Алёша (1927)/Малайцы землякі/Вось што значыць заракамандавацца
← Хай жыве! | Вось што значыць заракамандавацца Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1927 год |
Вясёлы народ → |
ВОСЬ ШТО ЗНАЧЫЦЬ ЗАРАКАМАНДАВАЦЦА.
Самае галоўнае ў жыцьці — то заракамандавацца.
Не дарма-ж у Полацку пра аднаго полацкага працаўніка гавораць:
— О, ён так добра павёў працу, што цяпер на яго месца пакладзі сабе капялюш і партфэль, праца будзе ісьці адналькова і ня спыняючыся.
Некаторыя нават так захоплены, што перахвальваюць:
— Нават яшчэ лепей, кажуць, пойдзе праца.
Прымаючы пад увагу, што рэч ідзе аб лектары, дык я таксама падтрымаў-бы полацкіх грамадзян і для палепшаньня працы, замест гэтага лектара радзіў-бы НК Асьветы пакінуць капялюш і партфэль.
— Вось што значыць заракамандаваць сябе ў жыцьці…
Адзін раз — досыць!
Ну, ды ўсе-ж вялікія людзі з глупства пачыналі сваю кар‘еру, — будзем спадзявацца, што і наш лектар з часам будзе вялікім чалавекам, бо пачаў ён, як і ўсе вялікія людзі.
А пачалося з ім гэтак.
На лекцыі грамадазнаўства загаварыў лектар Заслаўскі, Якаў Саламонавіч аб беларускай літаратуры.
— Ёсьць, — сказаў Якаў Саламонавіч, — сярод беларусоў гэткія „шавіністы“, якія сьмеюць раўнаць Купалу ды Коласа з Пушкіным.
І каб „угробіць“ беларускіх паэтаў, вучоны лектар урачыста паведаміў аўдыторыі настаўніцкіх курсаў, што яму, Якаву Саламонавічу, гаварыў адзін полацкі грамадзянін, што гэткае параўнаньне падобна да таго, што раўнаць быка з жабамі…
І расчуліўся Якаў Саламонавіч і папрасіў прабачэньня ў „Александр Сергеевича“ за тое, што ён яго абразіў сваім параўнаньнем.
Я добра ведаю, што дзядзька Заслаўскі разумны чалавекі заракамандаваў-жа ён добра сябе ў жыцьці, але ўся бяда яго ў тым, што ён вельмі даверчывы чалавек…
А ў жыцьці, Якаў Саламонавіч, выходзіць так, што ня кожнаму грамадзяніну з Полацку можна верыць, і ня кожная хлусьня з полацкай вуліцы — навуковая.