Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VII Айвенго. Раздзел VIII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел IX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VIII

ПРЫНЦ Іоан прадаўжаў буйным трушком аб’язджаць арэну, раптам спыніў каня і, звяртаючыся да абата Эймера, сказаў:

— Святыя ўгоднікі! Ці ведаеце, сэр прыёр, што мы забыліся прызначыць царыцу кахання і хараства, якая павінна сёння раздаваць узнагароды. Што да мяне, дык у мяне погляды на рэчы самыя шырокія, і я не задумаюся падаць голас за чорнавокую Рэвеку, дачку Ісаака.

— Рэвека далёка ўступае ў харастве прыгожай саксонцы Равене.

— Ці не ўсёроўна! — адказаў прынц. — Сапраўды, выберам Рэвеку, хоць-бы для таго, каб добра падражніць саксонцаў.

Нават сярод прыдворных, якія непасрэдна яго акружалі, пачуліся нараканні.

— Гэта ўжо не жарт, мілорд, — сказаў дэ-Брасі, — ні адзін рыцар не выедзе на арэну, калі ўчыніць такую крыўду тутэйшаму сходу.

— І крыўда зусім дарэмная, — сказаў адзін з старэйшых і найбольш значных вяльмож прынцавай дружыны, па прозвішчу Вальдемар Фіц-Урс. — Калі ваша светласць здзейсніць гэту фантазію, яна вельмі пашкодзіць вашым-жа ўласным планам.

— Я вас запрасіў, сэр, — заявіў прынц ганарыста, прытрымаўшы свайго каня і звяртаючыся да яго; — я вас запрасіў быць у маёй дружыне, але не прасіў вашых парад.

— Усякі, хто следуе за вашай светласцю па тых шляхах, якія вы зрабілі ласку выбраць, — сказаў Вальдэмар, знізіўшы голас, — атрымаў права даваць вам парады, таму што вашы інтарэсы і небяспека непарыўна звязаны з нашымі ўласнымі.

Гэта было сказана такім тонам, што прынц убачыў неабходнасць паправіць сваю памылку.

— Я пажартаваў, — сказаў ён, — а вы ўжо накінуліся на мяне з усіх бакоў, быццам зграя вужоў. Выбірайце каго хочаце, чорт забяры!

— Не, не, — сказаў дэ-Брасі, — пакіньце трон цудоўнай царыцы незанятым, і няхай той, хто выйдзе пераможцам выбярэ тую даму, якая яго цікавіць. Гэта яшчэ павялічыць пекнату яго ўрачыстасці і навучыць дам цаніць каханне адважных рыцараў.

— Калі пераможцам акажацца Брыян дэ-Буагільбер, — сказаў прыёр, — я гатоў закласці свой ружанец, што раней магу назваць хто будзе царыцай кахання і хараства…

— Буагільбер, — сказаў дэ-Брасі, — добры баец, але тут нямала рыцараў, сэр прыёр, якія не пабаяцца памераць з ім сілу.

— Змоўкнем, панове, — сказаў Вальдемар, — і няхай прынц зойме сваё месца. І гледачы, і байцы прыходзяць у нецярпенне, позні час, даўно час пачынаць турнір.

Прынц Іоан хоць і не быў яшчэ манархам, але у асобе Вальдемара Фіц-Урс меў любімага першага міністра, які згодзен служыць свайму ўладару, але не інакш, як на свой уласны лад. Прынц, наогул упарты, павінен быў яму ўступаць. Ён сеў на сваё троннае крэсла і, калі дружына сабралася вакол яго, падаў знак герольдам, каб агалашалі правілы турніру.

Папершае, пяць рыцараў-арганізатараў выклікалі на бой усіх жадаючых.

Падругое, кожны рыцар, які жадае прыняць удзел у турніры, меў права выбраць сабе праціўніка з ліку пяці зачыншчыкаў, і для гэтага павінен быў толькі дакрануцца да яго шчыта. Калі ён дакрануўся тупым канцом свайго кап’я, гэта азначала, што ён жадае спаборнічаць тупой зброяй, гэта значыць такімі коп’ямі, на вастрыё якіх надзяваліся плоскія драўляныя наканечнікі. Але калі да шчыта дакраналіся вострыём кап’я, гэта значыла, што жадаюць біцца насмерць, гэта значыць такой-жа вострай зброяй, як і ў сапраўдных бойках.

Патрэцяе, калі рыцары выканаюць праграму спаборніцтваў, гэта значыць калі кожны з іх пераломіць кап’ё па пяць разоў, прынц абвесціць, хто будзе назначаны пераможцам гэтага дня, і загадае выдаць яму прыз — баявога каня надзвычайнага хараства і непараўнаўчай сілы, а ў дадатак да гэтай узнагароды адважнаму пераможцу гэтага дня прадстаўляецца асаблівы гонар самому выбраць царыцу кахання і хараства, якая назаўтра ўвянчае таго, хто выйграе прыз.

Пачацвёртае, абвяшчалася, што на другі дзень адбудзецца ўсеагульны турнір, у якім усе рыцары, што жадаюць атрымаць прыз, могуць прыняць удзел, што іх падзеляць на дзве партыі, роўныя па колькасці, і яны могуць біцца, пакуль прынц Іоан не падасць сігналу да сканчэння спаборніцтва, пасля чаго выбраная царыца кахання і хараства ўвянчае таго рыцара, якога сам прынц прызнае пераможцам вянком з залатых лаўровых лісцяў тонкай работы. На трэці дзень адбудзецца спаборніцтва ў стральбе з лука, бой быкоў і іншыя народныя пацехі.

Герольды скончылі чытанне сваёй пракламацыі звычайным выгукам: „Шчодрасць, шчодрасць, адважныя рыцары!“ І з усіх галярэй пасыпаліся да іх залатыя і срэбныя манеты, таму што адным з галоўнейшых правіл рыцарства была шчодрасць у адносінах да герольдаў, якія ў той час адыгрывалі ролю летапісцаў і гісторыкаў ратнага поля. У адказ на атрыманыя падарункі яны паводле звычаю выгуквалі: „Любоў к дамам! Смерць праціўнікам! Гонар вялікадушнаму! Слава адважным!“, а больш сціплая публіка далучала да гэтых выгукаў свае радасныя ўскрыкі. Трубачы аглашалі паветра гукамі сваіх інструментаў. Калі змоўклі ўсе гэтыя гукі, герольды прыгожай чарадой выехалі з арэны і на бегавішчы нікога не засталося, за выключэннем маршалаў, якія ў поўным баявым узбраенні, верхам на закаваных у панцыры конях, і нерухома, як статуі, стаялі каля брам у абодвух канцах поля.

Адкінулі загарадкі і пяць рыцараў, выбраных па жрэб’ю, павольна ўз’ехалі на арэну: адзін наперадзе, астатнія за ім папарна. Яны праехалі праз усю арэну на супроцьлеглы яе канец, узняліся на ўзгорак, на якім стаялі шатры арганізатараў спаборніцтваў, раз’ехаліся ў розныя бакі, і кожны злёгку ткнуў адваротам свайго кап’я шчыт таго, з кім жадаў схапіцца. Гледачы былі часткова расчарованы тым, што рыцары пажадалі біцца тупою зброяй.

Рыцары ад’ехалі на другі канец арэны і выстраіліся ў рад. Тады арганізатары выехалі з сваіх шатроў, селі на коняй і, на чале з Брыянам дэ-Буагільберам, спусціўшыся з свайго ўзгорка, таксама сталі ў рад, кожны супроць таго рыцара, які дакрануўся да яго шчыта.

Заігралі трубы і ражкі, і праціўнікі паімчаліся адзін на аднаго з усёй шпаркасцю. Трое байцоў, якія сталі супроць Буагільбера, Мальвуазена і фрон дэ-Бёфа, разам упалі з коняй на зямлю. Праціўнік Гранменіля, замест таго, каб накіраваць кап’ё у шлем або ў шчыт свайго ворага, настолькі ўхіліўся ад простай лініі, што пераламаў яго аб тулава Гранменіля, што лічылася больш ганебным, чым калі-б ён проста ўпаў з каня, таму што апошняе можна было прыпісаць выпадковасці, тады як першае даказвала няспрытнасць і нават няўменне валодаць сваім кап’ём. Адзін толькі пяты рыцар падтрымаў гонар сваёй партыі, ён змагаўся з іоанітам, абодва пераламалі коп’і і рассталіся, не зрабіўшы адзін аднаму ніякай шкоды.

Крыкі гледачоў, выгукі герольдаў і зычныя гукі труб апавясцілі ўрачыстасць пераможцаў і паражэнне пераможаных. Першыя вярнуліся ў свае шатры, а апошнія, так-сяк узняўшыся з зямлі, засаромленыя, удаліліся з бегавішча, каб уступіць са сваімі пераможцамі ў перагаворы адносна выкупа сваіх коняй і зброі, якія паводле законаў турніру сталі здабычаю тых, хто іх перамог. Адзін толькі пяты крыху затрымаўся і пагарцаваўшы па арэне, так што дачакаўся воплескаў публікі, пасля чаго далучыўся да гледачоў, што таксама, напэўна, не мала спрыяла ўніжэнню і прыккрасці яго паплечнікаў.

Другая і трэцяя партыя рыцараў выязджалі на арэну, і хоць ступень іх удачы была розная, усё-ж у агульным перамога рашуча заставалася на баку арганізатараў. Таму тая частка публікі, якая не спачувала зачыншчыкам, засмуцілася, бачачы іх нязменны поспех. На чацвертую чаргу выехалі толькі тры рыцары: яны прайшлі міма шчытоў Буагільбера і Фрон дэ-Бёфа, і выклікалі на спаборніцтва толькі трох астатніх, якія выказалі не такі дасканалы спрыт і сілу. Але такая асцярожная палітыка ні да чога не павяла, вынік застаўся ўсё той-жа.

Пасля чацвертага спаборніцтва зрабілася досыць вялікая пауза: не знаходзілася ахвотнікаў пачынаць бойку. Сярод гледачоў пачаліся нараканні. З ліку пяці арганізатараў або зачыншчыкаў Мальвуазен і Фрон дэ-Бёф мелі дрэнную рэпутацыю, а астатніх, за выключэннем Гранменіля, лічылі чужаземцамі.

Але ніхто так жвава не спачуваў агульнаму нездавальненню, як Седрык-Саксонец, які ў кожным новым поспеху нармандскіх рыцараў бачыў знявагу для гонару Англіі. Змоладу ён быў не так выхаваны, каб вельмі напрактыкавацца ў рыцарскіх гульнях, хоць у шмат якіх выпадках даказаў, што ўмеў валодаць зброяй сваіх саксонскіх продкаў і не пазбаўлены быў ні адвагі, ні рашучасці. З трывогай паглядаў ён на Атэльстана, які ў свой час вучыўся гэтаму моднаму тады майстэрству, у надзеі, ці не захоча ён асабіста сваёй адвагай загладзіць крыўды, зробленай англійскаму рыцарству, і вырваць перамогу з рук храмоўніка і яго таварышоў. Але, не гледзячы на сваю фізічную сілу і безумоўную адвагу, Атэльстан быў такі гультай, што яму і ў галаву не прыходзіла ўзяць на сябе той абавязак, чаго, як відаць, чакаў ад яго Седрык.

— Не пашчасціла сёння Англіі, мілорд, — сказаў ён яму паважным тонам. — Вось бы самы час вам узяцца за кап’ё.

— Я збіраюся пабіцца заўтра, — адказаў Атэльстан, — і прыму ўдзел у мелэ; не варта ўжо сёння надзяваць зброю.

У гэтым адказе два пункты былі асабліва не па сэрцу Седрыку: папершае, яго пакаробіла гэта нармандскае слова мелэ, што азначала агульную сутычку, а падругое, выявілася поўнае раўнадушша да гонару свае бацькаўшчыны… Але таму што ўсё гэта ішло з вуснаў Атэльстана, да якога ён меў неабмежаваную павагу, то Седрык не дазволіў сабе ні асуджаць яго, ні супярэчыць яму.

Арэна ўсё яшчэ заставалася пустой, турнір прыпыніўся; адны толькі герольды, аб’язджаючы бегавішча, крычалі:

— Любіце дам! Пераломвайце коп’і! Выходзьце, адважныя рыцары! Цудоўныя вочы глядзяць на вашы справы!

Час-ад-часу ўсходнія музыкі агалашалі паветра ўзрывамі дзікіх мелодый, якія выражалі ўрачыстасць перамогі і выклік на бойкі. Прынц Іоан са сваімі прыбліжанымі пачаў ужо талкаваць аб тым, што час ужо рыхтаваць банкет, а прыз давядзецца прысудзіць Брыяну дэ-Буагільберу, які адным і тым-жа кап’ём скінуў двух праціўнікаў з сёдзел, а трэцяга перамог.

Раптам на паўночным канцы пачуўся з-за агарожы гук адзінокай трубы, азначаўшай выклік. Усе погляды павярнуліся ў той бок, каб паглядзець, што за новы рыцар паведамляе аб сваім прыбыцці. Як толькі адамкнулі браму, ён уз’ехаў на бегавішча.

Наколькі можна было судзіць аб чалавеку, закаваным у баявую зброю, новы баец быў крыху вышэй сярэдняга росту і здаваўся хутчэй слабога, чым моцнага целаскладу. На ім быў сталёвы панцыр з багатай залатой насечкай, а дэвіз на яго шчыце выяўляў вырваны корнямі ўверх малады дуб і надпіс „Пазбаўлены спадчыны“. Ехаў ён на надзвычай добрым кані, і праязджаючы ўдоўж агарожы, шыкоўным рухам нахіліў кап’ё, вітаючы прынца і дам, што сядзелі ў галярзі. Спрытнасць, з якой ён кіраваў канём, і юнацкая грацыя яго стана адразу замілавалі простых гледачоў, так што шмат хто крычаў яму з натоўпу:

— Крані кап’ём шчыт Ральфа де-Віпонт! Выклікай іоаніта: ён не так моцны ў сядле і з ім лягчэй будзе справіцца!

Рыцар выехаў на супроцьлеглы канец бегавішча, узняўся на ўзгорак і, надзіва ўсіх гледачоў, наблізіўся проста да сярэдняга шатра і так ударыў вострым канцом свайго кап’я ў шчыт Брыяна де-Буагільбера, што той аж працяжна зазвінеў.

Усе былі вельмі здзіўлены такою смеласцю, але больш усіх здзівіўся сам грозны рыцар, якога ён выклікаў такім чынам на смяротную бойку: ён так мала чакаў такога рашучага выкліку, што ў самай спакойнай позе стаяў у гэтую хвіліну ля дзвярэй свайго шатра.

— Ці былі вы сёння ў споведзі, браток, — сказаў храмоўнік.

— Ці схадзілі на абедню, што так адважна рызыкуеце сваім жыццём?

— Я лепш цябе прыгатаваўся да смерці, — адказаў рыцар Пазбаўлены Спадчыны, які пад гэтым імем і запісаўся ў спіс удзельнікаў турніру.

— Дык ідзі станавіся на сваё месца на арэне, — сказаў Буагільбер, — і ў апошні раз палюбуйся на сонейка, таму што сёння-ж увечары трапіш у рай.

— Вельмі дзякую за добрае пажаданне, — сказаў рыцар Пазбаўлены Спадчыны. — Прымі-ж і ад мяне добрую параду: садзіся на свежага каня і бяры новае кап’ё, таму што, клянуся гонарам, тое і другое табе спатрэбіцца.

Выказаўшы сваю думку з такой спакойнай самаўпэўненасцю, ён прымусіў свайго каня задам спусціцца з бугра і такім-жа манерам ісці назад праз усю арэну, аж да паўночных варот. Тут ён спыніўся, як укапаны, у чаканні свайго праціўніка. Такое дзіўнае майстэрства кіраваць канём зноў выклікала галосныя пахвалы сярод гледачоў.

Калі абодва праціўнікі сталі адзін супроць аднаго на двух канцах бегавішча, трывожнае чаканне гледачоў дасягнула вышэйшай мяжы.

Як толькі трубы далі сігнал, абодва праціўнікі з быстратою маланкі зніклі з сваіх месц і сшыбліся сярод арэны. Іх коп’і лопнулі і рассыпаліся па самыя рукаяткі, і некалькі секунд здавалася, што абодва рыцары ўпалі, таму што абодва іх кані ўзняліся на дыбкі і адступіліся назад.

Спрытнасць седакоў справілася з коньмі, пусціўшы ў ход і шпоры і цуглі. З хвіліну яны глядзелі адзін на аднаго ва ўпор, і здавалася, што погляды іх шыбаюць полымя праз забрала шлемаў; потым, прымусіўшы коняй прысесці на заднія ногі, і падняўшы пярэднія, зрабіўшы поўкруг, яны паехалі кожны ў свой бок і каля брам атрымалі новыя коп’і з рук сваіх зброяносцаў.

Галосныя выгукі гледачоў, маханне ў паветры хусткамі і шалікамі і гуд шматлікага натоўпу даказвалі, з якой цікавасцю ўсе сачылі за спаборніцтвам. Але як толькі байцы

зноў сталі адзін супроць аднаго, змоўклі крыкі, воплескі і настала глыбокая і ўрачыстая цішыня.

Даўшы коням і коннікам адпачыць некалькі хвілін, прынц Іоан падаў знак трубачам апавясціць пачатак бойкі.

У другі раз праціўнікі паімчаліся на сярэдзіну бегавішча, зноў сшыбліся з той-жа хуткасцю, з тым-жа спрытам і сілай, але з іншым вынікам.

На гэты раз храмоўнік цэліў у самую сярэдзіну шчыта свайго праціўніка і ўдарыў у яго так метка і так моцна, што кап’ë разляцелася ўдрызгі, а рыцар Пазбаўлены Спадчыны пахіснуўся ў сядле. З другога боку гэты рыцар, які спачатку цэліўся таксама ў шчыт Буагільбера, амаль у самы момант сутычкі прыцэліўся ў шлем. Ён ударыў нармандца ў самае забрала, вострыём свайго кап’я захапіўшы перахват яго сталёвых кратак. Аднак храмоўнік і тут не страціў прысутнасці духу, але папруга яго сядла лопнула, і коннік і конь рухнулі на зямлю і схаваліся ў слупе пылу.

Выблытацца са страмёнаў, вылезці з-пад упаўшага каня і ўскочыць на ногі было для храмоўніка справай адной хвіліны. Непрытомны ад ярасці, як ад таго, што абняславіў сябе, так і таму, што гледачы галоснымі і радаснымі крыкамі віталі яго падзенне, ён выхапіў меч і з выклікаючым відам махнуў ім у бок свайго пераможца. Рыцар Пазбаўлены Спадчыны саскочыў з каня і таксама выхапіў меч. Але маршалы, прышпорыўшы сваіх коняй, паскакалі да іх і напомнілі байцам, што паводле законаў турніру яны не маюць права зачынаць спаборніцтва гэтага роду.

— Спадзяюся, што мы яшчэ сустрэнемся, — сказаў храмоўнік, шыбануўшы гнеўны позірк на свайго праціўніка, — і прытым у такім месцы, дзе нам ніхто не перашкодзіць!

— Не мая будзе віна, калі не сутрэнемся, — адказаў Пазбаўлены Спадчыны, — пехатою або конна, ці кап’ём, сякерай або мячом — я заўсёды гатовы схапіцца з табою.

Маршалы, скрыжаваўшы коп’і паміж імі, прымусілі іх разысціся. Рыцар Пазбаўлены Спадчыны вярнуўся на сваё ранейшае месца, а Брыян дэ-Буагільбер — у сваю палатку, дзе правёў усю рэштку дня ў балючай роспачы.

Не злазячы з каня, пераможца патрабаваў келіх віна, і адшпіліўшы навуснік або ніжэйшую частку забрала, агаласіў:

— За здароўе ўсіх сумленных англійскіх сэрцаў і на пагібель чужаземных тыранаў!

Пасля гэтага ён загадаў свайму трубачу пратрубіць выклік арганізатарам і папрасіў герольдаў паведаміць ім, што не хоча нікога выбіраць, але гатоў схапіцца з кожным з іх у тым парадку, які яны самі для сябе прызнаюць пажаданым.

Першым выехаў на бегавішча Фрон дэ-Бёф, аграмадны асілак у чорнай броні і з белым шчытом, на якім была намалёвана чорная бычына галава, часткова сцёртая шматлікімі сутычкамі, у якіх пабыў гэты шчыт і ганарлівым надпісам: „Сцеражыся, вось і я!“ Над гэтым праціўнікам рыцар Пазбаўлены Спадчыны атрымаў лёгкую, але рашучую перамогу: у абодвух рыцараў коп’і пераламаліся, толькі Фрон дэ-Бёф пры гэтым страціў стрэмя, і суддзі рашылі, што ён прайграў.

Трэцяя сутычка незнаёмца адбылася з сэрам Філіпам дэ-Мальвуазен і была настолькі-ж паспешна: ён так моцна ўдарыў барона кап’ём у шлем, што завязкі лопнулі, шлем зваліўся, і толькі дзякуючы гэтаму сам Мальвуазен не ўпаў з каня, аднак быў абвешчаны пераможаным.

Чацвертая сутычка была з Гранменілем, і ў ёй рыцар Пазбаўлены Спадчыны выказаў столькі-ж ласкавасці, колькі да гэтага часу праявіў мужнасці і спрытнасці. У Гранменіля конь быў малады і вельмі гарачы, ён так скочыў у бок у момант сутычкі, што коннік не мог папасці ў цэль, а праціўнік яго, замест таго, каб выкарыстаць такое выгаднае для сябе становішча, падняў кап’ё і праехаў міма, не закрануўшы праціўніка, а потым звярнуўся на сваё месца ў канцы арэны і праз герольда прапанаваў яму яшчэ раз памерацца сіламі. Але Гранменіль адмовіўся, прызнаючы сябе пераможаным не толькі майстэрствам, але і ласкавасцю свайго праціўніка.

Ральф дэ-Віпонт дапоўніў спіс перамог незнаёмца, з такою сілаю грукнуўшыся аб зямлю, што кроў лінулася ў яго носам і ротам, і яго амярцвелым вынеслі з бегавішча.

Тысячы радасных галасоў віталі адзінадушнае рашэнне прынца і маршалаў, якія прысудзілі прыз гэтага дня рыцару, што назваў сябе Пазбаўленым Спадчыны.