Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XV Айвенго. Раздзел XVI
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XVI

ВЫНІК турніру быў вырашаны ўмяшацельствам невядомага рыцара, празванага гледачамі Чорным Гультаëм. Калі перамога была вырашана, гэты рыцар раптам пакінуў рысталішча і спакойна накіраваўся на поўнач, унікаючы бітых шляхоў і прабіраючыся проста праз лес. Ён спыніўся нанач у маленькай харчэўні, што была ў баку ад гасцінца. Там ад вандроўнага менестрэля ён даведаўся, чым скончыўся турнір.

На другую раніцу рыцар выехаў рана. Ён так клапатліва сцярог сілы свайго каня напярэдадні, што меў цяпер поўную мажлівасць ехаць далёка амаль няспынна. Надзвычай пакручастыя сцежкі перашкодзілі яму ад’ехаць так далёка, як ён хацеў, і калі змеркла, ён апынуўся толькі на мяжы заходняй часткі Іёркшыра. Конь і коннік мелі вялікую патрэбу ў адпачынку і падмацаванні, і час быў пашукаць месца, дзе-б спыніцца нанач, таму што ноч хутка насоўвалася.

Месца, дзе рыцар спыніўся ў задуменні, не абяцала ні чалавечага жылля, ніякай яды, і, напэўна, ён быў-бы вымушан зрабіць тое, што рабілі ў падобных выпадках вандроўныя рыцары, гэта значыць, пусціць каня на пашу, а самому легчы пад дубам. Чорны Рыцар з вялікім нездавальненнем азірнуўся вакол, бачачы, што забраўся ў такую глуш, дзе хоць і шмат было прагалін, слядоў і сцежак, але было ясна, што яны пратаптаны статкамі, якія тут пасвіліся, або дзікімі аленямі і тымі паляўнічымі, якія за імі ганяліся.

Да гэтага часу рыцар кіраваўся галоўным чынам па сонцу; але сонца зайшло за дэрбішырскія бугры, якія цягнуліся ўлева, і з гэтай хвіліны далейшыя намаганні выбрацца з лесу маглі толькі больш зблытаць яго і завесці ў яшчэ больш глухія нетры. Дарэмна прабаваў ён выбіраць найбольш бітыя сцежкі, маючы надзею, наткнуцца на шалаш пастухоў або на домік ляснога вартаўніка. Усё было дарэмна. Тады, не спадзяючыся больш на ўласную здагадлівасць, ён рашыў пакласціся на інстынкт свайго каня. Шматразовы вопыт даказаў яму, што гэтыя жывёлы бываюць надораны дзіўнаю ўласцівасцю ў падобных выключных абставінах выручаць седакоў і саміх сябе.

Як толькі змораны пад цяжкім седаком, закаваным у баявое ўзбраенне, конь адчуў, што сядок аслабіў павады, ён як-бы зразумеў, што гаспадар спадзяецца на яго волю. Сілы яго як-бы ажывіліся; да гэтага часу ён толькі ціхім стогнам адказваў на панокванні і шпоры конніка, цяпер-жа наставіў вушы і пайшоў куды больш бадзёра. Выбраная ім сцежка рашуча зварочвала ў бок ад узятага рыцарам шляху; але конь, як відаць, упэўнена выбраў іменна гэты шлях і рыцар не спыняў яго.

Вынікі апраўдалі такое давер’е. Сцежка хутка пашырэла і аказалася бітым шляхам, а слабы гук невялікага звона прымусіў меркаваць, што дзесьці блізка ёсць капліца або пустынь.

Хутка рыцар выехаў на адкрытую палянку, у канцы якой узвышалася круча са стромкімі шэрымі сценамі. Круча была часткова замаскавана густым плюшчам; месцамі з яго расколін тырчэлі дубы і кусты астраліста, корні якіх знаходзілі сабе спажыву ў гэтых шчылінах. Каля падножжа скалы, як-бы прыліпшы да яе, стаяла хацінка, пабудаваная з бярвення. Перад дзвярыма ўваткнута было ў зямлю маладое хваёвае дрэўца, ачышчанае ад галін, з прымацаванай пад верхнім канцом перакладзінай. Крыху правей з расколіны кручы цëк струменьчык надзвычай чыстай вады, якая падала на шырокі камень, выдзеўбаны падобна чашы. Перапаўняючы гэты першабытны басейн, вада вылівалася цераз край на лугавіну і, прабіўшы сабе натуральнае рэчышча, выкручвалася па ёй аж да лесу, у глыбіні якога зрабіла рэчку.

Каля гэтай крыніцы відаць былі руіны маленькай каплічкі, страха якой часткова правалілася ў сярэдзіну. Над яе парталам на чатырох калонках узвышалася званіца, у сярэдзіне якой вісеў пазелянеўшы ад часу і нягоды звон; яго трухлявае дзынканне і чуў у лесе Чорны Рыцар.

Увесь гэты мірны і спакойны малюнак ахутваўся поўзмрокам прыцемкаў.

Рыцар саскочыў з каня і дрэўкам свайго кап’я пастукаў у дзверы хацінкі.

Доўга ніхто не адказваў, і калі ён урэшце дабіўся адказу, нельга сказаць, каб гэты адказ быў спагадны.

— Праходзь міма, хто-б ты ні быў, — пачуўся ў сярэдзіне хацінкі басісты і сіплы голас, — не перашкаджай служку госпада і святога Дунстана чытаць вячэрнія малітвы.

— Вялебны айцец, — сказаў рыцар, — я бедны вандроўнік, заблудзіўся ў гэтых лясах. Пакарыстайся выпадкам аказаць мне міласэрнасць і гасціннасць.

— Добры брат мой, — адказаў жыхар пустыні. — Мая яда такая, што і сабака не захоча падзяліць яе са мною, а колькі- небудзь спешчаны конь не згодзіцца легчы на мой ложак… Таму ідзі сваёй дарогаю!

— Як-жа мне шукаць дарогу, — адказаў рыцар, — у такой глушы і ў начной цемры? Прашу цябе, сумленны айцец, адамкні дзверы і ў крайнім выпадку пакажы мне, у які бок ехаць.

— А я цябе прашу, не прыставай да мяне, зрабі ласку, — сказаў пустэльнік. — Ты ўжо і так прымусіў мяне прапусціць „Ойча наш“, двойчы „Багародзіцу“ і адно „Верую“, а я, пракляты грэшнік, павінен быў згодна абяцання прачытаць іх да ўсходу месяца!

— Дарогу! Паказвай мне дарогу! — закрычаў рыцар. — Хоць дарогу пакажы, калі нічога больш ад цябе не дачакаешся!

— Дарогу, — адказаў пустэльнік, — паказаць няцяжка. Як выйдзеш па сцежцы з лесу, тут табе будзе балота, а за ім рака; праз яе ёсць брод, і таму што дажджоў гэтымі днямі не было, то, напэўна, можна пераправіцца. Калі пераправішся за рэку, ідзі па беразе, прытрымліваючыся левай рукі, ды глядзі, не сарвіся, таму што берагі стромкія. І яшчэ я чуў, таму што я сам рэдка выходжу адсюль, бываю больш усяго ў капліцы… чуў я, што сцежка ў некаторых месцах асыпалася, дык ты асцярожней… Адтуль ужо ўсё простай…

— Што-ж гэта, і сцежка асыпалася, і кручы, і броду шукаць, ды яшчэ і балота! — перапыніў яго Рыцар. — Ну, сэр пустэльнік, будзь ты хоць рассвяты ўгоднік, не прымусіш мяне пусціцца сёння па такой дарозе. Я табе толкам кажу, жывеш ты міластыняю суседзяў і яшчэ невядома, ці заслугоўваеш гэта як след… а таму не маеш права адмовіць пераначаваць заблудзіўшаму падарожніку. Адмыкай дзверы хутчэй, а не то, вось табе крыж, я яе разаб’ю і сам увайду.

— Ах, прыяцель мой, — сказаў пустэльнік, — не назаляй мяне; калі ты прымусіш мяне абараняцца свецкай зброяй, табе-ж будзе горш ад гэтага.

Ужо некалькі хвілін назад падарожнік чуў мармытанне і гаўканне сабак, цяпер-жа гэтыя гукі наблізіліся і ператварыліся ў аглушальны брэх. З гэтага рыцар заключыў, што пустэльнік, спужаны яго пагрозай уварвацца сілком, спусціў з ланцуга сабак, якіх трымаў дзесьці на прывязі. Ён меў намер з дапамогаю іх абараняцца ад гвалтоўнага ўрывання ў хату. Страшэнна абураны такой відавочнай падрыхтоўкай да адпору і бачачы, што пустэльнік зусім не мае намеру яго ўпускаць, рыцар ударыў у дзверы нагою з такою сілаю, што сцены і вушакі хацінкі здрыгануліся.

Пустэльнік, як відаць, не жадаючы ў другі раз дапусціць такі удар, моцна закрычаў:

— Май ты цярплівасць, пачакай, добры падарожнік, зараз я сам адамкну табе дзверы, хоць не ручаюся, што тым зраблю табе здавальненне!

Дзверы адчыніліся і перад рыцарам апынуўся пустэльнік, чалавек высокага росту і моцнага целаскладу, у доўгай валасяніцы з каптуром, падперазаны вяроўкай з трысця. У адной руцэ ён трымаў запалены факел, у другой — кій з дзікай яблыні, але такі таўсты і замашысты, што яго па праўдзе можна было назваць дубінкай. Два вялікіх калматых сабакі, з мяшанага завода хартоў з дварнягай, стаялі абаапал гаспадара, гатовыя па першаму яго знаку кінуцца на няпрошанага госця. Але калі агонь ад факела асвятліў яго і ў цемры бліснуў высокі шлем і залатыя шпоры рыцара, што стаяў перад дзвярыма, пустэльнік, відаць, змяніў свой першапачатковы намер. Сцішыўшы сваіх раз’юшаных саюзнікаў, ён ветлівым тонам запрасіў рыцара ўвайсці і нават папрасіў выбачэння за тое, што неахвотна адамкнуў дзверы пасля заходу сонца, спасылаючыся на мноства бадзячых зладзеяў і разбойнікаў, якія не шкадуюць і пустэльнікаў.


— Аднак, айцец, мой, — сказаў рыцар, — азіраючыся вакол на бедную абстаноўку, якая складалася з кучы сухога лісця замест ложка, драўлянага распяцця, груба выразанага з дуба, малітвеніка, стала і пары ўслонаў самай простай работы, ды двух нязграбных чашак. — Аднак, айцец мой, жабрацкае ваша ўбранства, здаецца, магло-б служыць дастатковым забеспячэннем ад зладзеяў, не кажучы ўжо аб пары надзейных сабак, такіх вялікіх і сільных, што могуць паваліць і аленя, а з чалавекам і падаўна справяцца.

— Гэта добры лясны вартаўнік прывёў мне сабак, — сказаў пустэльнік, — і дазволіў трымаць іх дзеля небяспекі ў такім адзінокім месцы і ў такі неспакойны час.

Гаворачы гэта, ён уваткнуў факел у жалезнае кальцо, якое было замест падсвечніка, паставіў трыногі дубовы стол бліжэй да агня, падкінуў на патухаючыя вуглі некалькі сухіх палак, падсунуў услон да стала і рухам рукі запрасіў рыцара зрабіць тое-ж па другі бок стала.

Яны селі і некаторы час надзвычай сур’ёзна глядзелі адзін на аднаго, прычым кожны думаў пра сябе, што рэдка яму выпадала сустракаць больш атлятычную фігуру, чым тая, што ў гэту хвіліну сядзела перад ім.

— Вялебны пустэльнік, — сказаў рыцар, які доўга і ўважліва глядзеў на гаспадара, — дазволь яшчэ раз перапыніць твае пабожныя думкі. Мне хацелася-б ведаць тры рэчы: папершае, куды мне паставіць каня, падругое, ці няма чаго паесці і патрэцяе, дзе я магу легчы спаць?

— Я табе адкажу пальцам, — сказаў пустэльнік, — таму што мае правіла не ўжываць слоў, калі можна растлумачыць гэстам. — Сказаўшы гэта, ён паказаў на два супроцьлеглыя куты хаціны і дадаў: — Вось табе канюшня, а вось ложак, а вось і вячэра, — закончыў ён, зняўшы з паліцы драўляную талерку, у якой было дзве жмені сушанага гароху, і паставіўшы яе на стол.

Рыцар паціснуў плячыма, выйшаў з хаціны, увёў свайго каня, якога пакінуў прывязаным да дрэва, вельмі ўважліва рассядлаў і накрыў яго змораную спіну ўласным плашчом.

Пустэльніку стала як быццам шкода глядзець, як уважліва і старанна незнаёмы даглядаў каня. Ён прамармытаў штосьці наконт корму, які застаўся пасля каня вартаўніка, ён выцягнуў аднекуль ахапак сена і разлажыў яго перад рыцарскім скакуном, потым прынёс ахапак сухой папараці і растрос яго ў тым куце, дзе паказаў рыцару спаць. Рыцар ветліва падзякаваў яго за ласкавасць. Выканаўшы ўсе гэтыя абавязкі, абодва зноў селі за стол, на якім стаяла талерка з гарохам. Пустэльнік прагаварыў доўгую малітву, створаную некалі на латынскай мове; але ад першапачатковай яе рэдакцыі засталося мала следу, за выключэннем некаторых доўгіх і дробных гукаў у канцы слоў і сказаў. Пасля малітвы ён паказаў прыклад госцю, сціпла палажыў тры ці чатыры гарошыны ў вельмі вялікі рот з моцнымі вострымі і белымі зубамі, больш падобнымі на клыкі дзіка. Рыцару здалося, што гэткія мізэрныя зярняткі занадта нікчэмны для такога вялікага і добра ўпарадкаванага млына.

Не жадаючы адстаць ад гаспадара, госць скінуў шлем і панцыр, зняў з сябе большую частку ўзбраення і з’явіўся перад пустэльнікам малайцаватым рыцарам з густымі, пакручастымі валасамі светларусага колеру, арліным носам, блакітнымі вачыма, якія бліскалі розумам, жывасцю і прыгожымі абрысамі вуснаў з вусамі больш цёмнага адцення, чым валасы.

Пустэльнік таксама адкінуў на спіну каптур і агаліў галаву, круглую, як шар, і твар мужчыны ў самым росквіце год. Яго брытая макаўка была акружана вянком жорсткіх чорных кудзераў, што надавала ёй падабенства з сяловым загонам для авечак, агароджаным высокім жывым плотам. Рысы яго твара не мелі ні манахаўскай суровасці, ні аскетычных звычак. Наадварот, гэта была адкрытая свежая фізіяномія з густымі чорнымі брывямі, прыгожага абрысу ілбом і поўнымі, румянымі, надзьмутымі як у трубача, шчокамі, з якіх свісала доўгая, чорная кучаравая барада. Некалькі хвілін рыцар старанна грыз сухія гарошыны і, ледзь адолеўшы першы прыём, вымушан быў прасіць гаспадара даць яму чым- небудзь запіць гэту яду. Тады пустэльнік паставіў перад ім вялікі кубак надзвычай чыстай крынічнай вады.

— Гэта з купелі святога Дунстана. У адзін дзень ад усходу да заходу сонца, ён — добрай памяці! — ахрысціў там пяцьсот паганцаў, датчан і брытанцаў!

Ён прыклаўся сваёй чорнай барадой да кубка і выпіў маленькі глыток вады.

— Мне здаецца, вялебны ойча, — сказаў рыцар, — што твая жабрацкая яда і святое, але тваё рэдкаватае пітво, якім ты спатольваеш сваю смагу, надзвычай ідуць табе на карысць. Гледзячы на цябе, можна падумаць, што ты больш прыстасаваны для боек на кулачках або для спаборніцтва на дубінках, або ўрэшце, што ты майстар фехтаваць, а не тое, каб жыць у пустыні, чытаць малітвенік, ды харчавацца сухімі струкамі і халоднай вадой.

— Э, сэр рыцар, — адказаў пустэльнік, — у вас паняцці цялесныя, як ва ўсіх цёмных свецкіх асоб.

— Святы айцец, — сказаў рыцар, — дазволь грэшнай асобе даведацца тваё імя?

— Можаш зваць мяне, — адказаў пустэльнік, — алтарнікам з Копмангерста, бо так мяне празвалі ў тутэйшым краі. Праўда, дадаюць яшчэ да гэтага імя прозвішча святога, але гэтага я не вымагаю, таму што не лічу сябе вартым такога тытулу. Ну, а ты, адважны рыцар, ці не скажаш, як мне зваць майго ганаровага госця?

— Бачыш, святы алтарнік з Копмангерста, — сказаў рыцар, — у гэтым краі мяне завуць Чорным Рыцарам; шмат хто дадае да гэтага тытул Гультая, але я таксама не ганюся за такім прозвішчам.

Пустэльнік усміхнуўся, пачуўшы такі адказ.

— Бачу, сэр Лены Рыцар, што ты чалавек асцярожны і разумны, — сказаў ён, — акрамя таго, бачу, што наша бедная манахаўская яда табе не да спадобы. Можа ты прывык да раскошы дваранскіх дамоў і ваенных лагераў, збалаваны збыткоўнасцю вялікіх гарадоў. І памятаецца мне, сэр Гультай, што, калі міласэрны вартаўнік тутэйшых лясных угоддзяў прывёў мне для бяспекі гэтых сабак і пакінуў у мяне корм для свайго каня, ён у той жа час пакінуў тут і правізію, якая, будучы для мяне нягоднай, зусім вылецела з мае галавы, занятай больш важнымі мыслямі.

— Я так і думаў, — сказаў рыцар. — З той хвіліны, як ты адкінуў свой капюшон, святы алтарнік, я пераканаўся, што ў цябе ў келлі ёсць лепшая яда. Скажу нават, што вартаўнік твой павінен быць кемлівы хлапчына, дабрак і вясёлы чалавек. І хто-ж, гледзячы на твае надзвычай моцныя зубы, мог-бы безуважна глядзець, як ты грызеш гэтыя гарошыны і ўліваеш сабе ў горла прэсную вадкасць? Зразумела, што, бачачы цябе на такіх конскіх харчах, усякі захацеў-бы даставіць табе чаго-небудзь больш сытага. А-ну, даставай хутчэй, што там прынёс табе вартаўнік!

Пустэльнік уважліва паглядзеў на рыцара, і ў гэтым поглядзе ясна было відаць, што ён абдумвае, ці добра будзе, калі ён будзе з госцем гаварыць зусім адкрыта.

У рыцара быў адкрыты і смелы твар, а ўсміхаўся ён так дабрадушна і пацешна, што мімаволі ўнушаў гаспадару давер’е і сімпатыю.

Абмяняўшыся з ім разы два маўклівымі поглядамі, пустэльнік пайшоў у дальні канец хаціны і адкрыў вялікую скрыню, доступ да якой быў схаваны вельмі старанна і нават досыць выдумана. З глыбіні куфэрка, які стаяў у сярэдзіне скрыні, выцягнуў ён вялізны пірог, запечаны ў алавяным блюдзе надзвычайных памераў. Гэту яду ён паставіў на стол, і госць, не трацячы часу, уласным кінжалам разрэзаў скарынку, каб пазнаёміцца з фаршам.

— Як даўно заходзіў сюды добры вартаўнік? — запытаў рыцар у гаспадара, паспеўшы праглынуць некалькі кавалачкаў фарша, які так своечасова з’явіўся ў дадатак да трапезы.

— Месяцы два таму назад, — адказаў пустэльнік.

— Клянуся богам, — сказаў рыцар, — у тваёй пустыні раз- по-раз натыкаешся на цуды! А я-ж гатоў быў прысягнуць, што сыты алень, з якога зроблены фарш для гэтага пірага, яшчэ на гэтым тыдні бегаў па лесу.

Пустэльнік крыху збянтэжыўся ад гэтай заўвагі і сядзеў з досыць жаласным выглядам, гледзячы, як хутка меншае пірог, на які госць накінуўся з пахвальным імпэтам, а самому яму няёмка было рабіць тое-ж пасля ўсяго, што ён нагаварыў наконт свайго ўстрымання.

— Я сам быў у Палестыне, сэр алтарнік, — сказаў рыцар, — і зараз успомніў, што паводле тамтэйшых звычаяў кожны гаспадар, частуючы госця, павінен сам браць удзел у трапезе, каб не падумалі, што ў ядзе ёсць атрута. Я, вядома, не думаю западозрыць святога чалавека ў здрадніцтве, аднак буду вельмі табе ўдзячны, калі ты зробіш згодна ўсходняга звычаю.

— Дарэмна вы маеце на ўвазе такія дзіўныя дапушчэнні, сэр рыцар, аднак, каб вас супакоіць, я згодзен адступіць ад сваіх правіл, — адказаў пустэльнік і, дзякуючы таму, што ў тыя часы ніхто яшчэ не бачыў ужывання відэльцаў, ён адразу-ж усадзіў пальцы ў сярэдзіну пірага.

Калі такім чынам лёд быў прабіты і цэрамоніі адкладзены ў бок, госць і гаспадар пачалі адзін перад адным завіхацца ўтаймоўваць свой апетыт. Але хоць госць, напэўна, пасціў значна даўжэй, пустэльнік з’еў куды больш яго.

— Святы алтарнік, — прагаварыў рыцар, утаймаваўшы свой голад, — я гатоў закласці свайго каня, што той сумленны вартаўнік, якому мы абавязаны гэтай надзвычай добрай дзічынай, пакінуў тут пляшку віна ці бочачку канарскага, ці чаго-небудзь такога, што варта заліць гэты цудоўнейшы пірог. Гэта, вядома, такая дробязь, што не магла ўтрымацца ў памяці старога постніка; а я думаю, што калі ты добра пашукаеш у той хованцы, дык пераканаешся, што я зусім праў у сваім дапушчэнні.

Замест адказу пустэльнік толькі ўсміхнуўся і, павярнуўшыся да скрыні, выцягнуў адтуль скураную бутлю, ёмістасцю з поўвядра. Потым ён прынёс два вялікіх келіхі з буйвалага рога у срэбнай аправе, і мяркуючы, што цяпер можна не сароміцца, наліў коптурам абодва келіхі і, сказаўшы паводле саксонскага звычаю: „Тваё здароўе, сэр Лены Рыцар“, выпіў сваю порцыю залпам.

— Тваё здароўе, святы алтарнік з Копмангерста! — адказаў рыцар і таксама асушыў свой келіх.

— А ці ведаеш, святы алтарнік, — сказаў падарожнік, спатоліўшы першы прыступ смагі, — я ўсё не магу надзівіцца, што чалавек, маючы такі целасклад, як ты, і пры тым такі прыемны бяседнік за сталом, задумаў жыць адзін, як палец у такой глушы. Памойму, вам лепш было-б жыць у замку або ў вежы, смачна есці, піць моцныя напіткі, а не тое, каб харчавацца струкамі і вадою або хоць-бы падачкамі нейкага вартаўніка… Будзь я на тваім месцы, я-б знайшоў сабе і пацеху і яду паляваннем на каралеўскую дзічыну. Ці мала добрых статкаў у гэтых лясах, і ніхто не падумае ўспомніць таго аленя, які пойдзе на карысць служкі святога Дунстана.

— Сэр Лены Рыцар, — адказаў алтарнік, — ты прапаведуеш небяспечныя рэчы, і лепш не гаварыць такіх слоў. Я сапраўды пустэльнік перад каралём і законам, і калі-б уздумаў карыстацца дзічынаю, не мінуць бы мне турмы, а можа нават, мая вопратка не выратавала-б мяне і ад шыбеніцы.

— А ўсё-такі, — сказаў рыцар, — будзь я на тваім месцы, выходзіў-бы ў відныя ночы, калі ляснікі і вартаўнікі палягуць спаць і, мармычучы малітвы, не-не ды і пусціў-б гартаваную стралу ў статак бурых аленяў, што пасуцца на зялёных лугавінках… Вырашы ты мае сумненні, святы алтарнік, няўжо ты ніколі не займаўся такімі справамі?

— Сябра Гультай, — адказаў пустэльнік, — ты бачыў у мяне ўсё, што магло цябе датычыць, і нават больш таго, што заслугоўвае няпрошаны госць, які ўрываецца сілком. Павер мне, карыстайся дабром і не выпытвай: на што табе ведаць, адкуль што бярэцца? Напаўняй свой келіх наздароўе, але, калі ласка, не задавай мне больш дзёрзкіх пытанняў, а то я табе дакажу, што калі-б я захацеў не на жарт супрацівіцца твайму ўваходу, ты-б тут не знайшоў прытулку.

— Гэта яшчэ больш распальвае маю цікавасць! — адказаў рыцар. — Ты самы таямнічы пустэльнік, якога я калі-небудзь сустракаў; і я хочу, перш чым развітацца, добра з табою пазнаёміцца. Што датычыцца тваіх пагроз, ведай, святы чалавек, што маё рамяство ў тым і заключаецца, каб адшукаць небяспекі ўсюды, дзе яны ёсць.

— Сэр Лены Рыцар, п’ю за тваё здароўе, — сказаў пустэльнік, — я высока цаню тваю адвагу, але досыць нізкай думкі аб тваёй кемлівасці. Калі хочаш схапіцца са мною роўнай зброяй, я табе па-прыяцельску і па брацкай любові так дам, што на цэлых дванаццаць месяцаў адвучу ад грахоў раскошы ды і ад цікавасці.

Рыцар выпіў з ім і папрасіў вызначыць род зброі.

— Ды няма такой зброі, — адказаў пустэльнік, — з якой я не быў-бы табе пара… Але калі ты даеш мне выбар зброі, што ты скажаш, мой сябра, аб такіх дрындушках?

За гэтымі словамі ён адамкнуў другую скрыню і вынуў адтуль пару шабель і шчытоў таго ўзору, якія насілі тагачасныя іёмены. Рыцар, які сачыў за яго рухамі, заўважыў у другой патайнай скрыні два ці тры добрых лукі, арбалет, пучок прыцэлаў для яго і цэлых шэсць калчанаў са стрэламі. Між іншымі прадметамі, далёка непрыстойнымі для духоўнай асобы, у глыбіні цёмнай скрыні кінулася яму ў вочы арфа.

— Ну, брат алтарнік, абяцаю табе, што не буду больш прыставаць з крыўднымі роспытамі, — сказаў рыцар. — Тое што я бачу ў гэтай скрыні, адказвае на ўсе мае неўразуменні, і, акрамя таго, я заўважыў там адну штучку (тут ён нагнуўся і сам выцягнуў арфу), на якой буду спаборнічаць з табою куды ахвотней, чым на мячах са шчытамі.

— Спадзяюся, сэр рыцар, — адказаў пустэльнік, — што цябе дарэмна празвалі Гультаём. Прызнаюся, ты здаешся мне вельмі падазроным малайчынаю. Тым не менш, ты ў мяне ў гасцях, і я не буду выпрабоўваць тваю мужнасць, калі сам гэтага не пажадаеш. Садзіся, налі свой келіх, будзем піць, спяваць і весяліцца. Калі ведаеш добрую песню, заўсёды будзеш прыемным госцем у Копмангерсце, пакуль буду я настаяцелем пры капліцы святога Дунстана, а гэта, бог дасць, працягнецца да таго часу, пакуль, замест шэрага балахона, не накрыюць меня зялёным дзёранам. Ну, што-ж ты не п’еш, налівай келіх паўней, таму што гэту арфу цяпер не хутка направіш. А нішто так не прачышчае голас і не абвастрае слых, як шклянка добрага віна. Што датычыць мяне, дык я люблю, каб вінцо пранізала мяне, дык я люблю, каб вінцо пранізала мяне да канца пальцаў, толькі тады і магу спрытна перабіраць струны.