Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XII Айвенго. Раздзел XIII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XIII

ЯК ТОЛЬКІ было сказана імя Айвенго, яно паляцела з вуснаў у вусны з усёй хуткасцю, якую маглі надаць яму стараннасць і цікавасць іншых.

— Што вы скажаце, панове, — прагаварыў прынц Іоан, — і ў асаблівасці вы, сэр прыёр, аб дактрыне вучоных наконт уроджаных сімпатый і антыпатый? Мне здаецца, што я адчуваў прысутнасць тут гэтага ўлюбёнчыка майго брата, дарма што не меў падазрэння, хто хаваецца пад гэтым баявым узбраеннем!

— Фрон дэ-Бёф, відаць, павінен будзе звярнуць свой маёнтак Айвенго, — скаваў дэ-Брасі.

— Так, — дадаў Вальдэмар Фіц-Урс, — гэты рыцар, напэўна, будзе патрабаваць назад замак і сядзібу, падараваныя яму Рычардам, а з таго часу, дзякуючы вялікадушнасці вашай вялікасці, перайшоўшыя ва ўладанне Фрон дэ-Бëфа.

— Фрон дэ-Бёф, — засупярэчыў прынц Іоан, — хутчэй здольны праглынуць яшчэ тры маёнткі, як маёнтак Айвенго, чым выплюнуць хоць адно. Спадзяюся, што ніхто з вас не будзе адмаўляць майго права раздаваць ленныя маёнткі дзяржавы тым верным слугам, якія згрупаваліся вакол мяне.

— Гэты смельчак, — сказаў Вальдэмар, — наўрад ці наробіць клопатаў вашай светласці, а Фрон да-Бёф можа спакойна ўладаць сваімі маёнткамі: рыцар вельмі сур’ёзна паранены.

— Які-б не быў яго лёс, ён усё-такі пераможца сёнешняга дня, — сказаў прынц Іоан, — і няхай ён будзе ў дзесяць разоў большы вораг нам або сябра нашаму брату, што амаль адно і тое-ж, трэба залячыць яго раны… Мы пашлем нашага ўласнага ўрача падаць яму дапамогу.

Пры гэтых словах хмурная ўсмешка з’явілася на вуснах прынца. Вальдэмар паспяшаўся адказаць, што Айвенго панеслі ўжо з бегавішча, і ён знаходзіцца пад апекаю сваіх родзічаў.

— Мне было сумна глядзець, — прадаўжаў ён, — на засмучэнне царыцы кахання і хараства: адзін толькі дзень трэба было ёй цараваць, ды і той ператварыўся ў дзень смутку, дзякуючы гэтаму здарэнню. Лэдзі Равена з такой паважнасцю стрымлівала гора, што аб ім можна было дагадацца толькі па яе вачах.

— Хто гэта лэдзі Равена, — запытаў прынц Іоан. Я штосьці часта пра яе чую ў апошні час.

— Яна самая багатая наследніца саксонскага роду, — адказаў абат Эймер.

— Мы яе суцешым, — сказаў прынц Іоан, — і за адзін раз палепшым яе пароду, выдаўшы яе замуж за нармандца. Што ты на гэта скажаш, дэ-Брасі? Ці не хочаш атрымаць землі і прыбыткі, пажаніўшыся з саксонкаю.

— Калі землі будуць мне да густу, мілорд, — адказаў дэ-Брасі, — дык наконт нявесты я не буду патрабавальны.

— Мы гэтага не забудзем, — сказаў прынц Іоан, — а каб не траціць дарма часу, загадай нашаму сенешалю зрабіць распараджэнне, каб на сёнешнім вячэрнім банкеце была лэдзі Равена і ўся яе кампанія, гэта значыць і той неабчэсаны балван, яе апякун, і саксонскі бык, якога Чорны Рыцар зваліў сёння на турніры.

Сказаўшы гэта, прынц Іоан толькі што хацеў падаць сігнал да ад’езду з бегавшча, як падышоўшы слуга падаў яму маленькую запіску.

— Адкуль? — запытаў прынц, глянуўшы на прадаўца.

— З-за граніцы, гасудар, але не ведаю адкуль! Зараз гэты ліст прывёз сюды француз, які гаворыць, што імчаўся дзень і ноч з тым, каб уручыць яго вашай вялікасці.

Прынц Іоан уважліва паглядзеў на адрас, потым на пячаць, на шаўкавінку, якой была абматана згорнутая папера: на пячаці былі намаляваны тры кветкі лілеі. Прынц з відавочным хваляваннем разгарнуў ліст і, калі прачытаў яго змест, усхваляваўся яшчэ больш. У запісцы было напісана:

„Будзьце асцярожны, таму што д’ябал спушчаны з ланцуга“.

Прынц збялеў. Апамятаўшыся ад першага ўзрушэння ён адвёў у бок Вальдемара Фіц-Урса і де-Брасі і па чарзе даў прачытаць ім запіску.

— Гэта значыць, — сказаў ён упаўшым голасам, — што брат мой Рычард атрымаў волю.

— У такім выпадку, — сказаў Фіц-Урс, — час нашай партыі згрупавацца ў якім-небудзь цэнтральным пункце, у Іëрку, напрыклад. Калі прапусціць некалькі дзён, быць можа будзе ўжо вельмі позна. Вашай вялікасці трэба спыніць тутэйшую бязмэтную гульню.

— Як-жа, — сказаў дэ-Брасі, — нельга адпусціць ні з чым іëменаў; яны будуць нездаволены, калі не даць ім удзельнічаць у гульнях.

— Што-ж, — сказаў Вальдэмар, — цяпер рана і дзень яшчэ доўгі: няхай стралкі выпусцяць у цэль некалькі дзесяткаў стрэл, выдаць ім прыз, ды і справе канец. Тады ўсё абяцанае прынцам будзе выканана з лішкам, а цэрамоніцца няма чаго.

— Дзякую, Вальдэмар, — сказаў прынц, — між іншым, ты мне напомніў, што я павінен адпомсціць таму дзёрзкаму прасталюдзіну, які пасмеў учора зняважыць нашу асобу. Няхай і вячэрні банкет адбудзецца ў такім парадку, які быў вызначаны спачатку. Няхай я дажываю апошнюю гадзіну свае магутнасці, усё-ж я прысвечу яе помсце і пацехам… Заўтра будзе час падумаць аб новых клопатах.

Неўзабаве трубныя гукі зноў прывабілі гледачоў, якія пачыналі разыходзіцца, і ўсім было заяўлена, што прынц Іоан, нечакана выкліканы для выканання важных грамадскіх спраў, вымушаны адмяніць праграму заўтрашняга святкавання. Тым не менш, не жадаючы адпусціць такое мноства добрых іëменаў, не выпрабаваўшы іх майстэрства і спрытнасці, яму ўгодна было загадаць, каб сёння яны, не ўходзячы з бегавішча, наладзілі тут спаборніцтва ў стральбе з лука. Найлепшаму стралку абяцаны быў прыз, які складаўся з паляўнічага рога ў срэбнай аправе і шоўкавай перавязі з раскошнай вышыўкай і медальёнам святого Губерта, апякуна палявання.

Спачатку больш трыццаці іёменаў з’явіліся на спаборніцтва; з іх некаторыя былі ляснічыя і іх памочнікі, або лясныя вартаўнікі запаведных каралеўскіх лясоў. Але калі яны разабралі, з кім прыдзецца ім мерацца сіламі, чалавек дваццаць зусім адмовіліся ад стральбы.

Аднак усё-такі аказалася восем чалавек, якія пажадалі прыняць удзел у гэтым спаборніцтве.

Прынц Іоан сышоў з свайго ўзвышанага месца. Ён аглядаўся навокал, шукаючы прадмет сваёй учарашняй злосці, і заўважыў, што іëмен у зялёным стаіць на тым-жа самым месцы і так-жа спакойна, як напярэдадні.

— Гэй, малайчына, — сказаў прынц Іоан, — мяркуючы па тваёй нахабнай балбатні, я так і думаў, што ты не сапраўдны аматар страляння з лука. Як відаць, ты не адважваешся паказаць сваё майстэрства.

— Прашу прабачыць, сэр, — адказаў іëмен, — у мяне ёсць іншыя прычыны адмовіцца ад страляння, а не страх няўдачы.

— Якія-ж гэта прычыны? — запытаў прынц Іоан, які, не разумеючы гэтага, меў нейкую асаблівую цікавасць да гэтага чалавека.

— Папершае, — адказаў іëмен, — не ведаю ці прывыклі гэтыя стралкі біць у такія цэлі, да якіх прывык я; а падругое, не ведаю, ці ўгодна будзе вашай светласці, калі трэці прыз дастанецца чалавеку, які міжвольна заслужыў ваша незадавальненне.

Прынц Іоан пачырванеў і запытаў:



— Як цябе завуць?

— Локслі, — адказаў іёмен.

— Ну, Локслі, — прагаварыў прынц, — ты будзеш страляць пасля таго, як гэтыя іёмены пакажуць сваё майстэрства. Калі выйграеш прыз, дык я дам табе яшчэ дваццаць чырвонцаў узнагароды, але калі прайграеш, з цябе злупяць твае зялёнае сукно і пагоняць з агарожы пучкамі вяровак, як хвастуна і хлуса.

— А што калі я не захачу страляць на такіх умовах? Ваша светласць — чалавек магутны, што і казаць: у вас такое мноства ўзброенай варты, што злупіць з мяне адзежу і набіць будзе няцяжка, але нельга прымусіць мяне нацягнуць лук і выстраліць, калі я не захачу.

— Калі ты адмовішся ад мае справядлівае прапановы, старшына рассячэ тваю цеціву, зломіць лук і стрэлы і выганіць цябе адсюль, агаласіўшы цябе маладушным трусам.

— Вы асуджаеце мяне на вельмі рызыкоўны ўчынак, — сказаў іëмен, — і прымушаеце мяне на спаборніцтва з найлепшымі стралкамі Лейстэра і Стафордшыра, а ў выпадку няўдачы пагражаеце мяне такой ганьбой… Няма чаго рабіць, хай будзе павашаму.

— Вартаўнікі, прыглядаць за ім добранька! — сказаў прынц Іоан. — Ён ужо струсіў; а я не хочу, каб ён ухіліўся ад выпрабавання… А вы, добрыя малайцы, страляйце смялей. Смажаны алень і бочка віна падрыхтаваны для вас вось у той палатцы; пасля ўручэння прызоў падмацуеце свае сілы.

У верхнім канцы паўднёвага праезда, што вядзе на бегавішча, паставілі мішэнь. Стралкі падыходзілі па чарзе і станавіліся каля ніжняга канца паўднёвага праезда, адсюль да мішэні адкрывалася прастора, дастатковая для стральбы з лука. Стралкі зараней цягнул жрэб’е, у якім парадку станавіцца на прыцэл, і кожны павінен быў выпусціць па тры стралы падрад.

Адзін за другім выступалі стралкі і бадзёра пасылалі ў цэль свае стрэлы, як належала добрым іёменам. З дваццаці чатырох стрэл дзесяць уткнуліся ў мішэнь, а астатнія размясціліся так блізка ад яе, што выстралы можна было лічыць досыць удалымі. З дзесяці стрэл, што папалі ў мішэнь, дзве ўткнуліся ва ўнутраны круг і абедзве належалі Губерту, ляснічаму, які служыў у Мальвуазена. Яго і прызналі пераможцам.

— Ну, Локслі, — сказаў прынц Іоан, з едкай усмешкай звяртаючыся да смелага іёмена, хочаш цяпер памерацца з Губертам або палічыш за лепшае аддаць свой лук і перавязь з калчанам прыставу?

— Калі інакш нельга, — сказаў Локслі, — я не супроць паспрабаваць шчасце, толькі з умоваю, што калі два разы я пападу ў цэль Губерта, дык і ён павінен будзе страляць у тую, якую я вызначу.

— Гэта справядлівае патрабаванне, — сказаў прынц Іоан, — і ў гэтым табе адмовы не будзе. А калі ты пераможаш гэтага хвастуна, Губерт, я насыплю табе поўны рог серабра.

— Пастараюся, як умею, — адказаў Губерт.

Першую мішэнь цяпер знялі з месца і паставілі другую, акурат такую-ж. Губерт, у якасці пераможца, які меў права страляць першым, доўга цэліўся, прыкідваючы вокам адлегласць, увесь час трымаючы лук нацягнутым і палажыўшы стралу на цеціву. Урэшце ён ступіў крок наперад і, выцягнуўшы левую руку, падняў сярэдзіну лука на ўзровень са сваім тварам, а цеціву выцягнуў аж да свайго вуха. Страла са свістам паляцела і ўткнулася ў круг, але не ў самую сярэдзіну мішэні.

— Вы не ўлічылі ветру, Губерт, — сказаў яго спаборнік, нацягваючы свой лук, — а то вы папалі-б яшчэ лепш.

Прыцэліўшыся неахайна, Локслі пусціў сваю стралу. Яго страла папала на дзве цалі бліжэй да белай плямы, якая азначала цэнтр мішэні, чым страла Губерта.

— Клянуся, — сказаў прынц Іоан Губерту, — калі ты дасі, каб гэты нягоднік цябе перамог, цябе варта павесіць!

Губерт зноў стаў на месца і, памятаючы параду свайго спаборніка улічыў слабы подых ветру, які толькі што ўзняўся, прыцэліўся і выстраліў так удала, што папаў у самую сярэдзіну мішэні.

— Губерт! Губерт! — закрычаў натоўп, больш зацікаўлены поспехам вядомай яму асобы, чым незнаёмца. — У самы цвік папаў! Многія леты Губерту!

— Лепш гэтага стрэлу табе не ўдасца зрабіць, Локслі, — сказаў прынц са злараднай усмешкай.

— А-ну, я падаб’ю яго стралу, — спакойна адказаў Локслі, і, пусціўшы стралу некалькі больш уважліва чым раней, пасадзіў яе на стралу Губерта, расшчапіўшы яе ўшчэнт.

Гледачы, якія таўпіліся вакол, былі так здзіўлены такім цудам майстэрства, што анямелі на месцы і нават не усклікнулі.

— Гэта, напэўна, не чалавек, а сам д’ябал! — шапталі адзін аднаму іëмены, — такога стрэлу ніколі ў нас не бачылі з таго часу, як у Брытаніі завялася стральба з лука.

— А цяпер, — сказаў Локслі, — я папрашу вашу высокасць дазволіць мне паставіць такую цэль, як гэта вядзецца ў нас у Паўночнай вобласці, і калі ласка, няхай паспрабуе ў яе папасці любы ўдалы іëмен, які жадае заслужыць усмешку той прыгожай дзяўчыны, якая яму больш да спадобы.

З гэтымі словамі ён накіраваўся вон з агарожы, але азірнуўшыся дадаў:

— Калі хочаце, пашліце варту са мною: я пайду зрэзваць палку з бліжэйшай вярбы.

Прынц Іоан даў знак прыслузе ісці за ім, баючыся, каб ён не ўцёк. Але з усіх бакоў узняўся крык: „сорам, сорам!“, і прынц, уступаючы голасу натоўпа, адмяніў абразлівае распараджэнне.

Локслі вярнуўся і прынёс ракітавы прут футаў у шэсць вышынёю, зусім просты і крыху таўсцей пальца. Ён пачаў спакойна здзіраць з яго кару, гаворачы ў той-жа час, што прапанаваць добраму паляўнічаму страляць у такую шырокую мішэнь, якая была пастаўлена, значыць насміхацца над яго ўмельствам.

— У нас, — гаварыў ён, — сямігадовы хлопчык пападае стралою ў такую мішень.

Потым разважаным крокам пайшоў на супроцьлеглы канец бегавішча, уваткнуў ракітавы пруцік у зямлю і сказаў:

— А вось, калі кто пападзе ў гэты кій на адлегласці сто ярдаў, таго я назаву добрым стралком і скажу, што ён варты насіць лук і стрэлы ў прысутнасці самага караля… Рычарда.

— Мой дзед, — сказаў Губерт, — шмат страляў з лука ў бойцы пры Гасцінгсу, але ў такія мішэні не страляў, ды і я не буду.

— Труслівы сабака! — сказаў прынц Іоан, — Ну, Локслі, шальмец, страляй хоць ты, і калі пападзеш у цэль, я скажу што ты першы чалавек на такія справы. Як бы там ні было, не здарма ты нам вушы прагудзеў сваім дзіўным умельствам.

— Пастараюся, як умею, — адказаў Локслі.

— Ён зноў нацягнуў лук, але папярэдне перамяніў цеціву, знаходзячы, што яна не досыць круглая і паспела крыху перацерціся ад двух папярэдніх стрэлаў. На гэты раз ён прыцэліўся куды акуратней, і натоўп народу, прытаіўшы дыханне, чакаў, што будзе. Стралок апраўдаў агульную ўпэўненасць у яго майстэрстве: страла расшчапіла пруцік. Вырваўся выбух выкрыкаў захаплення; сам прынц Іоан забыў на хвіліну свае варожыя адносіны да Локслі.

— Вось табе дваццаць чырвонцаў, — сказаў ён, — і паляўнічы рог, які ты сумленна заслужыў. Мы прапануем табе яшчэ трыццаць чырвонцаў, калі ты згодзен насіць нашу форму і паступіць да нас на службу целахраніцеля нашай асобы. Ніколі рука мацней твае не валодала лукам, і вярней цябе ні адно вока не накіруе стралу.

— Выбачце мяне, прынц, — сказаў Локслі, — я даў зарок, што калі і паступлю можа на службу, то не інакш, як да брата вашай вялікасці, караля Рычарда. Гэтыя дваццаць чырвонцаў я аддаю Губерту: ён сёння страляў з лука нічуць не горш, чым яго пакойны дзед у бойцы ля Гасцінгса. Калі-б ён са скромнасці не адмовіўся ад спаборніцтва, ён-бы гэтак-жа папаў у пруцік, як і я.

Губерт пакруціў галавою і неахвотна прыняў шчодры падарунак незнаёмца, а Локслі, жадаючы хутчэй пазбегнуць агульнай увагі, замяшаўся ў натоўп і больш не паказваўся.

Падаўшы знак усім разыходзіцца з бегавішча, прынц Іоан паклікаў свайго дварэцкага і загадаў яму безадкладна імчацца ў Ашбі і знайсці там Ісаака.

— Скажы яму, — загадаў ён, — каб да заходу сонца абавязкова прыслаў мне сёння-ж дзве тысячы крон. Ён ведае якое я дам забеспячэнне; але ты ўсё-такі пакажы яму гэты пярсцёнак, каб ён не сумняваўся, што ты ад мяне. Астатнюю суму няхай ён даставіць мне ў Іёрк не пазней як праз шэсць дзён. Калі не выканае гэтага, я з яго зніму галаву.