Аднасловы
Аднасловы Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 43—46 |
Кахаць, любіць. Слова кахаць ужываецца толькі ў тасунку да людзей, а любіць—да рэчаў стварэньняў. Нельга напр. кахаць рэдзку, бярозу, рыбу, капусту з салам; іх можна любіць, а кахаць можна кагосьці з людзей-бацькоў, радню, дзяўчыну. Слова кахаць некаторыя памылкова лічаць запазычаным з польскага, што не сусім згодна з праўдай, бо хоць палякі ўжываюць яго, але ў нас гэтае слова мае выводныя формы, якіх няма у палякаў. Насовіч падае гэткія адмёны гэтага слова: Каханенькі, каханка, каханьне, каханак, каханы, кахаць, кахацца, але побач з гэтым і—выводныя: кохаць, кохнуць, кох. Першае тлумачыць вось як: кохнуць, дзеяслоў сяр. р. (гукапатураючый: 1) квактаць як курыца што водзіць курчат; 2) пераноснае—падобна курыцы каля пісклят клапаціцца, туліць, стагнаць. Кохнуць—мець пал да каго: колечы. Кохне па дзяўчыне, кохне па дзяцёх і 3) уздыхаць, смуціцца. Кохне па матцы, па мужу. Кох, згукапатур. якое выражае квактаньне курыцы што водзіць курчат. Нешта курчаты пішчаць, а коху курыцы не чутно. Жонка кох, а гаспадар вох.
Рубеж, граніца, мяжа, дукт. Найраней у нашай літэратуры выступае слова рубеж, пазьней мяжа і граніца і ўрэшце дукт. Слова рубеж праўдападобна. агульнаславянскае, прынамні многія славянскія мовы ўжываюць яго ў тым-жа значэньні як і ў нас, дзеля абазначаньня граніцы. Паходзіць яно ад славян. „рубить“, сеч. Часта ў старой нашай літэратуры ўжывалася ў значэньні рас. „предѣл“, польск. „kres“. У народнай нашай мове цяпер не ўжываецца, хоць ведама ей слова руб, ў значэні рас. „грань“. Граніца, паяўляецца ў актовай мове не пазьней XVI ст., слова аднаго і таго-ж караня, з: гранка, кантовы скрыль вузы пчалінай, даўней-а ў некаторых беларускіх гародах і дагэтуль,—зьвязка шрыфту набранага да друку; грань, востры выступ, вугол на чым колечы; граніць рабіць канты на рэчы не канцястай, а такжа, у ратайстве, ў значэньні дзяліць поля на лехі. Цікава адмеціць, што ў некаторых мясцох, прыкл. каля Вяліжа, граніцай называюць ляху, рас. „грядка“. Пасеяў граніцу калапень і 10 граніц капусты пасадзіў. Пасколькі у старой літэратуры рубеж і граніца ўжываюцца дзеля абазначаньня лініі раздзяляючай зямлю, то мяжа ня мае гэтага значэньня. Яна абазначае не заараную барахну зямлі, як разьдзел паміж ральлёй. У значэньні разьдзяляючай лініі слова мяжа пачало быць тасаваным толькі ў апошнія часы. Слова дукт у значэньні граніцы, рубяжа, пачынае сустрачацца ў актах XVII ст. У жывой мове ўжываецца, больш паміж інтэлігенці, ў Лепэльскім павеце. Дукт слова лацінскае.
Цяміць, кеміць, дукрыць. Цяміць і кеміць, словы аднаго караня, паходзяць ад „цемя“—верх галавы; ужываюцца ў значэньні, рас. „понимать“, „соображать“, „смѣкать“. Пад уплывам навейшай беларускай літэратуры паміж гэтымі аднастайнымі словамі адбываецца разьдзел: слова цяміць больш пачало тасавацца ў значэньні „сообразительности“, а—кеміць ў значэньні „смѣтливости“ „примѣталивости“. Выводныя ад цяміць маюць шмат адценкаў. Гэтак уцяміў—запамятаў, зразумеў; ня ўпрыцям, не ўдагад „невдомек“; цямкі „понятливый“; ісьці на цямкі (памылкова на цянькі), знача ісьуі невядомай дарогай, а наодум, кіруючыся мысьлю; цямешыць з трудом успрыймаць нешта ў галаву; ацяміцца, прыйсьці ў памяць, у прытомнасьць апамятацца; абязцяміць—пазбавіць памяці, прытомнасьці; бязцямны—безпамятны, непрытомны; высьцямак—варьят, непрытомны чалавек; нацям—на памяць. Нацям зьлічы сколькі будзе: сем-сямярэй па семяра дзяцей. Палякі асобліва здольны народ да перакручаньня чужых слоў надаючы ім зьнявежлівыя адценкі (прыкл. з грамата, зрабілі „ramota“—няўмелая пісаніна, з гаманіць—„gomonic“—бяз сэнсу вярзьці і „gamon“—дурань і ш. інш.), не абышлі і слова „цяміць“, але надалі яму значэньня на выварат: „ciemięga“—чалавек цяжкі, цяжка думаючы, „ciemięžyc“ уціскаць, прыгнятаць.
Кеміць таксама мае шмат адценкаў у выводных словах. Гэтак: закмеў—прымеціў, запамятаў, заўважыў; закмеўка—прыметка: Закмеўкі засек на дрэве. Закмеўкі парабіў на мяшкох, кемкі=„смѣкалистый“ здагадлівы, паняnлівы здольны; здакмець—выразумець, пасьцігнуць. Дукрыць—з Лепэльшчы і Барысаўшчыны), слова паходзіць не ад лацінскага „дукт“, а ад крыўскага „дудукаць“—гаварыць; яно бліжэй па значэньню да думаць, разумець. Выводныя: дукрыц, дукры, здукрыў, ўдукрыў, надукрылі, выдукрыў.
Кузурка, кузулька, кузяўка. Кузуркамі называюць наземных поўзаючы овадаў („insektum“); кожды жучок, мяккакрылае і бязкрылае наземнае стварэньне, калі гэта не чарвяк, не мятлік, не камар і ня муха—носіць агульну назову кузурка, ў адрожненьне ад такіх-жа дробных водных стварэньняў якім даецца агульная назова—кузяўкі. Кузулька гавораць у горадзеншчыне замест—кузурка. Былі спробы у навейшай нашай літэратуры, ўжываць слова кузулька замест рас. „насѣкомое“, аднак гэтае слова не адпавядае данаму значэньню. Магчыма, што ў каторымсь з вышэйпададзеных слоў крыецца карэнь паняцьця інсэкт, але дагэтуль гэтае заданьне нікім не разьвязана. Трэба сказаць, што і рас. слова „насѣкомое“, не народнае, штучна утворанае, гэта ёсьць літэральны пераклад лацінскага слова, insektum якое ў свай чарод штучнае, яно знача—„насечанае“, бо азначала спачатку. толькі адну адмену дробных стварэньняў, цела ў якіх пакарбаванае, як бытцам зложанае з паасобных пярсьцёнікаў.
Брахаць, гаўкаць, зьвягаць, дзяўкаць. Брахаць, азначае сабачы крык, гаўканьне. Брэша курта брэша! Брахлівы сабака; сабачы брэх. У пераносным значэньні гаворыцца аб гутарцы лжывай, злосна-пустой. Гаўкаць, рэдка брахаць. Гаўкае, як сабака с пад лавы. У пераносным зн. гаворыцца аб неўважлівай адповедзі. Ты да яго ветла, а ён гаўкне табе, як сабака. Зьвягаць, брахаць ценкім голасам ды надарэмне, без дай прычыны, але надаедліва, доўга. Воўк сабакі не баіцца, а толькі зьвягі ня любіць. У перан. а зн. гаворыцца аб пустой гутарцы, аб бязсільнай напасьці. Дзяўкаць тое-ж што і гаўкаць, але ценкім голасам, рас. „тявкать“.
Бароцца, змагацца, ходацца, доляцца, тузацца, дужацца. Бароцца, знача сіліцца, боручыся фізычна, валіць, ламаць, кідаць на зямлю, пробуючы сілы і спрыту; барукацца, старацца паваліць адзін на адзін праціўніка. Змагацца працівіцца ўсімі сіламі цялеснымі і духовымі, супроць якога колечы гвалту, або ўплыву, сіліцца перамагчы адпор, перашкоду, нападу. Ходацца, цягацца з праціўнікам меручыся сіламі. Доляцца, тое-ж што і ходацца, з адценкам сьвядомасьці сваей слабасьці. Адалела старасьць. Мошка адалела сады. Нас што год вада адалевае. Тузацца цягацца з кім торгаючыся. Дужацца, мерацца сіламі, гаворыцца ў значэньні барукацца;
Шкеліць, гадузаваць, кпіць, шабўнкаваць. Шкеліць, ашчарацца, насьмяхацца, рас. „острить“, „трунить“. Насовіч (стр. 711) дае: шкель насьмешнік-ца. Шкель баба. Абсадзі ты гэтага шкеля. Шкеліць, сашкеліць—сьмяяцца. Досіць табе шкеліць каля бабы. Ты сашкеліў каля нас. Шкелі—жарты, насьмешкі. Досіць табе шкелі строіць. Свае шкелі кішані аб‘елі. Слова абыдзеннае у Смаленшчыне. Выводныя: шкельнік-ца, шеўляць, дашкуліў, сашкеліў. Галузаваць, гэтае слова,—мяркуючы з народных песьняў і с таго ў якім значэньні ужываюць яго у Вітабшічыне і паўночных паветах Віленшчыны,—ў Насовіча няпраўдна вытлумачана. Праўдападобна ён зьмяшаў яго з другім словам—„галус“, што знача абарванец, дуронік, а такжа гультай і бяздзельнік. Слова галус паходзіць ад „голы“. Слова-ж галузаваць, ад „галы“-вочы. Ужываецца яно ў значэньні рас. „зѣвать“, з адценкам насьмешкі і злосьці, а такжа маўклівую насьмешку. Не надзявай гэтага, а то будуць людзі галузаваць, вытыкаць пальцамі. Галузуе з вашай беднасьці, зайшоўшы ў хату. Куды не паткніся усюды будуць з цябе галузаваць, хоць ў вочы. нічога ня скажуць. Кпіць, кепкаваць, высьмяваць злосна. Кпіны, злосныя насьмешкі, перасьмевы. Шабункаваць, жартаваць, насьмяхацца дабрадушна, не абразьліва; гаварыць ў жартаўлівым тоне перакідацца жартамі.
Ілгаць хлусіць, маніць, клюдзіць. Ілгаць, гаварыць няпраўду, сьвядома перакручаць праўду. Хлусіць, маніць, лгаць жартуючы, насьміхаючыся, выдумляючы няпраўду цікавую, або забаўную; памыляць каго колечы маной. Мана, безпадстаўная няпраўда, лганьнё, чыста здуманае здарэньне, фантазія. Клюдзіць, крывіць, выкручацца няпраўдай, мыляючы слухача фальшывымі, або падтасаванымі даннымі. Гавораць аб заблутанным зайчым тропе „наклюджана“, „наклюджаны сьлед“, зблутаны. Ужываецца такжа ў значэньні крывадушыць. Клюдзіць дзеўка, праўды ня кажа.
Гадаваць, выховываць. Гадаваць адносіцца да фізычный стараны, выховываць—да духовай. Узгадаваў дзяцей, але ня даў ніякага ім выхованья.
Слабы, кволы. Слабы, ня сільны, ня сьціслы, бязьсільны, не тугі. Слабога здароўя і слабой сілы чалавек, Слабога характару. Хлеб замясіла слаба, таму ён і расплюх. Слаба нацягненая вяроўка. Кволы, высходнае „квіль“—слабы дзіцячы плач. Квіліць дзіцятка, пташкі знача адзываецца слабым, жаласьлівым голасам, згэтуль кволы—слабы, жаласьлівы, пісклівы. Квяліць—даводзіць да плачу, да сьлёз, сердзіць, крыўдзіць. І Бога хвалі і чарта не квялі. Мусі ўквяліў чым дзіцятка. Квелкі—далікатны, рас. „нѣжный“, польск. „tkliwy“. Калакут—птаха квелкая. Квель—далікатны, рас. «нѣга“. Квель па целе разыходзіцца ад сонечнага прыпару. Любіць, то і квеціць жонку. Квеліцца ў пасьцелі да поўдня. Пястунок, мамчын квялюта, квялюсь, яму ўсё можна. Квеляцца маладыя сабе перад жанідзьбай. Глянь як Анцік да цябе квеліцца, відаць ўжо нечага хоча. Паквольча, паслабліва, ня жостра, ня груба, памалу. Як відаць з прыведзеных тут прыкладаў ёсьць рожніца паміж—кволы і квелы.
Пах, водар, вохнасьць. Пах-прыемны водар, супраціўнае: сморад. Панюхай, чым гэта пахне. Глядзіць лісіцай, а пахне воўкам. Пчолка пахне мёдам, а жук сьмярдзіць навозам. Водар—пахнасьць, рас. „аромат“. Гарбата ня мае водару. Водар смалы чуваць ў сасновым лесе. Вохнасьць, вотхнасьць, добрапахнасьць, рас. „благоуханіе“, „душистость“. Прыемная вохнасьць тхне з поля, дзе жыта красуе. Пасеяла павохны гарошак. Разрожнююць павохную і сабачую мяту,
Ўсесьвет і сусьвет. Усесьвет, тое-ж што па расійску „мір“, „міровой“. Сусьвет, тлумачыцца па рас. „вселенная“. Прыстаўка „су“ надае адценак ўсеагульнасьці, зыходжаньня многіх элемэнтаў, як і ў словах—сумеснасьць, сугалоснасьпь суседзтва сужывецтва і мн. інш.