Апаведаньня (Колас, 1912)/Зоркі-Анёлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Калядны вечэр Зоркі-Анёлы
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Кірмаш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зоркі-Анёлы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗОРКІ — АНЁЛЫ.

Настала ночка Новаго Году, ночка хаця марозная, але ціхая, спакойная. З высокаго пацямнелаго неба блішчачые зоранькі, нібы ясные вочы Анёлчыкаў, як-бы зацікавіўшыся, што ўнізу робіцца, пазіраюць на зямлю…

Бач: адна… другая замігацелі мацней, задрыжэлі і пакаціліся. Ці то былі зоркі?… Не! Старые людзі кажуць, што гэта ёсць Анёлы Божые, злятаючые да людцоў, толькі мы грэшные ня можэм іх бачыць. А злятаюць яны, гэтые Анёлы — Думкі Божые, каб зрабіць перэгляд паступкоў добрых і злых Стараго Году, каб спаткаці Новы. На скрыдлах лёгкіх быстра панясьліся яны над нашаю сьлёзнаю зямліцаю, над палацамі гэнералоў, вялікіх чыноўнікоў, багачоў, над вясковымі хатамі. І убачылі яны, як сярод ночы, сярод беднаты людзкой засьвяціліся агнямі, загрымелі музыкаю палацы і самы багачы у дарагім адзеньні, с крыжамі, з мэдалямі на грудзях пасядалі у салях за шырокімі і доўгімі сталамі — пасядалі есьці дарагіе стравы, смагла заліваючыся загранічнымі вінамі. Аж стагнаньне вялікае народу, раптоўне прыляцеўшае з усіх канцоў краю, многа, многа сказало прыслухіваючымся Зоркам—Анёлам: вытлумачыла яно ім, дзеля чаго гэтые людзі цешацца, што яны зрабілі… Што дзеля карысьці сваей здушылі яны мільёны народу забралі апошні ад яго грош, залілі кроўю зямліцу, выціснулі апошнюю сьлязу у нешчасных удоў і сірот…

І здалося тагды Зоркам — Анёлам, што гэта банкетуюць ня людзі, што ядуць яны людзкое мяса, што запіваюць не чырвонымі ды белымі загранічнымі вінамі, а сьвежаю кроўю дый сьлёзамі свайго жэ народу. І устрэпянула іх згроза вялікая, калі пачулі ешчэ, як пры громі музыкі віншавалі сабе выграну над народам, як жычылі тагож і ў Новым Гаду…

І хмурные, гнеўвые Зоркі — Анёлы кінулі на закасьцянелых у сваей пысе і злосьці людзей суровы пагляд, прашэпталі над галавамі іх словы пракляцьця смутные панясьліся далей…

А там, у полі, ў полі шырокім ляжалі пад сьнегам бедные вясковые хаты… Пара была ўжо позная. Дзе-не-дзе толькі сьвеціліся вузкіе, маленькіе ваконцы. Людзі замучэные і прыбітые цяжкай доляй стараго году спалі — спалі, хто мог, каму не дакучалі раны або голад. Не было тутака вясельля — німа і цяпер радасьці. Беда, горэ, голад ды холад злучыліся, каб прагнаць згэтуль усякую весялейшую думку, ясьнейшы сон…

І заплакалі Зоркі — Анёлы над гэтакай доляй, над гэтакім палажэньнем мужыка, бо успомнілі яны палацы… Заплакалі сьлязмі скаргі, сьлязмі жалю… І, абняўшы за галаву беднаго, шапнулі яму нешта аб жыцьцю без гора, аб жыцьцю лепшым, вольным. І сказалі яму гэтые Зоркі — Анёлы ешчэ нешта: сказалі, што ня ўсе людзі кепскіе, што ёсць і такіе, ў сэрцы каторых гараць зоркі ясные, зоркі каханьня, справедлівасьці, што сілы агню зорак гэтых ня здушыць ніхто і нішто, што загарацца некалі яны агнём вялікім, запаляць і спаляць сьвет злога…

Прыслухваючыся да гэтых думкаў, бедны і абездолены мужык ціха усьмехнуўся да іх, усьмехнуўся і уздыхнуў уздохам просьбы і надзеі…