ДНІ ПРЫНОСЯЦЬ…
Дні прыносяць нам другія рытмы…
Горад мой!..
Табе гукаю я!..
Буйнымі пластамі фосфорыту
Будучына высіцца твая.
На імшарах,
Тарпяных балотах,
На затоках роднае ракі —
Вырастаюць новыя заводы,
Даль турбуюць новыя гудкі.
Ты цяпер бурліш жыцьцём вясёлым, —
Між готычных вырысаў будоў
Буйнай песьняй радасная моладзь
Заглушае водгалас званоў.
Я і сам там голасна на дзіва
Падхапляў ня раз
Ў радкох поэм
Сьпеў гурткоў, ячэек, колектываў,
Блізкага да сэрца
КСМ
І паміж
Жыцьцёвымі шляхамі,
Што дарыла родная зямля,
Я тады намацаў пад нагамі
Самы просты,
Самы пэўны шлях.
Ў ім знайшоў я даўнія імкненьні,
Ўсё, што ў сэрцы
Стоеным жыло,
Што, нарэшце, з часам абуджэньня,
Нечаканым цьветам расьцьвіло.
І за гэта,
І за шмат нязнаных,
Неразгадных адчуваньняў сток, —
Дзякуй, дзякуй…
Шчырая пашана,
Мой каханы,
ціхі гарадок.
Ты ў гудкох працягла-надламаных,
У няўпынным рокаце слупоў
Пранясі ў вякі маю адданасьць
І маю адвечную любоў!..
|