Апаведаньня (Колас, 1912)/Імяніны
← Кантракт | Імяніны Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1912 год |
Соцкі падвёў → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Імяніны (Колас). |
ІМЯНІНЫ.
Ешчэ за месяць да пісаравых імянін усё панства м-ка В. знала, што пісар першаго сенцябра імяніннік, і кожны мястэчковы пан даўно ужо вострыў зубы на гэтые імяніны. Усё мястэчковае панства зьбіралося кожны вечэр у каго-небудзь з паноў, пілі гарэлку, гралі ў карты, абівалі свае языкі аб косьці таго, хто ня ўмеў, або не хацеў пападаць ім у тон і туляўся ад іх зборышч.
Гэтак і не агледзіліся, як падыйшоў дзень імянін.
Зачыніўшы манапольку, Амельян Шурпаты, сядзелец тамтэйшы, пайшоў да пісара. Па дарозе ён клікнуў вурадніка Дарафея Бойку. Покі вураднік зьбіраўся, з другога канца падыйшоў дзяк. Да іх ешчэ прылучыліся дыякон з хвэльчарам, і ўся кампанія памандравала да пісара. Амельян Шурпаты ўсю дарогу гаварыў сьмешные рэчы. Яго расказы вядомы былі тым, што ў іх было ў сто разоў больш гразі, як сьмеху і розуму. А калі ён ужо надта дацінаў, кампанія хваліла яго. І самаю высшаю хвалою для сядзельца было тое, як яго сябрукі скажуць: «А ліха-ж яго матары!» Або: «А бадай ты апруцянеў!»
Пісар Сямён Гаўрылоўскі даўно ўжо чэкаў гасьцей, паходжываючы па пакою, курачы папіросу і пакручываючы вусы. У сталовай ужо быў гатоў стол, на каторым стаялі бутэлькі і цэлые горы закускі. Пісар вясёла пазіраў на стол і часамі усьмехаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самаго вуха.
— «Се жэніх градзе!» — сказаў дзяк, атчыніўшы дзьверы, і ўся кампанія ўвалілася ў пісаравы пакоі.
Госьці ешчэ раз паздравілі імянінніка. Да вячэры паставілі некалькі «банкоў». Часамі за картамі падымаўся гоман. Старшына ніяк не хацеў прымаць у доўг і наступаў на фэльчэра. Фэльчэр, спусьціўшы ўсе грошы, сярдзіта пазіраў на старшыну, кідаў карты, казаўшы: «Давіся, акула!» і сядзеў або радзіў суседу, на якую карту паставіць большую мазу.
∗ ∗
∗ |
— Пажалуйце, паны, закусіць — паклікаў пісар гасьцей. Загрымелі крэслы, і ўсе павылазілі з-за стала, каб перайсьці за другі.
Пісар наліў чаркі.
— За здароўе Сямёна Пятровіча! — сказаў, устаўшы, дыякан: — дай Божэ, каб на другі год дачэкалі, ніхай красуецца наш пісар на многая лета! Ура!
— Уррра! — падхапілі ўсе і сталі стукацца чаркамі з пісарам. Пісар стаяў і кланяўся. Выпілі па другой, па трэцяй.
Пасьля чацьвёртай чаркі падняўся пісароў памочнік. Нос яго быў заўсягды чырвоны, як бурак, і выдаваў яго шчырую дружбу з манаполькаю. Каб хто пазіраў за ім у гэты вечэр, той замеціў бы, як ён выймаў з кішэні паперку і загледаў у яе. Памочнік меў значок «саюза рускаго народа», пасылаў свае творы ў газэту «Русское знамя» і лічыўся ў мястэчку чалавекам мысьлі, пера і бутэлькі.
Стаўшы на крэсла і абцёршы нос, памочнік пачаў:
«Пышны баль у нас сягоньня, |
Усё заціхла; а потым адразу падняўся гоман. Госьці ня ведалі, каму аказываць чэсць: пісару, ці памочніку-паэту. Тут усе кінуліся да пісара.
— На ура! на ура!
Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Больш за ўсіх стараўся сам паэт. Пісара падкідалі чуць не пад самую столь. Ногі яго целяпаліся на паветры. Лецючы с пад столі, ён грукнуў абцасам паэта па лбе. Паэт схапіўся аднэй рукой за лоб, а другой даставаў з кішэні паперку, на каторай былі напісаны вершы.
— Ешчэ раз чытай!
— Не! Вы бачыце, што з вершоў выходзіць!
— А што?
— А вось чытайце адны толькі вялікіе літэры кожнай новай строчкі.
— «П-і-с-а-р С-я-м-ё-н!»
— Вось маладзец!
— Ах, што за галава!
— На ура яго!
∗ ∗
∗ |
Сваімі вершамі памочнік павярнуў можна сказаць, кола пісарэвых імянін.
Першаго гэтые вершы трохі укалолі вурадніка. Як так? ня пісар жэ пастаўлен ад начальства ваеваць с крамолаю, а ён, вураднік!..
— Ці вы помніце — пачаў ён — вучыцеля? які быў «чырвоны!» Толькі зірнуў на яго, адразу пазнаў, што гэта за птушка. А гдзе ён? Кару нясе ў турме за неўважэньне начальства. А хто быў рука караючаго? я,—Бойка. А ў вёсцы Сту…
— Але хто накрыў пазалетась вучыцелёў на з’ездзі — перэпыніў старшына, каторы ўвесь час маўчаў і старанна ачышчаў чаркі і талеркі: — бачу я, зьбіраюцца, валасатые, кудлатые. Тут я і дагадаўся. Я да земскаго, ад земскаго — да прыстава. Ось і накрылі. І цяпер чэлавек дваццаць бяз мейсц бадзяюцца, як басякі.
— О! гэта называецца зацягнуў невад! — крыкнуў памочнік і палопаў старшыну па плечах. — Вураднік, і пісар, і старшына — ўсе карысные людзі…
— А я, дзяк, жыву так: брэхну таму і другому і жыву сабе так-сяк! Мая доля — чэцьвертак:
І дзяк, узяўшыся ў бокі, пайшоў у прысядку.
— Віно весяліць сэрцэ чэлавека, — сказана у Пісанні, — крычаў дзяк.
Гэтаго толькі і чэкаў сядзелец. Іон даўно ўжо памыкаўся сказаць і сваё слова. Цяпер горла яго прарвалося і ён пачаў гаварыць. Сядзельцоў ён парабіў самымі лепшымі людзьмі. Перш-на-перш яны заўсягды сядзелі ціха, ніколі не бунтаваліся.
— Воласць зьбірае нядоімкі, як крумкач косіці, — гаварыў сядзелец, — а да мяне мужык сам нясе капейку. Голы, босы, адны косьці, а бутэлькі гне. З ветру валяецца, а даход дае, а праз каго? праз сядзельца!
— І праўда, дурэнь ты! — пачаў вураднік: за чыею-ж ты сьпіною сядзіш ды чэрава гадуеш? Асталоб ты!
— Ты сам дурэнь і асталоб; ад дурня чую!
— Ці падстаўляў ты калі хоць раз свой барані лоб пад кулю? Ці трос ты хоць людзей ў ночы? Сядзіш сабе, паветрэ псуеш, ды лезеш ешчэ с суконным рылам куды табе ня след.
— Скажы гэта сучцы старога Ахрыма, а не мне. Знаю я… за рубля можна!.. Моўша Перэц ня мае права.
Нет ведама, якая справа была у вурадніка з Моўшам Перцэм, — так яна і асталася загадкаю для гісторыі. Бо толькі што сядзелец адчыніў рот, каб сказаць неякае слово пасьля «праза», як Бойка схапіўшы с талеркі салёны разлезлы агурок, катораго старшына пакалоў відэльцам на дзіркі, шыргануў ім ў нос сядзельцу. Усё гэта зрабілося так скора, што сядзелец быў падумаў, што яго нос сарваўся сам і паляцеў да вурадніка. Але нос аказаўся на сваім мейсцы, як салдат на часох. На адзін момэнт усё прапало з вачэй сядзельца. Іон толькі бачыў вурадніка ды талерку с капустаю, каторую ён зараз-жэ і скарыстаў. — Уся галава Дарафея была ў сырой капусьці, сок пацёк яму за каўнер. Неколькі момэнтоў стаяў ён сагнуўшыся і крупіў шыей, як аглушэны баран.
Ці-ж можна было сьцярпець гэтакі сорам?
Вураднік сарваўся з мейсца, скінуў са стала бутэльку з гарэлкаю, неколькі талерак, схапіў сядзельца за сярэдзіну і пацягнуў на двор. Але на зборнай вурадніка асьвяціла шчасьлівая мысль: каля дзьвярэй стаялі два цэбры, адзін с паранкаю для каровы, другі з мякінаю для свіней. Сядзелец прачытаў мысьлі вурадніка і бараніўся з апошніх сіл. Бой цягнуўся ня доўга: праз неколькі момэнтоў сядзелец сядзеў у цэбры с паранкай. Толькі што вураднік хацеў ўжо сьвяткаваць свой верх, як сядзелец так спрытна трэснуў нагой па Бойкавых цяглях,[1] што калені вураднікі далёка падаліся ўперад, узад яго, як капор, што забіваюць палі, ўляцеў у свінячае сьнеданне. Усё гэта зрабілося так борзда, што госьці не маглі нічога зрабіць, каб адхіліць гэту катастрофу.
Цяпер госьці ўсе былі на зборнай і рвалі жываты ад сьмеху.
— Пабеда Давіда над Голіяфам, — сказаў дыякан.
А дзяк сьпеваў: «Коня і всадніка морэ чэ-рэ-мно-о-о-о-е.
- ↑ задняя старана кален.