МАКСІМ
„Гвозди-б ковать из таких людей, Крепче-б не было в мире гвоздей“.Н. Тихонов
Бронзавыя шчокі,
Сьмелы твар.
Сьлед маршчын глыбокі—
Горкі дар.
Быў калісь матросам,
А тады
Закідала лёсам
ў гарады.
І шумлівы горад
Замяніў
Залатога мора
Пераліў…
Быў Максімаў крэйсар
Ля паста.
І Максім ня здрадзіў,
Ня прыстаў.
Поўнілася гулам
Злая бель…
Штормам захляснула
Карабель.
II
Дні-ж былі ўсе тыя,
Шторм ня зьнік…
Стаў Максім —
партыец,
Бальшавік.
У прыморскім порце
Прамяняў
На вінтоўку корцік
Ля рамня.
Ня сьціхалі хвалі
І бунты —
І яго паслалі
На франты.
Там цярнёвым шляхам
Ён пайшоў…
Біў белапалякаў
І паноў.
Цэліў з карабіна,
Зарубаў,
Бо жыцьцё прабіла:
„Ба-
раць-
ба“,
III
Зноў гады міналі,
Дні ішлі…
Калыхалі хвалі
Караблі.
Новае змаганьне,
Новы час —
Праца, будаваньне
Сёньня ў нас.
У гуртку вясёлым,
Завадзкім —
За знаёмым колам
Стаў Максім.
Ўспамінае здалек,
Плаўны плёск,
У зялёных хвалях —
Край нябёс.
Кажуць, што ўздыхаюць
Хвалі зноў…
Будзе зноў па краі
Ліцца кроў.
Хай на нас прыходзіць
Новы шквал —
Ён яшчэ ня згодзен
На прычал.
І ў апошнім рэйсе,
Повен сіл
Прыдзе зноў на крэйсэр
І Максім…
Варам адкіпела
Маладосьць…
— Старнавы, наперад.
— Ёсьць!
|