Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XI Айвенго. Раздзел XII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XII

НА ДРУГІ дзень раніцою, ледзь толькі сонца выкацілася з-за гарызонта, найбольшыя гультаі, або самыя старанныя гледачы пацягнуліся з розных бакоў па зялёнай лугавіне да бегавішча.

Следам за імі з’явіліся на ратнае поле маршалы са сваімі слугамі і герольды; ім трэ’ было прыняць і запісаць заявы рыцараў, што жадалі спаборнічаць на турніры гэтага дня, запісаць у спісы іх імёны, а таксама, з якога боку той ці іншы мае намер біцца.

Дзеля захавання звычайнай фармальнасці, рыцар Пазбаўлены Спадчыны быў прызначаны правадыром першай партыі, а Брыян дэ-Буагільбер, як найлепшы пасля яго баец мінулага дня, прызначан быў правадыром супраціўнай партыі. Да яго далучыліся, вядома, усе першапачатковыя арганізатары турніру, за выключэннем Ральфа дэ-Віпонта, які з прычыны цяжкіх пашкоджанняў, атрыманых напярэдадні, яшчэ не ў сіле быў надзець узбраенне. З кожнага боку запісалася каля пяцідзесяці рыцараў.

Прыехаў прынц Іоан з сваёю дружынаю, а за ім цэлы натоўп рыцараў, як тых што жадалі біцца, так і другіх, якія не мелі такога намеру.

Прыблізна ў той-жа час прыехалі і Седрык-Саксонец з лэдзі Равенай, але без Атэльстана. Гэты саксонскі лорд апрануў сваю высокую і шчытную асобу ў баявы панцыр і заявіў, што стане ў рады байцоў, але, на вялікае здзіўленне Седрыка, ён запісаўся не ў праціўнікі, а ў прыхільнікі Брыяна дэ-Буагільбера.

У яго была свая прычына прыстаць да партыі храмоўніка, але ён разважна змоўчаў аб ёй. Хоць, па вяласці свайго нораву, Атэльстан не выказваў ніякага старання спадабацца лэдзі Равене, тым не менш ён быў далёка не раўнадушны да яе і лічыў, што яго шлюб з ёю справа вырашаная. Горды, хоць і гультаяваты ўладар Конінгсбурга з прытоеным незадавальненнем глядзеў на тое, як герой учарашняга дня выбраў Равену на тую ганаровую пасаду, якая была ў яго распараджэнні паводле права пераможцы. Атэльстан уздумаў пакараць яго за такое дзёрзкае парушэнне сваіх уласных правоў і, упэўнены ў сваёй пераможнай сіле і спрытНасці ў бойцы (у чым яго заўсёды ўпэўнівалі ўсе яго прыспешнікі), рашыў не толькі адмовіць рыцару Пазбаўленаму Спадчыны ў сваёй дапамозе, але пры зручным выпадку самому напасці на яго ўсім цяжарам сваёй баявой сякеры.

З прычыны такога намёку, зробленага на гэты конт прынцам, дэ-Брасі і некаторыя іншыя прыбліжаныя да яго рыцары таксама запісаліся ў партыю зачыншчыкаў.

Як толькі прынц Іоан заўважыў, што царыца турніру пад’ехала да бегавішча, ён паскакаў ёй насустрач, зняў шапачку і, саскочыўшы з каня, сам дапамог ёй сысці з каня, а ўся яго дружына агаліла галовы, і адзін з самых важных саноўнікаў, таксама саскочыўшы, трымаў за вуздэчку яе каня.

— Як бачыце, — сказаў прынц Іоан, — мы самі падаем прыклад вернападданых пачуццяў да царыцы кахання і хараства і ўласнай асобай узвядзем яе на трон, які яна заклікана займаць на гэты дзень. Шляхетныя дамы, — звярнуўся ён да галярэі, — калі ласка, падыходзьце да вашай уладарніцы, калі жадаеце ў сваю чаргу мець такую-ж пашану.

З гэтымі словамі прынц правёў лэдзі Равену да троннай ложы, а самыя прыгожыя і знатныя з дам паспяшаліся следам за ёю, імкнучыся прысесці, як мага бліжэй да свае царыцы.

Як толькі Равена села на месца, пачулася ўрачыстая музыка, напалову заглушаная прывітальнымі крыкамі натоўпу. Яркае сонца пралівала асляпляючы бляск на паліраванае ўзбраенне рыцараў, якія стаялі натоўпам па абодвух канцах бегавішча і горача абмяркоўвалі між сабою аб найлепшым размяшчэнні сваіх сіл, каб забяспечыць сабе перамогу над праціўнікамі.

Герольды запрасілі публіку змоўкнуць на час чытання правіл турніру.

Рыцары з абодвух канцоў арэны ўз’ехалі доўгімі чародам і выстраіліся адзін супроць аднаго падвойнымі радамі, прычым кіраўнік кожнай партыі стаў акурат пасярэдзіне пярэдняга раду; аднак, ён толькі тады заняў гэта месца, калі размясціў у поўным парадку ўсіх астатніх. Доўгія коп’і рыцараў стаялі простастаўна, іх вострыя наканечнікі блішчэлі на сонцы, а яркія значкі, якімі яны былі ўпрыгожаны, жвава луналі над радамі шлемаў, усаджаных пучкамі пер’яў. У такім становішчы заставаліся яны ўвесь час, покуль маршалы правяралі рады, дакладна падлічваючы, каб колькасць кожнай партыі і кожнага з яе радоў была зусім аднолькава. Падлік аказаўся зусім верны. Тады маршалы пайшлі з бегавішча, і Вільям дэ-Вівіль моцным голасам крыкнуў умоўны сказ:

— Пускайце!

Загучэлі трубы… коп’і разам схіліліся на падпоркі, шпоры ўрэзаліся ў конскія бакі, пярэднія рады абодвух партый наўскач паімчаліся адзін на аднаго і сшыбліся пасярод бегавішча так, што гуд ад гэтай сустрэчы быў чутны за мілю адгэтуль.

Заднія рады з абодвух бакоў рушыліся ўперад больш павольна, каб дапамагчы тым з сваіх, якія ўпалі, або паспрабаваць сваё шчасце з тым, хто перамог.

Аб выніках першай сутычкі не адразу можна было меркаваць, таму што пыл, які ўзняўся з-пад капытоў коняй, затуманіў паветра. Калі стала відаць, што там адбываецца, аказалася, што добрая палова рыцараў абодвух партый выбіта з сëдзел.

Коннікі, якія ўтрымаліся на конях, але страцілі коп’і, ушчэнт паламаныя ў хвіліну першага націску, выхапілі мячы і, выкрыкваючы свае баявыя дэвізы, абменьваліся такімі ўдарамі, як быццам ад выніку гэтай бойкі залежаў іх гонар і самое жыццё.

Завіруха яшчэ больш павялічылася, калі з абодвух бакоў падаспелі другія рады, якія, як-бы рэзервы, кінуліся на дапамогу сваім таварышам.

Па меры таго, як байцы сшыбаліся з узрастаючай ярасцю і з пераменным поспехам, хваля перамогі перакідвалася то на паўднёвы, то на паўночны канец бегавішча, мяркуючы па таму, якая партыя атрымлівала верх. Між тым стук удараў, груканне ўзбраення і выкрыкі байцоў, мяшаючыся з гукамі труб, рабілі жахлівае ўражанне і заглушалі стогны тых, што ўпалі і бездапаможна качаліся па зямлі, тады як коні тапталі іх нагамі. Раскошнае ўзбраенне рыцараў пакрывалася пылам і крывёю, лопаючыся і даючы шчыліны пры кожным удары мяча або сякеры. Пышнае пер’е, сарванае з верху шлемаў, узлятала ў паветра і падала, як сняжынкі.

Абодва правадыры партыі адрозніваліся цудамі адвагі і ніхто не знаходзіў у радах сваіх праціўнікаў такога байца, які сапраўды быў роўны Буагільберу, з аднаго боку, і рыцару Пазбаўленаму Спадчыны, з другога. Абодва, натхнёныя ўзаемнай варожасцю, не адзін раз шукалі адзін аднаго, ведаючы, што падзенне аднаго з правадыроў роўна рашучай перамозе супраціўнага боку. Але такая была цесната і беспарадак гэтай агульнай калатнечы, што ў пачатку сутычкі яны ніяк не маглі прабіцца адзін да аднаго.

Але паволі натоўп пачаў радзець: адны прызналі сябе пераможанымі, другіх загналі да абодвух канцоў агарожы і тым пазбавілі права ўдзельнічаць у спаборніцтве, трэція ляжалі распластанымі на бегавішчы, і храмоўнік з рыцарам Пазбаўленым Спадчыны сышліся ўрэшце сам-на-сам. Сіла і спрыт, з якімі яны наносілі і адбівалі ўдары, былі настолькі дзіўныя, што ў гледачоў вырываліся адзінадушныя выкрыкі захаплення і здзіўлення.

У гэту хвіліну партыя рыцара Пазбаўленага Спадчыны была ў нявыгодным становішчы: на адным флангу працавала рука асілка Рэджынальда Фрон дэ-Бёфа, на другім Атэльстан напіраў сваёй сілай і непамернай цяжкасцю так, што тыя хто біўся з імі раз-по-раз падалі або разляталіся ў розныя бакі. Бачачы, што перад імі няма больш непасрэдных праціўнікаў, абодва гэтыя рыцары адначасна сцямілі, што дадуць рашучую перамогу сваёй партыі, калі дапамогуць храмоўніку перамагчы яго ворага. Таму абодва разам павярнулі коняй і з розных бакоў паімчаліся на рыцара Пазбаўленага Спадчыны.

— Сцеражыся, сцеражыся, сэр Пазбаўлены Спадчыны! — крычаў натоўп, так што рыцар своечасова ўбачыў

пагражаючую сутычку і, з усёй сілы ўдарыўшы храмоўніка, асадзіў свайго каня назад так, каб пазбегчы націску Атэльстана і Рэджынальда Фрон дэ-Бëфа. Такім чынам абодва гэтыя рыцары не дасяглі сваёй мэты, ледзь не сшыбліся адзін з адным і праімчаліся паміж храмоўнікам і яго праціўнікам, не будучы ў сіле своечасова ўтрымаць коняй. Урэшце яны справіліся з коньмі, павярнулі іх назад і ўсе трое паімчаліся супроць рыцара Пазбаўленага Спадчыны з намерам збіць яго на зямлю.

Нішто не магло-б яго выратаваць, калі-б не дзіўная сіла і порскасць надзвычайнага каня, які яму дастаўся напярэдадні.

Рыцар Пазбаўлены Спадчыны так лоўка кіраваў канëм, што ў працягу некалькіх хвілін ён мог адбівацца ад усіх трох праціўнікаў, настаўляючы на іх толькі востры канец свайго мяча. З паваротнасцю сокала выкручваўся ён то ўправа, то ўлева, стараючыся па магчымасці разлучыць іх і, кідаючыся то на аднаго, то на другога, на-ляту ўдараючы іх мячом і той час адскокваючы далей, перш чым паспявалі закрануць яго самога.

Уся публіка шалёна апладыравала яго майстэрству, але было відаць, што ён усё-такі павінен упасці пад напорам трох праціўнікаў.

Тады ўсе прыбліжаныя прынца Іоана пачалі ўпрашваць яго хутчэй кінуць посах на арэну, каб выратаваць адважнага рыцара ад бясслаўнага паражэння.

— Ну, не, клянуся нябёсамі, — адказваў прынц, — гэты малойчык, што скрывае сваё імя ды яшчэ грэбуе нашым хлебасольствам, атрымаў ужо адзін прыз, няхай цяпер другія выйгрываюць.

Ледзь толькі ён прамовіў гэтыя словы, як нечаканы выпадак вырашыў лёс гэтага дня.

У ліку староннікаў рыцара Пазбаўленага Спадчыны быў адзін рыцар у чорным панцыры, верхам на вараным кані найлепшага завода, відаць, такі-ж моцны і магутны, як і сядзеўшы на ім коннік. У гэтага рыцара на шчыце не было ніякага дзвіза і ён да гэтага часу выказваў вельмі мала цікавасці да выніку спаборніцтва, з вялікай лёгкасцю адбіваючы напад тых, хто хацеў біцца з ім, але нікога не праследваў і сам нікога не выклікаў. Словам, ён іграў хутчэй ролю гледача, чым дзейнага ўдзельніка ў турніры, і гэтыя абставіны, ужо заўважаныя асобнымі гледачамі, далі ім зачэпку празваць яго Чорным Гультаëм.

Раптам гэты рыцар быццам прачнуўся ад свайго аслупянення, убачыўшы, як заўзята прыціскаюць правадыра яго партыі. Прышпорыўшы свайго каня, які быў зусім свежы, ён, як маланка, паімчаўся на дапамогу таварышу, зычным голасам крыкнуўшы:

— Пазбаўлены Спадчыны! На выручку!

І якраз упору. У той час як рыцар Пазбаўлены Спадчыны біўся з храмоўнікам, Фрон дэ-Бёф ляцеў на яго з узнятым мячом; але раней чым паспеў ударыць, чорны коннік хапіў яго па галаве; сасклізнуўшы з паліраванага шлема, яго меч са страшэннай сілай зрываецца на налічнік каня, і Фрон дэ-Бёф рухнуў на зямлю разам з канём, абодва аглушаныя гэтым моцным ударам. Тады Чорны Гультай павярнуўся да Атэльстана Конінгсбургскага і, дзякуючы таму, што меч яго зламаўся ў сутычцы з Рэджынальдам, ён выхапіў з рук саксонскага асілка яго цяжкую сякеру і ёю так памайстэрску ўдарыў яго па грэбні шлема, што Атэльстан непрытомны распластаўся на зямлі. Зрабіўшы гэтыя два геройскія ўчынкі, чорны рыцар як быццам зрабіўся зноў вялым безудзельнікам і спакойна ад’ехаў у паўночны канец бегавішча, пакідаючы свайму правадыру расквітацца, як ведае, з Брыянам дэ-Буагільберам.

Гэта была ўжо няцяжкая задача. Конь храмоўніка спусціў шмат крыві і, не вытрымаўшы апошняй сутычкі з рыцарам Пазбаўленым Спадчыны, рухнуўся на бок. Брыян дэ-Буагільбер пакаціўся на зямлю, заблытаўшыся нагою ў стрэмені, і ніяк не мог вызваліць яе адтуль. Яго праціўнік мігам саскочыў з каня і, занёсшы фатальны меч над галавою пераможанага ворага, загадаў яму здавацца. Тады прынц Іоан, больш усхваляваны небяспекаю, у якой знаходзіўся рыцар храма, чым цікавасцю да лёсу яго праціўніка, пазбавіў Буагільбера ад знявагі прызнаць сябе пераможаным, кінуў на арэну свой посах і тым скончыў спаборніцтва.

Зброяносцы, якія лічылі вялікай небяспекай і цяжкасцю падаваць дапамогу сваім гаспадарам у часе бойкі, цяпер цэлым натоўпам увайшлі ў агарожу, з мэтаю аказаць дапамогу параненым, якіх перанеслі ў суседнія шатры, а некаторых — у іншыя памяшканні, прыгатаваныя ў бліжэйшым паселішчы.

Глеба бегавішча была слізкая ад пралітай крыві і ўсеяна абломкамі зброі і целамі забітых і параненых коняй. І праз гэта поле маршалы зноў павялі пераможца да падножжа трона прынца Іоана.

— Рыцар Пазбаўлены Спадчыны, — сказаў прынц Іоан, — калі вы ўсё яшчэ не згодны абвясціць нам сваё сапраўднае імя, мы пад гэтым тытулам у другі раз прызнаем вас пераможцам на турніры і паведамляем вам, што вы маеце права атрымаць з рук царыцы кахання і хараства ганаровы вянок, які вы сваёю адвагаю поўнасцю заслужылі.

Рыцар пакланіўся пачціва і грацыёзна, але ні слова не сказаў у адказ.

Зноў загучэлі трубы, і герольды, крычучы з усіх сіл, агаласілі гонар адважнаму і славу пераможцу. Дамы замахалі сваімі шоўкавымі хусткамі і вышытымі пакрываламі. Гледачы адзінадушна і голасна выказвалі сваё захапленне, а маршалы зноў павялі рыцара ўпоперак арэны да падножжа ганаровага месца, дзе сядзела лэдзі Равена.

Пераможца паставілі на ніжнюю ступень яе трона на калені. З той хвіліны, як спынілася пабоішча, ён як быццам рухаўся і дзейнічаў не па сваёй волі, а пад уплывам акружаючых яго людзей; пакуль яго ў другі раз вялі праз бегавішча, некаторыя заўважылі нават, што ён хістаецца. Равена сышла з узвышша і толькі што хацела ўздзець вянок, што быў у яе руках, на шлем рыцара, як усе маршалы ўскрыкнулі ў адзін голас:

— Так нельга! Трэба, каб ён агаліў галаву!

Разрэзаўшы завязкі шлема і расшпіліўшы панцырны нашыйнік, яны агалілі яму галаву. Калі знялі шлем, выявіліся прыгожыя рысы юнака гадоў дваццаці пяці, укрытыя цэлым лесам кароткіх кучаравых валасоў светларусага колеру. Загарэлы твар яго быў бледны, як смерць, і ў адным або двух месцах заплямены крывёю.

Як толькі Равена ўбачыла яго, з грудзей яе вырваўся слабы крык, але яна ў той-жа час, з прысутнай ёй мужнасцю, авалодала сабою. Яна ўзлажыла на схіленую перад ёю галаву рыцара раскошны вянок, прызначаны ва ўзнагароду пераможцу, і прамовіла выразна і раздзельна наступныя словы:

— Дарую табе гэты вянок, сэр рыцар, ва ўзнагароду за адвагу, выказаную табою сёння, як пераможцу над усімі, — тут яна змоўкла на некалькі секунд, але потым дадала з цвёрдасцю: — і ніколі вянок не ўскладаўся на галаву больш вартую ўзнагароды, чым тваю!

Рыцар схіліў галаву і пацалаваў руку прыгожай царыцы, што ўручыла яму ўзнагароду за адвагу, потым яшчэ больш падаўся наперад і ўпаў.

Адбылося ўсеагульнае замяшанне. Седрык, спачатку анямеўшы ад здзіўлення пры нечаканым з’яўленні свайго выгнанага сына, кінуўся наперад, як-бы з мэтай разлучыць яго з Равенай. Але маршалы паспелі папярэдзіць яго: адгадаўшы прычыну, чаму Айвенго страціў прытомнасць, яны паспяшалі яго панесці і, расшпіліўшы яго панцыр, убачылі, што нагруднік яго быў прабіты вострым кап’ём, якое параніла яго ў бок.