Жывучы маральным жыцьцём я заўсёды,
Нікому на сьвеце крыўды ня зрабіў.
Хай маё перойдзе — абы ня псуць згоды,
Калі хто пакрыўдзіць, мсьціцца ня любіў.
Бо, гэта ня добра і Бога абраза,
Каб адзін другога, крыўдзіць заўсяды:
Суды, адвакаты, найгорша зараза —
Як жыву на сьвеце, не хадзіў туды.
Ніколі, нікому, не зрабіў я шкоды;
Любіў маладзейшых, паважаў старых,
І толькі імкнуўся, заўсёды да згоды,
І ня быў лакомы да грошай чужых.
Стараніўся сваркі, як бяды з агнём;
З суседам як трэба, у прыязьні я жыў.
Жывучы заўсёды маральным жыцьцём;
Нікому у жыцьцю я, крыўды ня зрабіў.
Крыўды, ашуканства і подлых намераў;
Каб узяць чужое вось-жа ні цярплю!
Бо, такія людзі, падобны да зьвераў,
І для іх патачкі, даваць ня люблю!
Гатоў падзяліцца, апошнім куском;
Ніколі, нікому грошай ня скруціў.
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцём;
Нікому ў жыцьцю я, крыўды ня зрабіў.
Жыву сабе скромна: дзеткі, жонка-Ганна;
Другім ня зайздрошчу; хвалю ласку Бога;
Чыстае сумленьне, душа ненаганна
І, больш чалавеку, што-ж трэба да тога?
Жыві як Бог кажа: будзь чэсны ва ўсём;
Глядзі каб нікога, ня зьвёў, ні акпіў!
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцём;
Нават я малому, крыўды ня зрабіў.
Была у суседа, сірата дзяўчына,
Падлётачак гожы — ружовы наквець!
Стаў я прыглядацца — губкі як маліна,
Ну і закахаўся — так для жартаў ледзь —
А яна сапраўды, вядома дурніца.
Бо, глупы жаночы, бачыш, гэты род.
Ня мог-жа я здуру, ўзяць дый ажаніцца!
Жартам, нек там жартам — завязаўся плод.
Бачу я што дрэнна, гэта-ж ня пустое!
Гадоў толькі дваццаць, меў ледзьве тады —
Яшчэ табе возьме, й прыкіне малое!
Выкруціцца трэба з гэтае бяды.
Кінуў я любосткі; далей ад ліхога —
Дзяўчына пульхнее; бацька ў суд падаў!
Але бачыш сьведак, ня было да тога,
Ня мог даказаць ён, і справу прайграў.
Па судзе нек хутка, хлопчык нарадзіўся
Ім у гаспадарцы — падарунак з неба.
Пастух свой, падмога, а я ажаніўся
Тым часам з другою, і жыву як трэба.
Праўда што дзяўчына змарнела патом,
Але хто-ж ей вінен? Ці ж я віной быў?
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцём;
Нікому ў жыцьцю я, крыўды ня зрабіў,
Брат мой аддзяліўся, дзель лепшую ўзяўшы:
Не хацеў судзіцца з родным братам я.
Бо, з адной-жа маткі — як там не казаўшы,
Ды, ўсё-ж пакравенства, и братняя сям‘я —
Хай ляпей да Бога, крыўда йдзе з агнём!
Крыўдзіцялю-брату гумно я спаліў.
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцём;
Нікому ў жыцьцю я, крыўды ня зрабіў.
Раз вышла патрэба, будаваць мне домік:
Грошай недастача і цяжка пара.
Вось, на краю вёскі, помню як сягоньні,
Жыла ўдава з сынам — матчына сястра.
Мела там ня многа даўняга запасу:
Пазычыла грошай — няхай на іх звод!
Усё-ж такі цётка, і з даўняга часу —
Зьвярнуць абецаўся, на наступны год.
Мінуў годзік праўда, цётка яшчэ жыла,
А посьля й памерла — так Бог захацеў;
А мне гэтым клопат вялікі зрабіла —
Прыняць хлапца мусяў, і хатку на хлеў,
І зямлі кавалак, і садочык к тому.
Гэтак мае людцы, дзеецца ва ўсём.
А падрос хлапчына — дык выправіў з дому.
Бо, ўжо напаўняўся сваімі мой дом.
Яшчэ стаў спрачацца нягоднік са мною —
А усё-ж праз людзі быў той нагавор — Ў чужой вёсцы быдла пасе, а зімою
Ходзіць на работу ў не далёкі двор.
Зьвярнуць што ўзялося? Што-ж было-б у том?
Зямліцу-б спустошыў, а грошы-б прапіў.
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцём;
Нікому ў жыцьцю я, крыўды ня зрабіў.
Раз вяпрук суседа, папаўся ў гародзе —
А ўжо быў на добра, у струкох гарох.
Выцяў разоў пару, і на гэтым годзе:
Тры дні пакавэнчыў — на чацьвёрты здох.
Ці-ж я тут віною? Трэ было ня лесьці!
Мясьнік гэтак сама: з мясам надаеў,
Я кажу: каханы, трэ было ня несьці!
Каб ты не прыносіў, дык я-бы й ня еў.
Раз выпіўшы чарку: падхмялеў нямнога.
Жонка як вядома, стала папракаць —
Піхнуў разок толькі, і болей нічога!
Бо, жонцы патолі ня трэба даваць.
Тыдзень пахварэла, й пахаваў патом.
А людзі збрахалі: што жонку забіў.
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцьём;
Ніколі ў жыцьцю я, крыўды ня зрабіў.
І цяпер жыву я, хай людзі гавораць,
Што сабе там хочуць! Што ж будзеш рабіць?
Язык ня завяжыш; ня возьмеш на вобраць!
Але я маральна далей буду жыць.
Можа яшчэ скажуць — здольная ваўсём —
Што я да суседа, да жонкі хадзіў?
Жывучы заўсёды, маральным жыцьцём;
Нікому ў жыцьцю я, крыўды не зрабіў.
|