Недалёка рэчкі Лані,
Ля аерных берагоў,
Дзе аселі хрысьціяне,
А найболей дык жыдоў.
На загібе яе стройным,
Ў баку ціхім і спакойным,
У лагчыне паміж гор,
Ёсьць мястэчка з даўніх пор.
Каб сказаць і не малое,
І рухлівае такое,
Ў беларускім у кутку.
Хоць даўно ўсё гэта было,
Ўжо капа гадоў уплыла,
Але гэную раку,
І мястэчка склад той самы,
З кветнічкамі і садкамі,
Можна бачыць і цяпер.
Дык чытач, ты мой каханы,
Хочаш не, а хочаш вер.
Я-ж скажу табе нарэсьце,
Што на гэтым самым месьце,
Хоць было ужо й даўно,
І цяпер там ёсьць яно.
Простай доўгай паласою,
Між палеткаў і лясоў,
І з абудвых там канцоў,
То лагчынай, то гарою,
З бяроз вехістых касмою,
Й дротам зьвязаных з сабою
Тэлэграфных ў рад стаўпой,
Старажытныя прысады.
Дрэва ў шыхт бы для парады,
Ацяняюць з двух бакоў.
Па шырокім гэтым шляху,
Ці хто едзе, ці хто йдзе,
Ніякога няма страху,
Каб з дарогі збіўся дзе.
Гэтай роскашы адзінай,
Бог нейк цудам асьцярог
Ад напасьці той зьвярынай;
Усе едуць серадзінай, Пешаходы на бакох.
Пад цяністаю каронай,
Дрэваў пышных ў два рады.
Як паглядзіш інады:
Пад зялёнаю аслонай,
Чалавек зусім малы.
Недалёка ад мястэчка,
Праз прысады цячэ рэчка,
Дзе ў Сіняўку ляжыць шлях.
Там татар была навала,
Згінула людзей не мала,
Была бітва, што аж страх!
У шаснаццатым штогодьзі,
(Так напалі й проста годзі),
Такі спосаб быў вайны.
З польскім войскам бой стачылі
Й пакананыя там былі,
Ёсьць дагэтуль курганы.
Нават грошы знахадзілі,
Як сахою зачапілі
Курганоў тых там бакі.
Дык страшэнна стычка была,
Стаў целамі запрудзіла
З невялікай тэй ракі.
Аж-но ён затамаваўся,
І крывёй зафарбаваўся,
Аж чырвоны увесь стаў!
Дык назвалі: Краснастаў.
Быў там замак, ў часы оны,
Каралевы польскай Боны,
За мястэчкам на краю.
Вал, як помнік часоў даўніх,
Колісь слынных і забаўных,
Высіцца бы стары дзед.
Абарваны, абараны,
Маўзалей мінулых лет —
На агароды разабраны.
Постаць сумную сваю,
Над мястэчкам узвышае,
I панура паглядае,
А як дзень ўжо на краю,
Западае у імглу.
А на заўтра толькі золак,
Устае з імглы бы волат,
Й над жыдоўскай беднатой, З клапатлівай сумятнёй,
Свой пагляд распрасьцірае.
Дзе прыпын быў насалоды,
Ляжаць плахтамі гароды,
А ў сьвяточную пару,
На забытую гару,
Людзкіх рук і сьлёз здабытак,
На стары той перажытак,
На пагулку йдзе народ.
А найболей ў дзень суботні,
Свой гарачы пал залётны
Растачае Юды род.
Хатка бедная самотна,
Дзе жыла семья гаротна,
Там тулілася к яму.
Сьцежачкай па касагору
Трэ спускацца ў тую нору,
Калі трэба там каму.
I панурысты вал стромкі,
Скромну хатку атуляў,
Быдто ціха ей шаптаў
Як прапраўнучцы; й старонкі
Асыпаліся з яго,
Так бы сьлёзы, ад таго
Як магутны быў сабою,
І акружаны вадою
У равох са ўсіх старон.
Як народам насыпаўся,
Як народ той падганяўся,
Як палац там будаваўся,
Пышніўся як, красаваўся
З каралеваю сваёй.
У якой муж не кахаўся,
А ў Расеі валындаўся,
Край аставіўшы тут свой.
Пазнаў рускую царыцу,
І трымаўся за спадніцу,
І там вечна прападаў.
За усьміхі Кацярыны,
Палавіну чуць краіны
Сваей роднай не аддаў.
І бы к хатцы йшлі уздохі,
Што з вутра яго там лёхі
Падзямельныя ідуць.
Там дзе пышнасьць панска жыла: Ў Несьвіж. У замак Радзівіла,
Дзе й цяпер яны жывуць.
Там прад Янам на Купало,
Калі сонейка ўжо спало,
Вогнік сіненькі пыхаў.
Знак той зьявы быў харошы:
Перасушваліся грошы,
Хто з закляцьцем закапаў.
|