Перайсці да зместу

Аматарскі Зборнік (1929)/Рузя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Магістрацкая рыба Рузя
Паэма
Аўтар: Я. Дамарослы
1929 год
Антось Гарун

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУЗЯ.

(селянка).

Рузя слаўная дзяўчына,
Хто зірне дык цмакане!
Ўецца цёмная чупрына,
З дзіўным чарам ў глыбіне.
Губкі вішні што зрасьліся;
Шчочкі ў Рузі аж цьвітуць!
На лбе кольцы завіліся;
Бровы — к пропасьці вядуць.
Вочы піўныя жывыя,
З зыркім вогнікам на дне,
А захопныя такія —
Агнём паляць як зірне.
Грудзі пекняць, стан дзявочы,
Выпукляючы пакроў,
І нявольна надзяць вочы —
Што у пекла-бы пашоў!
Матка Богу трох аддаўшы,
Такіх амаль як яна,
І апошняй дачакаўшы,
Ёю толькі і жыла.
І ўжо мужа выбірала,
Для пястункі, для свае,
Разчулянна праваджала
Зрокам старчым стан яе.
Але сэрца мілай Рузі,
Ўжо таварыша нашло,
І бы кветачка у лузі,
Цешыласё і цьвіло.
Ад гарачых пацалункаў,
Аж тапнело ўсё да тла!
Поўна мараў, сноў, лятункаў,
І любоўнага цяпла.
Нэктар дзіўнай насалоды,
Хціва і потайна піло.
І, жадало ўсьцяж свабоды,
Каб упіцца ім магло.
Маці перасьцярагала,
Каб не зганьбіла іх дом,
Але бедная ня знала,
Што ўжо было па ўсём.
А віноўнік уцякая
Шукаць шчасьця ў белы сьвет,
З сабой Рузю намаўляя,
Каб скрыць ганьбы яе сьлед.
Эх, ты Рузя дарагая,
Зьгінеш бедная мая!
Жыцьцём сьцёртая, старая,
Матка што пачне твая?
Пойдзе без пары ў магілу;
Скаратаяш яе век.
А застацца не над сілу,
Знасіць сорам, ганьбу, зьдзек!
Папрок вечны, нараканьня;
Супакою ані чуць:
Жыцьцё горкім табе стане;
Сьлязьмі вочы заплывуць.
Чым пацешыш ў гэту пору,
Дні маркотныя свае?
Будуць рады, твайму гору,
Ўсе зайздросьніцы твае!
Сядзіць Рузя і гаруя,
Не знаходзіць болей слоў,
А пад сэрцайкам нуртуя
І дзіцятка і любоў.
І жаль маткі, што як з сонцам
Столь пражыла дзён сваіх!
І тых кветак, пад ваконцам,
Што любіла гэтак іх.
Ужо соняйка высока,
Асьвячая Божы сьвет:
Рузя з мілым ужо далёка,
На сустрэчу шчасьця й бед.

— о —

Прышло лета, наступілі
Зімы сумнай халады,
А пра Рузю ўсе забылі
І зацерліся сьляды.
Толькі матка не забыла
Аб тым скарбе, аб сваём,
Бо, яна паведаміла
Сваю матку аб усём.
Бацька злосьлівы часамі
Пры рабоце забурчыць:
Непрыстойнымі славамі
Пакракне і, замаўчыць.
Аж пісулячка малая,
З места дальняга прышла:
Бабку ўнучкай паздраўляя,
Што віноўніцай была.
І щто зяць яе ня шлюбны,
Дачку любіць, як любіў
І, що быт маюць ня трудны —
Маткі гнеў тут весь астыў.
Трэ згадзіцца з такім трафам.
— Як-жа яна там жыла? —
Ён? — вулічным фатаграфам,
Яна? — швачкаю была.
Але так бы кветка ў лузі,
Толькі ўсьцея расьцьвісьці —
Каса скосіць. Так і Рузі
Свайго шчасьця не найці!
Уляцела ўсё далёка,
Распырхнулася бы дым! —
На чужбіні адзінока,
І з дзяцёначкам малым.
Стаіць швейная машына:
Адзін спосаб да жыцьця,
А на крэсялку тканіна,
Прынесяна да шыцця.
Вузка ўбогая каморка,
Караватка пекніць кут,
Абразок і доля горка,
Ўсё багацтва Рузі тут.
А любоўнік вераломны?
Весь запал ужо пагас!
На кляцьбу сваю ня помны,
Ўжо з другою дзеліць час.

Гук: Вайна! разлёгся рэхам
І, адгукнулась: вайна!
Страсянула усім сьветам;
Ўскалыхнула ўсё да дна.
Усякі моліцца і плача;
Дарагоўля — не дай Бог!
Хвасты, холад, недастача;
Ўсякі ўсё пражыў што мог!
Страляніна, барыкады,
Ані хлеба, ні мукі,
Рэвалюцыя, напады,
Самачын, бальшавікі!
Рузя бедная марнея,
Бяз пары ўжо адцьвіла,
І дзіцятка мізарнея,
Найці працы не магла.
І з пачуцьцём рупнай маткі,
Для дзіцятка ледзь жыла,
Прадала ўсе манаткі,
І машыну прадала.
Ўжо-б вярнулася б да дому;
Уцячы каб ад бяды.
Ці-ж неведама нікому
Ехаць як было тады?
Да вагонаў не дабіцца,
І ня выйдзяш, хоць крычы!
Дзе-ж ёй з дзіцям там садзіцца?
А людзей як шаранчы!
Ўсе аблепляны вагоны,
Бы ля вульля пчолаў рой:
Верх, бакі і ўсе староны —
Зьгінеш Рузя — Божа мой!
Ў ногі-б пала: бацьку, матцы,
Ня цярпела-б гора так!
Бо, бацькі на гаспадарцы,
Ды дабрацца да іх як?
За апошні грош з машыны
Апарацік набыла
І, таксама як мужчыны,
Па бульварах пачала:
Пяць мінутавыя зьнімкі,
Бо, умела гэту часьць.
Можа гэныя карцінкі,
Ей памогуць, як Бог дасьць?
Такім чынам зарабляла,
Хоць пражыць хапала чуць —
Летам з кодаком стаяла,
Зімой жыла дзе-небудзь.
Быў на гэтую часіну,
Крэўны з матчынай рукі:
Жалеў моцна ён дзяўчыну —
Дабрадушны быў такі.
Не прасьледаваў крэўнячку,
Й быў жанаты чалавек.
Меў сыноў двух — ня уроды,
Адзін з іх быў ахвіцэр —
Няма на старэчы годы,
З іх ніводнага цяпер.
Адзін памёр, як вучыўся;
Меў дванаццаць ўжо гадоў,
А другі — той застраліўся,
Ў афіцэрах быўшы зноў.
Што там было — мрокам крыта,
Ганарысты надта быў,
Не сьцярпеў чаго-сь — і квіта;
Гадоў дваццать тры пражыў.
Цяпер дачку гадавалі,
І ля Рузі там жылі,
Як маглі, так памагалі —
Самі бедныя былі.
Ў іх дачушку астаўляла,
Каждый раз пад іхны сьцень,
Сама грошы зарабляла,
Каб пражыць там які дзень.
Але ў гэтым самым часе,
Крэўняк моцна захварэў,
І ў ліхвярскім амбарасе,
Жыць на сьвеце не схацеў.
І не стала ёй апекі,
Ў крэўняку прыхільным том,
Распрашчалася на векі
І, чужы стаў іхны дом.
Лета разы тры мінала,
Ў заверусі тэй ліхой,
Рузя зьнімкі ўсё зьнімала,
Шыла дзе магла зімой.
А дачушка падрастала,
Была зоркай ў горы том,
Разьвяселіць так бывала,
Што і гора ні пачом!
Вось прадаўшы апарацік,
І за выручаны грош,
Набыла сабе халацік,
Для дачушкі капялюш,
І пусьцілася ў дарогу
Не чакаўшы халадоў,
І на рэсьце дзякуй Богу,
Ужо ехала дамоў.
Хоць там шчасьце не чакала,
Ды прытулак будзе мець,
Яшчэ выцерпіць не мала,
Але-ж больш чаго хацець?
Сама-ж гэтага хацела —
На каго-ж тут наракаць?
Ўсё бы — казка праляцела,
Чаго-ж болей цяпер ждаць?
Прашлі часы насалоды,
Наступіў будзённы час —
Маладыя нашы годы
Ня прыходзяць другі раз…
Вось, дабраліся нарэсьце
Ў сваю родну старану,
Вось, бярозкі: ў гэтым месьце
Прытулялася к яму…
Вось, кусточкі дзе сядзелі
Правадзіўшы цудны час.
А тут… й сьлёзы заблішчэлі —
Пацалунку першы раз…
Посьля… посьля… і ўздыхнула;
Жаль здушыўшы у сабе,
На дачушачку зірнула
Й прыгарнула да сябе.
Сэрца болесна заныла —
Здраднік… і нягодны чмут…
Як наўокала ўсё тут міла,
Чаму-ж ёй так сумна тут?…
Пажаўцелі ўжо прысады,
Руды сьцелецца папар,
А сонейка бы з засады,
Выглядае з по-за хмар.
Вось магільнічак Арына;
Сэрца стукнула мацней,
Засьмуцілася дзяўчына —
Даўней было весялей…
Вось і вуліца і брама
І, узьехалі на двор.
Всё як была, гэтак сама —
Не зьмяніласё з тых пор.
Усё Рузю тут вітае:
Хата, кветкі, стрэхі, сад,
Вышаў бацька, братавая,
А дзе-ж матка? а дзе-ж брат?

(Далей будзе).