Адзінокі
Адзінокі Сцэнічны эпізод Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 2-4 |
Пляц перад ратушам у Вільні. На мураваным падвышэньні стаіць магістрацкі урадовец ліцытуючы рэчы даўжнікоў. Яго акружае гарадзкая публіка: мяшчане, мяшчанкі, купцы, духоўныя абодвых законаў, студэнты якія вучацца ў загранічных унівэрсытэтах, чэрнь.
Урадовец.
Во гэту груду кніг, панове,
будзем прадаваці,
хто купіць ахвочы
просім аглядаці!
Цікавыя падходзяць да кніг зваленых у груду на пляцу.
1. Студэнт.
Разгартаючы тоўсты фоліянт, да свайго калегі:
Старасьвецкім, роўным пісана уставам;
многа працы, добрая аправа,
ды, на жаль, навейшых тут дармо шукаць ідэяў…
2. Студэнт.
Усё-ж прыгожы гэты завіток са зьмеяў!
Каб ён быў у боскім стылю адраджэньня
я-б гатоў быў даці…
3. Студэнт.(Сьмяючыся);
Скажаш чэсьць свайго іменьня!..
2. Студэнт.
Мала тут лаціны;—болей усё букі.
Есьць у простай мове для паспольства друкі…
Не, шукаць дарэмна тутка што жывое,
Ў духу гуманізму. Больш усё такое,
не для нас. Асьвету знаючых замежну,
творы Алігьеры, Гуса мысль бунтэжну…
1. Манах.
Во так карае Бог рушыцяляў закону!
Яго-ж сьвятыя словы Франціш крануў рукою
у кнігах ім самім наноўна друкаваных…
1. Мяшчанін.
Такіх даўней каменьням пабівана!
2. Мяшчанін.
І моладзі ў навуку, рубалі гэткім руку.
2. Манах.
Вось ён ідзе… Бязбожнік!
3. Мяшчанін.
Ен толькі новамоднік;
бязбожнасьці німа у ім!
1. Манах.
Пракляты вы да веку, мудрачыя ў пісьме
што анельскай рукой накрэсьлена было!
1. Францішканец.
Свае яго нялюбяць, затое, бач, і губяць
2. Францішканец.
Аб што-ж у іх то ўсё пашло?
1. Францішканец.
Ен кнігі пераклаў на мову іх прыродну,
яны-ж работу ўсю яго прынялі за нягодну.
1. Пан.
Прост дзіўна: ён навукі скончыў многі
і доктарам сябе мянуе,
а сам гарнецца да паспольства
і кнігі ім друкуе!?
2. Пан.
Што, кнігі для мяшчан тутэйшых,
і цёмнага паспольства? Дзіўна!
Ня бачу мудрасьці я ў ім:
бо-ж гэта прост наіўна!..
Тут, дзе шляхты род з Італьскае зямлі
вядзе пачатак свой.—Хоць, праўда, агрубеў
між гэтага народу,—ўсё-ж традыція і кроў
павінны падсказаць, што мы, ад шляхты да паноў
к лаціне вінны павяртаць!
А гэтых, шкодных пісьмакоў паспольных
да ката даць!.
Урадовец.
Ацэнены на копы дзьве,
во гэты кнігі ўсе,
хто з вас, панове, болей?!
Голас з таўпы.
Ня трэба іх ў народ шырыць,
а лепш бязбожныя спаліць!
Манах.
Найлепш спаліць!
Разьвеяць попел з ветрам!
2. Студэнт. Да калегі
А я ўсё-ж хачу сабе купіць
Адну, з тых кніг што зьмеямі
застаўкі маляваны…
2. Мяшчанін.
Давайце дроў, агня!
Ніхай гараць паганы!
Францішканін.
Мы пойдзем згэтуль, брат,
бо тут благая йдзе гульня!
2. Пан.
Люблю прастоту нашу,
здаровага ў ей шмат інстынкту!
Я сам ня іншы суд
даў кніжні гэтай,
якая толькі можа далей
у барбарства нас гнаць…
Нам Крыўцам і Літве,
нашчадкам рымлянаў славэтных,
к лаціне трэ вяртаць…
Чэрнь. Зносячы салому і дровы
— То-ж ведама бязбожнік!
— Яшчэ які! Каб ты умеў чытаць,
То з кнігаў гэтых, як той бунтэжнік,
чарцей-бы здолеў выклікаць
сабе на ўслугі.
— І думаеш што, чорт бы мне служыў?
— А тож чаму-бы не!..
Армянін.
Ў даўгі улез па вушы
Праз кнігі ён свае…
Мяшчанін.
— Кідай ў яго каменьня
Бязбожніка, што губіць душы!…
Камень трапляе у Франціша Скарыну і ен апіраецца аб сьцяну ратуша, злева ад таўпы. У таўпе выбухае сьмех адначасна з клубамі дыму недзе некім запаленай ахапкі саломы.
Скарына.
Горкім палынам шлях мой буяе,
Горыч ліць ў чару жыцьцё не скупіцца
І супакою сэрца ня знае…
Ох, як ўжо трудна далей так біцца!
Вечнае Праўды Духу Вячысты,
У сьведкі Цябе я корна ўзываю,
Сьведч, хоць патомным, порыў мой чысты,
Шчыру ахвярнасьць клаў як для Краю!…
У садзе віновым, нівы айчыстай,
У поце і зною як я трудзіўся:
Кожды расточак духам жарчыстым
Грэў я, кукобіў, і весяліўся
Уродзе мабытнай…
Шмат што якое
Мной ўскалыхана, шмат і зернятак,
Кволых, быць можа, кінута мною:
У шчырым імкненьні, шчыра клаў датак…
Стрэў-жа ў адплату посык зьмяіны,
Напасьць нікчэмну, заздрасьць і здраду
Стаў прад людзямі вінен бязвінна…
Сколькі балота, подласьці, яду!…
Што пражылося трудна сьпісаці:
Трудна і ўцяміць, скуль тае зносьці…
Сілы, цярпеньня, заўтра, каб ждаці
Між ўсей агіды людзкае злосьці.
Зноў-жа от жоўцю хлеб мой паліты,
Дзень мой заслала чорная Марва;
Крыж мой цяжэе… Сіл недастатак…
Дзе-ж Ты, я клічу, Вечная Праўда?!
Паміж Скарынай і таўпой праходзяць доўгім радам гарадзкія касьбіты вяртаючыя з работы. Ідучы яны пяюць уложаную Скарынам песьню!
О, Ойча наш Уладар Нябёс!
Хай імя вечнае Тваё
Між нас сьвяціцца векавечна.