Перайсці да зместу

Аб культурнай працы між беларусамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб культурнай працы між беларусамі
Артыкул
Аўтар: Янка Окліч
1910
Крыніца: Наша Ніва, 1910, №16-17

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З НАШАГО ЖЫЦЬЦЯ.
Аб культурнай працы між беларусамі.

Культура, цывілізація — гэтые два словы, дзьве думкі скрось спатыкаем у газэтах, кнігах, у звычайнай гутарцэ. Як адно, так і другое азначае вышэйшае развіцьце чалавека — тую ступень, што аддзеляе культурнаго і цывілізованага чалавека ад дзікаго. У Заходняй Эўропе яны па значэньню свайму сталі так да сябе падобны, што тамака рожніца між імі бадай зусім зацёрлася, і часта, ужываючы адно, думаюць а другім, бо трудна даглядзець тую межу, гдзе канчаецца культура і пачынаецца цывілізація.

І ўсё-ж такі рожніца між імі ёсць; лёгка убачыць яе можна, напрыклад, у нас, гдзе і культура, і цывілізація, стаяць ешчэ нізка.

Каб лепей уцяміць тую рожніцу, нехай цяпер нам на момэнт здаецца, што нейкая няземская сіла разам завяла ў нашай старонцы ўсе самые лепшые варункі жыцьця, значыць: школы на падобу немецкіх, чугункі і дарогі на падобу англіцкіх, суды на падобу французкіх, музэі (домы, гдзе трымаюцца для паказу цікавые дый рэдкіе рэчы) на падобу італійскіх і т. д. — тады ці адразу станем мы народам з вялікай культурай? Калі ў гэтых школах вучыцелі будуць катаваць мальцоў, панявераць дзеўчат, калі на чугунках кандуктары будуць перавазіць зайцоў, а ў судох браць хабары і т. д. — то ці не угледзім мы, што нам ткі чагось не хватае, каб добра нарыхтаваць тые пекные інстытуціі, як нарыхтаваны яны за граніцай? Выходзіць, што было-б у нас пекнае начыньне, але ў гэтым начыньні былі-б толькі адны бруды, нечыстоты. У такім прыпадку мы бы сказалі, што ў нас ёсць цывілізація, але нема культуры.

Калі ўрад (правіцельство) завядзе ў якой-небудзь ваколіцы скрось добрые почты і тэлеграфы, нарыхтуе ў іх акуратную перасылку пісулек і газэт, пабудуе, гдзе толькі трэба, добрые дарогі, шоссэ і т. д., — дык гэта будзе цывілізація. Ад усяго гэтаго ў той ваколіцы будзе развівацца і культура, але толькі ў такім прыпадку, калі чыноўнікі на почтах дзеля сваей карысьці ня будуць выцягіваць с пісулек грошэй; калі пачтыльёны, каб мець меней фатыгі, ня будуць пісулек кідаць у агонь, а парупяцца кожнаму аддаць прыналежнае яму; калі інжэнеры с кожнай сотні сажанёў купленаго на будову дарогі каменьня не украдуць паловы і т. д. Так сама, калі гасударство будзе мець суровые законы; калі пакарае кожнае зладзейство, кожны праступак; калі пабудуе здаровые турмы, ў якіх акуратна будуць глядзець за арыштантамі, — тады будзе цывілізація. А калі ў тым жэ гасударстві суровые законы ня будуць патрэбны, а турмы астануцца пустымі, бо ня будзе вінавайцоў, — тады будзе культура.

У Англіі, напрыклад, саўсім не шмат пісаных законоў, а аднак народ тамака жыве гэтак, бытцам трымаўся ў сваім жыцьці ўсіх статутоу; вось, гэта і ёсць культурны народ. А у Прусоx [1] блізка на кожным кроку сустрэнеце надпісы, чаго ня можна рабіць, з якога боку трэба ісьці і т. д., сустрэнеце скрось параграфы, статуты, законы, ў каторых і аб найменшых, і аб самых дзікіх праступках; адным словам зразу відаць, што там жыве цывілізованы народ. Папраўдзі, у Прусох цывілізація нават гэтак нарыхтавана, як бадай нігдзе. Але тымчасам бывало, што прускіе салдаты, каб папрабаваць сваю стрэльбу, ці добра бье, стрэлялі да нагроу (чорных людзей) у сваіх колоніях, а ізноў вучыцелі у школах катавалі дзяцей за тое, што хацелі вучыцца рэлігіі не па немецку, а ў роднай, бацькоўскай мові. Гэткіе нялюдзкіе паступкі могуць быць у народзе цывілізованым, але з малой культурай.

Агульне кажучы, цывілізація датыкае варункоў грамадзянскаго жыцьця, а культура — гэта як-бы ўнутраны зьмест. Адміністрація гасударства, гандаль, суды, дарогі і т. д. — гэта ўсё інстытуціі цывілізаціі; культурнымі яны толькі тады зробяцца, калі чыноўнікі ня будуць на тое, каб браць хабары, а на тое, каб акуратна рабіць, што да іх належыць; калі купцы будуць сумленнымі пасрэднікамі, а не махлярамі; калі суды будуць судзіць справедліва і т. д. Кажучы карацей, цывілізація датыкае рэчэй, а культуралюдзей. Во, тутака і ёсць тая межа, якая дзеліць культуру ад цывілізації.

З усяго, што мы сказалі, лёгка зразумець, што цывілізацію можна даць народу, а культуры даваць нельга: яе стварыць, выпрацаваць павінен сам народ. І да такой працы павінны належаць усе грамадзяне, ўсе станы народа; культура адных толькі верхоў грамадзянства — вышэйшых станоў яго — гэта бытцам расьліна, выгадаваная ў агародніцкай цеплярні. А як лесу не заменіш ніколі нават нялічэным лікам цеплярняных расьлін у вазончыкох, так сама ўсенароднай культуры нельга заменіць культурай „верхоў“. Калі працуе над ёй увесь народ, тады культура становіцца фундамэнтам да жыцьця, да ўсесьветнаго поступу („прогресса"). Культура заўсягды бывае толькі свая, родная, мейсцовая, — вытвараецца праз нялічаные годы гісторычнаго жыцьця кожнаго народа.

На тым фундамэнці, што культура заўсягды бывае толькі роднай, мейсцовай, апіраецца адраджэньне кожнаго народа; на гэтым фундаманці будуецца і беларускае адраджэньне. Вось чаму ні апалячываньне, ні абрусеньне нашаго народа ніколі не здалее даць яму таго, што дасць беларуская національная культурная работа.

Да развіцьця культуры народа вядуць дзьве сьцежкі: навука і заможнасць. Заможнасць памагае здабыць навуку, а навука паказывае, чым трэба кіравацца у грамадзянскім жыцьці. З гэтага выходзіць, што і наша праца павінна быць дваякая: мы павінны шырыць між братоў сьвет навукі і рупіцца аб экономічным развіцьці нашаго краю.

Як вучыць? Школ сваіх, беларускіх — мы ня маемо, а тые школы, што ў нас ёсць, вучаць толькі самых пачаткоў чытаць, пісаць, рахаваць. Але элементарная навука сама на сабе ня робіць культуры. Таго, што ўсе будуць умець чытаць, для культуры мало: трэба, каб у душы кожнаго грамадзяніна нарадзіліся лепшые, вышэйшые думкі і жаданьня ( - ня тое, што каб толькі есьці!); трэба, каб ён сам пачуў сябе чалавекам, каб чуцьцëм разумеў душу братоў сваіх, каб пазнаў, у чым карысць усяго грамадзянства, ды працаваў для свайго краю, маючы перад вачыма ідэалы агульна-людзкіе. Хоць бы кожын беларус, ідучы ў царкву, ці ў касьцёл, маліўся тамака с кніжкі, хоць-бы ў канцэлярыі сам патрапіў падпісаць цэльнае сваё прозьвішчэ, — дык гэтае знаёмство з граматой не шмат яму само па сабе паможэ, пакуль ён жыве пад аднай стрэхай з жывёлай у вільготнай, цёмнай хаці, у якой вокны ніколі не атчыняюцца; — пакуль харчуецца аднай бульбай — дый то не да-сыта, а мыецца толькі с прымусу пад дажджом; пакуль не крадзе і не забівае толькі затым, што баіцца судоў, т. д. Навучыць наш народ сьведома глядзець на жыцьцё і ўвесь сьвет Божы; памагчы яму хаўрусам збудаваць сабе моцны экономічны фундамэнт; завадзіць хаўрусные экономічные і асьветовые організаціі, національны тэатр, народные домы для адпачынку і культурнай забавы, — вось праграма для таго, хто шчыра жадае развіцьця культуры у беларусоў.

Вялікая рэч кніжка. Але трэба, каб тые добрые думкі, якіе беларус може у ёй знайсьці, зрабіліся яго думкамі, каб ён сам рупіўся правадзіць іх у жыцьцё. Дзеля гэтаго трэба развіваць усе яго здольнасьці, ўсе асобнасьці душы яго, якімі беларус рожніцца ад людзей іншых націй і якіе злажыліся векамі.

Калі ў думках сваіх мы бачым нашу старонку ў будучыне шчасьлівай, то гэта будзе не Беларусь панская, не старонка для нявольнікоў, с цемнатой у нізе і з яснымі зоркамі толькі ў гары, а Беларусь сьветлая ад нізу да верхоў, у якой усе будуць пачувацца поўнапраўнымі грамадзянамі у сваей бацькоўшчыне і роўна будуць аддаваць ёй свае сілы.

Янка Окліч.

  1. Прусы — гасударство у Немеччыне. Немецкае гасударство, ці Германія складаецца з розных маленькіх гасударств. У кожным гэткім гасударстві ёсць свой уласны кароль і сэйм. Над усемі стаіць германскі імпэратор і парлямэнт у каторы дапутатоў выбіраюць усе тые маленькіе гасударствы.