Перайсці да зместу

І залацісьцей і сталёвей (1926)/Сьцежкі васільковыя/Зьвініць прасторамі туга

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Асыпае чэрвень белы сад Зьвініць прасторамі туга
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
За мастом разышліся вілаватыя сьцежкі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЬВІНІЦЬ ПРАСТОРАМІ ТУГА.

Зьвініць прасторамі туга
і кут далёкі бліжай, бліжай.
Ізноў асінавая гаць
мае напевы закалыша.

Ў зялёных пацерках бяроз,
сьвятлей ад раньня і ад сонца,
маячыць сівы вербалоз,
сасонка туліцца к сасонцы.

О, маем вытканая сінь!
Які напеў, якія словы,
каб шалясьцелі каласы
і бор гудзеў сінягаловы.

Ужо цяпер — ня тыя дні.
І я прышоў сюды з паклонам.
І будзем думаць мы адны
не пра тугу і не пра клёны.

Успомнім, колькі мы прайшлі,
якія зналі пуцявіны —
пабеды звон і славы кліч —
шлях вінаватых і нявінных.

Ўсё помню я… І цьмяны бор…
І мост, і пруд паміж чаротаў…
О, як прайсьці з такой журбой
скрозь сівер люты, стынь і слоту?

Гатоў загінуць на мяжы,
гатоў і плакаць і сьмяяцца.
І хочацца ня дарам жыць,
але гарэць і разгарацца.

Прайду праз гаць, праз строй асін
з дарог прывычных і далёкіх.
Пачну сьпяваць пра тую сінь,
што першую спаткала вока,

Ізноў асінавая гаць
мне тыя казкі наварожыць,
што пачала глушыць туга
напевам сумным і варожым.

Пра маем вытканую сінь
скажу я зноў такія словы,
каб шапацелі каласы
І залацісьцей і сталёвей.

20-V-1926 г.,
с. Таль.