Адкрыты ліст Янкі Купалы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адкрыты ліст Янкі Купалы
Ліст
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: pawet.net

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паважаны тав. рэдактар, прашу зьмясьціць у вашай газэце наступнае:

Адбываюцца нячуваныя, грандыёзьнейшыя ў гісторыі чалавецтва падзеі. У СССР, адзінай на ўсім сьвеце краіне пролетарскай дыктатуры, рабочая кляса, у цесным саюзе з бядняцка-серадняцкімі масамі сялянства, пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі, рэальна ажыцьцяўляе запаветныя ідэалы найгеніальнейшых настаўнікаў і правадыроў працоўнага люду - Маркса і Леніна, пераможна, з нявіданым творчым энтузыязмам і запалам будуе соцыялістычнае грамадзтва.

Але шлях гэтага будаўніцтва ня лёгкі.

Капіталістычны сьвет усё з большай і большай трывогай, азьвярэньнем і нянавісьцю сочыць за гэтай соцыялістычнай будоўляй, добра ведае і адчувае, што справядлівай гісторыяй ужо палічаны апошнія гадзіны яго існаваньня. І ня толькі сочыць. Імпэрыялістычная загранічная буржуазія адзіным фронтам з рэшткамі капіталістычных элемэнтаў у СССР напружвае ўсе свае сілы для таго, каб перашкодзіць гэтай творчай рабоце працоўных мас, каб зьнішчыць соцыялістычную дзяржаву, апору сусьветнага рэволюцыйнага пролетарыяту ў яго барацьбе за вызваленьне з-пад ярма рабства і эксплёатацыі, Буржуазія як замежная, так і ўнутраная не перабірае ніякімі мэтодамі і сродкамі барацьбы супроць СССР. Шкодніцтва, дывэрсыя, шпігоўства, інтэрвэнцыя, - усё гэта пускаецца ў ход, каб толькі зруйнаваць такія бастыёны соцыялізму, як індустрыялізацыя і колектывізацыя, абы толькі ўзарваць пяцігадовы плян, які ажыцьцяўляецца нячуваным уздымам і захапленьнем рабочай клясы і бядняцка-серадняцкага сялянства пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі. Адгэтуль нязвычайнае абастрэньне клясавай барацьбы, адгэтуль шалёнае супраціўленьне капіталістычных элемэнтаў усім пачынаньням і мерапрыемствам савецкай улады.

Арэнай такой абвостранай клясавай барацьбы зьяўляецца, зразумела, і БССР. Але ва ўмовах нашай рэспублікі ролю зьбіральніка і організатара контр-рэволюцыйных сіл, ролю застрэльшчыка сусьветнага капіталізму ўзяў на сябе беларускі нацыянал-дэмократызм, выступаючы пад сьцягам рэстаўрацыі буржуазнага ладу, звароту капіталістам фабрык і заводаў, памешчыкам - зямлі, пад сьцягам падняволеньня рабочых і сялянскіх працоўных мас.

Для ажыцьцяўленьня гэтае мэты група контр-рэволюцыйных нацыянал-дэмократычных інтэлігентаў, у хаўрусе і пад кіраўніцтвам заходня-беларускага нацыянал-фашызму, гэтай агентуры польскага імпэрыялізму, на працягу раду год вяла шкодніцкую контр-рэволюцыйную работу амаль на ўсіх участках соцыялістычнага будаўніцтва, накіроўваючы галоўныя ўдары, аднак, па лініі культуры зямельнай экономікі. Пранікаючы і стараючыся паступова прыбіраць у свае рукі найадказьнейшыя вучасткі савецкага дзяржаўнага апарату (Наркомасьветы, Наркомзем, БДВ і г.д.), контр-рэволюцыйныя нацыянал-дэмократы спадцішка, але няўхільна, падточвалі соцыялістычныя элемэнты савецкае дзяржаўнасьці, падменьваючы іх нацыянальна-буржуазнымі. Асаблівую ўвагу аддавалі яны разбурэньню таго адзінства, тае інтэрнацыянальнай базы, на грунце якое працоўныя масы ўсіх нацыянальнасьцей СССР зьлітнымі колёнамі ідуць па шляху да соцыялізму. Лезунгу аб'яднаньня рабочых і сялян беднякоў і сераднякоў розных нацыянальнасьцей Савецкага Саюзу пад ленінскім сьцягам. контррэволюцыйныя беларускія нацыянал-дэмократы супроцьставілі лёзунг самабытнасьці беларускай нацыі, сэпаратысцкага разьяднаньня, нацыянальнага антаганізму, каб гэтым самым аблягчыць сваёй нацыянальнай буржуазіі перамогу, панаваньне і ўгняценьне беларускіх працоўных мас. У гэтай контр-рэволюцыйнай рабоце беларускія нацыянал-дэмократы апіраліся, з аднаго боку, на кулацтва, якое ліквідуецца ва ўмовах колектывізацыі як кляса, а з другога боку, на зарубежныя сілы, і гэтым пракладвалі шлях для інтэрвэнцыі, бо яны добра ведалі, што ня ўласнымі сіламі, а толькі пры збройным падтрыманьні замежнае інтэрвэнцыі змогуць зьнішчыць ненавісную ім дыктатуру пролетарыяту, каб падмяніць яе дыктатурай капіталу.

Якую ролю я асабіста і мая літаратурная творчасьць адыгралі ў гэтай контр-рэволюцыйнай дзейнасьці беларускага нацыянал-дэмократызму?

На літаратурную ніву я выступіў у 1905 г., надрукаваўшы свой першы верш «Мужык», Мэта, якую ставіў я перад сваёй паэтыцкай творчасьцю, гэта было паказаць у мастацкай форме ўсю беднату, цемнату, нядолю і паднявольле батрацтва і бядняцтва беларускае вёскі, якая горка пакутавала пад соцыяльным і нацыянальным гнётам крывавага царызму. Але, пачаўшы з 1908 г., у часы самае чорнае рэакцыі, працаваць у «Нашай Ніве», я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся гэтымі адраджэнцкімі ідэямі нацыянал-дэмократычнай дзяржаўнасьці і пачаў іх адбіваць у сваёй далейшай творчасьці, апяваючы, як нешта пазаклясавае, беларускі «народ», ідэямі, даючы ў некаторых сваіх творах гістарычнае мінулае, значыцца, фэодальна-паншчыннае Беларусі, зацямняючы гэтым самым клясавую сутнасьць соцыяльнае і нацыянальнае барацьбы за вызваленьне, якая і ў гэты пэрыод, хоць прыдушана, але хвалявалася, узбуралася ў імкненьнях і парывах мас (нелегальная рэволюцыйная літаратура, забастоўкі і г.д.).

Гэтае захапленьне дробнабуржуазнымі нацыянал-дэмократычнымі ідэаламі прычынілася таму, што я і ў першыя гады Кастрычнікавае рэволюцыі ня змог ад іх пазбавіцца ды ўразумець і ўсвядоміць усю веліч і гістарычную нямінучасьць пролетарскае рэволюцыі, якая адна несла сапраўднае соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне працоўным былой царскай Расіі, у тым ліку і Беларусі. Дзякуючы гэтаму свайму асьляпленьню, зьявіліся мае такія творы з ярка нацыянал-дэмократычнымі настроямі, як, прыкладам, «Паўстань», «Перад будучыняй», п'еса «Тутэйшыя» і інш.

Комуністычная партыя і савецкая ўлада даравалі мне гэтыя грубыя нацыянал-дэмократычныя памылкі ў маёй творчасьці. І за мае ранейшыя заслугі перад беларускім працоўным людам надалі мне высокую годнасьць народнага поэты. І ў апошнія гады я ўсімі сіламі намагаўся далучыцца сваёй творчасьцю да вялікага соцыялістычнага будаўніцтва, якое так магутна разгортваецца ў нашай краіне, прыкладам, творы: пераклад «Інтэрнацыяналу», «На сьмерць С.Булата», «Безназоўнае», «Арлянятам», «Дзьве сястры» (аб работніцы і сялянцы), «Шляхам гадоў», «З угодкавых настрояў» (на дзесяцігодзьдзе Кастрычнікавай рэволюцыі), «На могілках ваякаў» (да дзесяцігодзьдзя БССР), «Дыктатура працы», «Працай дружнай, калектыўнай» (аб выстаўцы) і інш. Але ўсё-ж такі ў гэтым напрамку я зрабіў вельмі мала, не зважаючы на тыя магчымасьці, якія мне давала партыя і савецкая ўлада.

Прасякнуты нацыянал-дэмократычнай заразай, прышчэпленай мне нашаніўскім пэрыодам маёй літаратурнай працы, калі я стаў быў адным з ідэолёгаў буржуазна-дэмократычнага адраджэнства і «незалежніцтва», я і пасьля Кастрычнікавае рэволюцыі не адмежаваўся, як гэта належала, абкружаючага мяне нацыянал-дэмократычнага асяродзішча, а быў уцягнуты ім і прыняў самы блізкі ўдзел у контррэволюцыйнай рабоце віднейшых беларускіх нацыянал-дэмократаў, якія на грунце констытуцыі Савецкае Беларусі, скарыстаўшыся давер'ем, якое аказана было ім з боку савецкай улады, прыкрываючыся хлусьліва заслонай фальшывых крывадушных дэклярацый і запэўненьнем, праводзілі свае шкодніцкія нацыянал-дэмократычныя ідэі на культурным фронце.

Працуючы ў навукова-тэрмінолёгічнай комісіі ў Інбелкульце, БАН, гэтых кіруючых штабах беларускага нацыянал-дэмократызму, бачачы сваімі вачыма іхнія несумяшчальныя з інтарэсамі беларускіх працоўных мас і запатрабаваньнямі партыі і савецкае ўлады ўстаноўкі і мерапрыемствы ў культурным будаўніцтве, я ня толькі ні разу не асудзіў іх, але, наадварот, моральна падтрымліваў і дапамагаў іх рэалізацыі.

Але гэты этап пройдзены. Цяпер я бачу ўсю шкоднасьць і гібельнасьць таго шляху, па якім памыкаліся беларускія нацыянал-дэмократы павярнуць ход гісторыі. Гіганцкімі крокамі ідзе культурнае і экономічнае будаўніцтва Беларусі . Краіна, быўшая ўвасабленьнем рабства, убоства і беспрасьветнай цемры, ператвараецца ў краіну вольнае працы. На месцы некалі гнілых дрыгвяных балот вырастаюць фабрыкі, заводы, электрастанцыі. На месцы ўбогіх сялянскіх палосак красуюцца колгасныя нівы, навейшыя дасягненьні аграноміі, тэхнікі і пладатворчай колектыўнай працы. На месцы народнай цемры вырастаюць бязупынна ўсё новыя і новыя культурныя, навуковыя і навучальныя ўстановы.

Будуецца соцыялізм.

Балюча і цяжка ўсьведамляць мне сёньня, што я, адарваўшыся ад здаровага творчага асяродзішча рэволюцыйных пролетарскіх працоўных мас і ўвесь час утапаючы ў пратухлым балоце абкружаючых мяне контр-рэволюцыйных нацыянал-дэмократычных дзеячоў, з авантурыстычным політычным мінулым, я так сьлепа, так упарта на працягу раду год ідэолёгічнымі памылкамі ў сваёй творчасьці, популярнасьцю і аўторытэтам, як народны поэта, не дапамагаў з усёй адданасьцю і захапленьнем ажыцьцяўленьню запаветных лятуценьняў чалавецтва, ажыцьцяўленьню соцыялізму.

Балюча і цяжка. Але гэты чад, як сон кашмарны, мінуў. Сёньня, пранікнуты ясна сьвядомасьцю поэта і грамадзяніна, я рашуча і раз назаўсёды як у сваёй літаратурнай творчасьці, так і ў сваіх імкненьнях і грамадзкай дзейнасьці парываю з беларускім нацыянал-дэмократызмам ва ўсіх яго праяўленьнях.

У нашу векапомную эпоху героічнага змаганьня пролетарыяту за вызваленьне працоўных з-пад няволі капіталізму, калі пролетарыят усё старое ніштожыць і на руінах гэтага старога будуе новае соцыялістычнае існаваньне, - праступна ўваскрашаць мінулае, прасякнутае нявольніцка-буржуазнымі каліталістычнымі традыцыямі, праступна ўтвараць нацыянальную адмежаванасьць, асноўваючыся на самабытнасьці, гэта-значыць, на пазаклясавасьці якой-бы ні было нацыі ці народу.

Парываючы сам катэгарычна і беспаваротна ідэйна і організацыйна з беларускім нацыянал-дэмократызмам, як з нейкай хвароблівай зданьню, якая палоніла мяне на працягу доўгіх год майго сьвядомага жыцьця, я шчыра жадаю, каб гэты мой горкі вопыт паслужыў навукай для тэй часткі беларускай інтэлігенцыі, якая яшчэ ня зусім вызвалілася ад нацыянал-дэмократычнага шалупіньня, якая канчаткова ня прыйшла да перакананьня, што, толькі працуючы пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі, гэтага авангарду рабочае клясы, толькі аддаючы свае сілы на соцыялістычнае будаўніцтва, яна ня будзе адмецена жыцьцём, як агідная памятка рабскага мінулага.

Усе сілы - соцыялістычнаму будаўніцтву на зацьвітаючай новымі агняцьветнымі краскамі індустрыяльна-колгаснай глебе Савецкай соцыялістычнай Беларусі!

Няхай жыве культура, зьмест і форма якой выпісаны на ленінскім сьцягу найвялікшым сучасным правадыром пролетарыяту т. Сталіным, - культура - пролетарская па сваім зьмесьце, нацыянальная па форме!

Няхай жыве Комуністычны інтэрнацыянал, гэты адзіны загартаваны правадыр, які вядзе чалавецтва да новага сьветлага, радаснага жыцьця!

Няхай жыве Беларуская соцыялістычная савецкая рэспубліка, адзін з краевуглавых каменьняў Савецкага Саюзу! Няхай жыве СССР, братняя дапамога якога забясьпечвае нявіданыя і нячуваныя тэмпы разьвіцьця Савецкай соцыялістычнай Беларусі!

Янка Купала.

Менск, 10-ХІІ.1930 г.