Адвечная песьня/I. Хрэсьбіны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

I. ХРЭСЬБІНЫ

Вясковая ўбогая хата. Ноч. Усе спяць. У асінавых начоўках, аберчанае зрэбнымі пялёнкамі, ляжыць дзіцянё. Над ім з'яўляюцца цені і пяюць.

Жыццё

Ўсясільнай рукою тварэння
Даю яму права існення,
На ўласнасць ваду і зямлю,
Душу яму такжа даю.

Пад уладай сваёй будзе меці
Як ёсць усё чыста на свеце;
Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэй.

І рэкі, і долы, і горы
Яго будуць слухаць з пакорай;
Там высуша, там правядзе,
Там зрые, а там узнясе.

Лясы ён аберне на поле,
Ўсялякія ўстроіць будоўлі:
Святыні пад неба зірнуць,
Цямніцы пабелай бліснуць.

Так будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальшага роду,
І будзе цар гэты навек
Названне насіць — чалавек.

Доля

Яму буду я напяваці
Аб радасці, славе, багацці,
Дзе шчасця палае прасвет,
Як самага сонейка цвет.

Ён, чуючы гэтыя песні,
Не раз загалосіць балесне
І страшнай азвецца кляцьбой,
Бяссільны жыць вечна са мной.

І стане ганяцца за мною
Ён думкамі, сэрцам, душою, —
Я, песню прапеўшы, ўцяку
Ці ў поле, ці ў лес, ці ў раку.

І будзе так жыць і маліцца,
Сваёю няўдачай хваліцца
Стварэнне жыцця — чалавек,
Аж ляжа ў зямельку навек.

Бяда

Во! тутка маё панаванне!
Са мной ён і ляжа, і ўстане.
Вясна, лета, восень, зіма —
Я з ім, як царыца сама.

Напрасна мяне будзе гнаці:
3 ім буду за хатай, у хаце,
І так ён зжывецца са мной,
Што стану яго я душой.

На плечы ўзвалю горб вялікі,
Абую ў лазовыя лыкі,
Як ночай, хай блудзе па дню, —
Прасветласць я выдзеру ўсю.

Голад і холад
(разам)

Мы будзем хадзіць за ім парай,
Наводзіць балесці і хмары,
Душой і хацінай трасці,
Адвечныя казкі плясці.

Хай чуе і сілен, і молад,
Як страшан і голад, і холад,
І рыне ў магільны пясок
Праз сцюжу, праз хлеба кусок.

Хор

Гэй, спраўма над ім тут хрысціны
Слязы і крыві церушынай!
Хай будзе ні мал, ні вялік,
Няхай носіць імя: Мужык.

Дзіцянё заплакала; цені разбягаюцца і нікнуць.