Перайсці да зместу

І залацісьцей і сталёвей (1926)/Dies irae/Маладняку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маладняку
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
Дням ня змоўкнуць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладняку (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДНЯКУ.

Ўсё прайшло…
І сьледу больш няма —
і мяцежны шлях, і перазвоны…
Скрозь тугу, імглістасьць і туман
ўсё прайшло бяз крыўд і без праклёнаў.

Калі трэба — пойдзем на нажы,
сэрца вытачым на жвір, на камень…
Мы жылі,
жывём
і будзем жыць,
бо ў прасторах Заўтра спатыкаем,

Шмат было, шмат будзе перашкод…
Спавіюць туманы пуцявіны…
Толькі крок сталёвей — з году ў год,
Шлях шырэй — з гадзіны у гадзіну.

Шмат было прастораў і журбы,
шмат імкненьняў — звыклых і нязвыклых
О, як цяжка сьцежкі церабіць
да шляхоў далёкіх і вялікіх!..

Калі трэба згінуць…
Ну, дык што!..
Шмат прайшлі…
Ня шкода і загінуць.
Не павінна змоўкнуць хараство,
будзе воля дружнай і адзінай.

Можа скажуць —
не па сілам боль,
радасьці і крыўды не па сілам…
Усё роўна —
чым далей, тым больш,
толькі-б рунь буйней закаласіла.

Знаем — намі пройдзеных пуцін
не забыць, ня зьнішчыць, не закрэсьліць…
................
Ня спыняцца, а далей ісьці
да жыцьця, да радасьці і песьні.

26 мая 1926 г.