Перайсці да зместу

Адродзіны Беларусі і Унія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адродзіны Беларусі і Унія
Аўтар: Казімір Сваяк
1920
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 281-290

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адродзіны месцяць у сабе два элементы: мінулы і новы (той, што мае паўстаць разам з быўшым). Адродзіны знаем матэрыяльныя і духоўныя, мысловыя і маральныя. Тое і другое паўстае на грунце працы, а з працы пакаленняў высноўваецца культура. Аднаўленне матэрыяльнае народа ёсць падкладам да яго дабрабыту і яго тэхнічнага розвітку, каторы назавём цывілізацыяй. вось падставовыя адродзіны Беларусі ляжаць перш-наперш у спаўненні вядомых задач эканамічных як: 1) Прапорцыя ў валаданні зямлёй, або, іншымі словамі, — раздрабленне вялізных абшараў зямлі на хутарныя гаспадарствы[1]. 2) Правод дарог водных і сухапутных для ажыўлення зносін гандлёвых. 3) Утварэнне беларускай урадовасці. 4) Заснаванне школ эканамічных для культуры гаспадарства і промыслу і г. д.

У гэтым кірунку пойдзе разгон руху беларускага, калі ён мае мэтаю росцвіт радзімай старонкі. Направа адносін гаспадарскіх краю — з натуры сваёй хлебаробнага — ёсць першазначнай работай на дарозе да лепшае будучыні.

Але я не аб тым. Гаманіць я маю аб важкім складніку культуры нашай бацькаўшчыны, каторы прыдаў ёй асобны характар у гісторыі і вытварыў шмат руху ідэйнага. Не пройдзе без следу ён і ў сучасным змаганні за будучыню, бо хоць многа што змянілася ў жыцці старонкі, аднак душа народа змяніцца не магла.

Я маю на мыслі Унію, або з’яднанне Усходу з Заходам пад узглядам рэлігійнага светагляду. Няма нам часу апісваць прычынаў, што стварылі разлад між народамі грэцкіх і лацінскіх абрадаў. Пакажам толькі, што самай важнай з іх была вось гэта. Народы ўсходнія падпалі пад кнут візантыйскага абсалютызму, а той абсалютызм не мог знесці нікога над сабой, нават зусім праўнага ў хрысціянстве духоўнага верхаводства папежа. І вось бачым, як, з аднаго боку заходняя Царква (рымская) праз сталецці змагаецца безупынна за сваю незалежнасць у справах веры, а з другога боку, усходняя (грэцкая) кансеквента падпадае ўладзе царскай, губляючы духоўную сваю сілу, а замыкаючыся ў перасаднай службітасці для ўрада, каторы і стаецца сапраўдным яе галавой.

Русіны, аднак — назавём так беларусаў з украінцамі, — былі той злучняй, каторая вязала Усход з Захадам. Можа, таму іх палажэнню геаграфічнаму дзякуючы, асцярожны яны былі пад цэзарапапізмам Усходу, з адной, як і пад псеўдарацыяналізмам Захаду, з другой стараны. І таму відзім, што русін у сваім рэлігійным светаглядзе не паддаецца зразу перамозе Усходу, а з вялікай асцярожнасцю лучыць стройны свой абрад усходні з глыбокім догматам каталіцызму заходняга. Кіеўская Русь, з каторай былі ў частых зносінах беларускія плямёны крывічан, дрыгавічан і радзімічан, прымае хрысціянства з Грэцыі яшчэ ў тым часе, калі царква грэцкая была неразлучнаю з рымскай. Пазней толькі паддаецца яна разладу, хоць пробы ўтрымання еднасці трывалі заўсёды, а ў 1439 годзе на саборы ў Фларэнцыі Унія была зноў навязана і трымалася б, калі б не захопліваючы ўплывы паўстаўшага ў тым часе маскоўскага цэзарызму.

Цэнтрам змагання за з’яднанне, наагул кажучы, былі землі русінаў, так беларусаў, як украінцаў, а найбольш выдатным фактам таго змагання быў сабор у Бярэсці (1595). Ад таго часу спалучаны рэлігійна наш народ вельмі быстра развіваўся культурна, аж захланнасць польскага шляхецтва, з аднаго боку, а маскоўскі цэнтралізм, з другога, палажылі крэс яго рэлігійнаму і нацыянальнаму розвітку. Развой старога рэлігійнага пісьменства і наагул мастацтва прыпадае на 200 гадоў Уніі (1595—1795), то значыць на час, калі беларус, з’яднаны рэлігійна, яскрава вырозніваўся не толькі нацыянальна з захоплюючых яго дзвюх сіл палітычных — Польшчы і Масковіі.

Але, можа, не кожнаму ясна, як і чаму змаганне для ідэі (а спецыяльна для ідэі рэлігійнай) развівае культуру мысловую[2]. вось трэба ведаць, што рэлігія — гэта справа жыцця і смерці. Раз бо прызнаўшы існаванне Бога і душы, не можам быць легкадумнымі на тое, як хто дбае аб душу сваю, дзе і як моліцца. Нават тыя, што прызнаюць веру справай прыватнай кожнага чалавека, не могуць спакойна аб тэй справе гаварыць, — як аб кожнай іншай прыватнай справе. Жыццё вечнае, або да магільнай дошкі, жыццё ў злуцы з Богам, або ў вечным з ім разладзе; бытаванне без канца, або вечная ністосць, — справы гэты варушаць мыслі ўсіх людзей: або за, або проціў. Гэта «за» і «проціў» і будзіць змаганне ідэі, а не чалавека, каторы ў душы сваёй маўляў бы: «Для мяне ўсё роўна — быць ці не быць». Прызнаўшы Бога як адвечнае дабро, пакорымся Яму як прычыне ўсяго добрага і верым, што Агляд Ягоны кіруе ўсім прыгожа. Зло бачым у нашай волі свабоднай, а да дрэннага нахілянай ад пачатку свайго існавання. Змагаем тады свае злыя парывы і жывём не столькі на карысць сваю, колькі для бліжняга, шануючы ў ім твор божы. «Аддай цэзарава — цэзару, а боскае — Богу», — кажа Хрыстос, т. з. што грамадскага аддай грамадзе, а сябе — бо ты божы абраз — аддай Богу. Сябе ж іначай Богу аддаць нельга, як укладаючы так абычай свой, каб цэлае жыццё сваё было мілым Богу і людзям. Зразуменне абавязку працы для бліжняга, злом пераможанага; тужлівасць за злучэннем з Богам, як мэтай апош- няй разумнага жыцця, — вось дзе істота рэлігіі, вось тайніца поступу цэлай людскасці. А такім парадкам рэлігія асвячае кожну справу чалавека і з натуры сваёй уходзіць да ўсіх твораў яго духу, значачы пячаткай або прыязні для Бога, або нянавісці. Прачытайце першу-лепшую кніжку, а ўбачыце, што аўтар, хоча ці не, а мусіць паказаць свае пачуванні адносна да рэлігіі: «за» або «проціў». Рэлігія, лучачы чалавека з засветам, знаходзіцца натуральна ў кожнай важкай справе людскога бытавання.

Выставам душы кожнага народа ёсць пісьменства — літаратура. Кожны народ багатай культуры мае шмат твораў, так вусных, як запісаных, выражаючых, аб чым ён думаў у глыбіні душы сваёй. вось калі глянем, памінаючы вусныя творы, на нашу старую Беларусь, — то ўбачым, што яе тагачаснае пісьменства датычыць пераважна спраў веры і ляжыць у працах над утварэннем еднасці рэлігійнай беларусаў усходняга і заходняга абраду[3]. І еднасць такая фактычна прыйшла б, калі б не разбіла яе царская Расея, каторая — падобна да даўнейшай Польшчы — не прызнавала існавання асобнага духу ў нашым народзе. Але ідэі высшыя мацней лучаць людзей, чым кайданы пераможцы, а Агляд Прадвечны спраўляе ўрэшце трыумф справядлівасці. Праз русінаў пала шляхецкая Польшча, праз русінаў развалілася царская Расея, а на тым развале аджыла і Беларусь да новага жыцця[4]. Раз’яднаная рэлігійна, зняможаная эканамічнай няволяй, асіленая захоплюючым нацыяналізмам суседзяў, яна яшчэ, можа, «маладая ў жылах». Традыцыя мінулых часоў замерла. Патомкі даўных правадыроў адпалі ад народа, а сам так званы «тутэйшы» не ведае нат, хто ён. Тым часам спаць не пара, бо навекі праспаць можна долю сваю. вялікі вось цяжар спаў на плечы сыноў беларускай вёскі — тых добрых сыноў і дочкаў, што пайшлі да галавы па розум і не прадалі справы чужынцам, смела заяўляючы прад усім светам права беларуса да вольнага быту. Іншыя славянскія народы даўно ўжо кавалі сабе лепшую долю, мы цяпер толькі асмеліліся ўзяць лёс свой у свае рукі.

Забіў расеец у нас ідэі Уніі, каторая служыла злучняй не толькі рэлігійнай народу, але па часці і сацыяльнай. Але гэта не ўсё яшчэ. Палітыка маскоўская дачакала дзіўнага для сябе жніва. Назвала яна каталікоў беларускіх палякамі — і вось польшчына сталася мовай касцельнай усіх каталікоў на Беларусі[5]. Народ наш каталіцызм і польскасць стаў браць за адно. Любіў каталіцызм цэлай душой, прывык і да польскасці касцёла, уважаючы мову гэту (хоць яму чужую) за нешта быццам святое а высшае ад яго будняй гутаркі. Па веры ён нат гатоў назваць сябе палякам. «Хто ты?» — пытаюць «шкаця» з павета Сакольскага. «Я каталік-паляк». «Ну а мазуры (тыя, што, як вы кажаце, родзяцца сляпымі) — яны хто?» — «Яны? А чорт іх ведае», — адказуе «тутэйшы» цёмны русняк, і няхай жа вас не задзівіць гэта памешанне. Было яно вызнаўкам таго адпору, які даў беларус лацінскага абраду на захланнасць расейшчыны. Маскаль гвалтам пхаў сваю мову і сваю казёншчыну ў рэлігійныя адносіны беларусам праваслаўным і беларусам каталіцкім. Усе гэтыя парадкі зрадзілі нам вялікую бяду, бо творчасць беларускай мыслі рэлігійнай затрымалася на час доўгі. Але ж будзе ўжо канец тэй мандроўцы беларускай паняволі і з Юга на Поўнач і з Заходу на Усход[6]. Адбыла Беларусь крыж і зайшла аж на Галгофу. Перастануць жа калі-кольвек тузгаць Беларусь як нявольніцу: «Ты мая, ты мая». Пратрэ вочы ўрэшце і сам беларус і пакіне тую сумную, скрытую, безнадзейную раўнадушнасць прыбітай душы. Ажыўлены, пазнае ён сілу маральную каталіцызму — і то без таей сувязі з мовай чужой, але ў злучні таёмнасці сваёй чыстай славянскай натуры з рацыянальным дагматызмам навукі Усясветнай Царквы. І дасць ён нам новае мастацтва беларускай мыслі рэлігійнай. Збанкрутаваў культ сілы, гэта дзіця пратэстантызму, збанкрутаваў культ кветызму, што забіў у гішпаніна патрэбу духоўнай трудавітасці, прапаў культ урада (цараслаўе), — няхай жа зажыве славянскі уністыцызм, узяты ў рамы догмы вечнажывучага каталіцызму. А той здаровы містыцызм няхай мае сваё ўяўленне ў славянскім абрадзе, каторы вырабіўся мнагалетняй працай аб’яднаных русінаў і выражацьме рэлігію волі і ўчыну.

Збратанне рэлігійнае беларусаў — гэта Унія (еднасць) у навуцы веры, хоць у двух абрадах: славянскім і лацінскім[7]. Ідэя аднэй бацькаўшчыны Беларусі спалучае народ целам, Унія злучае душу народа, — а так будзе ён тым жывым арганізмам, для паўстання каторага калісьці праліў кроў св. Язафат Кунцэвіч (1623). Заўсёды найбольшым жахам у нас прад Уніяй быў страх вынарадаўлення на карысць Польшчы, прычым гэта вынарадаўленне аблудна называна лацінізацыяй. Але, здаецца, тыя часы ўжо мінулі, калі рэлігію ўжывалі для дэнацыяналізацыі. Палякам тут можна шмат закінуць, але маскалём яшчэ больш. Першыя сваю захланнасць сфармулявалі выражэннем: «Natione Polonis, gente Ruthenus» (русін родам з нацыі паляк мае значыць). Другія — зусім знаць не хочуць самабытнасці русіна. Тыя толькі ўводзілі мову сваю да ўніяцкіх цэркваў[8], гэтыя скасавалі камплетна Унію, а з расейшчынай наваліліся на лацінскія касцёлы. Што ж беларус меў рабіць? Адны рынулі ў праслаўе, другія, як вядома, прыліплі да польшчыны, ратуючы сваю каталіцкасць. Звольна звыкліся людцы з гэтым анармальным станам, хоць — дамо ім чэсць — у змаганні за еднасць далі такжа мучанікаў- уніятаў. Каб жа кроў іх бязвінная-чыстая выслужыла сучасным беларусам святое аб’яднанне! Сумнай гісторыяй навучаны, то цяпер будуць яны мудрымі. Бо прэ на нас таксама сіла нячыстая ўсіх старон. Адны ўважаюць рэлігію за рэч добрую толькі да змацнення ў «людзе» так званага патрыятызму; другія хочуць заступіць яе рознымі падробкамі рэлігіі, як культам гонару, этыкай бесканфесійнай; трэція ўрэшце (найгоршыя) лічаць яе перажыткам. Усе гэты мары выстаўляюць свае агідныя рукі, каб ухапіць і згвалтаваць ідэі Уніі. Апроч таго, з Усходу пасуваецца зблуканы дух даўнейшага цэзарызму — рэлігійная анархія. Няхай жа вольная самабытная Беларусь мацуе свайго духу, лучачы брата праваслаўнага і каталіка ў адзін народ, веры ў Бога адной, Цэрквы Хрыстовай адной — дзе ўсе народы роўны і вольны.

Змаганне за светагляд дае шмат твораў у кожнай галіне жыцця. Новае наша пісьменства агулам убогае, а ўжо спецыяльна рэлігійнае. Маем шляхоцка-народнае пісьменства Баршчэўскага і Марцінкевіча, маем дэмакратычна-ідэйную літаратуру найнавейшых пісьменнікаў, але з творамі рэлігійнай мыслі лепей нам схаваціся. Народ наш, праўду кажучы, мо і не вытварыў ані песні чыста рэлігійнай, ані легенды. Так чужа мова скруціла лёт яго фантазіі! Спевы душы павінны выслаўляцца ў роднай мове, той мове, каторай дзіця шчабеча на каленках сваёй маці. Тады адчуванні нашы найбольш свежы, а ўява жыва. І тут ляжыць прычына, што роднай мовы няможна пазабыці, а гаварыць і пісаць у ёй найлягчэй, бо яна плыве недзе з-пад сэрца. вось у нас паэзія рэлігійная не існуе і не зродзіцца, пакуль мы не зачнём маліцца па-беларуску[9]. Змаганне за рэлігійнае аб’яднанне Беларусі дасць цэлу галуж літаратуры, літаратуры, разбіраючай справы вагі найвышэйшай. Можна тут паказаць прыклады з гісторыі народаў, дзе змаганне ідэй рэлігійных дало вялікі ўзрост культуры мысловай. Так, век XII быў сталеццем росцвіту літаратуры польскай пад навевам новых думак (асабліва ў справе веры) з Захаду. Змаганне з пратэстантызмам у сваім часе дужа ажывіла і нашу старонку. Прылучылася сюды яшчэ справа Уніі, і вось тады гэта заснавана было шмат друкарняў на землях Беларусі, бо ажывілася праца мыслі. Праўда, што ў тым часе многа дзеелася і благога праз фанатызм дрэнных людзей. Гэта любяць нашы ворагі класці на алтар каталіцызму. Але ведама ўсім, што праўдзівая вера з сляпым фанатызмам нічога супольнага не мае. Адным словам, хацелася бы мне памагчы збудзіць рух на ніве рэлігійнай Беларусі, бо веру, што ён даў бы яе сынам сваё аблічча і змацаваў бы — праз Унію — сілы душы іх. Ідэя вялікая, светазарная — тым труднейшая да спаўнення, што мала хто яе разумее. Але яна ўсё пераможа. вось вам словы Хрыста-Бога: «Прыйшоў я па тое на свет, каб пусціць агонь, а чаго ж больш хачу як таго, каб ён загарэўся». Агонь, мілыя, гэта святое аб’яднанне ў любові Хрыстовай, што выпальвае з душы бруд нянавісці і разладу. Яно будзе гарой!

вельмі цікаўнае з’яўленне, што расейцы ў дзе-якіх сферах хіляцца да каталіцка-лацінскага абраду. вялікае пытанне, ці каталіцка-славянскі абрад утрымаецца ў Расеі. Рэч — на маю думку — простая: ідэю Уніі развівалі русіны, а не расейцы, і дзеля таго яна там не можа запусціць глыбшага карэння, падчас калі між украінцамі — у часах апошніх — дачакала яна нат значнага маральнага пашырэння. З другога боку, здаецца, што і Польшча не мае вялікай ахвоты прапаганды Уніі, бо перастала ўжо гэта даўнейшая «хлопска вяра» мець спецыяльную закваску, каторая была патрэбна палітыцы[10]. Так гісторыя, як і сучаснае палажэнне вучыць нас глядзець на Унію зусім іншымі вачыма, чым нашы суседзі. Іх сучасная псіхіка прымушае нас паддзяржаць Унію як нацыянальную веру русінаў.

Але хацелі б некаторыя бязверцы асіліць ідэі рэлігіі праз аддзел варожы Цэрквы ад грамадскага жыцця і санкцыю атэізму (бязверства). З вышэй сказанага можам лёгка ацаніць гэту работу і знайсці яе жарало. Добра табе, паночку, і карысне быць безрэлігійным: маеш свабоду. Дазволь жа і нам быць свабоднымі і развязаць справу веры як падабаецца. Рэлігійная супольнасць злучаецца без прымусу, сілай самай ідэі або ласкі святога Духа. Хто не жыве паводле яе наказаў, тым самым знаходзіцца ўжо за межамі духовага грамадзянства. І наадварот, хто нават не пішацца ў лічбу гэтай супольнасці, а ёсць чалавекам добрай волі, праўдзівай справядлівасці, тым самым належыць душой да Цэрквы Хрыстовай. Аднак для цвітучага розвітку рэлігіі патрэбна вольная арганізацыя веруючых. А выкідаючы рэлігію з грамадскага жыцця як нешта лішняе, сапраўды адбіраем яму канечную для поступу маральнага свабоду. Чалавек — бо істота грамадская і рэлігійная (анімал рэлігіозум) — і рэлігія з жыццём грамадскім павінна ісці ў дружнай пары. Што бокльш скажу, кожны добры грамадзянін павінен дужа ўспамагаць справу веры, бо яна ёсць той магутнай сілай, што найтайнейшымі і наймацнейшымі вузламі звязуе грамадзянства ў адно цэлае. Павінен ты, браце, добра цяміць тую малітву Хрыстову на першай літургіі: «Каб усе былі адно», і ніколі не ўпасці ў слабасць, уважаючы, як блага людзі робяць. «Майце надзею, — вучыў Хрыстус. — Я перамог свет» (Еван. св. Яна).

Такім вось чынам дайшлі мы да высновы, то Беларусі патрэба не толькі грамадскай уніі-еднасці, але також Уніі рэлігійнай. Мімаходам скажу, не даказуючы, што рух да Уніі павінен зачацца ад інтэлігенцкай моладзі, бо люд «просты» знае дзве толькі веры: польскую і рускую (праваслаўную). Каталіцызм абраду славянскага або выйшаў ужо яму з памяці, або ён да яго не дарос. Так пачатак згары: кожны культурны беларус мае быць прыхільнікам Уніі, еслі ўжо проста не ўніятам.

З колішняй буйнасці, паборанай праз агідную палітыку беларускіх апекуноў, асталіся толькі крошкі рэлігійнага жыцця (займаючага нас характару). Традыцыя, аднак, аджывала яшчэ перад вайной — каторая такі аграмадны пераварот на цэлай Беларусі ўчыніла, — аджывала, паміма небывалых перашкод для культуры беларускай. Дзеля доказу маёй мыслі цытую апіс беларускай парафіі Хвашчоўкі з Магілёўшчыны. "Парафія гэта лацінскага абраду, але знаюць яе патомкі і тых беларусаў, што калісьці, з прымусу пакінуўшы Унію, пачувалі агіду да казёншчыны. Які велізарны пад’ём духу чуе падарожны ў распаленай пустыні, калі, зняможаны смагай, убачыць здалёку цень лесу — аазіс!.. Такое ж пачуццё перажываў я, прыязджаючы да Хвашчоўкі. Кругом зніштажэнне, упад рэлігіі, вынарадаўленне. А тут адпачывае чалавек… Як цвітучая ааза між другімі парафіямі выглядае Хвашчоўка. Перанесла ўсе буры і поўная веры гарачай асталася.

Стройны касцёл, найвялікшы на Беларусі, ёсць асяродкам парафіі. Вакол яго расселася дзевяць вёсак каталіцкіх. Кругом гавораць чыстай мовай беларускай. Айцы-езуіты калісьці далажылі вялікай працы, каб беларус не страціў сваёй мовы. Выдалі яны беларускі катэхізм, навучалі па-беларуску, вучылі песняў. І цяпер яшчэ кожны ўмее спяяці: «Ах мой Божа, веру Табе. ва ўсё веру дзеля Цябе». Глыбокае ўражанне бывае, калі вялізная грамада людцоў запяе гэту песню святам, а пекная мелодыя запаўняе цэметар, святыню і аколіцы. Хвашчоўка так добра перахавала свой беларускі характар, што сялянцы дагэтуль убіраюцца ў строі народны. Люд тутэйшы аказаў дзіўную да веры прывязнасць. Ніякія беды не трафілі перамагчы яго. У суседстве знікаюць парафіі, змяняюцца гаспадары касцёлаў або пусцеюць тыя з недахвату пабожнасці. Палі так Дудаковічы, Бялынічы, Княжычы, а Хвашчоўка існуе ў пабожнасці і паслушнасці боскаму праву. «Цераз нашы трупы да касцёла хіба пойдзеш!» — адказалі хвашчавяне грамадой іспраўніку, калі той прыехаў адбіраць ім святыню. І сягоння яшчэ не зменшылася гэта любоў касцёла. Ідуць туды ахвотна, а не чуваць між імі жыцця распуснага, немаральнага.

Многа пробашчаў вучылі тутка народ па-беларуску і так патрафілі прывязаць да веры людцоў, што гатовы былі для яе ўсё ўчыніці. вялікія святы-фэсты збіраюць у Хвашчоўку цэлыя грамады беларусаў, нават з месцаў далёкіх — бо далёка разышлася слава Дзевы Марыі Хвашчоўскай (з выдавецтва «Naše kościoły»).

Трэба толькі ад сябе прыдаць, што пры гэтых зборах былі даўней і браты-ўніяты, бо беларусы тады былі — веры і Цэрквы адной, а яшчэ біскуп Ісідор мітрапаліт Кіеўскі і цэлай Русі пасля падарожжа на Фларэнцкі сабор пісаў так да ўніятаў: «Заклінаю вас на Госпада нашага Езуса Хрыста, каб не было між вамі і лацінскімі каталікамі ніякага раздзелу. — Уніяты, каторыя ў краях лацінскіх прабываюць або маюць блізка касцёл лацінскі, няхай бяруць удзел у імшы святой, так як бы ў сваёй святыні; няхай сабе і спавядаюцца ў ксяндзоў лацінскіх і з рук іх цела госпада прымаюць. Таксама і лаціннікі павінны ўчашчаць да цэркваў уніяцкіх, слухаць літургіі святой і з верай неабмыльнай чэсць аддаваць Целу Госпада Ісуса Хрыста, — бо ўсё роўна ці яно кансэквавана свяшчэннікам грэцкага абраду на хлебе квашаным, ці ксяндзом лацінскім на прэсным… Лаціннікі таксама няхай спавядаюцца ў ксяндзоў грэцкага абраду і ад іх прымаюць св. Камунію, бо ўсё роўна, у якім абрадзе прымаюць» (Ateneum).

І хацелася б тут пацешыцца словамі святога Ясафата ў лісце да Льва Сапегі: «Есьмо пэўнымі, што Магучы Бог гэтаму дзелу (Уніі) багаславіці будзе аж да канчатку і кождую перапону ўсуне, без ніякай шкоды для з’яднання, а нават яшчэ з пацехай духоўнай для з’яднаных». А мітрапаліт Ісідор яшчэ па Фларэнцкім саборы пісаў так да ўніятаў: «Няхай жа так станецца, бо гледзячы на ўпадак святога дзела не адзін сумніўся. Мо і нашаму народу суджана даказаць, што кроў мучанікаў не згіне: будзе яна „сяменнем веруючых“».

  1. Аб тым, хто мае гэтага даканаць, не можа быць мовы: воля самога грамадзянства.
  2. Уважны чытач заўважыць лёгка, што слова «змаганне» бярэцца тут у значэнні спецыяльным і не парушае засады талеранцыі, або паважання пераконань чужых.
  3. Да таго старога пісьменства можна також залічыць твор польскага вялікага прамоўцы Скаргі — «Абарона Берасцейскага Сабору», — пісаны па-беларуску.
  4. Роля русінаў (украінцаў і беларусаў) у гэтых двух светавых зда- рэннях дагэтуль мала брана была на ўвагу.
  5. Каталіцызм стаўся як бы манаполем польшчыны, і беларусы рымскага абраду пісаліся ў Расеі палякамі.
  6. Браў беларус пугай па плячах ад татара, літвіна, паляка і расейца. Адтуль пайшлі вось якія выражэнні: 1) Такі чорт як татарын. 2) Каб ты ў Вільні горы капаў. 3) Дам у цэркве за грахі, каб загінулі ляхі. 4) З маскалём дружы — камень за пазухай дзяржы.
  7. Або рымскім і грэцкім, еслі каму так даспадобы.
  8. Нядаўныя часы, калі пісалася шырока-далёка аб тым, як мучанікі-ўніяты «засведчылі сваю прыналежнасць да Польшчы» сваім мучаніцтвам (!). Старыя ксяндзы-ўніяты помняць яшчэ пераслед, які спатыкаў іх за тое, што навучалі ў роднай мове (Галіччына). Сумнае гэта непаразуменне.
  9. Паводле наказу Рымскага Апостальскага Сядолішча справа гэта залежыць ад волі народа. «воля народа — воля Бога», — кажуць. Дамагалася беларушчыны ў касцёле горстка інтэлігенцыі. На жаль, веруючай інтэлігенцыі маем мы менш як жменьку…
  10. Справу Уніі Польшча даўно ўжо ўпусціла, не прызнаўшы русінаў за палітычна раўнапраўны народ. Так званае вялікае пасольства Польшчы на Усходзе хутчэй адносіцца да запасу зямлі як да Уніі. Для гэтай справы цэнтралізм шкодзіць роўна варшаўскі, як маскоўскі. Даказала гісторыя, і яна нас вучыць.