Перайсці да зместу

Агні (1930)/Людзі/Траім

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мараку Траім
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1930 год
Правадыру
Іншыя публікацыі гэтага твора: Траім (Таўбін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРАІМ

Памяці расстраляных белагвардзейцамі украінскіх поэтаў-комсамольцаў

Была ціхакрылая ноч…
Маўчалі стамлёныя ветры…
Ля нізкіх старых курганоў
Схіляліся сосны прыветна.
Ішлі яны — трое ўначы,
Быў кожны з іх песьняй сагрэты…
Ішлі яны — трое ўначы,
Былі яны трое — паэты.
Ім чуліся песьні ва ўсім —
Ў стэпох, кавылёх і бярозах,
І ціха разьвейваўся дым
Запаленых трох папяросак.
Надзеі і мары, і ўздым,
І шчасныя хвілі сяброўства…
Што лепей, як жыць маладым
З напевам сардэчным і простым?
Плыла ціхакрылая ноч…
І ветры, хлусьлівыя ветры…
А вораг вужакай падпоўз,
Падкраўся, як ноч, няпрыкметна.
Спынілі… Траіх павялі…
Быў кожны з іх сэрцам сагрэты…
І бачылі… чулі палі
Расстрэл комсамольскіх поэтаў…


∗     ∗

Зьвяры!..
Катаваньнем ня нас
Прымусіць забыцца на зброю…
Мы помнім,
Шануем шточас
Сваіх комсамольскіх гэрояў.
Балючыя скаргі душы…
Жальба па-братох і настроях…
Ня можна нічым задушыць
Натхнёнае і маладое!..
І мы,
што жывем і расьцем
У эру вялікіх прадвесень,
Даем абядцанак — сьпяем
Канцы недатканых поэм,
Канцы недатканых песень.

О, песьня!
Грымотай гучы!.
І ў нас табой сэрцы сагрэты:
Ішлі яны трое ўначы,
Былі яны трое —
поэты.

Жнівень 1929
м. Касьцюковічы