Ўзысці на вогнішча натхнення…
Выгляд
Ўзысці на вогнішча натхнення… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1924 Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Ўзысці на вогнішча натхнення,
Над тайнаю вякоў гадаць;
Валодаць воляй да здзяйснення
І ўмець, безмежна ўмець жадаць;
Перадбачаць далёкім вокам
І з нестрыванай яснатой;
Над хаосам і ночы змрокам
Ўладаць гармонні глыбінёй;
І немым быць, і быць бязгучным,
І не знайсці патрэбных слоў,
Ні абразоў, ні рыфмаў лучных,
Не выказаць тамячых слоў;
Чуць за плячыма пару крылляў
І сіл не мець зрабіць узмах…
О боль смяротны, боль бяссілля!
О жах бясплодства, бляды жах!
(1924)