Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XXXV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXXIV Айвенго. Раздзел XXXV
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXXVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХXXV

ІСААК з Іёрка верхам на муле адправіўся разам з двума рослымі іëменамі ў прэсепторыю Тэмпльстоу з мэтаю выкупіць сваю дачку. Прэсепторыя знаходзілася на адлегласці аднаго дня язды ад разбуранага замка Торкільстона, і Ісаак спадзяваўся завідна дабрацца туды. Дзякуючы гэтаму, як толькі яны выехалі з лесу, ён адпусціў праваднікоў, узнагародзіўшы іх за турботу срэбнай манетай, і стаў паганяць свайго мула з такой стараннасцю, як гэта дазвалялі яго слабыя сілы і надзвычайная зморанасць. Але, не даязджаючы чатырох міль да Тэмпльстоу, ён адчуў сябе вельмі дрэнна: у спіне і ва ўсім целе пачалася такая ламота, а душэўная трывога так змучыла яго і без таго слабы арганізм, што ён з вялікай цяжкасцю дацягнуўся да невялікага гандлёвага мястэчка, дзе жыў адзін рабін, вядомы сваімі медыцынскімі ведамі і добра знаёмы Ісааку.

Натан Бен-Ізраіль прыняў Ісаака прыветна. Ён адразу палажыў яго ў ложак і прымусіў прыняць лякарства, якое ў той час лічылася найбольш дзейным супроць трасавіцы, што ахапіла гаротнага старога пад уплывам перацерпленых жахаў, зморы, пабояў і суму.

На другі дзень раніцою Ісаак сабраўся зноў устаць і прадаўжаць свой шлях, але Натан супрацівіўся гэтаму, даводзячы, што такая неасцярожнасць можа каштаваць яго жыцця. Але Ісаак адказаў на гэта, што яму трэба безадкладна-ж ехаць у Тэмпльстоу.

— У Тэмпльстоу! — усклікнуў Натан са здзіўленнем. Ён яшчэ раз памацаў яго пульс і прамармытаў сабе пад нос: „Трасавіцы як быццам няма, аднак брэдзіць… ці крыху звар’яцеў?“

— Чаму-ж мне не ехаць у Тэмпльстоу? — запытаў Ісаак.

— Але ці вядома табе, што там цяпер Лука Бомануар, начальнік іх ордэна і, як кажуць, іх гросмайстар?

— Гэтага я не ведаю, — сказаў Ісаак. — Паводле апошніх вестак, якія я меў ад сваіх сапляменнікаў з Парыжа, Бомануар быў у сталіцы Францыі і ўпрошваў караля Філіпа выступіць супроць султана Саладына.

— З таго часу ён прыбыў у Англію, нечакана для сваіх сабратоў, — сказаў Бен-Ізраіль, — і з’явіўся ён з прасцёртаю рукою, гатовы караць і праследваць. Твар яго палае гневам супроць парушыцеляў зароку, якія давалі ўступаючыя ў іх ордэн, і усе дрыжаць перад ім. Ты, напэўна, і раней чуў яго імя?

— Так, яно мне вельмі знаёмае, — адказаў Ісаак. — Шмат сарацін і яўрэяў загінула ад рукі гэтага шалёнага фанатыка. А ўсё-такі я павінен ехаць у Тэмпльстоу.

Ён адважыўся ўрэшце растлумачыць Натану, чаму яму так патрэбна як можна хутчэй туды адпраўляцца. Рабін выслухаў яго ўважліва.

— Дык едзь, — сказаў ён, — і будзь разважным.

Ісаак развітаўся з прыяцелем і праз гадзіну язды пад’ехаў да прэсепторыі Тэмпльстоу.

Гэты манастыр рыцараў храма знаходзіўся сярод багатых лугоў і пашаў. Будынкі былі моцныя і добра ўмацаваныя. Двое вартавых у чорным адзенні і з алебардамі на плячах стаялі на варце ля пад’ёмнага маста, другія такія-ж чорныя фігуры павольна хадзілі ўзад і ўперад па сценах.

Час-ад-часу па двары праходзілі хто-небудзь з рыцараў, у даўгой белай мантыі, з апушчанай галавой і складзенымі на грудзях рукамі. Пры выпадковых сустрэчах адзін з адным яны моўчкі абменьваліся павольным і ўрачыстым паклонам. Суровая аскетычная строгасць іх манахаўскага статута, якая даўно змянілася распусным і вольным жыццём, як быццам раптам зноў уступіла ў свае правы пад уплывам грознай прысутнасці Лукі Бомануара.

Ісаак спыніўся ля варот і пачаў абдумваць, як лепш усяго можна дабіцца допуску ў агарожу манастыра, таму што ён добра разумеў, што зноў абуджаны фанатызм храмоўніка пагражае яўрэям няменшай небяспекай, чым былая іх распуснасць і свавольства, з тою толькі розніцай, што цяпер зачэпкаю да нянавісці і праследвання можа быць рэлігійны фанатызм, а раней яны цярпелі крыўды і вымаганні толькі таму, што некаторыя з іх былі багатыя.

Тымчасам Лука Бомануар гуляў у садочку, што быў у замку за знадворнымі сценамі ўмацавання і гутарыў з адным з членаў свайго ордэна, які разам з ім прыехаў з Палестыны.

Гросмайстар быў чалавек пажылых год, што даказвала яго даўгая сівая барада і шчаціністыя сівыя брові, якія навіслі над вачыма. Ён быў грозным воінам, і суровыя рысы яго хударлявага твара ўсё яшчэ захоўвалі выраз адвагі, але фанатызм і аскетычнае жыццё налажыла на яго твар адбітак шаленства. Ён быў высокага росту; трымаўся прама. Яго белая мантыя была выкраена самым акуратным чынам па яго росту і складу, як гэтага патрабуе статут, і пашыта з грубога сукна, з васьміканцовым крыжам з чырвонага сукна на левым плячы. Мантыя не была аблямована ні гарнастаем, ні выхухалем; але ўважаючы на старасць гросмайстра (што дапускалася і статутам ордэна), яго ніжні каптан або даўгая фуфайка была падбіта і аблямована мяккаю аўчынаю; гэта ўсё, што ён мог сабе дазволіць у адносінах мехавай аблямоўкі, тады як розныя мяхі ў той час



былі ў вялікай модзе і складалі неабходную прыналежнасць самых раскошных убораў. У руцэ ў яго была тая дзіўная абака або кіёк, з якой звычайна малююць храмоўнікаў; яна адрознівалася тым, што замест булавешкі, канчалася плоскім кружком, з награвіраваным на ім кальцом ці абадком, у сярэдзіне якога быў выразаны той-жа васьміканцовы крыж рыцараў храма.

На дарожцы саду з’явіўся зброяносец у паношаным адзенні (таму што навічкі, якія паступалі на выпрабаванне ў гэты манахаўскі ордэн, абавязаны былі апранацца ў неданоскі старэйшых рыцараў); ён з пашанай пакланіўся гросмайстру і моўчкі спыніўся перад ім, чакаючы дазволу гаварыць.

— Ну, вось, — сказаў гросмайстар, — ці не больш прыстойна бачыць Даміяна апранутым у рызы хрысціянскай пакоры ў пачцівым маўчанні перад сваім начальнікам, чым два дні таму назад, калі я застаў гэтага дурня ў стракатым убранні і нахабна скачучым, быццам папугай?.. Гавары, зачым ты прыйшоў?

— Шляхетны і вялебны айцец, — адказаў зброяносец, — ля брамы стаіць яўрэй і просіць дазволу перагаварыць з братам Брыянам дэ-Буагільберам.

— Ты добра зрабіў, што прыйшоў далажыць мне аб гэтым, — сказаў гросмайстар. — У нашай прысутнасці кожны прэсептар ёсць такі-ж член ордэна, як і астатняя брація, і не павінен мець свае волі, але выконваць волю свайго начальніка. Нам асабліва важна ведаць аб усіх учынках гэтага Буагільбера, — дадаў гросмайстар, звяртаючыся да свайго спадарожніка.

— Паводле чутак, гэта — харобры і мужны рыцар.

— Гэта чутка праўдзівая, Конрад, — сказаў гросмайстар. — Але брат Брыян, уступаючы у наш ордэн, здаваўся мне чалавекам панурым, абманутым у сваіх надзеях; даючы зарок і адмаўляючыся ад свету, ён рабіў не ад шчырага сэрца, а хутчэй з крыўды на нейкую пустую перашкоду, якая загнала яго шукаць уцех у каянні. З таго часу ён ператварыўся ў дзейнага і палкага агітатара; ён наракае, інтрыгуе і стаў на чале партыі, якая супярэчыць нам у правах на вышэйшую ўладу над ёю, ён забыўся, што ўлада наша адзначаецца сімвалам крыжа, які складаецца з двух накрыж складзеных кіёў: адзін кій дадзены нам у адзнаку апоры для слабых, а другі для пакарання віноўных… Даміян, — звярнуўся ён да паслушніка, — прывядзі яўрэя.

Зброяносец нізка пакланіўся, пайшоў і праз некалькі хвілін вярнуўся разам з Ісаакам з Іёрка.

— Даміян, — сказаў гросмайстар, — адыдзі прэч і распарадзіся, каб вартаўнік быў гатоў з’явіцца, як толькі мы клікнем. Нікога не ўпускаць у сад, покуль мы не пойдзем з яго.

Зброяносец нізка пакланіўся і пайшоў.

— Яўрэй, — прадаўжаў напышліва Бомануар, — слухай уважліва. Мы ні для каго не любім траціць часу і слоў. Адказвай як можна карацей на пытанні, якія буду я прапанаваць табе, і гавары праўду; калі-ж твой язык будзе хітраваць перада мною, я загадаю яго вырваць.

Ісаак ужо хацеў адказаць, але гросмайстар прадаўжаў:

— Маўчаць! У нашай прысутнасці не смей пікнуць, інакш як у адказ на нашы пытанні… Гавары, навошта табе трэба бачыць брата Брыяна дэ-Буагільбера?

Ісаак аслупянеў ад замяшання. Калі расказаць усё, што было, гэта можа быць вытлумачана як паклёп на ўвесь ордэн, а калі не гаварыць, дык як-жа інакш выручыць ён сваю дачку? Бомануар заўважыў яго страх.

— Для сябе асабіста нічога не бойся, — сказаў ён, — толькі-б ты дзейнічаў проста і шчыра. Яшчэ раз пытаю цябе, якая ў цябе справа да Брыяна дэ-Буагільбер?

— У мяне да яго ліст, — пралапатаў яўрэй, — адважваюся далажыць вашай мужнай вялебнасці… ліст да шляхетнага рыцара ад прыёра Эймера з абацтва ў Жарво.

— Вось у якія часы мы з табой жывём, Конрад! — сказаў гросмайстар. — Францысканскі абат піша воіну святога храма і не мог знайсці лепшага пасланца, як гэтага яўрэя!.. Дай сюды ліст.

Ісаак дрыжачымі рукамі разблытаў складкі галаўное павязкі, куды для большай бяспекі схаваў ліст, і, выняўшы яго, працягнуў з намерам уручыць самому гросмайстру. Але Бомануар крыкнуў на яго.

— Конрад, вазьмі ў яго ліст і аддай мне.

Бомануар дакладна агледзеў канверт з усіх бакоў і пачаў разблытваць нітку, якою яно было абматана.

— Вялебны айцец, — сказаў Конрад баязліва, хоць надзвычай пачціва, — ты і пячатку зломіш?

— А чаму-ж не зламаць? — адказаў Бомануар, насупіўшы брові. — У сорак другім раздзеле статута хіба не сказана, што рыцар храма не павінен атрымліваць лістоў нават ад роднага бацькі, не паказаўшы свайму настаяцелю, а чытаць іх не інакш, як у яго прысутнасці?

Ён спачатку бегла прачытаў ліст пра сябе, прычым на твары яго адлюстраваліся здзіўленне і жах. Потым у другі раз перачытаў больш павольна і, урэшце, працягнуўшы яго Конраду, хлопнуў другою рукою па спісаных дошчачках і ўсклікнуў:

— Няма чаго казаць, добрая прычына для ліста ад аднае духоўнае асобы да другое!

Конрад Мон-Фітчет узяў ліст з рук свайго начальніка і пачаў чытаць.

— Чытай голасна, Конрад, — сказаў гросмайстар, — а ты (ён звярнуўся да Ісаака) слухай уважліва, таму што мы зробім допыт адносна таго, што там напісана…

Конрад прачытаў голасна наступнае:

„Эймер, з божай літасці прыёр францысканскага манастыра святой Марыі ў Жарво, сэру Брыяну дэ-Буагільбер, рыцару святога ордэна храмоўнікаў, з пажаданнем добрага здароўя і багатых дароў кавалера Бахуса[1] і дамы Венеры[2]. Што да нас асабіста, дарагі брат, мы ў сучасны момант знаходзімся ў палоне ў нейкіх беззаконных і бязбожных людзей, якія не пабаяліся затрымаць нашу асобу і прызначыць з нас выкуп. Пры гэтым выпадку даведаліся мы і пра няшчасце, што напаткала барона Фрон дэ-Бёф, а таксама аб тым, што ты ўцёк з прыгожай яўрэйскай спакусніцай, якая зачаравала цябе сваімі чорнымі вачамі. Сардэчна ўзрадваліся мы твайму выратаванню ад палону; але тым не менш просім цябе, будзь як можна больш асцярожны адносна гэтай новай эндорскай чараўніцы. Прыватным чынам нам удалося даведацца, што ваш гросмайстар, які нічога не разумее ні ў чорных вачах, ні ў румяных шчоках, едзе да вас з Нармандыі з мэтай перашкодзіць вам весяліцца і спыніць вашы грахі. А таму вельмі раю вам захоўваць асцярожнасць, каб вас засталі пры выкананні вашых святых абавязкаў, як сказана ў пісанні. А з тае прычыны, што бацька яе Ісаак з Іёрка просіць у мяне рэкамендацыйнага ліста да цябе, і каб я за яго сказаў слоўца, дык я і даручаю яму гэтае пасланне, пры тым сур’ёзна раю, і нават прашу, абавязкова ўзяць за гэту дзяўчыну выкуп, таму што ён адваліць за яе з сваіх мяшкоў столькі грошай, што на іх можна будзе дабыць поўсотні дзяўчат на менш бяспечных умовах, у чым і я спадзяюся прыняць удзел па сваёй сіле, потым, калі мы з табою разам будзем весяліцца, як належыць сапраўдным браццям, прычым не забудземся і віннага келіха. І ў пісанні-ж сказана: „віно весяліць сэрца чалавека“.

У чаканні такога прыемнага спаткання, жадаю вам добрага здароўя. Дадзена з вярцепа разбойнікаў у гадзіны ранішняй малітвы.

Эймер, прыёр абацтва святой Марыі, што ў Жарво“.

А твой залаты ланцуг не доўга ў мяне пагасцяваў: ён дастаўся зладзеям і з гэтага часу будзе красавацца на шыі аднаго з беззаконных знішчальнікаў дзічыны; ён павесіць на яго свой паляўнічы свісток, якім склікае сабак“.

— Што ты на гэта скажаш, Конрад, — сказаў гросмайстар. — Вярцеп разбойнікаў!.. Для такога прыёра гэта і ёсць самае падыходзячае жыллё. Толькі хацеў-бы я ведаць, што ён разумее пад прозвішчам „новай эндорскай чараўніцы?“ — звярнуўся ён да свайго паверніка.

Конрад значна лепш гросмайстра быў знаёмы з умоўнай мовай тагачасных кавалераў, можа, нават сам практыкаваўся ў ёй. Ён растлумачыў радок, які збіў з панталыку гросмайстра, у тым сэнсе, што многія свецкія людзі ўжываюць падобныя выразы, гаворачы аб сваіх каханках. Але гэта тлумачэнне не здаволіла ўпартага фанатыка.

— Не, Конрад, тут хаваецца нешта зусім іншае, чаго ты па шчырасці і здагадацца не можаш. Гэта цэлы вір беззаконня. Рэвека з Іёрка мабыць выхаванка той самай Мірыям, пра якую ты, напэўна, чуў. Убачыш, што яўрэй зараз сам сазнаецца ў гэтым.

І, звярнуўшыся да Ісаака, ён голасна сказаў:

— Дык значыцца, твая дачка палонніца Брыяна дэ-Буагільбер?

— Акурат, ваша мужная вялебнасць, — прагаварыў спалоханы Ісаак, — і які будзе патрэбен выкуп з беднага чалавека, я гатоў…

— Маўчаць! — сказаў гросмайстар. — Дачка твая займалася ўрачаваннем, так ці не?

— Як-жа, літасцівы пан, — адказаў Ісаак значна смялей, — і рыцары, і іëмены, і зброяносцы, і васалы бласлаўляюць шчаслівы талент яе. Многія могуць пасведчыць, што яна сваім майстэрствам вылечыла іх, тады як усе іншыя сродкі не дапамагалі.

Бомануар з горкай усмешкай паглядзеў на Конрада.

— Ці бачыш, брат, — сказаў ён, — якія хітрыкі раз’юшанага ворага! Паўстанем на льва! Пойдзем у наступ на загубца! — усклікнуў ён, трасучы ў паветры сваім посахам. Потым, звяртаючыся да яўрэя, ён запытаў:

— Твая дачка лечыць, вядома, шэптамі, знахарскімі словамі і іншымі кабалістычнымі сакрэтамі?

— Нічога падобнага, вялебны і харобры рыцар, — адказаў Ісаак, — лечыць яна галоўным чынам адным бальзамам, які мае цудоўныя ўласцівасці.

— А адкуль яна дастала сакрэт яго саставу? — запытаў Бомануар.

— Яе навучыла нейкая Мірыям, — сказаў Ісаак з замінкаю, — прамудрая старая нашага племені.

— Ага, шэльма! — усклікнуў гросмайстар. — Гэта, напэўна, тая самая Мірыям, агіднасць роду чалавечага, аб учынках і знахарстве якой чуў увесь свет хрысціянскі? Яе цела было спалена ля ганебнага слупа, і попел развеяны ва ўсе чатыры бакі. І няхай тое-ж будзе са мной і з маім ордэнам, калі я не зраблю таго-ж з вучаніцай гэтай ведзьмы! Я яе навучу вядзьмарыць і сваімі чарамі прывабліваць воінаў святога храма!.. Даміян! Гані яго вон за браму… Калі ўздумае ўпірацца ці вяртацца назад, застрэліць яго на месцы. А з дачкою яго мы зробім так, як прадпісвае хрысціянскі закон і як прыстойна нашаму высокаму сану.

Гаротнага Ісаака схапілі за каўнер і выштурхнулі вон з прэсепторыі, не гледзячы на яго просьбы і шчодрыя абяцанкі. Яму нічога больш не заставалася, як вярнуцца ў дом да знаёмага рабіна і праз яго старацца атрымаць хоць якія-небудзь весткі аб лёсе сваёй дачкі.

Гросмайстар загадаў паклікаць да сябе прэсептара мясцовага манастыра Тэмпльстоу.


  1. Бахус — міфічны бог вінаробства і п’янства ў старадаўніх рымлян.
  2. Венера — багіня хараства і кахання, паводле паняццяў старадаўніх рымлян.