як Пятрусь прачухаўся трохі і падняў галаву. Што за ліха?
— Што гэта? Гдзе жэ гэта я? Тфу! тфу! тфу! Згінь, прападзі! Васхрыстус! васхрыстус!
І Пятрусю ўспомнілася ўсё.
Божэ-ж мой, Божэ! Што я зрабіў?! Загаласіў Пятрусь, заламаўшы на галаве рукі.
Стыд перад жонкаю, перад людзьмі, злосць на самога сябе, на тых, хто выдумаў гарэлку, прапажа каня,—ўсё гэта зьвязалася ў вадзін клубок гора і пакуты.
— Ну, не сабака-ж я, не гад, не лайдак? Што раблю найлепшае? Чаму ты, Божэчка, не напусьціш агню на гэту атруту людзкую?!
Зняў Пятрусь драбіны, сеў на пень, закрыў твар, стаў плакаць.
— Што рабіць, што чыніць? Папрабаваў быў Пятрусь цягнуць да дому адны драбіны і нават падцягнуў іх с паўвератня.
— Не! Як я пакажуся людзям у вочы? Прапіць каня і самому цягаць драбіны?
Іон звалок драбіны з дарогі і, апусьціўшы галаву, пашоў да дому. Падышоў ён з вярсту, бачыць— стаіць яго конь с цялежкамі, зачапіўшыся лейцамі за корэнь.
— Конік ты мой залаценькі!—закрычаў з радасьці Пятрусь і пацалаваў у самую мызу свайго худога мышака.
А потым пацалаваў Пятрусь зямлю і пакляў небам, што ніколі ня будзе піць гарэлкі.