Адляцела душа
Адляцела душа Верш Аўтар: Алесь Гарун 1917 Крыніца: https://knihi.com/Ales_Harun/Adlaciela_dusa_spz.html |
З няволі
Ах, згубілась душа! Не жывець у грудзях,
Адляцела кудысь і прапала.
Напужала няволя,— ў нудзе па людзях
Падалася на свет, змандравала.
Як прасіла ж мяне! «Адпусці, не трымай!
Ці ж лягчэй, што я гэтта загіну?
Што табе за карысць? Лепш адзін памірай,
Не прасі мяне, любы,— пакіну!»
Што было мне пачаць? Адпусціў я. «Ідзі! —
Адказаўшы дружыне каханай.—
Але слухай: прашу, заклінаю, знайдзі
Край на свеце — сіроцкі, забраны.
Мусіш ведаць яго і адразу пазнаць
Той відок, апавіты журбою,
Што святы мог спакой на усё насылаць...
Гэта край наш радзімы з табою.
Дык ідзі ж, паглядзі, што зрабілася там!
Кроў змяшалася з попелам, з глінай,
Незрахована страт, няма ліку слязам
Над спакою былога руінай.
І заплач над усім, як заплакаў бы я,
Калі б мог я з няволі урвацца,
І лягчэй мне тады будзе, люба мая,
З гэтым светам ў няволі расстацца».
Дзень праходзіць за днём, надышла і зіма,
Туга цяжкая ў сэрца запала...
Адляцела душа, і няма, і няма,
Заблудзілася дзе ці прапала?..
1917