Айвенго (1934)/IX
← Раздзел VIII | Айвенго. Раздзел IX Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел X → |
РАЗДЗЕЛ IX
МАРШАЛЫ турніру першыя прывіталі пераможца, просячы яго ў той-жа час дазволіць зняць з сябе шлем або хоць забрала, каб яны маглі праводзіць да ложы прынца для атрымання з яго рук прыза гэтага дня. Рыцар Пазбаўлены Спадчыны далікатна адхіліў іх просьбу, гаворачы, што на гэты раз не можа быць з адкрытым тварам па прычынах, якія сказаў герольдам перад уступленнем на бегавішча.
Цікавасць Іоана была моцна ўзбуджана такою таямнічасцю. Ён быў нездаволен вынікам турніру, у часе якога арганізатары, яго любімцы, усе пацярпелі паражэнне ад рукі аднаго і таго-ж рыцара. Таму ён вельмі ганарыста адказваў маршалам:
— Клянуся, гэты рыцар, відаць, пазбаўлены не толькі спадчынных зямель, але і ўсякага разумення аб далікатнасці, калі жадае стаць перад намі з закрытым тварам!.. Як вы думаеце, панове, — звярнуўся ён да асоб свае дружыны, — хто-б мог быць гэты смяляк, што дазваляе сабе трымацца так горда?
— Не магу здагадацца, — адказаў дэ-Брасі, — і не думаў ніколі, каб у межах чатырох мораў, што амываюць Англію, знайшоўся баец, здольны ў адзін і той-жа дзень перамагчы пяцерых рыцараў такога гарту.
— Пераможца, — прагаварыў маршал дэ-Вівіль, — усё яшчэ чакае рашэння вашай светласці.
— Мы хочам, — адказаў Іоан, — каб ён чакаў, пакуль хто- небудзь з прысутных не адгадае яго прозвішча і звання.
— Дрэнна-ж вы ўшаноўваеце пераможца, — сказаў Вальдэмар Фіц-Урс, — ён рызыкуе прастаяць вельмі доўга, калі будзе чакаць, каб мы далажылі вашай светласці тое, чаго самі не ведаем. Я, прынамсі, сцяміць не магу… Можа гэта адзін з тых адважных воінаў, якія следам за каралём Рычардам пайшлі ў Палестыну, а цяпер, згодна чутак, прабіраюцца па аднаму да хаты з святой зямлі.
Раптам у дружыне прайшоў трывожны шэпт.
— Ужо ці не сам кароль? Можа гэта сам Рычард Львінае сэрца!
— Даруй божа! — сказаў прынц Іоан, які міжвольна пабялеў і аступіўся назад. — Вальдемар!.. дэ-Брасі… і ўсе вы, адважныя рыцары і джэнтльмены… не забывайце сваіх абяцанняў, будзьце маімі вернымі прыхільнікамі!
Маршалы падвялі рыцара Пазбаўленага Спадчыны да падножжа драўляных усходаў, якія вялі на галярэю, дзе была зроблена ложа прынца. Іоан быў устрывожаны думкаю, што яго брат — цар — раптам мог з’явіцца ў межах свайго каралеўства. Дрыжачым голасам і запінаючыся, прынц сказаў некалькі слоў у пахвальбу мужнасці невядомага рыцара, загадаў падвесці баявога каня, падрыхтаванага ва ўзнагароду пераможцу. Ён баяўся, як-бы з-за таемна-апушчанага забрала гэтага пакрытага сталёвым узбраеннем рыцара не раздаўся нізкі і пагражаючы голас Рычарда Львінае сэрца.
Але рыцар Пазбаўлены Спадчыны ў адказ на прывітанне прынца не сказаў ні слова, а толькі нізка пакланіўся яму.
Двое багата адзетых конюхаў прывялі на арэну надзвычай добрага каня ў поўным баявым узбраенні. Упёршыся адною рукою ў сядло, рыцар Пазбаўлены Спадчыны адным махам сеў на каня, не дакрануўшыся да страмён, і, падняўшы кап’ё, двойчы аб’ехаў кругам усю арэну, прымушаючы з непераймальным майстэрствам каня мяняць алюр і вырабляць розныя штукі.
Абат Эймер шэптам напомніў прынцу, што цяпер час, калі пераможца павінен даць магчымасць даказаць не адвагу, а тонкі густ, выбраўшы сярод дам тую, якая зойме прастол „царыцы хараства і кахання“, і ўручыць прыз пераможцу на заўтрашнім турніры. Таму, як толькі рыцар, у другі раз аб’язджаючы арэну, параўняўся з ложаю, прынц Іоан падняў посах. Рыцар тойчас вярнуўся і, стаўшы перад тронам, апусціў кап’ё амаль да самай зямлі і застаўся нерухомы, як-бы ў чаканні далейшых загадаў прынца. Усе ахнулі ад захаплення, бачачы майстэрства, з якім сядок мігам змог справіцца з разгарачаным і порсткім канём.
— Сэр рыцар Пазбаўлены Спадчыны, — сказаў прынц Іоан, — такі адзіны тытул, якім мы можам назваць вас, — абвяшчаю, што перад вамі яшчэ ганаровы абавязак выбраць прыгожую даму, якая ў якасці царыцы кахання і пашаны будзе старшынёю на заўтрашнім свяце. Калі вам, як чужаземцу, цяжка зрабіць правільны выбар і пажадаеце кіравацца парадамі другой асобы, мы можам паведаміць толькі вам, што лэдзі Алісія, дачка нашага харобрага рыцара Вальдэмара Фіц-Урс, даўно лічыцца пры нашым двары першай красуняй. Тым не менш вам даецца права ўручыць гэты вянок каму хочаце, і тая дама, якой вы яго перадасце, будзе бясспрэчна лічыцца царыцай на заўтрашнім турніры. Падніміце ваша кап’ё.
Рыцар паслухаўся. Прынц Іоан надзеў на канец кап’я вяночак з зялёнага атласа, акружаны залатым абручом з зубцамі.
Рыцар Пазбаўлены Спадчыны, аб’язджаючы ступою вакол бегавішча, выкарыстаў цяпер права разглядваць шматлікіх красунь, што ўпрыгожвалі гэты сход.
Урэшце рыцар спыніўся перад балконам, дзе сядзела лэдзі Равена, і чаканне гледачоў дасягнула вышэйшай стулені напружання.
Пераможца больш хвіліны прастаяў у нерашучасці. Потым ён павольна і грацыёзна схіліў кап’ё і палажыў вянок каля ног Равены. У тую-ж хвіліну зайгралі трубы, а герольды агаласілі лэдзі Равену царыцай кахання і хараства на заўтрашні дзень, пагражаючы карай кожнаму, хто адважыцца ёй не павінавацца. Закончылі яны сваю заяву звычайным паўтарэннем закліку да шчодрасці, на што Седрык, у імпэце захаплення, адказаў багатаю падачкаю, ды і Атэльстан, хоць не так хутка, дадаў з свайго боку такую-ж буйную суму.
Пачуліся нараканні сярод нармандскіх дзяўчат, але гэтыя выказванні нездавальнення патанулі ў галосных крыках гледачоў.
— Няхай жыве лэдзі Равена! Многія леты выбранай царыцы кахання і хараства! — А многія галасы з натоўпу дадавалі: — Няхай жыве саксонская каралеўна! Многія леты наследніцы Альфрэда!
Прынц Іоан прышпорыў свайго каня. Конь рвануўся з месца і мігам апынуўся каля тае галярэі, дзе сядзела лэдзі Равена, ля ног якой усё яшчэ ляжаў непадняты вянок
— Цудоўная лэдзі, — сказаў прынц, — вазьміце эмблему вашай царскай улады, якой ніхто не падначаліцца больш шчыра, чым Іоан, прынц Анжуйскі. Ці не будзеце ласкавы сёння разам з вашым бацькам і сябрамі ўпрыгожыць наш банкет вашай прысутнасцю ў замку Ашбі, каб даць нам магчымасць пазнаёміцца з царыцай, на служэнне якой мы прысвячаем заўтрашні дзень.
Равена маўчала, а Седрык адказаў за яе на сваёй роднай саксонскай мове.
— Лэдзі Равена, — сказаў ён, — не ведае тае мовы, на якой павінна была-б адказаць на вашу ласкавасць, і таму не можа прыняць удзел у вашым банкеце. Таксама і я, і шляхетны Атэльстан Конінгсбургскі гаворым толькі на мове нашых продкаў і следуем іх звычаям. Таму мы з падзякаю адхіляем ласкавае запрашэнне вашай вялікасці на банкет. А заўтра лэдзі Равена возьме на сябе абавязкі таго звання, да якога заклікаў яе дабраахвотны выбар перамогшага рыцара, зацверджаны ўхвалаю народу.
З гэтымі словамі ён падняў з падлогі вянок і надзеў яго на галаву Равены ў адзнаку, што яна прымае часовую ўладу, ёй прапанаваную.
— Што ён гаворыць, — сказаў прынц Іоан, прыкідаючыся што не ведае пасаксонску, тады як добра ведаў гэту мову. Яму паўтарылі словы Седрыка пафранцузску.
— Добра, — сказаў ён, — заўтра мы правядзем гэту бязмоўную царыцу да яе ганаровага месца. Але, прынамсі, вы, сэр рыцар, — дадаў ён, звяртаючыся да пераможца, які ўсё яшчэ стаяў перэд галярэяй, — сёння падзеліце з намі трапезу?
Тут рыцар упершыню падаў голас і папрасіў выбачэння, спасылаючыся на зморанасць і на тое, што яму трэба зрабіць некаторую падрыхтоўку да заўтрашняга дня.
— Добра, — сказаў прынц Іоан ганарыста, — хоць мы і не прывыклі да падобных адмаўленняў, аднак пастараемся як-небудзь пераварыць свой абед, хоць яго не хочуць ушанаваць сваёй прысутнасцю ні рыцар, які найбольш вылучыўся ў бойцы, ні выбраная ім царыца хараства.
Сказаўшы гэта, ён сабраўся пакінуць бегавішча разам з сваёй бліскучай дружынай і павярнуў каня назад, што было сігналам да таго, каб усе гледачы ўсталі і разышліся з турніра.
Але ўражаная гордасць бывае злапомнай, асабліва пры вострым разуменні няўдачы. Іоан не паспеў ад’ехаць і трох крокаў, як, зноў азірнуўшыся, уперыў суровы і гнеўны зірк на таго іëмена ў зялёным, які так раззлаваў яго раніцою, і, звярнуўшыся да варты, сказаў валадарна:
— Не выпускаць з віду гэтага малайца, вы мне адказваеце за яго галавою.
Іëмен спакойна і цвёрда вытрымаў сярдзіты зірк прынца і сказаў з усмешкаю:
— Я і не маю намеру выязджаць з Ашбі да паслязаўтра. Хочацца паглядзець, ці добра стафордшырскія і лінкольншырскія ўражэнцы страляюць з лука. У лясах Нідвуда і Чарнвуда павінны-б вадзіцца добрыя стралкі.
Не звяртаючыся асабіста да іëмена, прынц Іоан сказаў сваім прыбліжаным:
— Вось мы паглядзім, як ён сам страляе, і гора яму, калі яго майстэрства хоць да некаторай ступені не апраўдае яго дзёрзкасці.
Прынц Іоан рушыў уперад і пакінуў арэну. Следам за ім і ўсе гледачы павалілі вон з агарожы.
Большая частка публікі шыбанула у горад Ашбі. Сярод іх знаходзілася большасць рыцараў, што прымалі ўдзел у турніры або збіраліся ўдзельнічаць у заўтрашнім спаборніцтве; яны павольна ехалі конна, ажыўлена гаворачы між сабою аб здарэннях гэтага дня, і ішоўшы міма народ вітаў іх галоснымі выкрыкамі. Такімі-ж выкрыкамі праводзілі і прынца Іоана, хоць гэтыя праявы захаплення адносіліся не столькі да яго асобы, сколькі да пышнасці яго вопраткі і раскошнасці яго дружыны.
Куды больш шчырымі, адзінадушнымі і, галоўнае, заслужанымі знакамі адабрэння і спачування сустрэты быў пераможца гэтага дня; але яму так хацелася хутчэй ухіліцца ад гэтых адзнак усеагульнай увагі, што ён з падзякаю прыняў прапанову маршалаў ратнага поля заняць адну з палатак, што былі ў дальнім канцы агарожы. Як толькі ён адправіўся ў свой шацёр, разышоўся і натоўп народу, што сабраўся паглядзець на яго і выказаць аб ім розныя меркаванні і здагадкі.
Мала-па-малу шум суціхаў. Цяпер толькі і чутны былі галасы рабочых, якія прыбіралі нанач дываны і падушкі з галярэі, ды раздаваліся іх спрэчкі і лаянка з-за недапітых бутэлек з віном і рэштак розных закусак, якія разносіліся ў працягу дня.
На лугу, па-за агарожай, у шмат якіх месцах размясціліся кавалі; па меры таго як пачынала цямнець, пачалі вылучацца іх агні, што даказвала, што збраёўнікі ўсю ноч правядуць за работаю, займаючыся папраўкаю або пераробкаю зброі, якая зноў спатрэбіцца на заўтра.
Моцны атрад узброенай варты, які змяняўся праз кожныя дзве гадзіны, акружаў бегавішча з усіх бакоў і ахоўваў яго ўсю ноч.