Перайсці да зместу

Алёша (1927)/Справы літаратурныя/Справы літаратурныя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Справы літаратурныя
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Сілуэты маладнякоўцаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СПРАВЫ ЛІТАРАТУРНЫЯ.

1. Спрэчкі.

Будзем думаць, гаварыць аб беларускай літаратуры альбо, калі хочаце, будзем сьмяяцца, жартаваць, лаяць Чэмбэрлена

Яму, — гэтаму старому „казлу адпушчэньня“ — Чэмбэрлену скажы праўду, дык і нічога, а скажы праўду некаторым паэтам, — яны табе ўжо напомняць аб сабе…

Але да тэмы аб спрэчках. Літаратурныя спрэчкі (я разумею тут спрэчкі між „Маладняком“ і „Узвышшам“) я ўяўляю сабе гэтак:

Аднойчы адна малпа ўгледзіла, як галіўся чалавек. Тады малпа вышла ў другі пакой, намылілася мылам, узяла галяк і перарэзала сабе горла.

А ў выніку вышла тое, што сьведкі гэтай апарацыі пачалі абвінавачваць „Маладняк“ за тое, што ён належным чынам ня можа ўладаць галяком, што ён уладае ім усьміхаючыся і ўвесь час застаецца здаровым, у той час як другія ад гэтай-жа апарацыі сьцякаюць крывёю.

Белакурая Беларусь, з васільковай журбою сваіх вачэй, з сумуючымі рысамі тонкіх вуснаў, і я разам з другімі парэзаўся пры гэтай-жа апарацыі, і я табе, прызнаюся ў гэтым… Будзем лепей сьмяяцца, жартаваць, лаяць Чэмбэрлена.

2. Ганарар і натхненьне.

Байрон некалі казаў: каб быць паэтам, — трэба альбо закахацца, альбо быць галодным.

З Байронам можна згадзіцца толькі напалову, а менавіта: з першай часткай, унёсшы ў другую частку папраўку, каб тыя, ад каго залежаць ганарарныя тарыфы, не выкарыстоўвалі апошняй часткі Байронаўскага сказу ў выхаваўчых мэтах.

Але на мой погляд беларускія пісьменьнікі хутчэй і поўнасьцю далучацца да слоў Вольтэра, які казаў, што ён з ахвотаю аддаў бы 300 год сваёй пасьмертнай славы за добрую страву ў жыцьці.

Гэнрых Гейнэ, з свайго боку, заўважвае на тое, што нібыта пісьменьнікі і кізілавыя ягады лепей усяго пасьпяваюць, калі яны некаторы час паляжаць на саломе.

Але калі раўнаць беларускіх пісьменьнікаў з іншакраёвымі, дык тады трэба сказаць, што нашыя пісьменьнікі выгадоўваліся на правох кізілавых ягад.

Толькі ў моц гэтага мусіць і сёньня, як і раней, ганарар беларускіх паэтаў найбольш малы, нягледзячы на тое, што жываты ўсіх пісьменьнікаў лепей пераварваюць страву, чым няўмірушчасьць.

Над лепшаю часткаю беларускіх паэтаў усё яшчэ насьміхаецца лёс, бо яны аддаюць пачуцьцям усё, а пачуцьці ім, у лепшым выпадку, выплачваюць па 30 капеек за радок вершу. Кажу, што ў лепшым выпадку!

Словам, усё гаворыць за тое, што Байронаўскае пажаданьне галадоўкі ў поэтычных мэтах нашае выдавецтва ўзаконіла ганарарнымі тарыфамі.

Любыя таварышы, ня варта аб паэтычным натхненьні больш клапаціцца, чым самі паэты гэтага жадаюць.

А калі прыняць пад увагу, што Байрон вымавіў сказ аб галадоўцы пасьля сытай вячэры, аб якой яму зусім ужо не хацелася думаць, тады зусім зразумелым стане, чаму нельга ўводзіць яго слоў у сыстэму. Тым больш нельга ў сур‘ёз прымаць словы Гэнрыха Гейнэ аб тым, што поэты і кізілавыя ягады лепш за ўсё пасьпяваюць на саломе, бо Гейнэ быў найвялікшы сатырык і ня трэба быць вельмі празарлівым чалавекам, каб зразумець, што вусны Гейнэ ўсьміхаліся ў той час, калі ён пісаў гэтыя словы.

Іронію гэтага найвялікшага сатырыка за чыстую манэту маглі прыняць толькі ў нашым дзяржаўным выдавецтве.

3. „Што вы разумееце?“

З другога боку, у вапошні час разьвялося шмат людзей, якія чамусьці лічаць сябе паэтамі.

Даўней гэткіх людзей звалі:

— Малы дурны, як жывёліна!

Але цяпер, калі я ўспамінаю Валаамаву асьліцу, гэтую разумную жывёліну мінуўшчыны, я думаю, як яна бедная можа цярпець ад гэткіх параўнаньняў…

Адзін мой таварыш сьцьвярджае, што на Беларусі больш паэтаў, чым насельніцтва.

Бязумоўна, гэта відавочная сафістыка, гэтакая-ж сафістыка, як і сьцьвярджэньні аднаго гамбуржца аб тым, што на сьвеце больш дурняў, чым людзей, але, даруй божа, паэтаў на Беларусі шмат.

Урадзіла за мінулыя гады.

Таму, нажаль, іх сёлета больш, чым бульбы. І горай усяго, што ў гэтых добрых людзей і дрэнных музыкаў — як зварачаўся адзін задумлёны чалавек да аркестры — жыве непарушная ўпэўненасьць у здольнасьці.

Спрабуйце пераканаць гэтых паэтаў у тым, што ў іх галовах менш фосфару чым іншых угнаеньняў.

Паслухалі-б вы хоць раз, як ў радакцыі „Савецкая БеларусьЧарот, а ў „МаладнякуДудар упарта пераконваюць паэтаў, што іх вершы нічога ня варты.

Паэты адказваюць:

— Мы пішам пад Маякоўскага. І, пахмурна глянуўшы на Чарота ці Дудара, дадаюць:

— Што вы разумееце?

Што рабіць?

У Нямеччыне ёсьць прыказка:

„Камень цяжкі, і пясок ёсьЦь бярэмя, але злосьць „паэты“ цяжэй, чым першае і другое“.

Бедны Чарот, сьвяты Дудар — хто пачуе іх мучэньні, хто іх узнагародзіць за такую цярплівасьць?