РЭДАКЦЫЙНАЕ
Золкай раніцай
Дождж, нібы кроплямі цыны,
Б‘е па шыбах
І ймкнецца кудысьці ізноў…
Лістананосец наваліць
На стол рэдакцыйны
Многа-многа
Нязграбных і шэрых лістоў.
Бразьне ключ
Каля шчыліны ў скуры портфэлю —
І лісты ўжо ля мэты…
Здабыты прычал…
Іх пісалі
Пад пырскі вясковай мяцелі,
А віхор нясуцішны
Зьвярэў і рычаў.
Ў іх пісалі крывёю
Пра крыўды і ліха,
І скрыпела ў замурзаных пальцах пяро, —
Толькі сьветлыя зоры
Натоўпам бязьлікім
У ваконцы ўглядаліся тою парой.
Так закончаны ліст
І памятым уверчан…
Тут напісана ўсё —
У каго апарат… Многа розных праяў
Захавана ў конвэрце,
У няроўных радкох,
Што крывёю гараць.
І пра тое,
Што лесу ня мае на хату,
Ў сельсавеце заселі цяпер кулакі,
Што няправільна зноў
Налічылі падатак…
І на ліха,
Скажэце-ж, парадак такі?..
А тады,
Пад канец,
Пасьля доўгіх дакораў,
Гэты „нехта“
Папросіць
Лістоў ды парад
І яшчэ ―
Каб яго залічылі ў селькоры
Ды хутчэй пераслалі яму гонорар.
Прачытае рэдактар,
Паглядзіць.…
Падкрэсьліць…
Mo‘ пакіне шалець на прыганку віхор…
А рэдактар хісьнецца з усьмешкаю ў крэсьле ―
І чырвоным алоўкам напіша:
― „Ў набор“.
Панясуць у друкарню…
Там лоб свой наморшчыць,
Будзе рыцца у касе
Сьвінцовых слупкоў
І пад літарны строй
Аб‘яднае наборшчык
Гэты допіс мурзаты
Ад грэчных палёў.
Будуць доўга шумець у друкарні машыны,
Аддаваць доўгім вілам
Паперы абрус
І, нарэшце,
Апошні друкованы вынуць
І нататка пакончыць пакутны свой круг.
Позна ўвечары
Зоранькі кроплямі воску
І мігцяць,
І ласкочуць,
І шлюць свой прывет…
Прывязе лістаносец
У дальнюю вёску
І лістоў,
І паштовак,
І сьвежых газэт.
У газэтах
Сяльчане тады прачытаюць,
Што пра іх напісаў
Касавокі Тамаш… Сельсаветчыкі кінуцца
Злоснаю зграяй —
Ды абрэзаны крыльлі
І сілы нямаш.
А у горадзе
Будзе гудзець завіруха,
Будзе колы
Круціць электрычны мотор,
І рэдактар ізноў —
Прачытае,
Пакруціць
І на новай нататцы напіша:
— Ў набор!.."
|