Акрываўленая зямля (1930)/III/Паравоз

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Арміі Леніна Паравоз
Верш
Аўтар: Паўлюк Шукайла
1930 год
Аднаму з Заходняй Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАРАВОЗ

Гэта была
ў семнаццатым годзе
На чыгунцы,
што называецца жыцьцё,
Мы выехалі
на чорным паравозе,
Грукочучы
сталёвасьцю калёс,
Ніхто нас у падарожжы
ня супыніць —
Ні сэмафор,
ні паўстанак!
Сырая зямля
абніме

Таго,
Хто на дарозе стане.
Ішлі дні…
ідуць дні…
Мяцежны паравоз
імчыць наперад
І ад зары
да зары
Рэжа цемру
ліхтарамі Комінтэрну.
...........
Эўропа
сьціснулася у дрыжыках.
Вочы наліліся
халоднаю дрыгвою.
Чуткі
з Нью-Ёрку да Парыжу
— „Комуна едзе
мяцежным паравозам“,

Знаем мы,
што ў Вене
і Парыжы
Рабочыя
абвясьцілі страйк
і гэтым часам
рыхтуюць лыжы
На паўстанчы
выехаць шлях,

Знаем —
будзе час,
Пачуем мы
гімны перамогі,
гарматаў ляск,
акорды кулямётаў.

Індыя
і Кітай
не пацалуюць ногі,
абутыя ў ангельскія боты…

Выйдуць…
і на зямлі,
крывёю аблітай,
Пад сонцам пякучым
вясны
Скажуць —
ня шопатам,
гучна,
адкрыта:

— Мы жыцьця
Ўладары!..

А пакуль што
скрыгочуць здраднікі
Чжан-Цзо-Ліны,
Яшчэ п‘юць віно
з крыві свайго народа.
І разам з імі
людзі былой Расіі
падстаўляюць пад кулі
гнілую морду.

Але ўсё гэта
толькі барыкада.
Перад, сусьветным
вялікім мецяжом.
У прадсьмяротным стогне
здрыгвеюць гады.
Жыцьцё
іх сэрца зрэжа
вастрыём нажоў.

Лязг, грукат
паравоза
чуеце?!
І гэты
трывожны сыгнал?..
Загінула многа
ў пакуце,
у барацьбе
шмат хто сканаў…

А машыністага,
што называўся
Ленін,
заменіць у нас
не адзін!
Эй,
Рабочыя Вены,
Палеце
пажарышч агні!

Мяцежны паравоз
імчыць наперад…
Эй,
пролетары,
адчыняйце сэмафор!..
Ўвесь сьвет
на свой лад
перавернем,
Сусьветны
зробім
Рэўком!..