Адам Міцкевіч (Глебка)
Адам Міцкевіч Крытыка Аўтар: Пятро Глебка 1940 год Крыніца: Полымя. — 1940. — №11. С. 12—25. |
26 лістапада 1940 года споўнілася 85 год з дня смерці геніяльнага пісьменніка польскага народа Адама Міцкевіча. Ушанаванне памяці паэта ў сувязі з гэтай датай адбывалася ў нашай дружнай, шматнацыянальнай краіне ў абставінах велізарнай зацікаўленасці яго творчасцю, жыццём і працай. Ва ўсіх самых блізкіх і далёкіх мясцінах нашай неабдымнай радзімы друкаваліся артыкулы аб творчасці Адама Міцкевіча; на ўсе шматлікія мовы народаў Совецкага Саюза перакладаліся вечна жывыя і вечна свежыя яго творы. З асаблівай зацікаўленасцю падышлі да творчасці Адама Міцкевіча чытачы нашай краіны, той краіны, дзе нарадзіўся, рос і пачынаў сваю работу вялікі польскі паэт. І многім пры гэтым міжвольна прышлі на памяць радкі, прысвечаныя Адаму Міцкевічу ягоным сучаснікам, геніем рускага народа, Александрам Сяргеевічам Пушкіным:
Он между нами жил |
І сапраўды, у самым літаральным сэнсе гэтага слова, Адам Міцкевіч жыў сярод нас, сярод нашых продкаў, дзелячыся з імі і чыстымі марамі і песнямі. Але жывучы на гэтай зямлі, Адам Міцкевіч жыў па сутнасці ў іншай краіне, зусім непадобнай на сучасную, бо жыў ён у іншую, далёкую ад нас эпоху. Сваімі найбольш істотнымі сторанамі гэта эпоха адлюстравалася ў паэзіі Адама Міцкевіча і пэўным чынам абумовіла і яе вышыні і яе зрывы.
Што-ж гэта была за эпоха? Для Захаду гэта была эпоха канчатковага распаду феадалізма і эпоха буржуазных рэволюцый. Для Польшчы гэта была эпоха развалу польскай дваранскай рэспублікі, эпоха заняволення яе суседнімі дзяржавамі і эпоха паўстанняў за нацыянальную незалежнасць.
Польшча перад яе падзеламі паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй была дэмакратычнай рэспублікай, але рэспублікай дваранскай, заснованай на эксплаатацыі прыгоннага сялянства, была рэспублікай выключна для шляхты, тым часам як усё іншае насельніцтва не карысталася ніякімі правамі. Вышэйшым органам улады ў дзяржаве бый сейм. Кожны дэпутат сейма карыстаўся правам апратэставаць і сарваць любую пастанову сейма. Пры такіх парадках моцнай улады, вядома, быць не магло. Не было ў Польшчы і моцнай арміі, таму што шляхта, абараняючы свае класавыя інтарэсы, была супроць стварэння сталай арміі, на якую мог-бы у выпадку чаго абаперціся кароль у сваім змаганні супроць шляхты. Не было ў Польшчы і трэцяй сілы, якая магла-б зламаць існуючы лад і устанавіць новы парадак, таму што сялянства было прыгоннае, гарады не развіваліся і буржуазія была вельмі слабая.
Больш дальнебачная і перадавая частка дваранства разумела, што выхаду з безладнага становішча трэба шукаць у пашырэнні соцыяльнай базы ураду, вынікам чаго і з'явілася канстытуцыя 3 мая 1791 года. Але нават супроць гэтай куцай канстытуцыі, якая пакідала у сіле прыгон, паўстала польская шляхта і суседнія дзяржавы. Апошнім безладдзе і слабасць польскай дзяржавы былі якраз на руку, і, скарыстаўшы яго, Расія, Аўстрыя і Прусія ў канцы восемнаццатага стагоддзя падзялілі Польшчу паміж сабою.
«Падзел Польшчы ажыццявіўся дзякуючы саюзу буйнай феадальнай арыстакратыі ў Польшчы з трыма дзяржавамі, якія прымалі ўдзел у падзеле. Ён зусім не быў прагрэсам… а быў апошнім сродкам для вышэйшай арыстакратыі выратаваць сябе ад рэволюцыі, ён быў таму наскрозь рэакцыйным» (Маркс—Энгельс, т. VI, стар. 383).
У выніку падзелу адбываецца збліжэнне дробнай шляхты, мяшчанства гарадоў, а часткова нават і сялян для змагання як супроць чужаземных прыгнятальнікаў, так і супроць сваёй польскай арыстакратыі. Успыхваюць адно за другім паўстанні: паўстанне Касцюшкі 1794 г., паўстанне 1830 г., Кракаўскае паўстанне 1846 г. і рад іншых больш дробных.
Самы актыўны ўдзел у гэтых паўстаннях брала дробная шляхта, якая ў выніку падтрымання царскім урадам буйных польскіх магнатаў, бяднела ўсё больш і больш і папаўняла сабою рады вясковых земляробаў, гарадскога рамесніцтва і інтэлігенцыі. Лепшыя прадстаўнікі гэтай праслойкі, як, напрыклад, Лелевель, ужо ў час паўстання 1830 г. і асабліва ў час Кракаўскага паўстання 1846 г. разумелі, што незалежнасць Польшчы неразрыўна звязана са знішчэннем арыстакратыі і аграрнай рэволюцыяй унутры краіны.
Такім чынам змаганне палякаў за сваю нацыянальную незалежнасць ператваралася ў змаганне за свабоду, за дэмакратыю большай часткі народа. Вось чаму, ацэньваючы польскі паўстанцкі рух, Ленін гаворыць, што «пакуль народныя масы Расіі і большасці славянскіх краін спалі яшчэ непрабудным сном, пакуль у гэтых краінах не было самастойных, масавых, дэмакратычных рухаў, шляхецкі вызваленчы рух у Польшчы набываў гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту погляду дэмакратыі не толькі усерасійскай, але і ўсееўрапейскай» (Ленін, т. ХVII, стар. 457).
Вось гэты шляхецка-вызваленчы рух і парадзіў у Польшчы рамантычную паэзію, геніяльным прадстаўніком каторай з’явіўся Адам Міцкевіч.
Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня 1798 года у сям’і дробнага шляхціча, навагрудскага адваката Нікалая Міцкевіча. Дзіцячыя годы паэта прайшлі сярод велічнай і прыгожай прыроды Беларусі, сярод простых людзей, у асяроддзі абвеяным казкамі, легендамі і песнямі.
У 1806 годзе, бацькі аддаюць Адама ў дамініканскую школу ў Навагрудку.
Па сканчэнні гэтай школы Адам Міцкевіч быў у 1815 г. залічан студентам філалагічнага факультэта Віленскага універсітэта. Віленскі універсітэт у той час быў цэнтрам перадавой навукі ў тагочаснай так-званай Літве і адначасна быў асяроддзем перадавой патрыятычна-настроенай моладзі. У сценах універсітэта ствараюцца розныя таварыствы, якія ставяць сваёй мэтай змаганне за айчыну, удасканаленне ў навуках і маральнае ўзвышэнне сваіх членаў. 1-га кастрычніка 1817 года быў зацверджан статут такога легальнага таварыства пад назвай філаматаў. На чале яго стаяў Тамаш Зан. Адам Міцкевіч кіраваў секцыяй літаратуры і маральных навук гэтага таварыства. Члены таварыства чыталі рэфераты на сваіх паседжаннях, абмяркоўвалі творы, рабілі прагулкі за горад.
На гэты час прыпадаюць першыя вершаваныя спробы Адама Міцкевіча. Некаторыя з гэтых твораў, як напрыклад, «Гарадская зіма», былі ўжо у 1818 годзе надрукаваны ў «Тыгодніку Віленьскім».
У 1818 годзе Адам Міцкевіч скончыў Віленскі універсітэт і быў прызначаны ў Ковенскую гімназію выкладчыкам латыні. Аднак, сувязі з Віленскім універсітэтам паэт не парывае. Ён часта наведвае сваіх сяброў у Вільні, прысутнічае на паседжаннях новаарганізаванага таварыства «Філарэтаў», прымае актыўны ўдзел у спрэчках, чытае свае новыя творы.
Аднак, нягледзячы на частыя выезды ў Вільню, Міцкевіч адчувае ў Коўне вялікую адзіноту. Адзіным паратункам ад яе служыць работа. і паэт працуе многа і ўпарта. Як відаць з прадмовы да першага томіка паэзіі, Міцкевіч добра ужо ведае ў гэты час і старажытную грэчаскую і рымскую літаратуру, і літаратуру сярэдніх вякоў, і новую. Ён перакладае урыўкі з твораў Гарацыя і Авідыя. Ён многа піша і сам, піша ў новай рамантычнай манеры. Першым найбольш яркім творам гэтага кірунку была «Ода да маладосці», якая стала сцягам і лозунгам рэволюцыйна настроенай універсітэцкай моладзі. У гэтым вершы Міцкевіч няшчадна бічуе эгаізм і забабоннасць, услаўляе дружбу і заклікае моладзь да служэння бліжнім, апявае тых, хто лёг сваім целам за агульную справу і тым самым стаў для другіх прыступкаю ў сад славы. Канчаецца верш заклікам, поўным упэўненасці ў надыход лепшай будучыні:
Вітай-жа заранку свабоды, |
Многія выразы з гэтай оды сталі прыказкамі, а сама ода поўная пачуцця энтузіязму, волі да барацьбы і веры ў лепшую будучыню, стала праграмай дзейнасці паэта на ўсё жыццё. Высока грамадскую ідэю служэння народу, выказаную ў гэтым вершы, паэт пранёс у благародным сэрцы аж да канца сваіх дзён, часамі збіваючыся з вернай дарогі, але ніколі, нават блукаючы ў цемры містыкі, не здрадзіўшы лозунгу свабоды, справядлівасці і гуманнасці.
Ужо ў сваёй першай кнізе паэзіі, у якой былі сабраны балады і рамансы, напісаныя пераважна паводле матываў беларускіх народных легенд і песень, гэта высокая грамадская ідэя, ідэя суровага і непазбежнага пакарання за прычыненыя народу крыўды, ідэя гуманнасці і справядлівасці гучыць досыць выразна. З яшчэ большай сілай яна выражана у другім томіку паэзіі Адама Міцкевіча, які выйшаў з друку у 1823 годзе, праз год пасля першага. У змешчанай тут другой частцы драматычнай паэмы «Дзяды» матывы соцыяльнай барацьбы, пратэст супроць прыгнечання і эксплаатацыі сялянства набываюць выразны рэволюцыйны пафас.
Першыя томікі паэзіі Міцкевіча стварылі ў польскай літаратуры цэлую эпоху. Слава паэта грыміць з нечуванай дагэтуль сілай. Але Міцкевічу не шэнціла пажаць плады гэтай славы. Царскі урад, устрывожаны папулярнасцю паэта і нарастаннем рэволюцыйнага руху, пачынае паход супроць усякіх праяў грамадскай дзейнасці, асабліва ў польскіх землях. У 1823 г. пачынаецца следства аб тайных таварыствах у Польшчы і Літве. 23 кастрычніка Міцкевіча, у ліку іншых 108 філарэтаў і філаматаў, арыштоўваюць і заключаюць у турму ў сценах старога базыльянскага манастыра ў Вільні.
Праз шэсць месяцаў турэмнага зняволення, 21 красавіка 1824 г. Міцкевіч быў выпушчаны з турмы на парукі прафесара іахіма Лелевеля.
Выйшаў Міцкевіч з турмы новым, перароджаным чалавекам. У душы яго адбыўся вялікі пералом. Ён канчаткова адрокся ад рамантычных пошукаў шчасця асобы дзеля змагання за шчасце сваёй пакутнай краіны і народа, прысвяціўшы ім усё сваё жыццё і здольнасці. З рамантычнага лятуценніка з з яго туманнымі ідэаламі дабра і красы ён стаў разважлівым і загартованым змагаром супроць царызма і дэспатыі. Пазней, у трэцяй частцы «Дзядоў», паэт так адлюстраваў гэты пералом праз свайго героя Густава, які напісаў на сценах турмы: «Густаў памёр лістападаўскай ноччу 1823 г., тут нарадзіўся Конрад лістападаўскай ноччу 1823 г.»
22 кастрычніка 1824 г. Міцкевіч атрымаў загад праз дзень выехаць пад канвоем жандармаў у Пецербург. Рускі даследчык і крытык Багдановіч на падставе пэўных дакументаў расказвае, што на адным са сходаў перад ад’ездам у Расію, калі Ян Чачот, які пісаў і па-беларуску, заспяваў сваю новую беларускую песню «Да лятуць, лятуць шэрыя гусі, да нас павязуць да далёкай Русі», Міцкевіч увесь пабялеў, папрасіў аднаго з прысутных іграць ціхую маркотную мелодыю на флейце і пачаў імправізіраваць баладу, у якой апісваў выезд у далёкую краіну, і закончыў яе нейкім дзіўным прарочым тонам, што да глыбіні душы ўразіў усіх слухачоў, якія яшчэ ніколі не бачылі паэта ў такім настроі. Магчыма, што тэмай гэтай імправізацыі была тэма, якая атрымала сваё выражэнне ў вершы «Марак». Прынамсі, настроі імправізацыі і гэтага верша былі, напэўна, вельмі блізкія. У гэтым вершы марака дакараюць, што ён спяшае выехаць з роднага краю і пакідае яго вясёлы, з усмешкаю. На гэта марак адказвае, што бачанае ім у родным краі не магло абуджаць у сэрцы пачуцця весялосці. Але цяпер ён пазнаў маці з сэрцам спартанкі і моцную духам яе дачку, і ўжо будучыня яго не палохае:
Зведаў! І будучнасць больш не пужае… |
З такою верай і надзеяй выехаўшы 24 кастрычніка 1824 г. з Вільні, Міцкевіч прыбыў у Пецербург 9 лістапада. У Пецербургу паэт пазнаёміўся з дзекабрыстамі Бестужавым і і Рылеевым. Знаёмства хутка перайшло ў самае цёплае сяброўства, сведчаннем чаго з’яўляюцца выдатныя радкі з верша Міцкевіча «Рускім прыяцелям», а таксама рэкамендацыйнае пісьмо Рылеева да Туманскага, у якім Рылееў пісаў: «Мілы Туманскі! Палюбі Міцкевіча і сяброў яго Малеўскага і Яжоўскага: добрыя і слаўныя хлопцы. Зрэшты і пісаць лішне: па пачуццях і думках яны ўжо сябры, а Міцкевіч да таго-ж і паэт-улюбёнец сваёй нацыі».
З гэтым рэкамендацыйным пісьмом, па загаду начальства Міцкевіч у лютым 1825 г. выязджае з Пецербурга ў Одэсу выкладчыкам у Рышэльеўскі ліцэй. У час прабывання на поўдні Міцкевіч зрабіў падарожжа па Крыме, вынікам чаго з’явіліся яго вядомыя «Крымскія санеты». Але начальства было занепакоена прабываннем Міцкевіча на поўдні, і цар патрабуе вярнуць паэта з паўднёвых губерняў і выслаць яго як мага далей ад Польшчы. У выніку гэтага загаду Міцкевіч у снежні 1825 г. прыехаў у Маскву і з 1 лютага быў залічаны ў штат канцылярыі Маскоўскага ваеннага генерал-губернатара. У Маскве Міцкевіч знаёміцца і блізка сходзіцца з маскоўскімі літаратарамі, а ў сярэдзіне кастрычніка знаёміцца і завязвае цесную дружбу з геніем рускай літаратуры А. С. Пушкіным. Міцкевіча прымаюць усюды радасна і цёпла, ён часта сустракаецца і гутарыць з Пушкіным, з вялікім поспехам выступае на літаратурных вечарах з сваімі імправізацыямі, да якіх у Міцкевіча быў незвычайна вялікі дар.
Знаёмствы з рускімі літаратарамі і з рускім перадавым грамадствам значна пашырылі жыццёвыя і літаратурныя гарызонты Міцкевіча.
Паэтычны талент паэта вырас і памужнеў. Вырасла і паэтычная слава Міцкевіча сярод рускіх, асабліва з выхадам у Маскве ў 1826 г. яго крымскіх санетаў. У гэтых санетах Міцкевіч у смелых, некалькі ў стылі ўсходняй паэзіі вобразах малюе веліч крымскай прыроды і на яе фоне свае перажыванні, свой смутак па далёкай і любай радзіме. Але гэтыя перажыванні і смутак былі перажываннямі ўжо мужнай і моцнай духам асобы.
Санеты выклікалі ў Варшаве рэзкія нападкі з боку прадстаўнікоў класічнай паэзіі. Але ў Маскве яны выклікалі самае шчырае захапленне, і іх адразу-ж сталі перакладаць і прозай (паэт Вяземскі) і вершам (паэт Казлоў). У прадмове да празаічных перакладаў гэтых санетаў Вяземскі ў часопісу «Московский телеграф» за 1827 г. пісаў: «… крытыцы застаецца толькі пахваліць у польскім паэце багацце, раскошу выабражэння, моцнае і жывое пачуццё паэтычнае, якое ў яго усюды выдаецца, і ў верным свежым выражэнні пераліваецца ў душу чытача: майстэрства незвычайнае, з якім умеў ён уцясніць у старую раму санета карціны поўныя і часта іспалінскія».
Аднак ні шырокія і цікавыя сувязі з рускімі літаратарамі, ні цёплы іх прыём, ні слава не маглі заглушыць у Міцкевіча тугі па радзіме. Яе лёс, яе сучаснасць і будучыня неадступна хвалююць паэта. Але ва ўмовах чорнай рэакцыі царызма пісаць пра гэта адкрыта не было ніякай магчымасці. І Міцкевіч выбірае для сваёй новай паэмы «Конрад Валенрод» гістарычны сюжэт з жыцця Літвы, які як быццам-бы не мае ніякага дачынення да злобадзённых тагочасных польска-рускіх адносін. Да выдання гэтай паэмы, выпушчанай у Пецербургу ў лютым 1828 г., пасля пераезду туды з Масквы Міцкевіча, паэт піша спецыяльную прадмову, у якой ён называе цара клапатлівым бацькам усіх плямён яго дзяржавы. Зразумелая рэч, што гэта было сродкам толькі ашукаць недаверлівую царскую цэнзуру, аб чым ужо замежамі гаворыць сам Міцкевіч у пасланні «Рускім прыяцелям».
Такім чынам і далёкі гістарычны сюжэт і прадмова былі толькі вэлюмам, з-пад якога Міцкевіч адкрываў сваім землякам і сваім рускім сябрам праўду сваіх дум і намераў у паэме «Конрад Валенрод». Польская і еўрапейская крытыка прызнала гэту паэму адным з самых выдатных твораў сусветнай літаратуры. Ідэя паэмы выклікала гарачыя спрэчкі. У чым-жа сутнасць і ідэя гэтай паэмы?
Конрад Валенрод, галоўны герой паэмы, быў калісьці літвінам. У маленстве, у час нападу крыжакоў на Літву ён быў узяты ў палон. Там яго ахрысцілі і далі імя Вальтэр Альфа. У замку, у якім ён выхоўваўся, знаходзіўся стары літоўскі вайдэлот (народны песняр). Ён абудзіў у Вальтэра пачуццё любасці да прыгнечанай Літвы, і Альфа у час бойкі паміж крыжакамі і літоўцамі пераходзіць да літоўцаў. Ён пасяляецца ў літоўскага князя Кейстута і жэніцца з яго дачкой Альдонай. Тым часам напады крыжакоў на Літву не спыняюцца. Страціўшы усякую надзею адстаяць Літву сілаю зброі, Вальтэр Альфа пад імем Конрада Валенрода ўступае ў ордэн крыжакоў, дабіваецца там пасады магістра і сваёю здрадаю прыводзіць ордэн да пагібелі, а сам канчае жыццё самагубствам.
У гэтай паэме безумоўна адчуваецца ўплыў Байрана і Шыллера, але поруч з гэтым у ёй ёсць таксама і і ўплыў твораў Макіавелі, эпіграф з якога Міцкевіч узяў для паэмы. На гэтай аснове некаторыя крытыкі вінавацілі паэта ў макіавелізме, бачачы ў паэме быццам-бы апраўданне і апаэтызацыю здрады. Але Конраду Валенроду па самай яго натуры агідна ўсякая здрада, усякія нягодныя сродкі змагання. Учынак Валенрода ёсць для яго суровая і непазбежная неабходнасць. Паступкамі Конрада кіравалі не асабістыя меркаванні, не яго злая натура, а выключна грамадская мэтазгоднасць. І ў барацьбе паміж гэтай грамадскай мэтазгоднасцю, паміж служэннем прыгнечанай радзіме і паміж простымі, звычайнымі асновамі чалавечай маралі і заключаецца драма Конрада Валенрода, драма, якая прыводзіць яго да страшэннага душэўнага спусташэння. У гэтым веліч паэмы, у той час як яе слабасць у тым, што Міцкевіч не бачыў яшчэ рэальных сіл народных мас, якія толькі адны і маглі прынесці вызваленне яго радзіме. У гэтым была трагедыя самаго Міцкевіча.
Паэма «Конрад Валенрод» была апошняй данінай паэта індывідуалістычнаму рамантызму, пасля чаго ён усё больш і больш пераходзіць да соцыяльных пытанняў, да ўсхвалення пафасу барацьбы. Такім пераходным творам з’яўляецца верш «Фарыс», які пэўным чынам пераклікаецца з ранняй «Одай да маладосці» і адначасна, па сваіх настроях, блізка стаіць да паэмы «Конрад Валенрод». З гэтай паэмай яго збліжае агністае пачуццё нянавісці да ўсякага прыгнечання і велізарнае імкненне да волі. Але ў вершы «Фарыс» няма таго смутку, які пранізвае паэму; у ім гучыць велізарная ўпэўненасць у перамозе, і ў гэтым ён пераклікаецца з «Одай да маладосці».
У 1829 г. з Пецербурга Міцкевіч выехаў за межы. Падарожжа і жыццё ў Германіі, Швейцарыі, Італіі і Францыі прынесла яму многа новых уражанняў і вобразаў. Пад гэты час у ноч на 29 лістапада 1830 г. у Польшчы ўспыхнула паўстанне. Вестка аб ім дайшла да Рыму, дзе жыў у той час Міцкевіч, толькі ў пачатку снежня. Яна ўсхвалявала паэта да глыбіні душы. Міцкевіч лічыў сваім абавязкам, абавязкам ідэйнага правадыра нацыянальна-вызваленчага руху быць сярод паўстаўшых. Але з розных прычын, у першую чаргу з прычыны цяжкіх матэрыяльных умоў, выехаць у Польшчу Міцкевіч не змог. Толькі вясной 1831 г. ён выехаў з Рыма і цераз Жэневу і Парыж у жніўні прыехаў у Пазнань. Паўстанне ішло на спад. Хутка рускія войскі занялі і Варшаву. Паўстанцы перайшлі цераз прускую граніцу. І адразу-ж у асяроддзі польскай эміграцыі пачынаецца распад і раздробленасць на розныя партыі і групы. Міцкевіч імкнецца прымірыць іх усіх і ўнесці ў асяроддзе зміграцыі ідэю рэволюцыйна-патрыятычнага адзінства. З небывалай сілай у паэта прачынаецца творчы уздым. «Я стаў Schreіb maschyne і на працягу гэтых некалькіх тыдняў не выпускаю з рук пяра», — піша ён 26 красавіка 1832 г. з Дрэздэна. У Дрэздэне-ж у першай палове 1832 г. ён піша «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства», якія неўзабаве былі выдадзены ў Парыжы, стаўшым цэнтрам польскай эміграцыі.
Кнігамі гэтымі, напісанымі пад стыль бібліі, паэт безумоўна меў на мэце ў першую чаргу суцешыць роспач эмігрантаў, пагадніць іх паміж сабой, абудзіць іх гордасць і пашану да сябе саміх, уліць у іх сэрцы кроплю веры і надзеі. Але якое суцяшэнне мог прапанаваць Міцкевіч? Які соцыяльна-палітычны ідэал ён мог прадставіць, каб захапіць расчараваных удзельнікаў паўстання? Такога ярка акрэсленага ідэалу будучыні Міцкевіч, нажаль, не меў сам. І ён звярнуўся да мінулага, да гісторыі і, у прыватнасці, да гісторыі Польшчы. Па яго думцы гісторыя народаў была гісторыяй барацьбы паміж хрысціянскай ідэяй братэрства і вольнасці і паміж паганскім пакланеннем розным ідалам, у прыватнасці ідалу, які Міцкевіч называе інтэрасам. Перамог скрозь у Еўропе ідал, і народы папалі ў няволю. Верным хрысціянству застаўся адзін польскі народ «І даў бог, — піша Міцкевіч, — каралям польскім і рыцарам вольнасці і ўсе называліся братамі, і найбагацейшыя і найбяднейшыя». І далей: «а нарэшце кароль і рыцарства дня трэцяго мая задумалі ўсіх палякаў зрабіць братамі, спачатку мяшчан, а потым і сялян». Але каралі забілі і пахавалі вольнасць Польшчы. Засталася жывая душа яе, яна злучыцца з целам, народ уваскрэсне з мёртвых і «вызваліць з няволі ўсе народы Еўропы».
Міцкевіч ідэалізуе, безумоўна, і польскую дваранскую рэспубліку і канстытуцыю 1791 г., якія былі знішчаны да Міцкевіча і былі абвеяны легендамі змагання за іх, хоць на самай справе, як мы ведаем, ніякай вольнасці народу яны не давалі. Але поруч з гэтай ідэалізацыяй шляхецкай дзяржаўнасці, поруч з нацыяналістычным месіянізмам мы маем у «Кнігах пілігрымства польскага» выказванні надзвычай прагрэсіўныя, рэволюцыйныя, у якіх Міцкевіч, па сутнасці, парывае з польскім шавінізмам. «Беднякі і жабракі — роўныя са мной уладары»; «усе гавані, моры і землі ёсць уладанні вольных народаў»; «там айчына, дзе дрэнна; бо дзе толькі ў Еўропе ёсць прыгнечанне свабоды і барацьба за яе, там ёсць барацьба за айчыну, і за гэту барацьбу павінны змагацца ўсе, — піша Міцкевіч у радзе месц сваёй кнігі. Але яснага, канкрэтнага ўяўлення аб будучым палітычным ладзе краіны ён не мае, ды яго гэта не так і цікавіць. «Сапраўды гавару вам, — піша ён у тых-жа кнігах, — не старайцеся дазнацца, які будзе лад у Польшчы, досыць вам ведаць, што будзе лепшы за усе, якія вы знаеце».
Так, маючы самыя чыстыя намеры, ідучы ад справядлівасці, свабоды і братэрства народаў, Міцкевіч прыходзіць да блытаных, часта афарбаваных у рэлігійны колер, наіўных палітычных канцэпцый. Аднак, кажу ізноў, погляды Міцкевіча на справу вызвалення Польшчы як на справу агульнаеўрапейскай дэмакратыі, таксама, як і яго погляды на абавязкі кожнага паляка, адданага сваёй радзіме, змагацца за вызваленне прыгнечаных усяго свету, безумоўна былі рэволюцыйнымі поглядамі. Іменна гэтыя погляды далі магчымасць Міцкевічу ўбачыць у Расіі поруч з ненавісным дэспатызмам самаўладства пакуты народа і змагароў за яго вызваленне, што асабліва ярка выражана ва ўступе да трэцяй часткі драматычнай паэмы «Дзяды». Гэта частка была выдадзена таксама ў 1832 г. у Парыжы, хоць пісаць яе Міцкевіч пачаў яшчэ ў Дрэздэне і поруч з другой часткай «Дзядоў» яна з’яўляецца найбольш яркім выражэннем пратэсту супроць існаваўшага ладу. Прыкладам гэтага з’яўляецца малюнак, у якім Міцкевіч паказвае, як злы і суровы пан нясе па смерці самую жорсткую кару за свае ўчынкі. Ён церпіць смагу і голад, яго дзяўбуць чароды дзікіх птушак, ён просіць хоць-бы адну кроплю вады і адно зярно пшаніцы. Але хор начных птушак яму адказвае адмоўна:
Дармо плачаш, траціш словы. |
Далей птушкі прыпамінаюць крыўды, учыненыя ім панам, калі яны былі яшчэ людзьмі. Аднаго галоднага за сарваны яблык пан прывязаў да сахі і збіў лазою. Другую — удаву з сіротамі, у якой ён забраў дачку у двор і якая прышла прасіць у яго хлеба, пан загадаў гайдуку выгнаць вон, і гайдук выцягнуў яе за валасы. Так адна за другой праходзяць здані — строгія сведкі і суддзі панскай бесчалавечнасці.
У сэнсе паказу пакут народа, у сэнсе гнеўнага пратэсту супроць прыгнечання і здзекаў з чалавека гэтая частка пераклікаецца з трэцяй часткай паэмы. Дзея гэтай трэцяй часткі адбываецца ў Вільні ў 1824 г. у час следства па справе ўдзельнікаў гурткоў Віленскага ўніверсітэта. Абураны несправядлівасцю і пакутамі нявіннага народа, Міцкевіч вуснамі свайго героя Конрада дакарае самога бога, называючы яго не добрым айцом людзей, а бязлітасным царом.
Не дзіва, што цару і яго акружэнню, яго сенатарам і чыноўнікам, усяму вышэйшаму стану тагочаснага грамадства прысвечаны ў паэме, асабліва ў некалькіх раздзелах уступа, такія-ж гнеўныя радкі, як і богу. Міцкевіч малюе бязмежныя пустэльныя прасторы Расіі, з беднымі хацінамі пад саламянымі стрэхамі, з дарогамі, па якіх жандармы вязуць схопленых бязвінневядомых людзей, з горадам, пабудаваным на людскіх касцях, малюе парады з ваеннай муштрай, са здзекамі і знявагай чалавека. На аснове гэтага некаторыя імкнуліся прыпісаць Міцкевічу нянавісць да ўсяго рускага народа. Безумоўна, гэтага ў Міцкевіча не было, і тут меу рацыю Луначарскі, які пісаў: «мы можам чытаць гэтыя ядавітыя радкі з гордасцю, таму, што іменна нам удалося пакончыць з тым кашмаром, які прыводзіў у такі жах Міцкевіч і які прымушаў яго на такую бязмежную нянавісць». Тым больш гэта справядліва, што Міцкевіч ненавідзеў толькі царызм і тых, хто падтрымліваў яго, адначасна прыхільна, з любасцю ставячыся да ўсіх тых, хто змагаўся супроць царскай дэспатыі. Аб гэтым сведчыць прысвячэнне «Рускім прыяцелям» у той-жа трэцяй частцы «Дзядоў».
«Ці ўспамінаеце вы мяне? — піша Міцкевіч. — Я заўсёды думаю аб смерцях, выгнаннях і турэмных заключэннях маіх сяброў, думаю і аб вас: вашы чужаземскія воблікі маюць права грамадзянства ў маіх марах. Дзе-ж вы цяпер? Благародная шыя Рылеева, якую я абдымаў як братнюю, вісіць, па загаду цара, прывязаная да ганебнага дрэва». І далей: «Тая рука, якую мне падаваў Бестужэў, песняр і салдат, тая рука ад пяра і зброі адарвана, і цар яе запрог у тачку: сягоння яна капае ў рудніку, скутая поруч з польскай далонню». І яшчэ: «Калі да вас здалёку, ад вольных народаў, аж на поўнач залятуць гэтыя сумныя песні, і адгукнуцца зверху над краінай ільдоў, няхай яны спавяшчаюць вам волю, як журавы вясну. Пазнаеце мяне па голасе; пакуль быў у аковах, поўзаючы моўчкі як вуж, ашукваў дэспата, але вам адкрыў тайны, замкнутыя ў пачуццях, і для вас меў заўсёды галубіную прастату. Цяпер выліваю на свет гэтую чару атруты; горыч майго слова пажырае і паліць, горыч гэта выссана з крыві і са слёз маёй айчыны; няхай-жа яна пажырае і паліць не вас, а вашы аковы».
Паэма «Дзяды» самы выдатны твор у паэзіі Адама Міцкевіча і адзін з самых выдатных твораў у сусветнай літаратуры як па сіле соцыяльнага пратэсту, як па сіле вобразаў, поўных вялікай чалавечай страсці, так і па сіле гібкага і суровага верша, які гучыць і звініць, як выліты са сталі.
Перад выданнем паэмы «Дзяды» Міцкевіч прыехаў у Парыж. У Парыжы паэт жыў на самоце, у невялікім гуртку блізкіх сяброу і прыяцеляў. І, як і заўсёды, ляцеў да радзімы, жыў успамінамі аб ёй. Вынікам гэтых успамінаў была вялікая эпічная паэма ў 12 песнях «Пан Тадэуш», самы рэалістычны твор рамантычнага Міцкевіча, пачаты яшчэ у 1832 г. і скончаны ў 1834 г. Гэта паэма была лебядзінай песняй паэта, таму што пасля яе не толькі нічога такога буйнога, а і чаго-небудзь больш менш выдатнага Міцкевіч ужо не напісаў.
У чым-жа яе вялікасць? Вялікасць яе ў тым, што яна дае шырокую і поўную карціну шляхецкага жыцця на пачатку XIX стагоддзя ў яго прыватных і грамадскіх узаемадачыненнях, у дробных і важных падзеях, у хвіліны абыдзённага жыцця і агульнага патрыятычнага ўздыму. Карціна напісана ў рэалістычных вобразах, з сумленнасцю шчырага мастака. Тут паказаны і станоўчыя рысы побыту і характараў герояў, але не абойдзены і дабрадушна высмеяны і іх адмоўныя рысы.
У паэме перакрыжоўваюцца некалькі сюжэтных ліній, асноуная з якіх — гэта спрэчка за замак паміж Сапліцамі і Гарэшкамі з апошнім наездам шляхты і каханне Тадэуша і Зосі. Усё гэта адбываецца на фоне блізкага прыходу Напалеона, які абудзіў сярод шляхты спадзяванні і размовы аб аднаўленні Польшчы. Дзея паэмы часта перарываецца адступленнямі, эпізодамі палявання, гульнямі, цудоўнымі малюнкамі прыроды.
Міцкевіч выступае перад чытачом у гэтай паэме то важна спакойным, калі паказвае важнае, то дабрадушна-усмешлівым, калі малюе што дробязнае, але скрозь яго адносіны да паказанага цёплыя і пранізаны некаторым смуткам аб усім гэтым далёкім, але дарагім. Праўда, гэта не перашкодзіла паэту паказаць шляхту такою, якой яна была сапраўды з яе дробнымі сваркамі і звадкамі, дробязнай у яе ганарлівасцю, няздольнай да агульнага дзеяння ў вялікай справе, падатлівай на ўсякія авантуры, як апісаны заезд, адным словам, паказаць шляхту такой, якая ніякім чынам не можа стаць апорай у нацыянальнавызваленчым руху. У гэтым і заключаецца заслуга Міцкевіча, у якім мастак рэаліст перамог абмежаванасць свайго класа. Дэмакратычныя погляды паэта дапамаглі яму аб’ектыўна падыйсці да шляхецкага асяроддзя і стварыць паэму нечуванай сілы, аб якой Брандэс праўдзіва сказаў: «Наша стагоддзе ганарыцца толькі адной сапраўднай эпапеяй, але не нямецкай і не англійскай, — гэта «Пан Тадэуш» Міцкевіча».
Нажаль, гэта паэма была апошнім творам вялікага паэта. Пасля яе ён нічога не пісаў, знясілены бесперапынным цкаваннем арыстакратычнай часткі эміграцыі і цяжкою барацьбою за кавалак хлеба. У пошуках гэтага кавалка хлеба Міцкевіч вымушаны быў у 1838 г. узяць кафедру латыні ў пратэстанцкім універсітэце ў Лазане. Неўзабае парыжскія сябры Міцкевіча выстараліся яму кафедру славянскіх літаратур у Колеж дэ Франс у Парыжы. Міцкевіч зноў перасяліўся ў Парыж і 22 снежня 1840 г. прачытаў уступную лекцыю. Паэт выдатна валодаў Французскай мовай, і хоць веды па славянскіх літаратурах у яго былі невялікія, аднак яго красамоўства і энтузіязм зрабілі яму папулярнасць выдатнага лектара і заваявалі сімпатыі вялікай часткі слухачоў. Праўда, прыхільныя і аб’ектыўныя адносіны Міцкевіча да рускага народа і яго мінулага выклікалі ў шавіністычна настроеных польскіх слухачоў абурэнне, і яны гаТОВы былі звінаваціць паэта ў здрадзе за кожнае спагадлівае слова у дачыненні да рускіх. Адам Міцкевіч з гонарам змагаўся супроць гэтага шавіністычнага чаду. Нажаль, на другі год Міцкевіч страціў спакойную разважлівасць вучонага і кінуўся ў містыцызм і рэлігію. Змена поглядаў адбылася ў выніку знаёмства Міцкевіча з містыкам і прайдохам Тавіянскім. Тавіянскаму, які з дапамогаю свайго вучэння хацеў абнавіць рэлігію і на гэтым грунце аб’еднаць палякаў і аднавіць Польшчу, патрэбны былі выдатныя людзі, аўтарытэты, якія маглі-б прапагандыраваць яго вучэнне, і ён звярнуўся да Міцкевіча. Змучаны неадступным смуткам па сваёй радзіме, расчараваўшыся ва ўсіх рэальных сродках яе выратавання, Міцкевіч паверыў Тавіянскаму і стаў яго прыхільнікам. На шчасце, у хуткім часе Міцкевіч разарваў з Тавіянскім, пабываўшы ў апошняга ў Цюрыху і не сышоўшыся з ім у поглядах на рэволюцыйны рух у Еўропе. Міцкевіч адчуваў, што надыходзяць грозныя падзеі рэволюцыі 1848 г. і што яны прынясуць змены ў жыцці Еўропы і Польшчы. І калі ў Галіцыі пачалася ў 1846 г. расправа з памешчыкамі, Міцкевіч не спужаўся гэтага, як некаторыя рэакцыйныя польскія пісьменнікі, а мужна заявіў, што гэтага заўсёды трэба было чакаць і што гэта справа зусім натуральная.
З такімі шырока-дэмакратычнымі і рэволюцыйнымі поглядамі сустрэў Адам Міцкевіч рэволюцыю 1848 г., усёй душой аддаўшыся грамадскай рэволюцыйнай дзейнасці. Ён арганізаваў польскі легіён на дапамогу італьянцам у іх змаганні супроць аўстрыйскага прыгнёту. У «Палітычным сімвале», складзеным для гэтага легіёна, паэт наступным чынам фармуліруе свае погляды на будучы лад дэмакратычнай Польшчы: «Кожнаму славяніну, які жыве у Польшчы, братэрства, грамадзянства, роўныя з усімі правы. Ізраільцяніну, старэйшаму брату, ушанаванне, братэрства, дапамога. Роўнае ва ўсім права».
Пасля рэволюцыі 1848 г. Міцкевіч стаў выдаваць газету на французскай мове пад назвай «Трыбуна народаў». Газета была рэспубліканская і радыкальная і хутка была закрыта. На гэтым скончылася і публіцыстычная дзейнасць Міцкевіча. Скора Міцкевіч быў канчаткова адстаўлены і ад кафедры славянскіх літаратур у Колеж дэ Франс, і ён заняў скромную пасаду бібліятэкара пры арсенале ў Парыжы. Але нішто не зламала волі Міцкевіча да барацьбы. У час руска-турэцкай вайны 1854 г. надзеі Міцкевіча на аднаўленне Польшчы ажылі ізноў. Ён прапанаваў французскаму ўраду паслаць яго на ўсход у навуковую камандыроўку. У верасні паэт атрымаў гэтую камандыроўку і накіраваўся морам у Канстантынопаль. У Канстантынопалі Міцкевіч захварэў, і 26 лістапада 1855 г. яго ужо не стала сярод жывых. Цела паэта было перавезена ў Парыж і 21 студзеня 1856 г. пахавана на могілках Манморансі, а праз трыццаць чатыры з лішнім годы, 4 ліпеня 1890 г. прах паэта быў перанесены у асобную нішу старадаўняга Вавеля ў Кракаве.
Як бачым, жыццёвы і творчы шлях Адама Міцкевіча быў надзвычай складаны і цяжкі, поўны змагання і працы, вялікіх узлётаў і частых ідэйных зрываў. Але ніводная самая вялікая памылка ў выбары сродкаў не была адступленнем ад раз накрэсленай ідзі свабоды і прагрэсу, і таму перад намі ўстае чысты і благародны воблік вялікага паэта.
У сваіх філасофскіх поглядах Міцкевіч, безумоўна, быў ідэалістам. Паводле яго пераконанняў уся сутнасць грамадскага жыцця заключаецца не ў соцыяльных і палітычных парадках, а у нравах, у маралі людзей. Але будучы вялікім мастаком, ён у сваіх лепшых творах («Дзяды», «Пан Тадэуш»), сам супярэчыць сваім устаноўкам і праўдзіва адлюстроўвае істотныя бакі рэчаіснасці таго часу.
У соцыяльных пытаннях Міцкевіч таксама не мог цалкам пазбыцца абмежаванасці свайго класа і ён рысуе часамі ўзаемаадносіны паміж сялянствам і памешчыкамі ў некалькі ідылічных тонах, але ён заўсёды выступаў з гуманістычных пазіцый у абарону прыгнечанага народа супроць паноў-тыранаў і быў нязменным прыхільнікам адмены прыгону.
Найбольш блытаўся Міцкевіч у палітычных пытаннях. Аднак вызваленую Польшчу ён хоць і не зусім акрэслена, але заўсёды уяўляў як выключна дэмакратычную рэспубліку. Ён быў патрыётам і заступнікам сваёй заняволенай радзімы. І паколькі змаганне за вызваленне Польшчы ў той час было справай рэволюцыйнай, пастолькі нават чыста нацыянальныя моманты ў яго творчасці не могуць зменшыць рэволюцыйнага значэння яго паэзіі.
Не бачачы для вызвалення Польшчы сіл у шырокіх масах народа, Міцкевіч расчароўваўся часамі ў рэальных сродках выратавання радзімы і ўпадаў у містыку, у нацыяналістычны месіянізм. Але моманты нацыяналізма ў яго ніколі не перароствалі ў шавінізм, у нянавісць да другіх нацый. У дачыненні да Расіі Міцкевіч ненавідзеў не народ, а выключна царскую дэспатыю, якая была жандармам і свайго народа і ўсяе Еўропы. І калі заправілы былой памешчыцка-буржуазнай Польшчы імкнуліся прыкрываць свае брудныя шавіністычныя ўчынкі патрыятызмам Міцкевіча, дык гэта ім ніколі не удавалася. Не удавался, па-першае, таму, што сама панская Польшча стала жандармам рэакцыі, турмою народаў і ў «патрыятызм» польскага панства ніхто сур’ёзна не мог паверыць: усім было вядома, што, як некалі часы Міцкевіча польская арыстакратыя прадавалася рускаму царызму, так у нашы дні польскія заправілы прадаваліся чужаземным банкірам, аж пакуль не збеглі зусім, пакінуўшы польскі народ на волю лёсу.
Не удавалася польскаму панству прыкрыцца Міцкевічам і таму, што для шавіністычнай прапаганды ў творчасці Міцкевіча няма ніякіх матэрыялаў. Мы ужо бачылі, з якою любасцю ставіўся Міцкевіч у сваіх лекцыях да рускага народа, з якою любасцю ён пісаў аб рускіх дзекабрыстах. Мы ведаем, як цесна дружыў Міцкевіч з рускімі літаратарамі, у прыватнасці, з Вяземскім і Пушкіным. З першым ён не аднойчы сустракаўся пасля выезду з Расіі замежамі, а пра другога, нягледзячы на некаторыя разыходжанні ў палітычных поглядах, даў самы высокі водзыў у сваім артыкуле.
Цёпла і з любасцю маляваў Міцкевіч прадстаўнікоў рускага народа і ў сваіх творах, як напрыклад, вобраз чэснага і чалавечнага Рыкава ў паэме «Пан Тадэуш». Шчыра і сардэчна напісан у той-жа паэме вобраз яўрэя Янкеля.
З такім-жа братэрскім пачуццём сардэчнасці ставіўся Міцкевіч і да літоўскага, і да украінскага, і да беларускага народа. З беларускім народам Міцкевіч быў звязаны асабліва цесна. Ён вывучаў яго жыццё і побыт, захапляўся беларускай прыродай, любіў і выкарыстоўваў беларускія народныя легенды і песні. Надзвычай высокую ацэнку у лекцыях па славянскай літаратуры Міцкевіч даў беларускай мове, назваўшы яе «самай багатай і чыстай гаворкай», поўнай «узвышанай прастаты».
Адам Міцкевіч быў інтэрнацыяналістам у поўным сэнсе гэтага слова. Аб гэтым сведчаць і яго творы, аб гэтым сведчыць і яго друг, Александр Сяргеевіч Пушкін, гаворачы пра Міцкевіча:
Он говорил о временах грядущих, |
Надзеі Міцкевіча здзейсніліся. Саюз Совецкіх Соцыялістычных рэспублік аб’еднаў у сваёй сям’і сотні нацыянальнасцей, стаўшы айчынай працоўных усяго свету. Да гэтай сям’і год таму назад была далучана Заходняя Беларусь, радзіма Адама Міцкевіча. У гэтую сям’ю не так даўно, як роўная паміж роўных, увайшла Літва, апетая геніем Міцкевіча.
Волю і роўнасць гэтым землям прынес совецкі народ і гераічная Чырвоная Армія.
Новую і нечуваную славу стварыў народам гэтых краін геній чалавецтва, правадыр усіх працоўных, наш вялікі, любімы Сталін.
Пад яго мудрым бацькоўскім кіраўніцтвам і польскі, і літоўскі, і беларускі народы разам з народамі ўсяго нашага Совецкага Саюза пойдуць да новых сонечных вышынь у жыцці і ў паэзіі, нясучы ў сваіх сэрцах дзівосныя песні Адама Міцкевіча і шануючы яго светлую памяць, памяць вялікага паэта і смелага змагара за справядлівасць і свабоду народаў.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.