Апаведаньня (Колас, 1912)/Кантракт
← Калодка пчол | Кантракт Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1912 год |
Імяніны → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кантракт (Колас). |
КАНТРАКТ.
(З жыцьця пінчукоў).
I.
Хата старасты Рамана Карэня была паўнютка людзей. Сюды часта такі зьбіраліся палешукі пагутарыць аб сваіх справах. Апроч таго, Раман і сам часта склікаў мужыкоў, каб аб’явіць ім волю валаснога начальства.
Вось і сягоньня Раман паклікаў палешукоў на сход. Чуць толькі сьцямнела, пачалі зьбірацца палешукі. Скора іх націскалася поўная хата. Захрыпелі цыбукі, застукалі люлькі аб тоўстые кіпці, і ў хаце падняўся такі дым, што ня можна было пазнаць трэцяго чалавека, хоць яго нос і можна было абмацаць рукою.
Покі зьбіралося «законнае чысло» людзей, каб сход мог мець сілу, палешукі гулі, як рой пчол. Адзеты яны былі — хто ў доўгіе халаты з паламі, хто ў кажухі с шырокімі, як засланка каўнерамі. Усе яны былі ў лапцях, з голымі грудзьмі, хоць на дварэ крэпіла зіма. Адны сядзелі, другіе стаялі. Нізкі з рыжаю бародкаю Сымон Тачыла жартаваў з Алёнаю, стараставаю жонкаю, покі яна, ня сунула яму сьмеючыся, гарачаю качаргою ў рыжую бараду. Кандрат Лата пакепліваў з Дземяна Трубы, як яго поп спаведаў летась і скамандаваў за грэх прывязьці тры вазы дроў.
— Які ты грэх зрабіў, Дземян?
— Што ступіў, то і саграшыў, сказаў Дземян.
Стараста ўжо неколькі разоў падымаўся на ўслон, пытаў, ці ўсе сабраліся, лаяў Кастуся Рылку што той доўга ня йшоў.
— Ну, ўжо ёсць больш, як тры чэцьверці гаспадароў, — сказалі мужыкі.
— Дык будзем рабіць сход, пачаў старшыня: Грыгор Бугай, Пятрусь Грэнка, Янка Вясёлы і Васіль Кукса хочуць узяць ад обчэства у арэнду рэку і тоні.
«Арэндатары» стаялі асобна. Твары іх былі сур’ёзные.
Як толькі стараста змоўк, палешукі, як па камандзе загаманілі на ўсе лады. Тут былі ўсякіе галасы: адзін трэшчаў, як трашчотка, другі вырываўся рэзка, праразьліва, як жалезны клін, трэці вёў тонка, чацьвёрты хрыпеў, як люлька стараставаго бацькі, пяты сыпаўся гарохам, шосты гуў чмялём, а ўсё гэта зьлівалося з басам якога небудзь Данілы.
Але ў рэшці верх узяў голас Васіля Куксы. Іон так стараўся — вытрашчыў вочы, махаў капшуком і люлькаю.
— Якая цяпер ў чорта рыба? — крычаў Кукса: — хоць бы на невад адышло!
— На колькі год бярэце ў арэнду?
— На шэсць. Але…
— Колькі арэнды ў год? — пытаў стараста у схода.
— Пятнаццаць рублёў! — гукнула большая палавіна палешукоў. Праўда, некаторые крычалі 18, другіе — 12, а самы арэндатары стаялі за дзесяць.
— Дык як жэ будзе?
— Ніхай бяруць за дванаццаць, сказаў Мікіта Крынічны.
— Усе сагласны?
— Сагласны!
— Калі так, сказаў стараста, то будзем пісаць прыгавар. Толькі-ж не разходзьцеся хлопчыкі!
II.
А тым часам глаўнае было ўсё ў перэдзі: дастаць аркуш паперу для кантракта, асадку, атрамэнт, пяро. Гэта ўсё такіе рэчы, каторых палешукі не ужывалі з тых часоў, як паўстаў сьвет Божы. Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты в. Ямішч. Зьмяты аркуш паперы дасталі у Бэркі. Па атрамэнт і асадку прышлося ісьці за дзьве вярсты да старога Ірша. Прайшла добрая гадзіна часу, покі ўсе патрэбные рэчы былі раздабыты.
Цяпер на самае важнае мейсцо выступіло пытаньне: хто-ж будзе пісаць кантракт? Паклікалі-б жыда, дык шабас — ня пойдзе. Усе палешукі, у тым знаку і стараста, пісаць ня ўмелі. А як трэба было заверыць якую бумагу, то стараста браў сваю печатку, трымаў яе над запаленым карчом або лучынаю, покі на ей не нарастаў здаровы слой куру, і прыкладаў да бумагі, паплеваўшы на тое мейсцо, гдзе павінна быць печаць. І «яміцкі сельскі стараста» не раз стаяў да гары нагамі.
Палешукі пачухалі патыліцы. Але яны зараз жэ пачалі таўчы пад бок Міхалку Варэйку.
— Хадзі, Міхалка, ты-ж распісываўся ў воласьці.
— Распісацца магу, а кантракт чорт яго напішэ,—упіраўся Міхалка.
Тут Міхалку падхапілі пад рукі, двое цягнулі яго за крызы каптана, неколькі чэлавек пхалі ззаду і такім парадкам дамарослаго пісара цягнулі праз ўсю хату, як мурашкі хрушча. Другіе палешукі разступіліся, і Міхалку пасадзілі за стол. Стараста зьняў лянпу, паставіў у гаршку на стол, а каб яна не хісталася, насыпаў ў гаршчок ячменю.
На момэнт у хаці зрабілося ціха. Усе пазіралі на «пісара».
А «пісар» сядзеў важна і агледаў пісарскіе прылады. Канец пера быў зломаны, у антрамэнтнай пляшкі не хватала палавіны рыла. «Пісар» апусьціў пяро ў каламар, паднёс пасьля да лямпы і стаў прыгледацца.
— Ці-ж гэта атрамэнт? саладуха нейкая!—сказаў ён.
Хата затраслася ад сьмеху. Сьмеяліся не с таго, што сказаў Міхалка — ўсім было сьмешна бачыць Міхалку пісарам.
Міхалка ўжо хацеў кінуць пісарства і вылезьці з-за стала.
— Дык што пісаць? — спытаў ён злосна.
Падняўся ешчэ большы сьмех.
— Ось я табе зараз скажу, — і стараста пастараўся зрабіць надта мудрую міну. Іон скрывіў на бок галаву, завярнуў вочы ў самы лоб, а аднэю рукой чухаў сківіцу. Яму даводзілося чуць неколькі разоў, як чыталі кантракты, але ён не хацеў паказаць гэтаго: нехай знаюць палешукі, што ён дыхтуе сам з сваей галавы.
— Пішы! — сказаў стараста да Міхалкі: - мы, ніжэпадпісаўшыеся мужыкі з в. Ямішч, скліканые нашым старастам…
— Чаго ты паляцеў, як вол у гіз! — крыкнуў Міхалка. Але старасьце далей ляцець не было куды: хоць забій, далей ні слова ня помніў. Аж холадна зрабілося старасьце: пачаць то пачаў, але чым скончыш? як тут выкруціцца?
Міхалка тым часам прыглядаўся да пісаньня. Першым дзелам ён пасадзіў вялізную «варону» на папер. А як гэта капка непатрэбна, то ён размазаў яе рукавом і пачаў вывадзіць каракулі, высалапіўшы язык сярпом скрывіўшы яго на правай палавіне рота.
А стараста ўсё думаў. Цяпер ён думаў папраўдзі, але галава была, як саганец — ніводнай мысьлі ня выціснуў з яе бедны стараста.
— Мы… мы… мы… ліжэ… іжэ… падказаўшыся…—Міхалка ўпёрся носам у кантракт.
— А ты праўду кажэш загаварыў «пісар», ня зводзячы вачэй с кантракта: што-ж я напісаў?
— Ніжэпадпісаўшыеся, — сказаў стараста апаўшым голасам.
— Ага! так, так!
— Прачытаюць у воласьці, яны-ж з гэтаго і хлеб ядуць, — развясельваў іх арэндатар Кукса.
А тым часам і стараста, і «пісар» ўзбіліся на сьцену. Стараста уставіўся вачыма ў печ, як дурны, і стаяў, а Міхалка ваеваў з «мужыкамі». Чытаў, чытаў, а ў канцы вычытаў:
— Мукі!
Усе зарагаталі.
Старасту асьвяціла ўрэшці добрая мысль.
— Ну, і пісар жэ з цябе! — накінуўся ён на Міхалку: пісаў пісака, што не разбярэ і сабака… Бадай ты згарэў!.. Ідзеце, хлопцы, да хаты. Прыедзе пісар, дык і напішэ!..