Перайсці да зместу

Адбудова Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уваскрашэнне польскага ўніверсітэта ў Вільні Адбудова Беларусі
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 8. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2002. ст. 57-58

Апублікавана ў газеце «Звон» № 27, 19.Х.1919, пад псеўданімам К-а.

Больш самачыннасці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тая вялікая разруха і тое страшэннае зніштажэнне, выкліканыя вайною, найцяжэй адбіліся на нашай Бацькаўшчыне, на нашым полі і на нашых сялібах.

І калі цяпер, хоць яшчэ ваенны віхор бушуе, асабліва на ўсходзе Еўропы, шмат якія дзяржавы, перайшоўшыя на мірнае жыццё, прыступілі к адбудове ваенных руін, — у нашым краі, каторы найбольш вынес на сваіх плячах буру сусветнай вайны, нічога аб гэтым не чуваць, нічога не робіцца, ніхто і не падумае аб тым, як жывуць, што ядуць, якую маюць страху над галавой людзі нашых вёсак, нашых сёлаў.

Цэлы свет ведае, што самыя крывавыя бітвы, самае дзікае зніштажэнне людзей і іх дабра ў гэту вайну было на Беларусі. Досыць зірнуць толькі вокам на старую лінію нямецка-расійскіх акопаў, каб пабачыць, якога жудаснага разбурэння на сотні квадратных міль даканала чалавечая рука — яе лапата, яе гарматны пярун. Людзі варочаюцца да сваіх хат, а не знаходзяць іх, шукаюць сваіх гоняў, а іх не відаць: гарматныя стрэлы змялі з вобліку зямлі хаты, зніштожылі межы і гранічныя слупы.

Ужо ад нейкага часу ў Францыі працуе паўмільёна людзей над адбудовай таго, што вайна разрушыла. У Бельгіі таксама кіпіць работа ў гэтым напрамку, якой прымушаны дапамагаць немцы, — а ў нас?

У нас усё спіць, ніхто не падае голасу, ніхто не дамагаецца ад народаў, што наш край здратавалі ні за што ні пра што, каб хоць у частцы прыйшлі з падмогай дзеля яго адбудавання, дзеля яго ратавання ад галоднай і халоднай смерці.

І Беларусь жабруе!

З-пад Смаргоні, з-пад Маладзечна, з-пад Крывічоў і г.д. і г.д. абрабаваныя, галодныя людзі ходзяць па сваёй Бацькаўшчыне і па чужынцах і просяць…

Так быць не павінна.

Калі тыя, што нас аграбілі, што нашы загоны зрылі на акопы-магілы, не ідуць к нам з дапамогай, каб сплаціць хоць частку таго доўгу, які яны доўжны Беларусі, то павінны мы самі за гэта ўзяцца, і ўзяцца як найхутчэй.

Трэба, каб само нашае грамадства ўзялося шчыра за гэту работу. Трэба стварыць камісію, каторая б аб’ехала і абследавала найболей зніштожаныя месцы, падлічыла ўсе страты і падала рахунак.

Мы гэты рахунак пашлём усім ваяваўшым і ваюючым на нашай зямлі народам, мы гэты рахунак прадставім той дзяржаве, якая будзе ў нас гаспадарыць — ці то свая, ці то чужая. І гэта трэба зрабіць як найхутчэй.

Жыццё не чакае.