Аб перакладах на беларускую мову
Аб перакладах на беларускую мову Публіцыстыка Аўтар: Макар Краўцоў 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 22 ад 24.IX.1924 г., б. 2-3 |
Аб перакладах на беларускую мову.
(Культурныя заданьні).
- Тэму гэную мы ўжо закранывалі раз, (больш абшырна), ў іншым месцы, але дзеля важнасьці справы і ў мэтах зацікаўленьня ёю шырэйшых кругоў нашага грамадзянства зачапляем яе яшчэ раз ў конспэктыўнай форме, дакідваючы колькі новых мысьляў.
Аўтор.
Як ведаем, беларуская літэратура, дзякуючы яе надспадзяванаму росквіту, зьяўляецца для кожнага беларускага інтэлігэнта тэй жыватворнай крыніцай, з якой ён чэрпае сілу для далейшае барацьбы за сваю мову і Народ, кожны раз як толькі душу ягоную ахопяць балючыя сумлівы адносна беларускае будучыны ў зьвязку з часовымі няўдачамі мілае ягонаму сэрцу справы.
Дык краіну гэную, як найбольш яркае выяўленне беларускага адраджэнскага руху, залог таго, чаго можам спадзявацца ад руху гэнага ў будучыне — трэба абкружыць старанлівейшай апекай, памагаючы, чым мага, хутчэйшаму разьвіцьцю і ўзбагачэньню беларускае літэратуры.
Перш за ўсё трэба паклапаціцца аб ухіленьні поўных бракаў, якія лёгка заўважым, калі прыгледзімся бліжэй да сучаснага стану беларускае літэратуры і яе дасюлешніх дасягненьняў,
Вось-жа, разглядаючы адну па аднэй ўсе яе галіны, можам гэтак, з большага, ахарактарызаваць, сучасны стан беларускае літэратуры: поэзія—дабры, драма—здаваляючы, проза—слабы!
Асабліва, калі рэч ідзе аб паважнай прозе: повесьці, рамане. Праўда, апошнім часам, з „лёгкай рукі“ пана М. Гарэцкага, (напісаўшага, колькі гадоў таму назад, першую, хронолёгічна, беларускую повесьць п. н. „Дзьве душы“) беларуская літэратура ўзбагацілася некалькімі повесьцямі, якія хоць крыху запоўнілі прыкры прабел, істнаваўшы дасюль ў гэнай галіне, але гэным нельга а ніяк здаволіцца!
Гэнага рашуча мала!
І вось-жа тут пераклады, наагул неабходныя ў кожнай літэратуры, а асабліва вялікую ды важную ролю граючыя ў культурным жыцьці пачаўшых адраджацца пасьля заняпаду народаў — павінны прыйсьці нам з падмогай!
Перакладамі патрапім ў значнай меры ўхіліць анармальную „анэмію“ гэнае галіны, а новыя беларускія повесьці, якія будуць тымчасам напісаны, дакончаць справу. Сконстатаваўшы, гэткім чынам, патрэбу перакладаў, спрабуем цяпер выявіць што трэба перакладаць у першую чаргу, як пайбольш патрэбнае і карыснае? Бяссумліўна найбольш пажаданымі былі-б гэткія творы чужацкіх аўтораў, якія апісвалі-б наш быт, нашых людцоў, беларускую старонку.
Гэткія якраз мотывы і знаходзім у творчасьці здэнацыяпалізованых прадстаўнікоў беларускіх шляхоцкіх родаў. Прадстаўнікоў гэткіх польская літэратура мае значна больш чымся маскоўская.
Спрабуем-жа цяпер зрабіць сьпіс гэных аўтораў і прыгодных для нас іхніх твораў, агранічваючыся да новай літэратуры (XIX век і пачатак XX). Пачнем агляд наш з маскоўскіх пісьменьнікаў, ад‘значаючы навет тых з іх, якія, прынамсі, хоць у якімсь з сваіх твораў зачапляюць беларускі быт.
Вось-жа рэкажэндуем угазе нашыг перакладчыкаў гэткіх аўтораў: 1) Купрын (повесьць „Ваўкалакі“ і можа яшчэ штось знайдзецца; повесьць „Алеся“ ўжо перакладзена); 2) Караленка; затым варта пераглядзець творы: Аксакава, Тургенева, Дастаеўскага і Горкага, а а поэтаў — Лермантава (поэмы: „Баярын Орша“ і „Ліцьінка“). Вось прыблізна і ўвесь матар‘ял з расейскага боку.
Цяпер пяройдзем да польскае літэратуры. Старэйшыя пісьменьнікі: 1) A. Mickiewicz; 2) J. Czeczot; 3) I. Chodźko; 4) A. Chodźko; 5) J. Kraszewski; 6) A. Odyniec; 7) W. Syrokomla; 8) J. Słowacki; 9) H. hr. Rzewuski; 10) H. Sienkiewicz, апрача таго 11) J. Korzeniowski і 12) Z. Kaczkowski.
З гэных старых пісьменьнікаў найбольш важнымі для нас зьяўляюцца:
1) A. Mickiewicz (поэма „Pan Tadeusz“; „Ballady i romanse“ і іншая дробязь; (поэма „Dziady“ ўжо ператлумачана);
2) I. Chodźko апавяданьні пад назовам „Obrazy i podania litewskie“;
3) W. Syrokomla (L. Kondratowicz) (невялікія поэмы: „Ułas“; „Jan Dęboróg“; „Lirnik wioskowy“ ны пекаторыя з вершаў.
Цяпер пяройдзем да навейшых пісьменьнікаў! Вось яны: 1) E. Orzeszkowa, 2) M. Rodziwiczówna, 3) J. hr. Weysenhoff, пасьля 4) H. Mniszek, 5) H. Romerowa і 6) H. Sprzykrówna і г. п. польскія аўторы, паходжаньнем з „Kresów“.
Найбольш цэннымі для нас зьяўляюцца творы першых трох аўтораў, даўшых (асабліва Orzeszkowa) цэлы рад чыста -беларускіх па духу і зьместу повесьцяў, апавяданьняў і новэляў, стоячых адначасна і на высокім мастацкім роўні. Якраз:
1. E. Orzeszkowa (повесьці: 1) Nad Niemnem, 2) Dziurdziowie, 3) Cham, 4) Niziny, 5) Anastazja, 6) Bene nati, апрача таго новэлі).
2. M. Rodziwiczówna (раманы: 1) Byli i będą, 2) Klejnot, З) Pożary i zgliszcza і зборнікі новэляў: „Z głuszy“ і „Czarny chleb“).
3. J. hr. Weysenhoff (раман „Puszcza“).
Творы гэных 3 аўтораў трэ‘ было-б перакласьці якнайхутчэй, у першую чаргу.
Яны дасканальна папоўняць сучасны няхват повесьцяў у беларускай літэратуры, адначасна заахвочваючы беларускіх пісьменьнікаў да больш інтэнсыўвай працы над гэнай галінай.
Вось болыш-менш усё тое, што можна сказаць аб чужацкіх літэратурных творах з беларускім зьместам.
Адначасна, калі ўжо гутарка пайшла аб перакладах, знаходзім неабходным ад‘значыць што ў гэнай працы нельга спыняцца на тутака прыведзеным матар‘яле, які зьяўляецца толькі фармальна чужацкім, фактычна будучы часткай беларускай арыгінальнай літэратуры з пэўнымі, канешне, засьцярогамі!
Апроч таго нам патрэбна сапраўды чужацкая перакладная літэратура!
Архітворы сусьветнае літэратуры з агульналюдзкім зместам, асабліва сцэнічныя!
Гэтак, нам трэба перакладаў: Шэксьпіра (перш за ўсё несьмяротнага „Гамлета“), Мольераўскіх камэдыяў (перакладзены ў Менску), драмаў Шыльлера, твораў скандынаўскага рэпэртуару і г. п.
Патрэбны між іншым пераклады ляўрэатаў Нобаля!
Пажаданы так-жа і пераклады лепшых твораў нашых бліжэйшых суседзяў Палякоў ды Маскоўцаў, а таксама і братоў-Украінцаў, якія ёсьць прыкладам для нас і люстаркам нашае будучыны.
Пытаньне аб перакладах з чужацкае літэратуры можна было-б закрануць шмат шырэй, але дзеля таго, што яно не зьяўляецца гэтак сьпешным, як пераклад раней названых твораў (з беларускага быту), пакуль што, агранічваемся адносна яго да гэных некалькіх увагаў, зьвяртаючыся ізноў да нашае пачатковае тэмы.
Вось-жа да працы над перакладамі павінны брацца, хто толькі можа!
А патрапіць гэна зрабіць, паколькі гутарка ідзець аб перакладах прозай, ледзь што ня кожны беларускі інтэлігэнт!
Больш клопату з перакладамі вершам, якія даступны толькі некаторым, бо для гэтага неабходны, апрача, інтэлігэпцыі, поэтыцкія здольнасьці.
Але адносна прозы нямашака а ніякіх адгаворак!
Дык трэба пакінуць стан інэрцыі і заняцца, больш энэргічна, як дасюль, гэтай даволі прыемнай і лёгкай, а вельмі карыснай для Бацькаўшчыны, культурнай працай!
Vita-brevis, ars longa!
Язэп Сьвятазар.