Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XIV Айвенго. Раздзел XV
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





РАЗДЗЕЛ XV

НІ АДЗІН павук так не стараўся аднавіць тканіну сваёй разарванай павуціны, колькі Вальдэмар Фіц-Урс, які клапаціўся аб тым, каб сабраць і памірыць рассеяўшыхся членаў партыі прынца Іоана.

Калі Рычард вернецца, — гаварыў Фіц-Урс, — ён вернецца з тым, каб абагаціць сваіх збяднелых і згалелых прыхільнікаў за кошт тых, хто не хадзіў з ім у святую зямлю. Ён будзе патрабаваць жахлівай справаздачы ад усіх, хто ў яго адсутнасць правінаваціўся ў чым-небудзь супроць яго. Ён адпомсціць рыцарам храма і іонісцкага ордэна за тую перавагу, якую яны аказалі Філіпу, каралю французскаму, у часе войн у Палестыне. Карацей кажучы, вярнуўшыся, ён будзе караць, як здраднікаў, усіх прыхільнікаў свайго брата, прынца Іоана. Што датычыцца асабістых якасцей, — прадаўжаў Фіц-Урс, — магчыма, што прынц Іоан і горшы за свайго брата Рычарда; але калі разважыць, што Рычард звернецца не інакш, як з караючым мячом у руках, а Іоан прапануе ўзнагароды, забяспечанні, прывілеі, багатствы, пашаны, то, здаецца, няцяжка здагадацца, якога з іх выгадней падтрымліваць і каго дваранству разумней будзе пасадзіць на прастол…

Познім вечарам Вальдэмар Фіц-Урс, змучаны і змораны, звярнуўся ў замак Ашбі і, уступіўшы ў адну з ніжніх залаў, сустрэўся з рыцарам дэ-Брасі. Змяніўшы святочны гарнітур, у якім ён быў за абедам, рыцар надзеў зялёную кароткую камізэльку і штаны таго-ж колеру і матэрыялу, скураную шапачку, прывесіў з боку кароткі меч, перакінуў цераз плячо паляўнічы рог, заткнуў за пояс пучок стрэл, а ў руках трымаў доўгі лук. Калі-б Фіц-Урс сустрэў яго ў сенцах, ён прайшоў-бы міма, не звярнуўшы на яго ўвагі або палічыў яго за аднаго з іëменаў, якія складалі варту ў замку.

— Што гэта за блазенства, дэ-Брасі? — сказаў Фіц-Урс з прыкрасцю. — Чаму ты разам са мною не пайшоў да гэтых маладушных трусоў, якія так баяцца імя Рычарда?

— Я займаўся сваімі справамі, — адказаў дэ-Брасі спа- койна, — гэтак-жа як і вы, Фіц-Урс, займаліся вашымі.

— Я-то займаўся сваімі справамі? — ускрыкнуў Вальдэмар. — Не, я стараўся ўладжваць справы прынца Іона, нашага агульнага патрона.

— Але-ж ты, уладжваючы яго справы, — сказаў дэ-Брасі, — не маеш на ўвазе іншых мэтаў, акрамя сваіх уласных поспехаў?



Прынц Іоан занадта слабы чалавек, каб стаць рашучым манархам, і занадта дэспатычны, каб пры ім лёгка жылося на свеце, вельмі самаўпэўнены і дзёрзкі, каб набыць папулярнасць, і прытым такі няўстойлівы і баязлівы, што ва ўсякім выпадку не доўга ўседзіць на прастоле. Але гэта такі манарх, у часе царавання якога Фіц-Урс і дэ-Брасі спадзяюцца ўзвысіцца і расквісці; а таму вы дапамагаеце яму сваёй палітыкай, а я буду яго падтрымліваць добрымі коп’ямі маіх вольных дружын.

— Добры саюзнік! — сказаў Фіц-Урс нецярпліва. — У самы важны момант разыгрывае з сябе блазна!..

— Гэта з мэтаю дастаць сабе жонку, — халодна адказаў дэ-Брасі.

— Не разумею, што ты гаворыш! — паўтарыў Фіц-Урс.

— Я табе сказаў, што збіраюся даставаць сабе жонку, — сказаў дэ-Брасі. — Гэта значыць, што ў гэтым самым уборы я маю намер зрабіць напад на статак саксонскіх быкоў, што выехалі сёння з Ашбі, і адабраць ад іх красуню Равену. Уся віна нападу будзе прыпісана разбойнікам іёркшырскіх лясоў… У мяне верныя выведнікі, і я ведаю, як і куды паедуць саксонцы… Сёння яны начуюць у манастыры святога Вітоля або Вітольда, як-бы там не называўся гэты іх саксонскі святы, словам, — у Буртоне на Трэнце. А заўтрашні пераезд прывядзе іх акурат нам пад рукі, і мы, як сокалы, накінемся на іх. Тут я раптам з’яўляюся перад ёю ў сваім звычайным выглядзе, разыграю ролю ласкавага рыцара, вызвалю засмучоную красуню з рук грубых зладзеяў і праводжу яе ў замак Фрон дэ-Бёфа або вывезу ў Нармандыю, калі трэба будзе, і да таго часу не пакажу яе сваякам, пакуль яна не будзе законнай жонкай Морыса дэ-Брасі.

— Няма чаго сказаць, план хоць куды! — сказаў Фіц-Урс. — Я нават думаю, што ты не сам яго прыдумаў. Слухай, дэ-Брасі, скажы адкрыта, хто табе дапамагаў яго складаць і хто ўзяўся табе садзейнічаць? Таму што твая ўласная каманда адсюль няблізка, яна ледзь не ў Іёрку.

— Калі табе абавязкова захацеласл даведацца, калі ласка, — сказаў дэ-Брасі, — план гэтага прадпрыемства вынайшоў рыцар храма, Брыян дэ-Буагільбер, а першапачатковая думка належыць мне. Буагільбер дапаможа мне ўчыніць напад, ён-жа са сваімі людзьмі будзе ўяўляць разбойнікаў, а я потым, перамяніўшы вопратку, адаб’ю ў іх красуню.

У гэты час з унутраных пакояў данёсся голас прынца:

— Шляхетны Вальдэмар Фіц-Урс!

Будучы канцлер, — да гэтага звання імкнуўся хітры нармандзец, — хутка зняў з галавы шапачку і пайшоў на клік будучага манарха.