Перайсці да зместу

Агні (1930)/Краіне/Люблю я край, дзе вечары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Будаваньне ⁂ (Люблю я край, дзе вечары)
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1930 год
Адказ
Іншыя публікацыі гэтага твора: Люблю я край, дзе вечары…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Люблю я край, дзе вечары
Ў далёкім небе сьцеляць столкі
І промні ранічнай зары
Вітаюць юныя пасёлкі.
Там дымнай занізьзю палі
Ня будуць зьвіты і затканы,
Там буры-ветры разьмялі
Сьляды забытага кургана.
Цьвітуць сады… Сінее высь…
Бруіцца зорнае насеньне…
Як добра будзе тут калісь
Зарыцца з галавою ў сене!
Ці пад няўпынны зорны бег
У неабсяжным сінім глянцы
Раскласьці вогнішча-начлег
Ля стромкіх сосен на палянцы…
Калосьсяў сьпелых сумны звон
Супыняць людзі, бы асілкі,
І прынясуць ім буйны плён
Зубцамі жорсткімі касілкі.
А потым прыдзе лістапад, —
І восень смуглая угледзіць,
Як будзе вецер лашчыць сад
І граць на яблынкавай медзі.
Ах, гэты край нізін і круч,
Равы, суглінкавыя пашы…
Табе ў адзнаку — „Беларусь“
Надалі назву продкі нашы…

Люты 1928 Мсьціслаў.