Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XXIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXVIII Айвенго. Раздзел XXIX
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXIX

АПЫНУЎШЫСЯ зноў каля ложка Айвенго, Рэвека сама здзівілася той ажыўленай радасці, якую мела пры гэтым, не гледзячы на небяспечнае і нават проста жахлівае іх становішча. Намацваючы яго пульс і пытаючыся пра здароўе, яна дакраналася да яго так пяшчотна і гаварыла так ласкава, што выявіла куды больш шчыры ўдзел, чым жадала-б выявіць. Голас яе перарваўся, рука здрыганулася, калі яна пачула голас Айвенго:

— Ах, гэта вы, ласкавая дзяўчына?

Ледзь чутны ўздых вырваўся з яе грудзей. Далейшыя пытанні адносна яго здароўя яна задавала ўжо тонам спакойнага сяброўства.

Айвенго паспяшаўся адказаць, што адчувае сябе надзвычай добра, куды лепш, чым мог чакаць.

— І ўсё дзякуючы твайму майстэрству і клопатам, мілая Рэвека, — дадаў ён. — Ці бачыш, ласкавая дзяўчына, — прадаўжаў Айвенго, мой дух пакутуе ад трывогі куды мацней, чым цела мучыцца ад болю. З таго што гаварылі пры мне тут мае былыя вартаўнікі, я здагадаўся, што знаходжуся ў палоне; а мяркуючы па грубаму голасу таго, хто зараз толькі прагнаў іх адсюль, даўшы ім нейкае ваеннае заданне, я заключаю, што мы ў замку Фрон дэ-Бёф. Калі гэта так, дык чым-жа гэта можа скончыцца і якім чынам магу я абараніць Равену і майго бацьку.

Рэвека паспяшалася паведаміць Айвенго ўсе весткі, якія паспела сабраць, але гэтага было вельмі мала, і яно абмяжоўвалася тым, што ў замку ўсім распараджаюцца храмоўнік Буагільбер і барон Фрон дэ-Бёф, што знадворку замак абложваюць, але хто — невядома.

Наверсе, удоўж зубчастых сцен, чуліся цяжкія і спешныя крокі ўзброеных слуг; тыя-ж гукі чуліся ўдоўж вузкіх калідораў і на пакручастых усходах, якія вядуць на вежы, на вартавыя вышкі, да бойніц і іншых пунктаў, годных для абароны. Чутны былі галасы рыцараў, якія падбадзёрвалі сваіх падначаленых і распараджаліся наконт абароны. Іх галасы часта заглушаліся звонам зброі і голасным кліканнем тых, да каго яны звярталіся.

Айвенго гарэў нецярплівасцю ад сваёй бяздзейнасці і ўсёю душою імкнуўся прыняць удзел у бойцы, аб якой вяшчалі ўсе гэтыя ваяўнічыя гукі.

— Калі-б мне дапаўзці хоць-бы да таго акенца, — гаварыў ён, — хоць бы паглядзець, як адбудзецца гэта ратная пацеха! Калі-б мне здабыць хоць лук і пусціць стралу або сякеру і хоць раз ударыць ёю дзеля нашага вызвалення! Але ўсё дарэмна! Няма нічога… я бяссільны… і без зброі!

— Не хвалюйся, шляхетны рыцар, — сказала Рэвека, — чуеш,як усё раптам змоўкла? Можа і не будзе бойкі.

— Нічога ты не зразумееш! — нецярпліва прагаварыў Уільфрэд. — Гэта зацішша адзначае толькі, што ўсе воіны занялі свае месцы на сценах і зараз чакаюць нападу. Ах, каб мне дапаўзці як-небудзь да таго акна!

— Такая спроба будзе табе на шкоду, шляхетны рыцар, — заўважыла Рэвека, але, бачачы, як ён тужліва імкнецца да гэтага відовішча, дадала з трывогаю: — я сама стану каля акна і, як умею, буду апісваць табе, што там адбываецца.

— Не, не трэба, гэтага нельга! — усклікнуў Айвенго. — Кожнае акно, кожная самая малая шчыліна ў сценах паслужыць цэллю для стралкоў… Якая-небудзь шалёная страла можа забіць цябе…

— Вось было-б добра! — прамармытала Рэвека пра сябе, цвёрдым поступам узышоўшы на дзве ці тры ступенькі, якія вялі да акна.

— Рэвека, мілая Рэвека! — усклікнуў Айвенго. — Гэта зусім не жаночая справа… Не стаў сябе пад небяспеку, не то я ўсё жыццё буду пакутваць ад разумення таго, што я таму прычынай. Прынамсі вазьмі той старадаўні шчыт, закрыйся ім і пастарайся як можна менш выстаўляцца з-за аконных кратаў.

Рэвека з дзіўным спрытам выканала яго указанні і, засланіўшы ніжнюю частку акна старым шчытом, так зручна прымасцілася пад яго абаронай, што амаль з поўнай бяспекай для сябе магла бачыць усё, што адбывалася за сценамі замка і гаварыць Айвенго, як абложнікі рыхтаваліся да штурму.

Акно знаходзілася ў рагу галоўнага будынка і адтуль былі відаць не толькі ваколіцы замка, але і перадавы рэдут, на які, відаць, мелі намер перш усяго напасці абложнікі. Гэта была знадворнае ўмацаванне і складалася з вежы невялікіх памераў, прызначэнне якой было абараняць тую самую фортку, праз якую Фрон дэ-Бёф выпусціў Седрыка. Гэта вежа адлучана была ад астатняй крэпасці ровам, напоўненым вадою, і ў выпадку, калі-б вораг завалодаў ёю, лёгка было перарваць зносіны паміж ёю і замкам, для гэтага трэба толькі зняць дашчаны мосцік, перакінуты праз роў.

У сярэдзіне перадавога ўмацавання была кратчастая брама, адпаведныя форткі ў сцяне самога замка і ўвесь гэты форт быў агароджаны моцным частаколам. Па колькасці людзей, пастаўленых на абарону гэтага пункта, Рэвека магла заключыць, што абложаныя асабліва баяліся нападу з гэтага боку, а мяркуючы па таму, што супроць гэтага месца выстраіліся галоўныя сілы абложнікаў, ясна было, што і яны лічылі яго найбольш слабым пунктам і вырашылі адсюль пачаць атаку.

Рэвека паспяшалася паведаміць Айвенго гэтыя падрабязнасці, дадаўшы:

— На ўскраі лесу суцэльнай сцяной стаяць стралкі, але яны ў цяні пад дрэвамі, вельмі нямногія выйшлі ў адкрытае поле.

— А пад якім яны сцягам? — спытаў Айвенго.

— Я не бачу ніякіх сцягаў, ні значкоў.

— Вось дзіўная навіна! Ці не відаць, прынамсі, хто іх правадыры?

— Больш усіх відаць адзін рыцар, апрануты ў чорнае ўзбраенне.

— Які дзвіз на яго шчыту?

— Штосьці падобнае на жалезную поласу ўпоперак шчыта і на чорным полі вісячы замок блакітнага колеру.

— А што напісана на шчыце?

— На такой адлегласці, — адказала Равека, — я ледзь магу разгледзець самы дэвіз, і то тады толькі, калі сонца ўдарае ў яго.

— А іншых правадыроў не відаць?

— Адсюль я не бачу нікога выдатнага. Здаецца, яны цяпер рушылі ўперад… Набліжаюцца… Якое страшнае відовішча! Тыя, што ідуць уперадзе, нясуць велізарныя шчыты і дашчаныя загароды…

Яе словы былі перапынены раптоўным сігналам да прыступу: абложнікі прарэзліва затрубілі ў рог, а са сцен загучэлі нармандскія трубы і літаўры, якія задзірыста адказвалі на выклік ворага.

Шалёны націск абложнікаў сустрэў не менш шалёны адпор з боку абложаных. Стралкі, прывыкшыя ў сваім бадзянні па лясах памайстэрску ўпраўляцца з лукам і стрэламі, дзейнічалі з такой беспамылковай дакладнасцю, што ні адзін пункт, у якім абаронцы праяўлялі самую малую адзнаку свае прысутнасці, не выслізаў ад іх увагі і ад меткіх даўгіх стрэл. Стральба была такая частая і роўная, што стрэлы падалі, як град, і дзякуючы таму, што кожная пападала ў цэль, яны дзесяткамі ўляталі ў кожную бойніцу, акно ці шчыліну ў загарожы балконаў, дзе мог знаходзіцца вартавы або хто-небудзь з абаронцаў. У самым хуткім часе двое ці трое з іх былі забіты і некалькі чалавек паранена. Але староннікі Рэджынальда Фрон дэ-Бёф і яго саюзнікі, з поўным давер’ем да непранікальнасці сваіх панцыроў і да непрыступнасці свайго прытулка, абараняліся гэтак-жа ўпарта, як энергічна адбываўся напад, і на хмары стрэл, якія сыпаліся бесперапынна на іх, адказвалі такімі-ж выстраламі з сваіх доўгіх арабалетаў і лукаў, шыбаннем дроцікаў, прашчаў і іншымі шыбальнымі знарадамі. Абложнікі хоць і карысталіся самым нікчэмным прыкрыццём, але трацілі значна больш людзей, чым абложаныя. Свіст і шчоўканне ў паветры стрэл, балтоў і камняў суправаджаліся моцнымі выгукамі.

— А я павінен тут ляжаць не кратаючыся, быццам аслаблы манах, — выклікнуў Айвенго, — покуль іншыя вядуць барацьбу, ад якой залежыць мая свабода, або смерць! Паглядзі зноў у акно, добрая дзяўчына, толькі асцярожна, каб стралкі цябе не заўважылі!.. Паглядзі і скажы мне, ці ідуць яны на прыступ?

Рэвека заняла зноў сваё месца каля акна, засланіўшыся шчытом так, каб знізу нельга было яе ўбачыць.

— Што ты бачыш, Рэвека, — зноў запытаў паранены рыцар.

— Толькі і бачу хмару ляцячых стрэл; яны мільгаюць так густа, што ў мяне мітусіцца ў вачах і я не магу разгледзець саміх стралкоў.

— Гэта не можа доўга прадаўжацца, — сказаў Айвенго, — калі яны тойчас не пойдуць на прыступ, што-ж можна зрабіць з дапамогаю адных лукаў ды стрэл супроць каменных сцен ды вежаў! Паглядзі, прыгожая Рэвека, дзе цяпер Чорны Рыцар і як ён сябе трымае, таму што, які правадыр, такія будуць і яго падначаленыя.

— Я штосьці не бачу яго, — адказала Рэвека.

— Агідны трус! — усклікнуў Айвенго. — Няўжо ён адступіць цяпер, калі адвага больш усяго патрэбна?

— Не, не, не адступае, — сказала Рэвека. — Вось ён, я яго бачу; ён вядзе атрад воінаў да знадворнай агарожы перадавой вежы. Яны валяць слупы і частаколіны, сякуць агарожу сякерамі… Высокае, чорнае пер’е развінаецца на яго шлеме над натоўпам акружаючых байцоў, быццам чорны груган, што лётае над ратным полем. Яны прасеклі дзірку ў агарожы… уварваліся… не! Іх адціснулі назад!.. На чале абаронцаў бачу барона Фрон дэ-Бёф… Зноў кінуліся на прабоіну і б’юцца ўручную…

Яна адвярнулася ад акна.

— Паглядзі зноў, Рэвека, — сказаў Айвенго, — страляніна з лукаў цяпер, напэўна, стала радзейшаю. Паглядзі яшчэ, цяпер не так небяспечна стаяць ля акна.

Рэвека зноў выглянула і амаль той-жа час ускрыкнула:

— Фрон дэ-Бёф схапіўся з Чорным Рыцарам… Яны б’юцца адзін на адзін, а астатнія толькі глядзяць на іх і крычаць… Ён упаў!

— Хто упаў? — ускрыкнуў Айвенго. — Скажы, хто упаў?

— Чорны Рыцар, — адказала Рэвека ледзь чутна, але адразу затым з радасцю закрычала: — Не, не! Ён зноў ускочыў на ногі і б’ецца так, як быццам у адной яго руцэ знаходзіцца сіла дваццаці чалавек… У яго меч пераламаўся надвое… ён выхапіў сякеру ў аднаго з іëменаў… Так і сыпле ўдарамі на барона Фрон дэ-Бёф… Асілак хіліцца… Упаў… Упаў!..

— Хто, Фрон дэ-Бёф? — усклікнуў Айвенго.

— Так, Фрон дэ-Бёф! — адказала яўрэйка. — Яго людзі кінуліся яму на дапамогу… на чале іх з’явіўся горды храмоўнік… Агульнымі сіламі яны прымушаюць рыцара спыніцца… Цяпер пацягнулі барона ва ўнутраны двор замка.

— Абложнікі завалодалі бар’ерамі, прарваліся? — запытаў Айвенго.

— Так, так, завалодалі! — ускрыкнула Рэвека. — Прыперлі абаронцаў да знадворнай сцяны… некаторыя прыстаўляюць драбіны… кружацца, як пчолы… ускакваюць на плечы адзін аднаму… На іх кідаюць каменні, бярвенні, драўляныя слупы ляцяць ім на галовы… Параненых адцягваюць прэч, і зараз- жа на іх месца становяцца новыя байцы…

— Каторы бок перамагае?.. Хто перамагае?..

— Драбіны ўпалі… — адказала Рэвека, здрыгануўшыся, воіны ляжаць пад імі, распластаныя, як раздушаныя чарвякі!.. Абложаныя ўзялі верх!

— Няўжо гэтыя здраднікі іёмены адступаюць?

— Не, — сказала Рэвека, — яны трымаюць сябе малайцамі.

— Вось цяпер Чорны Рыцар са сваёю велізарнай сякерай падступіў да брамы… сячэ яе… Чуеш, які страшэнны стук? Гэта ён б’е сякераю ў дзверы, і гул ад яго ўдараў глушыць астатні шум і крыкі… Яму на галаву скідаюць каменні і бярвенні… Але адважны рыцар не звяртае на іх ніякай увагі, быццам гэта пух або пер’е!

— Клянуся, — сказаў Айвенго, радасна прыўстаючы на локці, — я думаў, што ва ўсёй Англіі толькі адзін чалавек здольны на такую справу!

— Брама здрыганулася, — прадаўжала Рэвека, — вось яна трашчыць, распадаецца пад яго ударамі… Яны кінуліся праз пралом… захапілі вежу!.. Хапаюць абаронцаў і кідаюць

у роў з вадою!.. О, людзі, калі ў вас ёсць што-небудзь чалавечае, пашкадуйце тых, хто больш не можа вам супраціўляцца!

— А мосцік?.. Мосцік, што злучае вежу з замкам… яны яго захапілі? — дамагаўся Айвенго.

— Не, — адказала Рэвека, — храмоўнік знішчыў дошку, па якой яны перайшлі цераз роў. Нямногія з абаронцаў выратаваліся з ім у сценах замка… Чуеш гэтыя енкі і крыкі? Яны гавораць табе, які лёс астатніх… Цяпер я ведаю, што відовішча перамогі яшчэ больш жахлівае за вдовішча бойкі!

— Што яны робяць цяпер? — сказаў Айвенго. — Паглядзі зноў… не такі час цяпер, каб млець гледзячы на кровапраліцце.

— Часова сціхлі, — адказала Рэвека, — нашы сябры ўмацоўваюцца ў заваяванай вежы. Яна так добра хавае іх ад выстралаў ворага, што абложаныя толькі рэдка пасылаюць туды свае стрэлы, і то больш для таго, каб трывожыць іх, а шкоды не наносяць.

— Нашы сябры, — сказаў Уільфрэд, — напэўна, не адмовяцца ад прадпрыемства, якое яны так мужна пачалі. Я ўскладаю ўсю маю надзею на добрага рыцара, што сваёю сякераю праламаў дубовую браму за жалезнымі скрэпамі… Дзіўная справа, — прадаўжаў ён мармытаць сабе пад нос, — няўжо ёсць на свеце двое, здольных на такую шалёную адвагу?.. Аковы і скрэпы на чорным полі… Што-б гэта магло значыць?.. Рэвека, ты не бачыш іншых знакаў, па якіх можна было-б спазнаць гэтага Чорнага Рыцара.

— Не, — сказала яўрэйка, — усё на ім чорнае, як груганова крыло. Нічога не бачу, ніякіх адзнак; але пасля таго, як я была сведкаю яго магутнасці і адвагі ў бойцы, здаецца мне, што я яго спазнаю і адрозню сярод тысячы іншых воінаў. Ён ідзе ў бойку, быццам на вясёлы банкет. Не адна сіла мышцаў кіруе яго ўдарамі, здаецца, быццам ён усю сваю душу ўкладвае ў кожны ўзмах зброі… Страшэнна глядзець!

— Рэвека, — сказаў Айвенго, — ты абмалёўваеш сапраўднага героя; калі яны бяздзейнічаюць, дык пэўна, толькі збіраюцца з сіламі для новага наступу, або прадумваюць спосаб перапраўкі цераз роў. Я аддаў-бы дзесяць гадоў жыцця, каб хоць адзін дзень пабыць побач у бойцы з гэтым адважным рыцарам.

— Выбач, — прагаварыла Рэвека, пакідаючы сваё месца каля акна і падыходзячы да ложка параненага рыцара, — такая нецярплівая прагнасць дзейнасці, такая барацьба з асільваючай цябе слабасцю і безупыннае ўзбуджанне абавязкова затрымаюць тваё ачуньванне…

Айвенго змоўк.

Рэвека паглядзела на параненага рыцара і прагаварыла пра сябе:

— Ён спіць! Прырода ўзяла сваё. Ах, няўжо нельга мне мілавацца ім, калі, можа, я гэта раблю ў апошні раз?.. Хто ведае, можа, пройдзе некаторы час, і гэтыя прыгожыя рысы не будуць больш ажыўлены тым смелым і прадпрыемным духам, які не пакідае іх нават і ўва сне? Ноздры асунуцца, вусны раскрыюцца, вочы нальюцца крывёю і спыняцца… І тады кожны подлы жыхар гэтага праклятага замка будзе таптаць нагамі гэтага гордага чалавека, а ён не варухнецца і не адаб’е наступаючую на яго пяту… А бацька мой? О, мой бацька! Дрэнная-ж дачка ў цябе, калі забылася аб тваёй сівізне, заглядзеўшыся на залацістыя кудры юнасці!.. Але не, гэту слабасць я вырву з свайго сэрца, хоць-бы яно парвалася на часткі і сцякло крывёю ад такога гвалту!

Яна шчыльней ухуталася ў пакрывала і, адвярнуўшыся ад ложка параненага рыцара, села да яго спіною, умацоўваючы (ці, прынамсі, стараючыся ўмацаваць) свой дух не толькі супроць знадворнага ліха, але і супроць тых здрадніцкіх пачуццяў, якія закрадваліся ў глыбіню яе сэрца.